серада, 23 красавіка 2014, Менск 22:31

Праграмы / Імёны Свабоды

Клаўдзі Дуж-Душэўскі. 27.3 (паводле іншых зьвестак 26.4)1891, Глыбокае — 25.2.1959, Коўна

Уладзімер Арлоў, Менск<br><br>Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Усё, як вядома, пазнаецца ў параўнаньні. Калі маю нацыянальна арыентаваную душу наведваюць скруха і паняверка, я змагаюся зь імі, думаючы, да прыкладу, аб тым, што сёньня няма такога беларуса, які б ня ведаў колераў нашага нацыянальнага сьцягу (няхай не для кожнага ён пасьпеў ужо стаць сьвятыняю). А вось у 1970-я пра бел-чырвона-белы сьцяг анічога ня чула абсалютная большасьць нават студэнтаў майго роднага гістарычнага факультэту БДУ. У тым ліку і наш аднакурсьнік Саша Душэўскі, беспасярэдні нашчадак чалавека, які на пачатку ХХ стагодзьдзя падараваў, ці дакладней, вярнуў беларусам Сьцяг.

У сваім багатым на падзеі жыцьці, прысьвечаным беларускай справе, выхаванец Пецярбурскага горнага інстытуту Клаўдзі Дуж-Душэўскі сумленна й плённа працаваў на розных афіцыйных і неафіцыйных пасадах: ад выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі да дыпляматычнага прадстаўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў краінах Балтыі і дзяржаўнага сакратара ўва ўрадзе БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім. Але ў будучым, калі бел-чырвона-белы сьцяг зноў стане дзяржаўным, мы будзем памятаць і шанаваць Душэўскага найперш за тое, што менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў у свой час эскіз Беларускага сьцягу.

На вялікі жаль, дакладная дата яго зацьверджаньня сёньняшнімі дасьледнікамі яшчэ не выяўленая, аднак вядома, што ўжо ўвесну 1917-га, за год да абвяшчэньня БНР, бел-чырвона-белы сьцяг успрымаўся па ўсёй Беларусі сваім. 12 сакавіка, калі ў Менску праходзіў Дзень беларускага значка, на вуліцах былі вывешаныя дзясяткі сьцягоў. Улетку наш сьцяг узьнялі на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны на віленскім Катэдральным пляцы. Першы Ўсебеларускі кангрэс у сьнежні 1917-га ўжо прызнаваў Сьцяг нацыянальным сымбалем краіны.

Пасьля далучэньня Літвы да СССР старшыня Беларускага цэнтру ў Коўне архітэктар Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму. Падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям кінулі ў нацысцкі канцлягер. У лютым 1952-га Душэўскі як “актыўны беларускі нацыяналіст” быў асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлагерах савецкіх... Праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля яго сьмерці бел-чырвона-белы сьцяг залунаў над менскім Домам ураду...
Відэа