Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Матрунчык: Мітрапаліт Філярэт падтрымліваў беларушчыну


Мікола Матрунчык
Мікола Матрунчык

Тры з паловай дзесяцігодзьдзі Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт Філярэт. Чым застануцца гэтыя гады ў гісторыі беларускага праваслаўя?

Госьцем «Вольнай студыі» Мікола Матрунчык — кіраўнік Праваслаўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў, якое дзейнічае пры Беларускім Экзархаце.

— Спадар Мікола, у чым вам бачыцца значнасьць тых трыццаці пяці гадоў, калі БПЦ кіраваў мітрапаліт Філярэт?

— У двух словах цяжка і сказаць. Сацыёлягі будуць бачыць сваё, палітыкі — сваё, грамадзянскія супольнасьці — сваё. Калі ж разважаць з пункту гледжаньня ўласна царкоўнай супольнасьці, то пры мітрапаліце Філярэце царква
мітрапаліт Філярэт заўжды падтрымліваў айца Сергія Гардуна, які выкладае ў Жыровіцкай сэмінарыі толькі па-беларуску
з адной епархіі зь дзьвюма сотнямі прыходаў стала сапраўды магутнай структурай з дванаццацьцю епархіямі, са сваім сынодам, са шматлікай паствай. Гэта калі браць колькасны індыкатар. Вельмі важна, што мітрапаліт Філярэт падтрымліваў у крытычных абставінах сьвятароў і дзеячоў, якія трымаліся беларускага слова і несьлі яго ў сваім царкоўным служэньні. Я ведаю, што мітрапаліт Філярэт заўжды падтрымліваў айца Сергія Гардуна, які выкладае ў Жыровіцкай сэмінарыі толькі па-беларуску, прычым усе гады, з моманту яе адкрыцьця. Былі часы, калі гэта не падабалася кіраўніцтву сэмінарыі, узьнікалі канфлікты, і ў такія моманты мітрапаліт Філярэт станавіўся на бок айца Сергія. Можна прыгадаць і гісторыю зь вядомым нашым паэтам Алегам Бембелем, які ў пэўны момант свайго жыцьця захацеў пісаць свае вершы ў манастырскай цішы і папрасіўся ў мітрапаліта ў стан інакаў Жыровіцкага манастыра. І таксама атрымаў рашучую падтрымку мітрапаліта. Мы ведаем, колькі цудоўных твораў зьявілася з-пад пяра інака Мікалая ў сьценах Жыровіцкага манастыра. І прыклады такой жывой падтрымкі людзей, якія несьлі сваё беларускамоўнае служэньне ў царкве, можна працягваць доўга.

— Вы шмат гадоў узначальваеце Праваслаўнае брацтва Трох віленскіх пакутнікаў, якое мае дачыненьне да многіх беларускіх ініцыятывааў унутры самой царквы. Ці можаце вы назваць прыклады, калі мітрапаліт Філярэт гэтыя ідэі прымаў і падтрымліваў?

— Безумоўна. Ад самага пачатку, з 1992 году, калі ў коле беларускай інтэлігенцыі ўзьнікла ідэя стварэньня брацтва, і мы прыйшлі да мітрапаліта, не хаваючы таго, што хочам разьвіваць беларушчыну ў царкве. Мы атрымалі дабраславеньне. Таксама з 1992 году разам з беларускай дыяспарай мы выдаем беларускамоўны часопіс «Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце». Пачынаючы з 1990-х мы штогод выдаем адзіны ў сьвеце беларускамоўны праваслаўны каляндар.

— Ён выходзіць на ахвяраваньні вернікаў, ці фінансуецца афіцыйнымі царкоўнымі структурамі?

— І так, і гэтак. І вось зусім нядаўна нашы братчыкі наведвалі Беласточчыну і прэзэнтавалі там усе беларускамоўныя выданьні. Былі сустрэчы ў Беластоцкім унівэрсытэце, у беларускім ліцэі ў Беластоку, у Бельску і г.д.

— Вось вы кажаце пра падтрымку ўладыкам Філярэтам беларушчыны ў царкве. Але я ніколі ня чуў, каб ён сам гаварыў па-беларуску.

— Я магу расказаць пра тое, што ведаю. Неяк падчас візыту патрыярха Алексія
І заўважыў, што патрыярх не разумее, а мітрапаліт Філярэт перакладае яму маю прамову
ў Беларусь мяне ўзнагародзілі ордэнам праваслаўнай царквы. Быў прыём, і калі дайшла чарга і мне мовіць слова, я гаварыў па-беларуску. І заўважыў, што патрыярх не разумее, а мітрапаліт Філярэт перакладае яму маю прамову... Былі выпадкі, калі мітрапаліт рыхтаваў свае прамовы на беларускай мове, і тады даводзілася правільна расстаўляць націскі. Так што ў мітрапаліта Філярэта было жаданьне пэўную частку сваіх прамоваў рыхтаваць і гаварыць па-беларуску.

— Але потым чамусьці гэтыя выступы адбываліся па-расейску.

— Не, чаму ж, былі і беларускамоўныя. Але гэта патрабавала пэўнага часу на падрыхтоўку.

— На помніку Ларысе Геніюш у Зэльве вісіць шыльда, якая сьведчыць, што ён усталяваны з дабраславеньня мітрапаліта Філярэта. І гэта зьберагло помнік, бо мясцовыя ўлады намерваліся яго дэмантаваць. Чаму ў дадзеным выпадку БПЦ не пагадзілася з рашэньнем сьвецкай улады?

— Я магу прыгадаць, што на адно зь першых ушанаваньняў памяці Ларысы Геніюш у Зэльву прыехаў сам мітрапаліт Філярэт і правёў багаслужэньне. Мне нават было дабраславеньне рыхтаваць казаньні падчас багаслужэньня. Памятаю, што перад гэтым я сам трапіў да мітрапаліта і патлумачыў яму, чаму ў дадзенай сытуацыі царква павінна ўшанаваць Ларысу Геніюш. Шмат для гэтага зрабіла і актывістка нашага брацтва Валянціна Трыгубовіч. І трэба прызнаць, што мітрапаліт Філярэт быў чуйны да такіх зваротаў. Царква ў яго асобе была вельмі чуйная да праяўленьня Сьвятога Духу, які дзейнічае праз людзей. Хто дакранецца да творчасьці Ларысы Геніюш, той сапраўды адчувае, што ёй у пэўнай ступені кіраваў Сьвяты Дух. І гэта ёсьць вызначальным для кіраўніка царквы. Тут ёсьць неабходнасьць рашучага падтрыманьня такога праяўленьня. Самая вялікая хула супраць Бога — калі ты ведаеш, што гэта Божае, а ідзеш насуперак.

— Ужо гадоў дваццаць у Беларусі дзейнічае Біблійная камісія, якая займаецца перакладам на беларускую мову Сьвятога Пісаньня. Ваша брацтва таксама мае да яе дачыненьне. Да гэтай пары поўнага зводу тэкстаў няма. У чым затрымка?

— Калі прааналізаваць, як іншыя народы перакладалі Сьвятое Пісаньне на родную мову, то 15-20 гадоў — гэта нармальны тэрмін. Але гэта не апраўдвае таго, пра што вы кажаце. Праца камісіі сапраўды можа быць
Калі прааналізаваць, як іншыя народы перакладалі Сьвятое Пісаньне на родную мову, то 15-20 гадоў — гэта нармальны тэрмін
больш арганізаванай. У Беларусі ёсьць свая спэцыфіка, свая асаблівасьць: калі Сьвятое Пісаньне перакладуць на беларускую мову рыма-католікі, грэка-католікі, пратэстанты ці праваслаўныя — гэта будзе канфэсійны пераклад. Унівэрсальнага перакладу, які падыходзіў бы для ўсіх, у Беларусі не выпадае зрабіць, бо ёсьць пэўныя канфэсійныя традыцыі. Дарэчы, у нас існуе Біблійнае таварыства, якое павінна каардынаваць, накіроўваць, натхняць працу перакладчыкаў, рабіць яе хутчэйшай. Гэта яго найпершая задача. На жаль, пра тое таварыства (гэта, дарэчы, міжканфэсійная арганізацыя) мала хто чуў. Разумееце, саборны пераклад біблійных тэкстаў патрабуе дэталёвых, працяглых абмеркаваньняў таго ці іншага тэрміна.

— Прабачце, я не зусім разумею, як можна перакладаць саборна. Вось нядаўна Анатоль Клышка закончыў свой пераклад Бібліі. А чаму нельга ўзяць яго, абмеркаваць на Біблійнай камісіі, нешта падправіць і прыняць за кананічны?

— У нас быў шматгадовы кантакт са спадаром Клышкам. Наколькі я ведаю, ён вельмі цэніць свой падыход, сваю працу, і яму складана было б працаваць у камісіі. Наўрад ці ён пагадзіўся б прымаць нейкія варыянты збоку. У нас ёсьць аўтарскія пераклады Васіля Сёмухі, Анатоля Клышкі, ксяндза Ўладыслава Чарняўскага — Беларусь вельмі багатая на пераклады Сьвятога Пісаньня. Але пытаньне ў тым, як зрабіць такі пераклад, які выкарыстоўваўся б у царкве, які ляжаў бы на прастоле кожнай царквы.

— Дык ці зьявіцца ўвогуле такі пераклад?

— Абавязкова зьявіцца. Чатыры Эвангельлі ўжо ёсьць. І яны запатрабаваныя.

— Вось якраз наконт запатрабаванасьці. Бываючы ў Жыровіцкім манастыры, я не знаходжу ў тамтэйшай кнігарні ніводнага (!) беларускамоўнага выданьня. А там сотні і сотні самых розных кніг і пэрыёдыкаў — усе па-расейску. Так мала выдаецца па-беларуску, што не даходзіць да Жыровічаў, ці гэта такая пазыцыя кіраўніцтва Жыровіцкага манастыра?

— Мы цяпер якраз уладкоўваем паліцы беларускамоўных рэлігійных выданьняў у кропках распаўсюду. Першы такі куток адчынены некалькі гадоў таму ў кнігарні Петра-Паўлаўскага сабору. Сёньня такіх куткоў ужо зь дзясятак. У бліжэйшы час ён зьявіцца і ў Жыровічах. Хоць, безумоўна, праваслаўнай літаратуры па-беларуску бракуе. На сёньня мы маем беларускамоўныя малітвасловы, казаньні архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, календары. На жаль, нашых сьціплых магчымасьцяў, каб пашырыць гэтую працу, недастаткова.

— Сёлета праваслаўнаму храму ў маім родным мястэчку Дзярэчын на Зэльвеншчыне споўнілася 150 гадоў. За ўвесь гэты час у ім не адбылося ніводнага набажэнства па-беларуску. І гэта пры тым, што ў мястэчку жывуць пераважна беларусы...

— Я падкажу пэўны алгарытм дзеяньня. Дзярэчын — гэта тэрыторыя Гарадзенскай епархіі, якую ўзначальвае ўладыка Арцемій. Чаму б вернікам дзярэчынскай царквы не напісаць такі зварот: «Ваша Высокапрэасьвяшчэнства, найпачэсьнейшы ўладыка, мы хочам, каб у нас былі набажэнствы на роднай мове». Я думаю, што архіепіскап адгукнуўся б. Калі праблема ў сьвятары, то ён яе вырашыць хутка. Гэта справа супольная, а не аднаго сьвятара — захацеў і пачаў служыць.

— Чаго вы чакаеце ад новапрызначанага мітрапаліта? Ці мяркуеце вы азнаёміць яго зь дзейнасьцю Беларускага праваслаўнага брацтва?

— Безумоўна. Іначай мы застанемся якімсьці гэтта. І будзе невядома, што з намі далей рабіць. Як будуць працаваць нашы выдавецкі і перакладчыцкі аддзелы, Бібілійная камісія, як будуць надалей зьдзяйсьняцца беларускамоўныя набажэнствы. Жаданьне адно: каб новы мітрапаліт максымальна ўлічыў тыя ўмовы, у якіх яму давядзецца зьдзяйсьняць сваё архірэйскае служэньне. Нашаму брацтву трэба падрыхтавацца да таго, каб данесьці нашы намеры і жаданьні да новага архірэя.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG