Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: Мяне папярэдзілі, што калі ня зьеду — пасадзяць (ФОТА, ВІДЭА)

абноўлена

Мікалай Аўтуховіч пра тое, як за кратамі трымаць сябе ў форме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:09 0:00

Мікалай Аўтуховіч пра тое, як за кратамі трымаць сябе ў форме

Былы палітвязень распавёў пра вяртаньне ў соцыюм, турэмных аўтарытэтаў і палітычных, а таксама пра здароўе зэкаў, уласную бясьпеку ды іншае...

Ва-ў-кавыск, А-ў-туховіч

За плячыма ўзнагароды за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу ў Аўганістане, пасьпяховае прадпрымальніцтва ў родным Ваўкавыску: фірма міжнародных перавозак «Ніка транс», самая запатрабаваная ў выцягнутым удоўжкі горадзе таксоўка, пяльменная, якая працавала 24 гадзіны ў суткі, а да абеду ладзіла бясплатнае харчаваньне для школьнікаў, яшчэ бар, крамка... Былі зацьверджаныя і іншыя праекты. Аднак замест усяго гэтага — два турэмныя тэрміны.

Пасьля вызваленьня Мікалаю Аўтуховічу цягам пяці гадоў забароненая прадпрымальніцкая дзейнасьць. Паўтара года належыць заставацца на адміністрацыйным наглядзе. Таксама рашэньнем суду ён вінен дзяржаве суму, роўную прыкладна 90 тысячам даляраў. Выплачваць прынцыпова адмаўляецца, бо лічыць, што дзейнічаў у рамках прававога поля... У 50 гадоў былому «мільянэру» даводзіцца пачынаць жыцьцё нанова... Пакуль перабіваецца рамонтам машын зь вядомага на ўвесь Ваўкавыск парку «Мэрсэдэсаў». За ўвесь час адседак гаспадара таксоўкі прастаялі на вуліцы, Дзейных, што яшчэ можна здаць у арэнду, усяго толькі пара-тройка.

— Хворая машына, — паказвае суразмоўца на адну зь іх. — Бачыш, дрыгаецца. А каб вылечыць-выправіць, трэба 250 даляраў. Шкло — 150 даляраў. Столькі ж, каб пафарбаваць. Яшчэ таксомэтар — 450 даляраў. Яшчэ абклеіць — 100 даляраў. Яшчэ тысяча недзе патрэбная, каб у таксі пусьціць. На сваіх новых таксоўках мы будзем рабіць гістарычны герб. Не Валкавыск, а Ва-ў-кавыск. Ва-ў-кавыск, А-ў-туховіч.

— Акрамя машын, вы цяпер правіце ўласнае здароўе? У СМІ пісалі пра вашае змаганьне за новыя зубы і абсьледаваньне ў менскім шпіталі... Як самаадчуваньне?

— Лічу, што прыдатны да лётнай службы. Такое самаадчуваньне. Але калі сур’ёзна, то ў турме абвастрыліся шмат якія балячкі. Таму вырашыў капітальна заняцца здароўем, тым, што ўвесь гэты час ня мог сабе дазволіць... Спрабую сёе-тое выправіць, падлячыць. Лекары раяць дыету, санаторнае лячэньне. Рэабілітацыя зойме год недзе. Пры здаровым ладзе жыцьця ўсе павінна наладзіцца. Я і ў зьняволеньні імкнуўся сачыць за сабой. Паколькі ў мяне страўнікавыя праблемы, імкнуўся есьці меней, толькі тое, ад чаго нічога не баліць. Таксама займаўся спортам. Пасьля маіх працяглых галадовак цела было ніякае. Я браў плястыкавую двухлітровую бутэльку, наліваў туды ваду і кожны дзень па 8–10 разоў кожнай рукой адціскаў... Біцэпсы проста на вачах пачалі расьці. Таксама абліваўся, адціскаўся, бегаў... У турме дастаткова часу, каб займацца сабой. Галоўнае — разьмеркаваць яго правільна. Многія сядзельцы займаюцца спортам, «качаюцца». За выключэньнем самых адпетых гультаёў. Тыя толькі ляжаць. Адзін занятак: цыгарэты, карты-шмарты... Нармальны мужык не павінен быць гультаём. Ён павінен мець торс, каб жанчына з задавальненьнем глядзела на яго ды ёй хацелася...

Ежа на пальмавым алеі і сала з пахам рыбы

— У турме шмат хворых людзей? Ці ўсім бы вы раілі прайсьці мэдычнае абсьледаваньне пасьля зьняволеньня?

— Калі ты малады, а там шмат маладых, то ў такім узросьце хваробы асабліва не праяўляюцца... Мяркую па тым, што хлопцы збольшага вытрымліваюць і тыя ж скразьнякі, і сталоўскую ежу. Але калі ты старэйшы і маеш нейкія балячкі, твой арганізм вельмі ўразьлівы на такое харчаваньне... Дарэчы, рыхтуюць ежу на пальмавым алеі. Плястыкавыя слоікі з-пад яго не адмываліся. Спрабавалі самымі рознымі мыйнымі сродкамі — і нічога. Яны так ці інакш заставаліся ліпкімі. Пра асартымэнт і ядомасьць ня трэба і гаварыць... Я сваім сабакам лепш гатую. Аднойчы жонка пераблытала рондлі ды зьела сабачай ежы. Кажа, смачна было. Там у вязьніцы пасьля галадоўкі ў ШЫЗА выходзіш, і здаецца — ну, усё, павінен есьці. Дык гэтую кашу ўбачыш — і ад яе ванітуе...

Там у вязьніцы пасьля галадоўкі ў ШЫЗА выходзіш, і здаецца — ну, усё, павінен есьці. Дык гэтую кашу ўбачыш — і ад яе ванітуе...

Ведаю па аповедах, якое харчаваньне ў тых жа польскіх турмах... Пры ўсёй яго сьціпласьці яно збалянсаванае. Няма абмежаваньняў у садавіне ды гародніне. А тут тых жа яблыкаў ня ўбачыш. Нават у шапіках рэдка купіш. Тое ж з цыбуляй. Неяк у шапіку купіў сала, якое сьмярдзела рыбай. Дабіцца нейкага незалежнага кантролю той жа сталоўкі ды крамы немагчыма. Гэта сапраўдны Кландайк для адмываньня грошай. Я пра гэта пісаў шмат.

— Ці з гэтым магчыма неяк змагацца?

— Чаму не? Робіцца заява ў суд. Пачнецца праца. Усё трэба шырока асьвятляць, кожны крок. Бо людзі страцілі веру ў тое, што нешта можа атрымацца. З кожным годам усё горш. Паглядзіце, што робіцца: каго хочуць садзяць, каго хочуць адмываюць, нягледзячы на ўсе злачынствы...

Мікалай Аўтуховіч на роднай вуліцы
Мікалай Аўтуховіч на роднай вуліцы

«Маральны боль цяжэйшы за фізычны»

— Вось сказалі пра тое, што большасьць зэкаў імкнуцца быць фізычна моцнымі. Як гэтыя людзі пераносяць фізычны боль? Апошнім часам усё часьцей на волю трапляюць зьвесткі, што ахоўнікі могуць жорстка зьбіць вязьня, што тыя ж зэкі (ваш прыклад) «ускрываюцца» на знак пратэсту... Нарэшце, на зоне нямала людзей (пра гэта таксама паведамляла «Свабода»), якія цярпяць на анкалёгію і пры гэтым не атрымліваюць адэкватных абязбольных прэпаратаў... На волі мужчыны ў нашмат менш жорсткіх сытуацыях не саромеюцца сваіх скупых мужчынскіх сьлёз. А там, дзе ўсе гэтыя болі сканцэнтраваныя?

— Вы ведаеце, там гэтыя твае болі ды сьлёзы нікога не хвалююць. Прынцып турмы: не чапай, ня лезь, не пытайся, не перашкаджай... Ну, баліць у цябе і баліць, але гэта твая праблема. Хіба толькі сябар, калі такі ёсьць, паспачувае. Асабіста я разумеў, што на мяне глядзяць іншыя. І глядзяць як на моцнага чалавека, аўганца, вераць, што я вытрымаю. Пасаваць было нельга, а таму я настройваўся наступным чынам: не баліць, і ўсё! Былі, вядома і такія, хто толькі падумае, што можа балець, і ўжо палохаецца. Але тых, хто паводзіў сябе па-мужчынску, хапала. Мужык павінен сябе пераканаць, што ён здолее вытрымаць фізычны боль.

— А калі боль маральны... ад таго, што цябе прыніжаюць?

— Гэта цяжэй. Усё застаецца ўнутры, а звонку ня бачна. Паказваць гэта нельга, бо гэта будзе на радасьць тым, хто імкнецца цябе прынізіць. Калі са мной такое рабілі — я ўсьміхаўся.

«Гэта была падстава адміністрацыі»

— Але вось такая сытуацыя, якая адбылася з двума палітвязьнямі і пра што паведамляла дзяржаўная тэлевізія... Гэтым людзям, відавочна па камандзе зьверху, надалі нізкі турэмны статус. Як бы вы паводзілі сабе ў такім выпадку? Таксама б усьміхаліся?

— Са мной паспрабавалі нешта падобнае ў гарадзенскай «крытцы». Вярнуўся са шпацыру ў камэру і ўбачыў там чалавека. Я ўцяміў, хто гэта, і сказаў кантралёрам: я ў камэру не пайду, у вас роўна тры хвіліны, каб яго тут не было. Інакш або зь ім нешта зраблю, або сабе ўскрыю шыю (у мяне было ўжо два «ўскрыцьці» дагэтуль, і яны ведалі, што я не жартую). Я настаяў, і таго сядзельца з маёй камэры вывелі... У такіх выпадках паводле правілаў вязьніцы трэба нешта рабіць, супраціўляцца, ніяк не дапускаць таго, каб апынуцца ў адной камэры зь «пеўнем». Інакш «пеўнем» станеш сам.

— Але ж размова ідзе пра дзеяньні палітвязьня, які на волі выступае супраць любой дыскрымінацыі. Яму што, трэба пачаць прыніжаць ужо прыніжанага чалавека?

У турме свае вельмі жорсткія законы. Трапіў за краты — трэба жыць паводле гэтых законаў

— У турме свае вельмі жорсткія законы. Калі на волі на гэтых людзей часам глядзяць як на ізгояў, то там тым больш. Трапіў за краты — трэба жыць паводле гэтых законаў. Або ты дэманструеш свой супраціў, або цябе залічваюць у «апушчаныя». Цябе ніхто ня будзе гвалціць. Цябе з гэтым статусам проста будуць прыніжаць.

— І што, ад гэтага ніяк не адмыцца?

— Чаму не? У гарадзенскай турме сядзяць аўтарытэты крымінальнага сьвету, якія разглядаюць такія справы і разрульваюць сытуацыю. У тых канкрэтных выпадках, калі яны бачаць у гэтым «падставу» з боку адміністрацыі, ніжэйшы статус здымаюць. Калі я вызваляўся, мне перадалі запіску ад аўтарытэтных людзей, што з тых палітвязьняў усё зьнялі. Дарэчы, турэмная адміністрацыя з сваімі «апушчанымі справамі» трапіла ў ня надта прыемную гісторыю, а таму была вельмі зацікаўленая, каб падобная інфармацыя ня выйшла на волю.

Занядбаны аўтапарк Аўтуховіча
Занядбаны аўтапарк Аўтуховіча

Крымінальныя аўтарытэты

— Вярхушка крымінальнага сьвету — «аўтарытэты» — гэта цікавыя людзі?

— Па-першае, яны выключныя псыхолягі. Турма вучыць разьбірацца ў людзях ды іх паводзінах, пралічваць, што думае той ці іншы чалавек, што ён хоча сказаць. Гэта моцныя людзі, якія, праводзячы за кратамі большасьць жыцьця, не становяцца на калені. Яны жывуць паводле кодэксу так званых «паняцьцяў». Сярод іх ёсьць сапраўдныя інтэлектуалы. Яны могуць размаўляць на любыя тэмы. Я ведаю некаторых «аўтарытэтаў». Яны ўсе вераць у Бога, наведваюць царкву, прычашчаюцца. Шчыра вераць... У гэтых людзей неаднойчы стралялі, неаднойчы яны былі на валасок ад сьмерці.

— Кажаце пра шчырую веру... Але ж хіба сапраўдны вернік будзе сьвядома парушаць запаведзі Божыя — ня крадзь, не забівай?

Я ведаю беларускіх крымінальнікаў, якія б пайшлі за Ўкраіну, а не за Данецкую рэспубліку

— Яны ня крадуць і не забіваюць. Згодна з сваім статусам «злодзеяў у законе». Так, яны парушаюць законы дзяржавы, бо для іх зладзейскія «паняцьці» вышэйшыя. У савецкія часы, калі міліцыя нічога не магла вырашыць, людзі ішлі да крымінальнікаў, і тыя вырашалі пытаньні. Паводле свайго ўласнага сумленьня. Потым крымінальны сьвет падзяліўся на тых, хто працягваў жыць «па паняцьцях», і на тых, хто лёг пад мянтоў, пад улады. Вы ж ведаеце, як ва Ўкраіне на Майдане выкарыстоўвалі праўладных аўтарытэтаў. Як ствараліся тыя бандачкі, якія рабавалі, зьбівалі, забівалі...

— У Беларусі такое магчыма?

— Такіх фактаў я ня ведаю, але лічу, што можа быць усё. Але я ведаю беларускіх крымінальнікаў, якія б пайшлі за Ўкраіну, а не за Данецкую рэспубліку. І з кім я размаўляў ды размаўляю, то больш годныя — за Ўкраіну. Але паўтаруся: можа быць усё. Бо ў нас таксама крымінальны сьвет падзелены, як і ва Ўкраіне. Тых, хто пад мянтамі, больш. Яшчэ ёсьць частка, якая захоўвае нэўтралітэт. Каб у турме не замардавалі і каб годнасьць уласную захаваць.

Ці можна ладзіць бізнэс з зэкамі

— Многія былыя зэкі, у тым ліку з касты так званых «мужыкоў» — непрафэсійных крымінальнікаў, якія пасьля вызваленьня зьбіраюцца вярнуцца да нармальнага жыцьця, маюць праблемы з працаўладкаваньнем. Як бізнэсовец, вы б узялі да сябе ў фірму гэтых людзей?

— Калі б у мяне быў уласны капітал і ўдалося рэалізаваць уласныя ідэі — так... Калісьці я зьбіраўся купіць калгас. Нават была дасягнутая такая дамова, намесьніца міністра падпісала нейкі мой праект... Але калі наверсе даведаліся, што гэта хачу зрабіць я, адразу звольнілі таго старшыню. Шмат маю розных ідэяў. Напрыклад, вычысьціць нашы лясы. А для гэтага патрэбна шмат працоўных рук. Ці сэзонная праца: збор клубніц, потым цыбулі, потым памідораў... Толькі засадзі, а потым аднясі на рынак...Гэта ж прыбытак. Пастаў вагончыкі, ствары ўмовы для сэзоннай працы. Плаці людзям. Зэкі пойдуць, усе пойдуць.

Артыкул 209 — махлярства. Хіба гэта артыкул для мужчыны?

З гадамі турмы да мяне прыйшло веданьне людзей. Зэкі, якія адказваюць за свае словы ды ўчынкі, якія «ўскрываюцца», галадуюць, абліваюцца, яны аберагаюць сваю годнасьць і зь імі можна мець справу. Гэта рызыкоўныя людзі, якія гатовыя адстойваць свае прынцыпы. Адрозна ад многіх вядомых людзей у вольным грамадзтве, якіх напалохалі пасьля Плошчы і яны самі сваіх і здалі. Паводле зонаўскіх «паняцьцяў» гэта недапушчальна для мужчыны. А ў вольным жыцьці мужчыну нічога не каштуе схлусіць, паабяцаць і не зрабіць. Раней бы такіх выклікалі на дуэлі ці яны самі б мусілі пусьціць сабе кулю ў лоб. А цяпер? Артыкул 209 — махлярства. Хіба гэта артыкул для мужчыны?​

Палітвязьні

— Палітвязьні дэманструюць мужчынскія паводзіны?

— Я ведаю пра Жэню Васьковіча, бо ў нас зь ім быў адзін адвакат. Хлопец паводзіць сабе як сапраўдны мужчына. Гэта годны чалавек. Думаю, што ён вытрымае, як бы яму ні было цяжка...

— Напісаць прашэньне прэзыдэнту — гэта па-мужчынску ці не?

— Гэта зусім іншае, і за гэта ніхто нікога не павінен асуджаць. Па-першае, нікому не вядома, чаму гэта зроблена, у выніку якіх абставінаў. Гэта вельмі індывідуальнае рашэньне. Калі чалавек воін, ён павінен ахвяраваць, калі ня воін — то нельга і папракаць яго. Напісаў дык напісаў. А за тое, што дагэтуль зрабіў, — дзякуй!

Я ў калёніі нічога не пісаў і ніякіх папераў аб супрацоўніцтве не падпісваў. Звычайна непадпісанты — прафэсійныя крымінальнікі, «блатныя». У мяне ж былі свае прычыны не падпісваць: я прынцыпова не хацеў ні пра што дамаўляцца з гэтай дзяржавай. Магчыма, шмат «мужыкоў» думаюць гэтак жа, але падпісваюць. Інакш ты ня будзеш мець дазволу на працу. А некаторым трэба падтрымліваць сям’ю, некаторым — плаціць алімэнты, у іншых няма аніякай падтрымкі з волі. Палітвязьні ў калёніях працуюць... У кожнага свае падставы для такога рашэньня. На маю думку, кандыдаты на прэзыдэнта не павінны працаваць, а павінны ісьці ў жорсткі супраціў. Але гэта — маё меркаваньне.

Дом Мікалая Аўтуховіча
Дом Мікалая Аўтуховіча

Уласная сыстэма бясьпекі

— Калі людзі вяртаюцца з-за кратаў, кола іх блізкіх рэзка звужаецца? Вам асабіста гэта знаёма?

— Так. Прычым ня толькі таму, што нехта ня хоча ісьці на кантакт са мной. Я сам для сябе ствараю дыстанцыю, бо разумею, што пры цяперашняй сыстэме здрадзіць можа амаль кожны. Гэта ня мой аўганскі ўзвод, дзе ў кожным я быў упэўнены як у сабе. У вольным жыцьці сёньня зь людзьмі невядома што робіцца. Чалавека з маёй фірмы крыху папалохалі — ён ужо на судзе паказвае супраць мяне...

Я сам для сябе ствараю дыстанцыю, бо разумею, што пры цяперашняй сыстэме здрадзіць можа амаль кожны

— Інакш кажучы, вырашылі цяпер адмежавацца, адседзецца, агледзецца, абдумаць ды ўзважыць?

— Гэта ўжо было. Там, за кратамі. Цяпер галоўнае дамагчыся справядлівасьці, даказаць уласную невінаватасьць. Вось ствараю ўласную сыстэму бясьпекі, каб мяне не змаглі на нечым падлавіць. Я запісваю свае тэлефонныя размовы, каб мне не сказалі, што я гаварыў тое і тое, калі я гэтага не гаварыў, маю відэаназіраньне, каб мне не сказалі, што мяне не было ў хаце ў той час, калі я там быў. Калі еду на машыне, то думаю, як яе прыпаркаваць, каб да яе нічога не прычапілі. Думаю, ці браць чалавека ў машыну, каб потым мяне раптам не спынілі, паклікалі панятых і знайшлі ў салёне наркотыкі... Калі я выйшаў зь вязьніцы, мяне папярэдзілі: ня зьедзеш — пасадзім.

Мікалай Аўтуховіч зь вядоўцай праграмы Аленай Струвэ
Мікалай Аўтуховіч зь вядоўцай праграмы Аленай Струвэ

Ці варта было так ахвяраваць?

Такое пытаньне мы задалі землякам Мікалая Аўтуховіча, не сябрам, аднак тым, хто больш менш адсочваў сытуацыю. Вось некаторыя меркаваньні адносна асобы былога ваўкавыскага палітвязьня ды прадпрымальніка і таго, ці варта было быць настолькі ўпартым, каб ахвяраваць усім ці амаль усім.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG