Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Іван Данілаў: Расея ўзьняла меч на Ўкраіну


 Іван Данілаў
Іван Данілаў

Аўтар кнігі — доктар мэдыцыны, вэтэран Другой сусьветнай, прафэсар Іван Данілаў. Сёньня ён — госьцем перадачы.

— Іван Пятровіч, «недаваяваўшыя» — гэта хто?

— Гэта расейскія экстрэмісты і нацыянал-радыкалы. Яны лічаць, што Ўкраіна і Беларусь — не самастойныя дзяржавы, а часткі былой Расейскай імпэрыі. Чаму гэтыя імпэрскія апэтыты ў іх праявіліся менавіта цяпер — цяжка сказаць. Ёсьць такі расейскі гісторык, доктар гістарычных навук, былы супрацоўнік Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксандар Сыцін. Ён неаднойчы пісаў, што пэўныя колы ў Крамлі хочуць адрадзіць імпэрыю ў межах 1913 году. І палкоўнік Тацьцяна Грачова, супрацоўніца расейскай Акадэміі Генэральнага штабу, таксама пісала пра аднаўленьне імпэрыі. Я думаю, што гэта такая агульная ўстаноўка. Цяжка сказаць, у каго першага яна зьявілася, але людзей, якія так думаюць, пры Крамлі шмат, у тым ліку старых вайскоўцаў. Я ня ведаю, чаму Пуцін арыентуецца на выжыўшых з розуму старых генэралаў.

— Маскоўскія фэдэральныя тэлеканалы на ўсе лады прапагандуюць гэтак званы «русский мир», які паўсюль трэба бараніць. Чаму гэтаму «русскому миру» цесна на велізарным абшары ад Смаленска да Ўладзівастоку?

— Экспансіянісцкая тэндэнцыя ў крамлёўскай палітыцы была заўсёды. Я добра ведаю польскую мову, бо вучыўся ў польскай школе, неаднаразова бываў у Польшчы. Пару гадоў таму я гасьцяваў у Катавіцах у свайго знаёмага, чытаў там польскія газэты. І мне запомнілася назва аднаго артыкула — «Без Украіны ня будзе Расейскай імпэрыі». Палякі тады радаваліся, бо імпэрыя ім надакучыла. Яны добра памяталі паўтара стагодзьдзі расейскай няволі і думалі, што гэтага ніколі больш ня будзе, імпэрыя сканала. На жаль, не сканала. У адным палякі мелі рацыю: без Украіны расейская імпэрыя немагчымая. І таму Расея ўзялася за Ўкраіну. Праўда, расейцы лічылі, што Ўкраіна — гэта некалькі правінцый: Львоўшчына там, Харкаўшчына, Палтаўшчына... Яны не ўлічылі таго, што агрэсія Расеі зьяднае ўкраінскі народ. Украінцы, ды і ўвесь сьвет, пабачылі, што зь сябе ўяўляе пуцінская Расія. Можна сказаць, што Расея ўзьняла меч на Ўкраіну.

— У расейскіх СМІ за міталягемай са знакам плюс — «русский мир» адразу ідзе міталягема са знакам мінус — «бандэраўцы». Вы прайшлі вайну, ваявалі ў партызанах, прычым на Палесьсі, на беларуска-ўкраінскім памежжы. Што вы можаце сказаць пра «бандэраўцаў», пра Ўкраінскую паўстанцкую армію?

— Мы зь імі часта сустракаліся, і да 1943 году не было ў нас зь імі ніякай непрыязьні. Але потым быў загад, каб ад іх адмежавацца і супраць іх ваяваць. Але ж мы не ваявалі, бо ў нас з украінцамі быў адзін вораг. У іх, праўда, ворагаў было два. Іхны лёзунг гучаў так: «Бі гада-маскаля і тупалобага немца». І ўсё ж яны тады ваявалі ня так супраць маскалёў, як супраць немцаў. І яны вялікую тэрыторыю вызвалілі ад немцаў. Таму

Іхны лёзунг гучаў так: «Бі гада-маскаля і тупалобага немца»

Першы Ўкраінскі фронт і прасунуўся так хутка да польскай мяжы. Мушу адзначыць, што байцы УПА ня толькі савецкага генэрала Ватуціна сьмяротна паранілі ў 1944 годзе каля Любяшова, але пад Ковелем забілі нямецкага генэрала Віктара Лютцэ, асабістага сябра Гітлера. Таму я заўсёды ведаў, што яны ваявалі і супраць немцаў — як і мы. А немцы сапраўды былі тупалобымі палітыкамі. Яны арыштавалі Сьцяпана Бандэру і да канца 1944 году пратрымалі яго ў канцлягеры. Ці ведаюць пра гэта ў Маскве, калі гавораць, што Бандэра — прыслужнік фашыстаў? Бандэра — нацыянальны герой Украіны. Праўда, нядаўна адзін расейскі аналітык, прызнаўшы факт знаходжаньня Бандэры ў нямецкім канцлягеры, сказаў, што яго там добра кармілі... Я не магу гэтае глупства камэнтаваць.

— Але чаму для стварэньня прапагандысцкага міту была абраная постаць Бандэры?

— Таму што тупалобымі аказаліся і маскалі. Але ж гэта ня ўсе расейцы, а тыя энкавэдысты, якія тварылі зло ў Заходняй Украіне. Я яшчэ бачыў у 1939 і 1940 гадах, як адбывалася дэпартацыя. Я тады вучыўся ў Пінску, а з украінскіх навакольных вёсак прывозілі шмат арыштаваных простых людзей — за тое, што яны дапамагалі ўкраінскім нацыяналістам.

— У сваёй кнізе вы закранаеце і тэму ўзаемаадносінаў Кіеўскага патрыярха Філярэта і Маскоўскага Кірыла. Як вы ацэньваеце іх ролю ў падзеях на ўсходзе Ўкраіны?

— Я лічу, што РПЦ зрабіла вялікую памылку, калі не асудзіла агрэсію Расеі супраць Украіны. Яна павінна была гэта зрабіць. Патрыярх Кірыл казаў: расейцы і ўкраінцы — гэта браты. Але што гэта за брат, калі вы супраць яго ваюеце? І ўкраінскія праваслаўныя вернікі лепш разумелі б расейскіх праваслаўных, калі б РПЦ выступіла з асуджэньнем. Я добра ведаю рэлігійную сытуацыю ў Кіеўскім патрыярхаце. Там і да ўніятаў добра ставяцца, і да католікаў. А РПЦ вельмі неталерантная ў гэтай справе. Увогуле, чаму Масква лічыць, што Януковіч быў добрым прэзыдэнтам? Які ж ён добры, калі давёў Украіну да дэфолту і войска раззброіў? Калі б расейцы мелі больш розуму, то ніколі не зрабілі б такой вялікай памылкі. А цяпер... Цяпер вельмі цяжка вярнуцца да былых часоў, калі ўкраінцы і расейцы сапраўды былі братамі.

— Узровень нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў значна ніжэй, чым ва ўкраінцаў. Ды і Аляксандар Лукашэнка не напісаў кнігі накшталт «Украіна — не Расея», як украінскі экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. Што можа чакаць Беларусь у выпадку падобнага канфлікту?

— На маю думку, такога канфлікту ня будзе. Наш прэзыдэнт у гэтай сытуацыі мусіць лавіраваць, таму Менск і стаў арэнай, дзе адбываюцца перамовы. Сытуацыя ў рэгіёне вельмі складаная. Таму рэзкія крокі з боку беларускага кіраўніцтва пакуль не патрэбныя. А тое, што Лукашэнка сказаў Парашэнку «зраблю ўсё, што трэба», — гэта вялікія словы. І я думаю, што ўрэшце так і будзе.

— Вам ідзе 91-ы год, вы доктар мэдыцыны, вэтэран вайны, прафэсар, дагэтуль працуеце лекарам. Што вас прымушае пісаць такія злабадзённыя кнігі, як «Недаваяваўшыя»?

— Прымушае найперш непрыхаваная хлусьня расейскіх СМІ. Я ж прайшоў вайну, я ўсё бачыў і многае разумею. Ідзе вайна, гінуць людзі, а над усім — хлусьня. А людзям патрэбная праўда. Таму і Васіль Быкаў у нас ня быў ушанаваны, бо ён пісаў праўду пра вайну. Вось у Менску нядаўна зьявіўся новы музэй вайны. Там нямала добрых экспанатаў, але самых галоўных няма. Напрыклад, няма поўнага тэксту пакта Молатава-Рыбэнтропа, няма сакрэтнай дамовы пра падзел сфэраў уплыву. Наведнікі музэю не разумеюць, што самым зацікаўленым у разьвязваньні Другой сусьветнай вайны палітыкам быў Сталін. Айчынная вайна — гэта толькі фрагмэнт Другой сусьветнай. Цягам амаль двух гадоў Савецкі Саюз ваяваў на баку, фашысцкай Нямеччыны. А як ваяваў — стратэгічнымі пастаўкамі... Можа, каму і не падабаецца, як і пра што я пішу. Адзін мой калега так і сказаў: «Іван Пятровіч, усе вэтэраны пішуць пра вайну так, як трэба, а вы — па-другому». Проста я ведаю гісторыю, прычым ня толькі савецкую. Мае веды і мае перакананьні і прымушаюць мяне пісаць праўдзіва.

Іван Данілаў нарадзіўся ў 1924 годзе ў Драгічынскім раёне на Берасьцейшчыне. Вэтэран Другой сусьветнай вайны, быў партызанскім сувязным, ваяваў на фронце. Мае баявыя ўзнагароды. Па адукацыі — лекар-гематоляг, доктар мэдыцыны, прафэсар. Аўтар кніг «Запіскі заходняга беларуса» (2006), «Развагі заходняга беларуса» (2009), «Нязручная гісторыя» (2009) ды інш.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG