Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і дзеля чаго стаў пад сьцяг БЦР?


Алег Гардзіенка
Алег Гардзіенка

У бібліятэчнай сэрыі ЗБС «Бацькаўшчына» выйшла ў сьвет кніга Алега Гардзіенкі «Беларуская Цэнтральная Рада: стварэньне, дзейнасьць, заняпад (1943–1995)». На яе старонках разглядаюцца спроба стварэньня беларускага ўраду пад нямецкай акупацыяй, Другі ўсебеларускі кангрэс, а таксама шматгадовае супрацьстаяньне БЦР і БНР на эміграцыі. Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Алег, беларускімі афіцыйнымі гісторыкамі дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады ацэньваецца адназначна адмоўна (тут яны ідуць у рэчышчы савецкай гістарыяграфіі). Калябарант і здраднік для іх — сынонімы. А з вашага гледзішча, які тут павінен быць падыход?

— Трэба проста разьбірацца ў гэтай тэме. І, магчыма, гадоў празь дзесяць, дваццаць ці трыццаць мы будзем глядзець на гэтыя падзеі ня так балюча.

Разглядаючы праблему калябарацыі, мы павінны ўлічваць, па-першае, што Беларусь ужо ў 1918 годзе сымбалічна абвясьціла незалежнасьць, але ня здолела яе абараніць, як гэта зрабілі Літва, Латвія, Эстонія ці Фінляндыя. Беларусь ня здолела, і потым было 20 гадоў калябарацыі — па два бакі мяжы.

Пабачыўшы, што ні Масква, ні Варшава ня вырашылі беларускага пытаньня, некаторыя беларускія дзеячы ў канцы 1930-х зьвярнулі ўвагу на нацысцкую Нямеччыну.

Пабачыўшы, што ні Масква, ні Варшава ня вырашылі беларускага пытаньня, некаторыя беларускія дзеячы ў канцы 1930-х зьвярнулі ўвагу на нацысцкую Нямеччыну, якая выходзіла на міжнародную арэну і зрэдку цьмяна намякала, што ў новай Эўропе будуць новыя магчымасьці для іншых народаў.

Па-другое, мы павінны разумець дакладна, што пры нацыстах у беларусаў шанцаў не было. Але гэта мы бачым з дня сёньняшняга. А тады многія беларусы спрабавалі зь немцамі супрацоўнічаць. Хоць, вядома, немцы адразу паказалі, як яны ставяцца да Беларусі, падзяліўшы яе на чатыры часткі. Частку Літве аддалі, частку — Украіне.

Што ўяўляла зь сябе Беларусь пад цывільным нямецкім кіраўніцтвам? 52 тысячы квадратных кілямэтраў — чацьвёртая частка сучаснай Беларусі, дзесяць паветаў — маленькі лапік зямлі. Стварэньнем БЦР займаўся найперш Радаслаў Астроўскі — вядомы дзеяч грамадзкага руху, былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.

На пачатку вайны немцы не надавалі аніякага значэньня нацыянальным рухам на ўсходзе. Потым, калі пацярпелі паразу ў Курскай бітве, калі фронт падышоў да Беларусі, калі быў вызвалены Кіеў, усё рэзка памянялася. Немцы стараліся зачапіцца за любую магчымасьць мабілізацыі рэсурсаў і вырашылі зрабіць стаўку на беларускі рух, што супала з памкненьнямі некаторых беларускіх дзеячаў. Гэта было тое, чаго беларускія дзеячы дамагаліся два гады.

— Беларуская Цэнтральная Рада дзейнічала на працягу вельмі кароткага тэрміну — фактычна са студзеня па чэрвень 1944 году. Што ёй удалося зрабіць у тых галінах, на якія распаўсюджвалася кампэтэнцыя БЦР?

— Кампэтэнцыя распаўсюджвалася на сацыяльнае і культурнае жыцьцё, а таксама на школьніцтва. Пытаньні палітыкі і вайсковай справы былі прэрагатывай немцаў. Найбольшай заслугай БЦР мне бачыцца тое, што яна спрабавалі капіяваць формы стварэньня ўласнага ўраду. Ва ўсіх дзесяці намесьніцтвах былі створаныя структуры БЦР. І калі б раптам на Беларусь у той час абрынулася нейкая незалежнасьць, БЦР праз пэўны час магла б гэтыя структуры дубляваць. Але павінны былі прайсьці яшчэ гады такой працы.

У 1944 годзе беларускіх пачатковых школаў было: у Баранавіцкай акрузе — 445, у Вілейскай — 429, у Ганцавіцкай — 117, у Лідзкай — 397, у Наваградзкай — 311.

Нямала было зроблена і ў галіне школьніцтва. У 1944 годзе беларускіх пачатковых школаў было: у Баранавіцкай акрузе — 445, у Вілейскай — 429, у Ганцавіцкай — 117, у Лідзкай — 397, у Наваградзкай — 311. Таксама быў створаны Мэдычны інстытут у Магілёве, які потым перавялі пад Вільню.

Хацеў бы сказаць, што прадстаўнікі БЦР, калі карыстацца сучаснай лексыкай, былі добрымі піяршчыкамі. Вельмі добра ў іх была пастаўлена прапаганда. Так, у студзені-лютым 1944 году праходзілі розныя акцыі ў падтрымку БЦР.

Але былі і пралікі. БЦР так і ня здолела падпарадкаваць сабе япіскапаў БАПЦ.

— Апагеем дзейнасьці БЦР можна лічыць Другі Ўсебеларускі кангрэс, які прайшоў у Менску 27 чэрвеня 1944 году. Ён быў даволі прадстаўнічы — 1039 дэлегатаў. У свой час мне ўдалося пагутарыць з апошнім пазасталым у жывых удзельнікам кангрэсу Аляксеем Анішчыкам, які жыў у Вільні. Дык вось, зь яго словаў, галоўнай мэтай кангрэсу было ўнезалежніцца ад немцаў. Ці можаце вы з гэтым пагадзіцца?

— Не зусім. БЦР ня мела ні магчымасьцяў, ні рэсурсаў, каб супрацьстаяць нямецкай уладзе. Тут трэба ўлічваць той факт, што беларускія дзеячы, найперш сам Радаслаў Астроўскі, былі незадаволеныя, што ідэя стварэньня БЦР паходзіла ад немцаў. Таму ім патрэбна была шырокая народная падтрымка. І мэта кангрэсу была найперш прапагандысцкая — на ім БЦР павінна была атрымаць падтрымку народных дэлегатаў. На кангрэсе Астроўскі нават сымбалічна склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта і тут жа быў абраны нанова. Гэта была менавіта легітымізацыя. На кангрэсе таксама была прынята рэзалюцыя з чатырох пунктаў, якая называла БЦР спадкаемцай ідэй 25 Сакавіка 1918 году. Там наўпрост было запісана, што БЦР зьяўляецца адзіным прадстаўніком беларускага народу. Фактычна, кангрэс дэлегаваў БЦР права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.

Немцы прысутнічалі ў залі, але ў ход кангрэсу ня ўмешваліся, Курт фон Готбэрг зусім не зьявіўся.

Немцы прысутнічалі ў залі, але ў ход кангрэсу ня ўмешваліся, Курт фон Готбэрг зусім не зьявіўся. Цікава, што спачатку кангрэс плянаваўся на 22 чэрвеня. Але немцы сказалі, што яны ў гэты дзень сьвяткавацьмуць «дзень вызваленьня». І яны сапраўды адзначылі трэція ўгодкі «вызваленьня Беларусі» ад саветаў, нават парад адбыўся.

— На другі дзень пасьля кангрэсу была абвешчаная эвакуацыя, бо савецкая армія падыходзіла да Менску. І ўсё кіраўніцтва БЦР выехала ў Нямеччыну, у Бэрлін. Чым яно там займалася — у сталіцы Райху, чые дні на той момант ужо былі зьлічаныя?

— Не зусім зьлічаныя — дзевяць месяцаў заставалася яшчэ да поўнай капітуляцыі. БЦР і Астроўскі паспрабавалі паставіць пад свой кантроль усё беларускае жыцьцё ў Нямеччыне. Але Астроўскі ня мог не разумець, што чакае Трэці райх, і бачыў, што трэба думаць пра дзейнасьць на эміграцыі. БЦР старалася не далучыцца да камітэту генэрала Ўласава, пацярпелі паразу і праекты супольнага антыбальшавіцкага руху разам з украінцамі. БЦР займалася апекай над беларусамі ў Нямеччыне, тым самым школьніцтвам, остарбайтарамі, выпрацоўкай свайго новага статуту, які быў падладжаны ўжо менавіта пад рэаліі эміграцыйнага жыцьця. Калі б пасьля капітуляцыі Нямеччыны не адбылося адраджэньня Рады БНР, напэўна, БЦР мела б усе шанцы пераняць кіраваньне ўсёй беларускай эміграцыяй.

— Савецкія спэцслужбы арыштавалі Міколу Шкялёнка і Канстанціна Езавітава, якія ўваходзілі ў кіраўніцтва БЦР. Тут вызначыўся агент «Марс», які працаваў у бэцээраўскіх структурах. А як удалося ўратавацца Астроўскаму?

— Ёсьць меркаваньне, што «Марс» — гэта Браніслаў Юрэвіч, адзін з вучняў Канстанціна Езавітава. Езавітаў проста трапіў у пастку — ён захварэў, апынуўся ў шпіталі, і «Марс» даставіў яго на тэрыторыю СССР. Мікалай Шкялёнак апынуўся на тэрыторыі Польшчы, дзе яго і арыштавалі савецкія спэцслужбы. Астроўскі ўсё ж меў ахову, ён быў проста хітрэйшы, «лёг на дно», зьмяніў прозьвішча. Да таго ж жыў ён не ў савецкай акупацыйнай зоне, там усё ж было прасьцей.

— Паваенная дзейнасьць БЦР — найперш супрацьстаяньне з Радай БНР, на якую было патрачана шмат сілаў, часу і энэргіі. На маю думку, гэта ганебная і драматычная старонка для абодвух палітычных цэнтраў: беларусы беларусаў палівалі брудам перад усім сьветам. Чаму кіраўнікі БЦР і БНР не маглі сустрэцца і паразумецца? Кожны лічыў сябе першым?

— Так, кожны лічыў сябе першым. Паклаўшы руку на сэрца, скажу, што гісторыю БЦР трэба было спыніць калі ня ў 1945-м, дык у 1948 годзе.

Ідэя адраджэньня Рады БНР, якая не была зьвязаная з нацысцкім рэжымам, была вельмі добрая. Большасьць беларускіх дзеячаў, нават з кола Астроўскага, яе падтрымалі. Аднак у лютым 1948 году ў эміграцыйнай газэце «Бацькаўшчына», што выдавалася ў Мюнхэне, зьявіўся артыкул, дзе дзеячаў БЦР назвалі «квісьлінгамі». Квісьлінг быў абсалютна адмоўны пэрсанаж у тагачасных рэаліях. І многія пакрыўдзіліся. Але ж «Бацькаўшчыну» выдавалі Станіслаў Станкевіч і Антон Адамовіч, якія працавалі ў Менску ў 1941–1942 гадах.

Шмат хто не прымаў Абрамчыка. Маўляў, чым ён займаўся ў час вайны? Адседзеўся недзе ў Парыжы. А Астроўскі ва ўмовах акупацыі працаваў у беларускім руху. Вінцэнт Гадлеўскі загінуў, Вацлаў Іваноўскі загінуў, а Астроўскі працаваў...

Так беларуская эміграцыя і падзялілася. Хоць кола прыхільнікаў Рады БНР было значна большае, чым у БЦР, і Астроўскі гэта ўсьведамляў.

Заняпад БЦР пачаўся ў сярэдзіне 50-х гадоў. Астроўскі неаднаразова пагражаў падаць у адстаўку — у 1957-м, у 1960 годзе, але не было людзкіх рэсурсаў, ніхто не хацеў сесьці на яго месца. Да таго ж грамадзкія арганізацыі беларусаў у ЗША давалі больш магчымасьцяў для працы, чым сымбалічная дзейнасьць БЦР.

Урэшце ў 1962-м Астроўкі афіцыйна падаў у адстаўку, і дванаццаць гадоў БЦР наагул ніякіх прыкметаў дзейнасьці не паказвала. А ў 1974 годзе Астроўскі, нечакана для многіх, адрадзіў БЦР.

— І выдаў загад аб наданьні сваім паплечнікам вайсковых рангаў. Тады беларуская эміграцыя займела ажно 16 генэралаў! Якую рэакцыю гэта выклікала сярод беларусаў на эміграцыі?

— Трэба ўлічваць, што гэтыя званьні былі грамадзкія — ніякіх пагонаў узнагароджаным не выдавалі. Многія дзеячы эміграцыі да ініцыятывы Астроўскага паставіліся з абурэньнем, нават бліжэйшы паплечнік Астроўскага Эмануіл Ясюк — кіраўнік амэрыканскіх прыхільнікаў БЦР. У лісьце да прэзыдэнта БЦР ён напісаў: «Гэта выглядае вельмі непаважна, а нават сьмешна. Аж 16 генэралаў! Не тварэце вайсковай хунты». І сам адмовіўся ад прапанаванага званьня.

Адмовіліся ад генэральскага званьня і архіепіскап Апанас (Мартас), і пісьменьнік Юрка Віцьбіч.

Адмовіліся ад генэральскага званьня і архіепіскап Апанас (Мартас), і пісьменьнік Юрка Віцьбіч. Вітаўт Кіпель не згадзіўся прыняць званьне палкоўніка і напісаў Астроўскаму, што трэба апрацоўваць і выдаваць архівы, а не займацца гульнёй у салдацікі. Але некаторыя дзеячы ўспрынялі нададзеныя ім званьні цалкам сур’ёзна. Нават лісты пайшлі, маўляў, у нас ёсьць знаёмы ў Чыкага, дайце яму званьне палкоўніка, каб ён яшчэ больш аддаваў сябе беларускаму руху.

— У Дзяржаўным музэі Вялікай Айчыннай вайны дзейнасьць БЦР фактычна не асьвятляецца. Мінімум інфармацыі пра беларускі рух пад нямецкай акупацыяй там падаецца пад тым самым соўсам — прыслужнікі фашыстаў і г.д. Што павінна адбыцца ў Беларусі, каб тыя падзеі мы перасталі ацэньваць паводле прынцыпу: чорнае-белае?

— Можна было б адказаць жартам: трэба папрасіць Міжнародны валютны фонд, каб ён уключыў у сьпіс сваіх парадаў лібэралізацыю гістарычнай навукі ў Беларусі. А калі сур’ёзна, то проста павінен прайсьці час. Гадоў праз дваццаць будзе прасьцей на гэтыя тэмы глядзець. Але і сёньня магчымасьці займацца пэрыядам Другой сусьветнай вайны ў нашых гісторыкаў ёсьць. Дасьледаваньні можна друкаваць, урэшце, у інтэрнэце, ніхто ж не замінае.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG