Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь адступіла ў гандлёвай вайне з Украінай?


Чаму ўрад Беларусі адступіў і зьняў абмежаваньні для доступу на беларускі рынак украінскіх тавараў? Ці азначае гэта канец гандлёвай вайны, якая была фактычна пачалася паміж дзьвюма краінамі? Як можна спрагназаваць далейшыя эканамічныя стасункі Менску і Кіева?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Леў Марголін і Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Беларускі ўрад спрасьціў доступ на беларускі рынак для вытворцаў з Украіны. Пастанову, якая здымае абмежаваньне для доступу на беларускі рынак тавараў з краінаў — сябраў дамовы аб зоне свабоднага гандлю, падпісаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч. На вашу думку, чаму беларускае кіраўніцтва пайшло на такі крок і ці ўдалося гэтым крокам спыніць разьвязваньне гандлёвай вайны паміж афіцыйнымі Менскам і Кіевам? І як можна спрагназаваць падзеі ў гэтых эканамічных адносінах далей?

Злотнікаў: Па-першае, Беларусь мусіла прыняць гэтае рашэньне, бо Ўкраіна ўвяла ліміты, павысіла імпартнае мыта на беларускія тавары, якія ідуць на Ўкраіну, і павысіла значна. Таму гэта вяло да страт беларускіх прадпрыемстваў. І гэта галоўная прычына — беларусы таксама маглі нешта страціць.

Я мяркую, ёсьць таксама і палітычныя прычыны, бо цяпер Лукашэнка больш праводзіць палітыку на зьмякчэньне адносінаў з Захадам, і, мабыць, тут таксама паўплывалі адносіны да Захаду.

Цыганкоў: Спадар Марголін, а на вашу думку, што тут паслужыла галоўнай прычынай для такога рашэньня і ці ўдасца далей Менску адстойваць свае інтарэсы і не падпарадкоўвацца націску Масквы?

Марголін: Ну, я думаю, што Леанід Канстанцінавіч мае рацыю, бо ўкраінскі рынак і зьнешні гандаль з Украінай вельмі выгадны для Беларусі, тут мы маем станоўчае сальда. Адказ Украіны, які быў вельмі рашучы і вельмі балючы для Беларусі, падштурхнуў беларускія ўлады на тое, каб усё ж такі прыняць больш цьвярозае рашэньне. Я думаю, што Ўкраіна таксама адыграе назад і адменіць свае абмежаваньні, бо цяпер яна не ў такім стане, каб абвастраць адносіны зь іншымі краінамі. Хоць вядома, што памеры эканомікі Ўкраіны і Беларусі вельмі розныя і наступствы ад гэтых абмежаваньняў былі б для Беларусі значна больш балючыя, чым для Ўкраіны.

Цыганкоў: Спадар Злотнікаў, Беларусь — сябра Мытнага саюзу Беларусі і Расеі, а цяпер яшчэ і Эўразійскага саюзу, які будуецца паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам. Беларусь як сябра гэтых арганізацыяў ці мела права ў аднабаковым парадку прымаць рашэньне аб адмене абмежаваньняў? Чаму Беларусь самастойна прыняла рашэньне спачатку іх увесьці, а потым адмяніць, фактычна ня раячыся з сваімі саюзьнікамі, перш за ўсё з Расеяй?

Злотнікаў: Фармальна раіцца не было патрэбы, таму што вось Леў адказаў — паводле дамовы аб зоне свабоднага гандлю Беларусь ня мела права ўводзіць гэтыя абмежаваньні для Ўкраіны. Таму і ня трэба было ні з кім раіцца. Гэта была адмена ў рамках існуючых пагадненьняў. А па-другое, мы ўжо адказалі, што адказ Украіны быў такі жорсткі і хуткі — таму Беларусь вымушана была адступіць.

Цыганкоў: Спадар Злотнікаў, а чаму тады ў свой час, увесну, беларускі ўрад увёў ліцэнзаваньне паставак украінскага цэмэнту, шкла, піва? Няўжо яны ня думалі, што Ўкраіна ў адказ прыме таксама даволі жорсткія рашэньні?

Злотнікаў: Пры Януковічу так яно і было. Пры Януковічу ўсё пагражалі, пагражалі, што будуць усякія меры ў адказ, але гэтых мер амаль што не было. Напэўна, Лукашэнка разьлічваў, што Ўкраіне цяпер не да Беларусі, Украіне не да таго, каб займацца такімі дробязямі, як абмяжоўваць імпарт зь Беларусі (я кажу — дробязі, таму што абмежаваньня на імпарт і мыта на ўвоз нафтапрадуктаў не было). Напэўна, беларусы не разьлічвалі, што адказ Кіева будзе такі хуткі і рашучы.

Цыганкоў: Новая ўкраінская ўлада выявілася больш рашучай у адстойваньні інтарэсаў краіны, чым гэта было за Януковічам. Як можна далей спрагназаваць беларуска-ўкраінскія эканамічныя адносіны? Ці можна прагназаваць, што, апёкшыся на гэтым прыкладзе, на такія аднабаковыя захады афіцыйны Менск ужо ня будзе ісьці?

Марголін: Я думаю, што будзе менавіта так. Бо ўрад Беларусі ня першы раз робіць такія непрадуманыя дзеяньні. Хутчэй за ўсё, яны былі пралабіраваныя адпаведнымі беларускімі прадпрыемствамі, якія не вытрымлівалі канкурэнцыі з украінскімі таварамі. Але, «атрымаўшы па носе», наступны раз задумаюцца.

І, я мяркую, гэта добра разумеюць у беларускім урадзе. Нездарма ж Беларусь і Казахстан адмовілі Расеі, калі тая патрабавала ўвесьці нейкія абмежаваньні супраць Украіны. Таму мне здаецца, што найбліжэйшым часам такіх эксцэсаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай ня будзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG