Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка выступае супраць фэдэралізацыі Ўкраіны?


Беларускі кіраўнік выказаўся супраць фэдэральнага ўпарадкаваньня Ўкраіны. Чым патлумачыць такую пазыцыю? Ці бачыць ён падобныя пагрозы для Беларусі? Чаму афіцыйны Менск не зацікаўлены ў слабай і расколатай Украіне?



Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Фэдэралізацыя Ўкраіны і пазыцыя Лукашэнкі


Валер Карбалевіч: «Ужо другі раз Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што ён супраць фэдэралізацыі Ўкраіны. Калі ўпершыню ён выказаў гэтую думку ў інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу, гэта можна было разглядаць як жаданьне спадабацца ўкраінскай аўдыторыі.

Але вось і ў нядзельным інтэрвію расейскаму тэлеканалу НТВ Лукашэнка паўтарыў гэтую тэзу, насуперак пазыцыі Расеі. Чаму ён не баіцца пярэчыць Расеі? Лукашэнка пайшоў на пэўную хітрасьць. Ён заявіў, што фэдэралізацыя Ўкраіны можа прывесьці да зьяўленьня там войскаў НАТО. Якая тут сувязь?»
Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў: «Тут ёсьць тры прычыны — дзьве эканамічныя і адна палітычная. Па-першае, сама па сабе фэдэралізацыя можа і ня дрэнная, калі б пры гэтым Украіна засталася ў сваіх межах. Але ж мы цудоўна разумеем, што, выкарыстоўваючы фэдэральны статус Украіны, Расея будзе імкнуцца захапіць усходнія і паўднёвыя рэгіёны. У гэтых абласьцях будзе больш паўнамоцтваў, яны правядуць рэфэрэндумы — ведаем, як яны праводзяцца, на прыкладзе Крыма.

І гэта палохае Менск вось у якім сэнсе: паўднёвы ўсход Украіны — гэта каля 20 мільёнаў насельніцтва. І калі Расея пачне іх усіх умоўна кажучы „карміць“ (падымаць заробкі і пэнсіі да сярэднерасейскіх), дык для Беларусі ў Расеі рэсурсаў не застанецца.

Па-другое, у выпадку далучэньня паўднёвага ўсходу Ўкраіны санкцыі Захаду будуць значна большымі. І яны абавязкова закрануць Беларусь.

Па-трэцяе, Лукашэнка асьцерагаецца, што Пуціну спадабаецца такі спосаб аднаўленьня „расейскага сьвету“, і той зробіць зь Беларусьсю тое ж, што ён зрабіў з Украінай».

Карбалевіч: «Гэта можна разглядаць і з гледзішча сьветапогляду Лукашэнкі пра ўладу. Бо для яго ўлада толькі тады нармальная, калі яна аднаасобная і поўная. Калі яна падзеленая паміж мясцовымі і цэнтральнымі дзяржаўнымі інстытутамі, дык гэта насамрэч і ня ўлада. Але, мусіць, існуюць і нейкія іншыя прычыны таго, што Лукашэнка выступае супраць фэдэралізацыі Ўкраіны?».
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі: «Улада для Лукашэнкі — звышкаштоўнасьць, і ён пра яе заўсёды думае. Але Лукашэнка прагматык, і ён разважае пра праблему фэдэралізацыі не абстрактна.

З гісторыі вядома, што фэдэрацыі звычайна ствараліся зьнізу, калі асобныя рэгіёны гуртаваліся ў больш моцнае дзяржаўнае аб’яднаньне. Ва ўкраінскім выпадку адбываецца наадварот. Тэза пра фэдэралізацыю ў расейскім варыянце — гэта інструмэнт імпэрскай палітыкі, па прынцыпе „падзяляй і ўладар“. Калі нават Расея і не далучыць усходнія вобласьці Ўкраіны да сваёй тэрыторыі, дык ўсё роўна Масква будзе на іх моцна ўплываць, маніпуляваць і трымаць Кіеў за жабры.

І Лукашэнка, разумеючы гэта, прагаворвае свае фобіі. Бо сёньня такія інструмэнты Крэмль адточвае на Ўкраіне, а заўтра яны могуць быць ужытыя ў іншых краінах, у Беларусі.

Затым, такія выказваньні патрэбныя Лукашэнку дзеля балянсу. Усё ж ён прызнаў, што Крым — гэта расейская тэрыторыя. Было ганебнае галасаваньне ў падтрымку Расеі ў Генэральнай Асамблеі ААН. І, каб згладзіць такое ўражаньне аб яго прарасейскасьці, цяпер Лукашэнка пэдалюе тэзы супраць фэдэралізацыі Ўкраіны.

Тым больш, што гэтая тэма пакуль дыскусійная. Расея прапануе тэму фэдэралізацыі Ўкраіны на плянуемых чатырохбаковых перамовах з Захадам. І вось Лукашэнка нібыта ўдзельнічае ў гэтай дыскусіі».


Ці бачыць Лукашэнка падобныя пагрозы для Беларусі з боку Расеі?

Валеры Карбалевіч
Валеры Карбалевіч
Карбалевіч: «Мае суразмоўцы выказалі думку, што Лукашэнка прымярае гэтую сытуацыю на сябе, на Беларусь. Якія сцэнары дзеяньняў Расеі адносна Беларусі магчымыя на тле расейска-ўкраінскага канфлікту? Магчымасьць паўтарэньня адносна Беларусі ўкраінскага сцэнару Лукашэнка ўслых прагаворваў. У інтэрвію Савіку Шустэру ён сказаў, кажучы пра пераход Крыма да Расеі, што з жахам думае пра падобны сюжэт адносна Беларусі. А вось у інтэрвію НТВ Лукашэнка адзначыў, што вось, маўляў, некаторыя кажуць, што Расея пачне таксама абараняць расейскамоўных у Беларусі, але ж у Беларусі ўсе расейскамоўныя, таму тут няма падставаў для ўмяшаньня».

Фёдараў: «У тым, што кіраўніцтва Беларусі думае пра такі сцэнар, я абсалютна ўпэўнены. Праблема ў тым, што мы дакладна ня ведаем, з-за чаго Расея рэалізуе цяперашні сцэнар адносна Ўкраіны. Ці то гэта рацыянальны разьлік Масквы, ці то гэта эмацыйны ўсплёск, рэакцыя расейскай эліты на тое, што Ўкраіна сыходзіць на Захад. І калі ў Маскве падасца, што Беларусь занадта глядзіць на Захад, то няма гарантыяў, што такі ўсплёск не паўторыцца.

Зусім не абавязкова, што адносна Беларусі Расея прыменіць украінскую кальку. Калі Масква ставіць задачу аднавіць расейскую імпэрыю, дык прычына можа быць высунутая абсалютна любая. Прычым, у Крамлі разумеюць, што калі Захад ня надта заступаецца цяпер за Ўкраіну, дык за Беларусь, якая наўрад ці будзе сябе абараняць, тым больш не заступіцца».

Класкоўскі: «Гэта выклік для цяперашняй беларускай улады. Яна шмат гадоў гуляла ў гэтую „братнюю інтэграцыю“. Думаю, няма ў Лукашэнкі вялікіх ілюзіяў. Імпэрскую сутнасьць Расеі ён добра разумеў, але не дапускаў, што агрэсія можа набыць такія формы. І цяпер беларуская ўлада ў ступары. І вось гэтая тэза, што ў Беларусі ўсе расейскамоўныя, і таму няма падставаў для ўмяшаньня Масквы, ня слушная. Бо тут акурат можа быць задзейнічана такая парадыгма: калі мы — адзін народ, мы рускія людзі, дык навошта межы, розныя дзяржавы.

Вось нядаўна Касьцян жаліўся, што адбыўся наезд на ягоных прыхільнікаў, на Беларускі славянскі камітэт, які хацеў ператварыцца ў партыю. Але такія меры могуць трактавацца ў Маскве як прыцясьненьне панславістаў, прыхільнікаў аб’яднаньня ўсіх славянаў. І гэта можа стаць падставай для ўмяшаньня Расеі. Падставай для расейскіх прэтэнзіяў можа быць абарона расейскага капіталу ў Беларусі. І калі Лукашэнка ўваходзіць у канфлікт з Расеяй, дык гэта можа стаць падставай для паўтарэньня ўкраінскага сцэнару.

Дэ-факта Беларусь безабаронная. Беларускае войска заточанае для барацьбы супраць „монстра“ НАТО. І псыхалягічна вайскоўцы Беларусі не гатовыя ваяваць з Расеяй. Дарэчы, узровень прарасейскіх настрояў мог моцна ўразіць беларускае кіраўніцтва.

Лукашэнку трэба пачынаць ціхую беларусізацыю. Але ён столькі гадоў змагаўся з нацыяналістамі, што ўзьнікаюць сумненьні, ці зможа ён пераступіць празь сябе.

Яшчэ адзін варыянт. Масква можа ўмяшацца, калі рэжым Лукашэнкі захістаецца, і Масква ўбачыць у якасьці небясьпекі для сябе прыход да ўлады ў Беларусі празаходніх сілаў, беларускіх „бандэраўцаў“, з гледзішча Крамля. Але, ў такім выпадку, ня факт, што Расея з дапамогай свайго сілавога ўмяшаньня падтрымае Лукашэнку. Масква можа паставіць тут сваю марыянэтку. Таму тут для яго цяпер узьнікае цэлы букет выклікаў. І, думаю, у беларускіх калідорах улады цяпер вельмі моцна чухаюць патыліцу».

Карбалевіч: «Такую пазыцыю Лукашэнкі супраць фэдэралізацыі Ўкраіны можна трактаваць і ў пляне пэрспэктываў дачыненьняў Беларусі з Украінай. Ён ужо два разы ўзгадваў, што, маўляў, украінцы, украінскія бежанцы хочуць прыехаць у Беларусь. Мусіць, сапраўды, слабая, расколатая Ўкраіна — не ў інтарэсах Беларусі? Бо цяжка весьці справы, незразумела, з кім дамаўляцца».

Фёдараў: «Відавочна, што Беларусі і беларускім уладам нявыгадна слабая і расколатая Ўкраіна. Бо ў слабой Украіне будуць вялікія праблемы з эканомікай, і стануць непатрэбныя беларускія тавары. Ўкраіна ж — другі гандлёвы партнэр Беларусі. Што тычыцца ўкраінскіх бежанцаў, дык пакуль я праблемы ня бачу. Думаю, працу яны тут знойдуць».

Класкоўскі: «Найперш, што тычыцца ўкраінскіх уцекачоў. Вядома, што Лукашэнка даволі вольна гуляе зь лічбамі. Ён назваў лічбу, маўляў каля 2 тысяч украінцаў хочуць уцячы з сваёй краіны ў Беларусь. Але беларуская амбасада ва Ўкраіне няўпэўнена кажа пра дзясятак зваротаў, ды і тое частка зь іх — вусныя. Думаю, Лукашэнка проста выкарыстоўвае гэтую тэму для сваёй перадвыбарчай кампаніі. Сэнс гэтага мэсыджа ў тым, што ў Беларусі лепей жыць, тут парадак, і ўкраінцы лічаць за вялікае шчасьце прыехаць сюды. Лукашэнка на тле ўкраінскіх падзеяў атрымаў шанец аднавіць старыя лёзунгі аб стабільнасьці, моцнай руцэ, барацьбе з карупцыяй і інш.

Можна пагадзіцца, што з прагматычнага гледзішча слабая Ўкраіна нявыгадная беларускаму кіраўніцтву. Бо ўпадзе гандаль. І палітычны чыньнік: калі Пуціну ўдасца разьдзярбаніць Украіну, дык наступнай можа быць Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG