Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Кіеве — Майдан, у Менску — страх і сорам...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 18 сьнежня 2013 году

Назіраючы за тым, зь якой самаахвярнасьцю і мужнасьцю тысячы ўкраінцаў адстойваюць на кіеўскім Майдане ў гэтыя халодныя сьнежаньскія дні эўрапейскі выбар сваёй краіны, многія і многія беларусы задаюць сабе пытаньне: ці здольнае на такія ахвяры беларускае грамадзтва?

Над гэтым у сваіх допісах разважаюць і слухачы Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, абагульняючы і падсумоўваючы вынікі сваіх назіраньняў за ўкраінскім Майданам, піша:

«Ва Ўкраіне нараджаецца дэмакратыя. Нараджаецца цяжка, у пакутах. Дэмакратыя — не электрычная лямпачка, яе кнопкай ня ўключыш. Успомніце, які трагічны шлях давялося пераадолець Нямеччыне — праз прыход да ўлады Гітлера, які быў абраны цалкам дэмакратычным шляхам, праз выбары.

Той лад, што існуе ва Ўкраіне дагэтуль, пакуль нельга назваць дэмакратыяй. На мой погляд, Украіна сёньня перажывае пераломны момант, знаходзіцца на самым перавале, на яго найвышэйшым пункце. Вытрымае сёньня Майдан, зробіць апошні штуршок, — Украіна пераадолее перавал і, паскараючыся, пачне нялёгкі і доўгі шлях наперад, у Эўропу. Ня вытрымае — загрыміць-загрукоча назад, у савецкае мінулае, куляючыся і страчваючы тое, чаго дасягнула, паступова будзе набываць звыклы колішні статус ваенна-стратэгічнага буфэра паміж Масквой і Эўропай. Дзе-небудзь на палігоне пад Львовам або Івана-Франкоўскам будуць ладзіцца сумесныя расейска-ўраінскія вучэньні на страх падступнаму Захаду, пад Віньніцай будуць узьлятаць расейскія зьнішчальнікі, пад Ковелем і Чарнаўцамі будуць базавацца комплексы С-300, а можа С-400 ці С-500, а ў Севастопалі — расейскія авіяносцы ці атамныя падводныя лодкі. Замест уздыму эканомікі Ўкраіна будзе садзіцца на расейскую нафтагазавую іголку, скочвацца ў шэраг другарадных сатэлітаў Расеі, і чым далей, тым надзейней. Мы, беларусы, ужо пачалі гэты шлях і ведаем, як гэта адбываецца. Прэзыдэнт Украіны, гэткі зіц-старшыня Фунт, патаемна будзе прызначацца ў Маскве і падтрымлівацца Масквой, хоць зьнешне ўсё будзе зладжана так, быццам яго абраў украінскі народ.

Калі сёньня Майдан не пераможа, сабраць на яго людзей зноў будзе вельмі цяжка, амаль немагчыма. Для Беларусі Майдан — гэта ледакол, у фарватэры якога магла б рушыць у цывілізаваны сьвет і наша краіна. Параза Майдану адкіне назад, у СССР, ня толькі Ўкраіну, але і нас. Тым больш што мы ўжо адной нагой там».


Адметна, як усе гэтыя дні рэагавала на ўкраінскія падзеі беларуская ўлада. Рэакцыя заключалася фактычна ў поўнай адсутнасьці рэакцыі. Аляксандар Лукашэнка маўчаў, нібы барыкады будавалі ня ў Кіеве і прэзыдэнцкае крэсла трэслася не пад Януковічам — прэзыдэнтам суседняй, эканамічна і палітычна вельмі блізкай краіны, а недзе на іншым кантынэнце. Прычына, відавочна, у тым, што асабіста для Лукашэнкі перамога Януковіча і, адпаведна, пракрамлёўскага курсу Ўкраіны — наўрад ці пажаданая. У гэтым выпадку зьявіўся б магутны канкурэнт-атрымальнік расейскіх «саюзьніцкіх» грошай. Прычым канкурэнцыю гэтую Менск выйграць ня здольны, бо вагавыя катэгорыі Беларусі і Ўкраіны ў справе аднаўленьня расейскай новай імпэрыі — непараўнальныя.

Яшчэ адзін кароткі ліст на ўкраінскую тэму даслаў нам Аляксей Моніч зь Менску. Слухач піша:

«Ніколі раней ня думаў, што мы і ўкраінцы — настолькі розныя. Здаецца ж, гэтулькі гадоў жылі ў адной краіне, вымушаны былі цярпець аднолькавы нацыянальны і палітычны прыгнёт. І мову ўкраінскую гэтак жа, як і беларускую, Масква амаль зьнішчыла, і асаблівых пратэстаў супраць камуністаў у іх, як і ў нас, не было. І раптам — столькі людзей выйшлі на Майдан, днююць там і начуюць, абараняюць эўрапейскую будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Хіба магчыма такое ў сёньняшняй Беларусі? Ды ніколі! У Кіеве — Майдан, у Менску — страх і сорам. Калі б танную каўбасу выкінулі альбо бясплатныя цукеркі раздавалі, тады б — так, беларусы набеглі... А за дэмакратыю і свабоду? Ну, можа, адзін Статкевіч і выйшаў бы — калі б у турме не сядзеў...»

Паміж Украінай і Беларусьсю былі істотныя адрозьненьні і падчас існаваньня СССР, спадар Аляксей. Русыфікацыя ў нашых паўднёвых суседзяў не зайшла так далёка, украінская мова пачувалася там значна лепш, чым беларуская ў БССР. Асабліва на Захадзе. Увогуле, тыя заходнія вобласьці Ўкраіны, якія ў свой час уваходзілі ў склад Аўстра-Венгрыі, а потым Польшчы, падпалі пад русыфікацыю толькі пасьля Другой усясьветнай вайны. Яны былі і застаюцца галоўным апірышчам для нацыянальных праўкраінскіх сілаў. Дарэчы, тая ж Заходняя Ўкраіна на працягу многіх пасьляваенных гадоў аказвала збройны супраціў камуністычнаму рэжыму.

Той палітычны рэжым, які склаўся ў сёньняшняй Украіне, паводле ступені сваёй аўтарытарнасьці, жорсткасьці далёка саступае рэжыму Лукашэнкі. Робячы папрокі на адрас беларусаў за грамадзкую пасіўнасьць, відавочна, варта браць пад увагу і гэтую акалічнасьць...

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і апанэнта Міхаіла Лекаха з Латвіі, з Рыгі. Аўтар чарговым разам распавядае пра вялікія эканамічныя праблемы, зь якімі сутыкаецца латвійская дзяржава, і хваліць беларускую ўладу, якая, на ягоную думку, упраўляецца са сваёй гаспадаркай значна лепш. Спадар Леках піша:

«Хачу выказацца наконт некаторых перадач беларускай Свабоды, прысьвечаных эканамічнай тэматыцы. У мяне часам ствараецца ўражаньне, што вы наўмысна ўводзіце слухачоў у зман. Асабліва тых, якія ня маюць поўнай аб’ектыўнай інфармацыі.

Вось, напрыклад, балючае для людзей сталага веку пытаньне — пэнсіі. Насамрэч пэнсіі ў беларускіх пэнсіянэраў нічым ня горшыя, а ў многім нават і лепшыя, чым у дэмакратычнай Латвіі. І ў цэлым людзі ў Беларусі жывуць ня горш за суседзяў-латвійцаў.

Спашлюся на афіцыйную латвійскую статыстыку. У Латвіі за рысай беднасьці — амаль 31 працэнт насельніцтва краіны. Паводле зьвестак Эўрастату, горшыя справы толькі ў Баўгарыі: там беднякоў больш як 43 працэнты. А ў суседняй Літве за рысай беднасьці — 18 з паловай працэнтаў насельніцтва.

Яшчэ адна бяда — беспрацоўе. Паводле афіцыйных зьвестак, працы ў Латвіі ня маюць амаль 10 працэнтаў жыхароў. Сярод моладзі беспрацоўных яшчэ больш — 16 працэнтаў.

У цэлым стан эканомікі — надзвычай цяжкі. Краіна загрузла ў даўгах. Вонкавы доўг складае каля 6 мільярдаў латаў (гэта 11 мільярдаў даляраў). У наступным годзе Латвія павінна аддаць Эўракамісіі больш як 700 мільёнаў латаў.

Асабіста для мяне відавочна: большасьць людзей у Беларусі жыве лепш, чым большасьць людзей у Латвіі. Натуральна, пры гэтым я ўлічваю кошт камунальных паслугаў, транспарту і г.д.

Так што трэба вам, журналісты Свабоды, казаць праўду. Абуральна, калі чуеш па вашым радыё, як журналіст параўноўвае ўсю Беларусь з турмой КДБ „амэрыканка“. Гэта ж трэба так бессаромна хлусіць, так ненавідзець краіну. Хацелася б, каб гэты мой ліст прагучаў па Свабодзе».


Рыса беднасьці ў Латвіі і рыса беднасьці ў Беларусі — гэта, спадар Леках, вельмі розныя рысы. Згодна з мэтодыкай Eurostat, чалавек падпадае пад рызыку беднасьці, калі жыве ў хатняй гаспадарцы, даходы якой ніжэйшыя за 60% ад сярэдніх па краіне. Сярэдні заробак у Латвіі — 508 латаў (гэта каля 970 даляраў). 60 працэнтаў ад гэтай лічбы — 580 даляраў. У Беларусі рысай беднасьці лічыцца бюджэт пражытковага мінімуму: сёньня ён складае 1 мільён 47 тысяч рублёў (гэта 111 даляраў). 580 даляраў у Латвіі і 111 даляраў — у Беларусі: на чыю карысьць параўнаньне рысы беднасьці, спадар Леках?

Так, існуе такое паняцьце, як парытэт пакупніцкай здольнасьці: за адну і тую ж колькасьць даляраў у розных краінах можна набыць розную колькасьць тавараў і паслугаў. Камунальныя паслугі, грамадзкі транспарт, аўтамабільнае паліва ў Беларусі пакуль значна таньнейшыя, чым у Латвіі. Але гэтая розьніца імкліва скарачаецца: апошнім часам тарыфы ў Беларусі падвышаюцца некалькі разоў на месяц, і не пакрысе — а, бывае, адразу на 10–20 працэнтаў. Пры гэтым многія прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак, бытавая тэхніка, аўтамабілі ў Беларусі ўжо значна даражэйшыя, чым у краінах Эўразьвязу.

На заканчэньне — ліст, які даслаў Аляксей Рабаконь зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну. У лісьце — расповед пра тое, як аўтар беспасьпяхова намагаўся атрымаць пісьмовы адказ на свае звароты з Адміністрацыі прэзыдэнта. Слухач піша:

«На адрас Адміністрацыі прэзыдэнта я накіраваў адзін за адным тры заказныя лісты са зваротнымі пацьвярджэньнямі. Пошта пацьвердзіла: усе тры лісты адміністрацыя атрымала. Але адказу на гэтыя лісты мне па сутнасьці не далі — на той падставе, што я нібыта прыніжаю рэлігійныя пачуцьці людзей. І чым жа прыніжаю? Тым, што сам спрабую разгадаць таямніцы Сусьвету, у той час як рэлігія сьцьвярджае, што гэта падуладна толькі Богу?

Спрабаваў патрабаваць адказу ў катэгарычнай форме — дык мне чыноўнік праз тэлефон яшчэ і прыгразіў: маўляў, за гэта могуць пакараць. Цікава, як? Няўжо за гэта ў нас ужо саджаюць у турму альбо штрафуюць? Пытаньне да Свабоды: няўжо чалавека ў Беларусі можна караць за тое, што ён проста патрабуе пісьмовага адказу на свае звароты?».


Гледзячы ў якой форме вы патрабавалі адказу, спадар Аляксей. Калі ветліва і карэктна — дык падставаў для адміністратыўнага пакараньня няма. А вось калі размова вялася на падвышаных тонах і суправаджалася ненарматыўнай лексыкай — тут магчымыя варыянты. Асабліва калі чыноўнік прадбачліва запісваў гэту размову на стужку...

Як вынікае зь ліста, у Адміністрацыю прэзыдэнта вы неаднаразова зьвярталіся з нагоды «разгадак таямніц Сусьвету». Бадай, гэта — ня самае ўдалае месца, куды можна зьвяртацца з падобнымі ідэямі. У такіх выпадках чыноўнік мае права, спаслаўшыся на Закон аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, адмовіць вам у разглядзе вашых ідэяў на той падставе, што гэта не належыць да кампэтэнцыі гэтай дзяржаўнай установы. Тое, што вы накіравалі адразу некалькі зваротаў, справе не дапаможа: паводле закону вам у гэтым выпадку проста пісьмова паведамяць, што перапіска па гэтым пытаньні спыняецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG