Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш: Дзяржава не дае прэмій, каб не ствараць аўтарытэтаў


Алесь Аркуш
Алесь Аркуш

У Менску прайшло ўручэньне незалежнай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (сёлета яго атрымаў празаік Андрэй Федарэнка — за кнігу «Ціша»). У чым прэстыж гэтай безграшовай узнагароды? І чаму ў Беларусі фактычна адмененыя дзяржаўныя прэміі па літаратуры? Госьцем перадачы — пісьменьнік і заснавальнік «Глінянага Вялесу» Алесь Аркуш.

— Алесь, «Гліняным Вялесам» беларускія пісьменьнікі ўзнагароджваюцца ўжо больш за два дзясяткі гадоў. Якім табе сёньня бачыцца статус гэтай прэміі?

— Насамрэч я ніколі ня ставіў мэту дасягнуць нейкага статусу. Для мяне галоўным было зрабіць сьвята для пісьменьнікаў, сказаць калегам па літаратурным цэху добрае слова. Я ведаю, як сёньня ўспрымаюць пісьменьнікі вылучэньне на «Вялеса», абмяркоўваюць шорт-ліст, само атрыманьне гэтай узнагароды. Мяне гэта, вядома ж, радуе. Раней («Вялес» быў заснаваны ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў) пераможца вызначаўся калегіяльна — сябрамі ТВЛ. Калі таварыства прыйшло ў заняпад, мы штогод утваралі журы з дванаццаці чалавек, кожны раз абіраючы новых, што было няпроста зрабіць. Праблема ў тым, што беларуская літаратурная прастора досыць абмежаваная. Заўсёды так атрымліваецца, што ляўрэат можа быць у нейкіх сувязях з сябрам журы — ці гэта рэдактар яго кнігі, ці сябар, ці штосьці яшчэ іх зьвязвае. Таму кожны раз мы ламалі галаву, каго запрасіць у тое журы. Але апошнім часам ТВЛ набывае новае дыханьне, і мы ізноў пачалі вызначаць ляўрэата калегіяльна.

— Прэмія існуе ўжо дваццаць два гады. Праходзіць час — людзі зьмяняюцца, зьмяняецца іх грамадзянская пазыцыя. Ці ўсе ўзнагароджаныя і сёньня адпавядаюць першапачатковым крытэрам? Помніш, як сьпяваў Высоцкі? «Отберите орден у Насера, не подходит к ордену Насер!» Меліся на ўвазе ордэн Леніна і прэзыдэнт Эгіпту. А «Глінянага Вялеса» ні ў каго адабраць ня хочацца?

Зь «вялесаваных» пісьменьнікаў мяне ніхто не расчараваў — і як творца, і як чалавек.

— Ня хочацца. Зь «вялесаваных» пісьменьнікаў мяне ніхто не расчараваў — і як творца, і як чалавек. Усе нашы ляўрэаты для мяне былі і засталіся аўтарытэтамі. Нават такі наш ляўрэат, як Мікола Папека, які так і застаўся аўтарам аднаго паэтычнага зборніка. Але, зь іншага боку, ён вельмі шмат зрабіў для літаратурнага працэсу Берасьцейшчыны — заснаваў літаратурную Мядовую прэмію, клапаціўся пра ўшанаваньне памяці пісьменьнікаў Міколы Купрэева, Васіля Гадулькі і інш. Дапамагаў з усталяваньнем надмагільных помнікаў. Тут трэба зазначыць вось што. «Гліняны Вялес» спачатку задумваўся як андэграўндная ўзнагарода. Калі паглядзець на нашых першых ляўрэатаў, то можна заўважыць, што яны ўзнагароджваліся за штосьці арыгінальнае, экспэрымэнтальнае. Напрыклад, Людка Сільнова атрымала «Вялеса» за кніжку візуальнай паэзіі «Рысасловы» — першую такую ў беларускай літаратуры. Нам хацелася заахвочваць экспэрымэнты, пашыраць іх жанрава. Але потым сярод ляўрэатаў зьявіліся Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў — клясыкі пры жыцьці. Так атрымалася таму, што недзе на пачатку ХХ стагодзьдзя «Гліняны Вялес» застаўся ці не адзінай незалежнай літаратурнай прэміяй. Сытуацыя вымагала нас ужо ня толькі дапільноўваць нейкія экспэрымэнты, але і сачыць за усёй беларускай паэзіяй.

«Глінянага Вялеса» атрымлівае Андрэй Федарэнка.
«Глінянага Вялеса» атрымлівае Андрэй Федарэнка.

— Сёньня сытуацыя зь незалежнымі літаратурнымі прэміямі палепшылася — у Беларусі іх даволі шмат. Як на маю думку, яны зьяўляюцца як рэакцыя грамадзтва на фактычную адмену Дзяржаўнай прэміі па літаратуры, якая ўжо каторы год не ўручаецца. Як ты лічыш — чаму?

— Таму што беларуская дзяржава абсалютна незацікаўленая ў разьвіцьці нацыянальнай культуры. Што значыць уручыць прэмію? Гэта — стварыць пэўны аўтарытэт. Уявім сабе, што Дзяржаўную прэмію ўручылі, напрыклад, Уладзімеру Някляеву, а ён заўтра з гэтым аўтарытэтам, з гэтай прэміяй пайшоў на прэзыдэнцкія выбары.

— Дык так у выпадку зь Някляевым і сталася.

— Вось-вось. І выпадак гэты таксама паўплываў на сытуацыю. Дзяржава перастала даваць пісьменьнікам прэміі, каб не ствараць аўтарытэтаў зь дзеячоў нацыянальнай культуры. Толькі так я гэта тлумачу. І сёньня наша культурная прастора ўсё больш і больш згортваецца. Застаўся нейкі дзясятак пісьменьнікаў, якіх сапраўды ведаюць у Беларусі, якіх чытаюць, якіх вывучаюць у школе. А новыя аўтарытэты (у шырокім разуменьні) проста не зьяўляюцца. Чаму пісьменьнікаў майго пакаленьня, таго ж Андрэя Федарэнку, не заўважае дзяржава? Значыць, тут ёсьць нейкая мэта.

— Федарэнка ў свой час быў вылучаны на Дзяржаўную прэмію з аповесьцю «Нічые» — пра Слуцкае паўстаньне. Зразумела — не атрымаў.

— І ня мог атрымаць. Калі б «Нічые» былі адзначаныя Дзяржаўнай прэміяй, то дзяржава мусіла б прызнаць слуцкіх паўстанцаў героямі, прызнаць, што ў 20-я гады ішла барацьба за незалежнасьць Беларусі. Дзяржава павінна была б усталяваць там помнікі, адзначаць Слуцкі чын на адпаведным узроўні. А так няма падзеі — няма і прэміі.

— Таксама ж нядаўна прайшла прэзэнтацыя тваёй новай кнігі ў Полацкім музэі кнігадруку. Наколькі гэта важна для цябе — прызнаньне ў родным горадзе?

— Кніжка мае назву «Песьні ля Замкавай гары». А Замкавая гара — гэта ўзвышша, дзе стаіць Сафія, дзе тварылася полацкая гісторыя. Палова кніжкі — вершы, напісаныя ў Полацку, або вершы, прысьвечаныя яму. Упершыню ў сваю кнігу я ўключыў і гімн Полацку, бо зьяўляюся аўтарам тэксту.

— А ты прысутнічаў на афіцыйных імпрэзах, дзе гэты гімн гучыць?

«Гімн Полацку» — адзіны мой верш, які ведаюць на памяць тысячы чалавек.

— Прысутнічаў, вядома ж. Любое сьвята гораду адбывацца пад гэты гімн. А сёлета падчас сьвята палачане зьбяруцца на Плошчы Свабоды і выканаюць гімн усе разам. Гэта ж проста выдатна — прасьпяваць усім горадам па-беларуску патрыятычны гімн! «Гімн Полацку» — адзіны мой верш, які ведаюць на памяць тысячы чалавек. Калі полацкім мэрам быў Уладзімер Тачыла, то ён нават правяраў розных чыноўнікаў на веданьне гімну. Аднойчы падчас нейкай імпрэзы ён заўважыў, што хтосьці не сьпявае, і нібыта чыноўнік быў нават звольнены з працы за тое, што ня ведаў словы.

— У апошнія гады ты шмат часу праводзіш у Беластоку. А няма спакусы пісаць і па-польску, як тое робяць беластачане Міра Лукша і Міхась Андрасюк?

— У кожнага пісьменьніка ёсьць дамінантная мова, на якой ён пераважна і піша. Што тычыцца названых беластоцкіх аўтараў, то яны ад нараджэньня жывуць у польскамоўным асяродзьдзі, таму іх зварот да польскай мовы зразумелы. Для мяне таксама важна, у якой культурнай прасторы я знаходжуся. На сёньня я знаходжуся ў выключна беларускамоўнай прасторы, нават у тым жа Беластоку. Мне яна цікавая, і я там жыву. Мне там утульна, мне гэтай прасторы дастаткова, каб нармальна функцыянаваць — творча і жыцьцёва. Мы павінны навучыцца жыць у стракатым, шматкалёрным сьвеце — культурным, эстэтычным, нацыянальным, моўным. У ім заўважна прысутнічае беларускі абсяг. І мы павінны ня толькі жыць у гэтым абсягу, але і пашыраць яго.

— Давай трохі палетуценім. Калісьці касманаўт Уладзімер Кавалёнак папрасіў, каб яму на арбіту даставілі беларускую кнігу, і просьба была выкананая. Уявім, што ты ў космасе. Якія кнігі папрасіў бы ты, пры ўмове, што грузавы карабель больш за пяць не падыме?

— Я адчуваю сябе заглыбленым у полацкую гістарычна-культурную прастору, таму мне найперш цікавыя кнігі, зьвязаныя з Полаччынай. А што выбраў бы для космасу? Кнігі, якія пэрыядычна перачытваю і кожны раз адкрываю там нешта новае. Гэта «Лябірынты» Вацлава Ластоўскага, «Шляхціч Завальня» Яна Баршчэўскага, «У горадзе валадарыць Рагвалод» Алеся Разанава, «Споведзь» Ларысы Геніюш і «Сотнікаў» Васіля Быкава. Апошнія дзьве таму, што і сёньня пытаньне маральнага выбару для ўсіх нас вельмі істотнае.

— Дзесяць гадоў таму памёр Анатоль Сыс — самы яркі паэт з нашага пакаленьня. Аднойчы мне прыйшлося быць сьведкам, як ён надпісаў свой зборнік Аляксандру Лукашэнку і перадаў праз аднаго чыноўніка. Ня ведаю, ці патрапіў той зборнік да адрасата, а аўтограф гучаў прыблізна так: «Алесь, любі сваю маці і любі Беларусь — яна ў нас адна». А калі б тваімі «Песьнямі ля Замкавай гары» зацікавіўся той самы чытач, што б ты яму напісаў?

— Калі б ужо надпісваў кнігу, то напісаў бы хіба так: «Прайшло больш за дваццаць гадоў прэзыдэнцтва, і варта нарэшце зразумець, што без беларускай мовы ня можа быць незалежнай краіны Рэспублікі Беларусь і ня можа быць у яе гістарычнай пэрспэктывы».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG