Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Стратэгічна Расея зацікаўлена ў тармажэньні беларускага нацыятварэньня"


Валер Булгакаў
Валер Булгакаў
2 красавіка ў Беларусі афіцыйна адзначаецца "Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі". 15 гадоў таму была падпісаная дамова аб стварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі, якая потым ператварылася ў так званую "саюзную дзяржаву". Які шлях за гэтыя гады прайшоў праект беларуска-расейскай інтэграцыі? Як зьмянілася стаўленьне да Беларусі ў расейскага кіраўніцтва? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, галоўны рэдактар часопісу "ARCHE" Валер Булгакаў.

Цыганкоў: Супольнасьць Беларусі і Расеі, якая пазьней перарасла ў гэтак званую "саюзную дзяржаву", утваралася ў сярэдзіне 90-х, калі былі зусім іншыя геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя ўмовы. На вашу думку, ці адпавядае на сёньня гэты праект інтарэсам беларускіх і расейскіх палітычных эліт, ці ён застаўся пераважна ідэалягічным праектам і рэальнага напаўненьня ня мае?

Булгакаў: Калі ён існуе то, відаць, нейкім інтарэсам беларускіх і расейскіх эліт ён адпавядае. Проста цягам усяго гэтага часу ішло перафармуляваньне гэтых інтарэсаў. Сапраўды, 15 гадоў назад было ўражаньне, што праект супольнай дзяржавы можа быць увасоблены. І ў Расеі, і ў Беларусі пэўнай часткай грамадзтва ён успрымаўся як рэалістычны.

Цяпер выяўляецца, што ён ад самага пачатку быў асуджаны на існаваньне ў фантомным статусе. Тым ня менш нават фармальнае яго існаваньне, культывацыя гэтага тэрміну "саюзная дзяржава", а таксама пэўных структур і інстытуцыяў пацьвярджаюць думку, што ён па-ранейшаму цікавы пэўным палітыкам як у Беларусі, так і ў Расеі.

Цыганкоў: Ці не здаецца вам, што апошнія гады і асабліва месяцы Расея мяняе сваё стаўленьне да стасункаў зь беларускім кіраўніцтвам? Калі раней існавала нейкае падабенства адносінаў на роўных, то цяпер усё больш фармуецца стаўленьне па схеме васала і сюзэрэна...

Булгакаў:
Калі пачыналася ўся валтузьня вакол "саюзнай дзяржавы", то ў Расеі назіраўся паралюш улады. Гэта быў час, калі фармаваўся сучасны алігархічны рэжым, раскраданьне "народнага дабра". І тут трэба аддаць належнае Лукашэнку, які ўлавіў, што ў Расеі адбываюцца працэсы, на якіх можна здабываць эканамічную, палітычную і іншую выгаду.
Лукашэнку ўлавіў, што ў Расеі адбываюцца працэсы, на якіх можна здабываць эканамічную, палітычную і іншую выгаду ...

Што тычыцца цяперашняга моманту, то мы бачым кансалідацыю аўтарытарнай дзяржавы ў Расеі, узьнікненьне больш эфэктыўнага палітычнага рэжыму. Але мы ня бачым стратэгічнага пераасэнсаваньня мэтаў расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Фармат застаецца тым самым, толькі больш непрыманьня выклікае сам Аляксандар Лукашэнка. Стратэгічна Расея зацікаўленая ў тармажэньні беларускага нацыятварэньня, у дамінантнай інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі, у росквіце расейскай мовы, у маргінальным статусе беларускай мовы ды іншых падобных рэчах. Такі падыход застаецца нязьменным ужо шмат гадоў. І я думаю, што незалежна ад асобы беларускага прэзыдэнта ён будзе такім ці іншым спосабам артыкулявацца і нават па меры магчымасьці рэалізоўвацца ў жыцьцё.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG