Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невынішчальныя арыенціры Эўропы


Пад Берасьцем, паміж вёскамі Скокі і Матыкалы, на ўскрайку поля стаіць вельмі незвычайны архітэктурны помнік. Круглая мураваная калёна. Падобная да белага маяка сярод неабсяжных даляглядаў. Сваім старасьвецкім выглядам гэты помнік вельмі ўзбагачае звычайны краявід.

Немаладая жанчына, што праходзіла ў бок недалёкай фэрмы выявіла абазнанасьць.

— Гэтая калёна сьвятому архангелу нейкаму. Яна ўзьведзеная, дзе была сядзіба Нямцэвічаў. Яшчэ ў тысяча сямсот пяцьдзесят нейкім годзе. Ён быў і палітычны дзеяч, і пісьменьнік, і паэт. І нейкім ад’ютантам Касьцюшкі быў.

— І гэтая калёна перажыла савецкія часы?

— Усё перажыла.

— А ў Вас адкуль такія глыбокія веды пра Нямцэвічаў?

— Я жыву тут. Значыць павінна ведаць.

Тое, што калёна перажыла і выстаяла ўсе войны і забурэньні — сапраўды цуд. Бо стаіць яна 250 гадоў. Паставіў яе на месцы сваёй старой сядзібы беларускі шляхціц Марцэль Нямцэвіч. А паколькі раней калёну вянчала статуя сьвятога Рафаіла, дык і мясцовасьць гэтую людзі да гэтае пары называюць на старадаўні капыл — Рохвал. Менавіта тут нарадзіўся самы знакаміты з роду Нямцэвічаў Юльян Урсын, гісторык, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі і адзін з аўтараў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай.

Калі вы былі ў Скоках гадоў дзесяць таму, і бачылі, як прыходзіць у заняпад палац Нямцэвічаў, дык сёньня вы не пазнаеце былую сядзібу. За некалькі гадоў дзякуючы абласным уладам колішняе радавое гняздо Нямцэвічаў выглядае амаль як на малюнку Напалеона Арды. Неўзабаве тут адчыніцца гісторыка-мэмарыяльны музэй. Прыгожы стары, вельмі падобны да Энтані Хопкінса, з іранічнай усьмешкай у вачах, якога я сустрэў каля палаца, чамусьці зусім ня рады будучаму музэю. Для яго гэты дом назаўжды застанецца колішняй школай.

— Пасьля вайны там была школа. Я там вучыўся сем гадоў. А пасьля закінулі. Разрабавалі ўсё. І так ён стаяў закінуты. І я баюся, каб яго той жа самы лёс не напаткаў. Бо зараз нават у Берасьці ў музэі ня ходзяць.

Раман Грыцук (так клічуць старога) — карэнны жыхар Скокаў. Як сам кажа, «да дзясятага калена». І гісторыя роднага мястэчка для яго найперш — гісторыя яго сям’і. Ягоныя бацькі працавалі ў апошняга ўладальніка Скокаў Станіслава Нямцэвіча.

— Адкуль такая назва — Скокі? Тут любілі танчыць?

— Не. Легенда такая. Калі Нямцэвічы жылі, яны трымалі конезавод. І ад слова скачкі пайшлі Скокі. Такая вэрсія.

— Якая памяць засталася ў людзей пра Нямцэвічаў?

— Вельмі добрая. Мая маці жыла ў крайняй хаце. Суседзямі былі зь Нямцэвічамі. Я ні разу ня чуў такіх словаў, што «памешчыкі мучылі, зьдзекаваліся». Усё, што яны ні рабілі — гэта было за прыклад. Вось так трэба рабіць. Сыр рабілі цьвёрдых гатункаў. Вырошчвалі элітнае насеньне жыта, аўса. Нават машынка была, каб мяшкі зашываць. І калі яны выяжджалі ў 36-м годзе, адчувалі, што вайна набліжаецца... Ён праехаў па вёсцы. У яго аўтамабіль быў вішнёвага колеру. Людзі выйшлі. Разьвітаўся. І паехаў.

Штогод ля сьценаў палаца ладзяцца рэканструкцыі баёў пэрыяду Першай сусьветнай вайны. Менавіта тут 1 сьнежня 1917 году, як сьцьвярджаюць краязнаўцы, быў падпісаны «Брэсцкі мір». Дамова паміж кайзэраўцамі і бальшавікамі. Бо тут знаходзілася стаўка галоўнакамандуючага Ўсходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда. Але мяне ў аповядзе пана Рамана ўразіла іншая дэталь. Як беларускіх сялянаў прымушалі да бежанства. Амаль дэпартавалі.

— У нас акупацыя была дзесяць разоў, у 15-м годзе жыў нейкі стаўленік, вялікі ваенны начальнік. І ўсе нашы вёскі спалілі расейцы. Палітыка выпаленай зямлі. Усіх пагналі ў бежанства.

— Не добраахвотна?
Вёску спалілі, засталіся коміны. І немцы ўсе гэтыя печы развалілі і зрабілі дарогу. Яна яшчэ доўга служыла

— Не. Гналі казакі. Запалку пад хату. На вачах у людзей. І людзі выяжджалі. І горад быў часткова выселены. Вёску Скокі спалілі казакі. У 14-м годзе пачалася вайна, а ў 15-м прыйшоў фронт. Ваявалі крыху ня так, як у 41-м годзе, калі немцы за тры месяцы да Масквы дайшлі. А тут цэлы год ішлі. І жыў стаўленік. Вёску спалілі, засталіся коміны. І немцы ўсе гэтыя печы развалілі і зрабілі дарогу. Яна яшчэ доўга служыла. Я яе памятаю. Грэйдэр пройдзе — і чырвоная дарога ад цэглы.

— А ў Вашай сям’і ніхто ў бежанстве ня быў?

— Былі: і маці, і бацька.

— А дзе яны былі?

— Бацька ў Бранску. На ліцейным заводзе. Жылі прыпяваючы. Нават не зьбіраліся назад ехаць. Далі ім цагляны дом у рабочай слабадзе. Працавалі.

Старэйшая жыхарка Скокаў Марыя Касюк, сьляпая хударлявая старая, нагадала, што насупраць палаца быў некалі мураваны касьцёл, пабудаваны Марцэлем Нямцэвічам разам з палацам у 70-я гады 18-га стагодзьдзя. Памятае Марыя, і як рабавалі радавыя склепы ў тым касьцёле.

— Касьцёл стаяў. Нямцэвічы паставілі. Там, дзе крама, і за крамай такая сьцежка. І там касьцёл стаяў. У 40-м годзе яго разбурылі. Там Нямцэвічы былі пахаваныя. Казалі, што выцягнулі з магілы таго Нямцэвіча і зубы залатыя яго павыцягвалі былі. А пасьля разграмілі касьцёл. Казалі, што была пад зямлёй дарожка ад палаца да касьцёла.

— А хто рабаваў магілу Нямцэвічаў?

— А хто іх ведае? Вайскоўцы збольшага.

— Вайскоўцы?

— Так. Адзін вайсковец залез да крыжа, каб скінуць. І сам упаў з тым крыжом.
А пасьля і людзі сталі рабаваць, якія ў Бога ня верылі. Іконы завезьлі за Буг. Тут жанчына адна жыла, палячка, дык пазьбірала тыя іконы і вывезла за Буг. А цэглу хто расьцягаў на падмуркі.

Зараз на месцы былой сьвятыні пустка. А каля крамы два нестарыя п’яніцы запраўляліся чарнілам. Адзін зь іх, былы матрос атамнай падлодкі, расказаў Вашаму пакорнаму служку сваё жыцьцёвае крэда. Прычым у вершах. І на літаратурнай беларускай мове. Ня трэба абмінаць нашых выпівох. Часам ад такіх сустрэч сьвет напаўняецца паэзіяй.

— Панядзелак — апахмелак. Аўторак — паўторак. Серада — без расолу бяда. Чацьвер — гарэлка, як зьвер. Пятніца — сьвята п’яніцы. У суботу — пілі да сёмага поту. А ў нядзелю ў выцьвярэзьніку сядзелі.

— Адкуль Вы гэта ведаеце?

— Я шмат дзе быў. Я прайшоў атамную лодку матросам. Такі самы праект, як «Курск». «Арыёны» ляталі над намі. У мяне дзьве ўрадавыя ўзнагароды. Ну куды іх? У задніцу?

Паколькі была суботняя раніца, а бутэлька была толькі першая, дык, згодна правілам, мужыкам да сёмага поту трэба было яшчэ набірацца ўвесь дзень. Насупраць крамы я ўбачыў самую чалавечную і беларускую рэкляму Дзяржстраху.

Але маладое пакаленьне ў Скоках прадстаўлена ня толькі алькаголікамі. Вось праграміст Саша. Блізкасьць Берасьця дае яму магчымасьць працаваць у вялікім горадзе. Блізкасьць мяжы дазваляе падарожнічаць па Эўропе. І пры ўсім пры гэтым прасунуты Саша Беларусь не адносіць да Эўропы.

— Мы не Эўропа. Гэта трэба зразумець людзям і жыць сваім розумам. Мы не Эўропа. Мы не сваім розумам жывем, а вечна на кагосьці глядзім. Усе мы паасобку харошыя, а як краіна... Тая ж Нямеччына. У іх многа сьвятаў, фэстываляў, якіх у нас няма. Якія людзі праводзяць за свой кошт. Самі за свой кошт ладзяць сабе сьвята. У нас такога няма. Мы жывем у вёсцы, а суседзяў ужо пачынаем забываць. А яны выходзяць — і адразу бачна, што адзіны народ.

— Гэтая хвароба папраўная?

— Усё папраўнае. Пры правільным падыходзе. Але мы яшчэ пару пакаленьняў угробім.

Слухаючы Сашу, я прыходзіў да сумнай высновы, што сам ён — вельмі яркі прадстаўнік «угробленага пакаленьня». Бо гаворыць мовай дзяржаўнага тэлебачаньня.

— Я не разумею людзей, якія хочуць у Эўропу. У Эўропе нас ніхто не чакае. Мы нікому не патрэбныя. Рабіць мы нічога ня ўмеем. Гэтыя трактары нікому там не патрэбныя. Мы можам прапанаваць розум наш. Я па сваёй спэцыяльнасьці мяркую. Грошы робяць канторы ІТ-шныя. Па сутнасьці мы ім нічога прапанаваць ня можам, але, як хахлы, хочам у Эўропу. А што мы там рабіць будзем?

Што тут — Эўропа, дастаткова зірнуць на навакольле. На калёну Рафаіла, на палац Нямцэвічаў. І тое, што для тутэйшага паспалітага люду герой — Тадэвуш Касьцюшка, — таксама прыкмета Эўропы. І такія арыенціры не сьціраюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG