Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым асаблівасьці бюджэту наступнага году?


16 сьнежня Палата прадстаўнікоў прыняла бюджэт на 2014 год у другім чытаньні. Чаму сёлета працэс яго прыняцьця так зацягнуўся? Чым адрозьніваецца бюджэт наступнага году ад падобных дакумэнтаў мінулых гадоў? Наколькі рэалістычна яго выкананьне?

Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст Сяргей Чалы.

Чаму сёлета працэс прыняцьця бюджэту быў зацягнуты?


Валер Карбалевіч: «Сёлета працэс прыняцьця бюджэту на 2014 год выглядаў амаль дэтэктыўным. Было шмат варыянтаў праекту. Адзін зь іх прапанавалі місіі МВФ. Другі — для нарады ў прэзыдэнта, і г.д. Усе заканадаўча вызначаныя тэрміны прадстаўленьня бюджэту ў парлямэнт парушаныя. У чым прычына? Чаму так цяжка і драматычна прымаецца бюджэт наступнага году?»

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук: «Ня мае значэньня, якія лічбы туды ўпісаць. Бо кожны квартал Міністэрства фінансаў уносіць у бюджэт карэктывы. Галоўная інтрыга была ў тым, ці будзе бюджэт больш-менш рэальны, ці зноў ён будзе супэраптымістычны. Але „рэалісты“ зноў пацярпелі паразу».

Карбалевіч: «Хто выконвае ролю „рэалістаў“, а хто — „аптымістаў“?»

Раманчук: «Адміністрацыя прэзыдэнта лічыць, што бюджэт павінен быць аптымістычны. Там зыходзяць з таго, што Расея дасьць нам 23 мільёны тон нафты, што экспарт калію складзе 7 мільёнаў тон, што будзе выдатна з нашымі традыцыйнымі таварамі экспарту. А „рэалісты“ — гэта чыноўнікі Міністэрства эканомікі, Нацбанку, часткова Міністэрства фінансаў. Але яны як вайскоўцы, што ім сказалі, такія лічбы яны і робяць».

Карбалевіч: «Цікава, што Лукашэнка абвінаваціў у нерэалістычнасьці менавіта ўрад. Ён казаў, што нават папярэджваў пра нерэалістычнасьць плянаў на гэты год, аднак там не паслухаліся».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы: «Тое, што бюджэт прымаецца позна, нават добра. Бо адна з прычын нерэальнага бюджэту гэтага году палягае ў тым, што ён быў прыняты рана. Пачаў рыхтавацца з канца лета, калі яшчэ не прайшла пазытыўная тэндэнцыя першай паловы году. Адсюль і недаборы ў бюджэт 2013 году — каля 9 трыльёнаў рублёў.

Трэба мець на ўвазе, што эканамічная палітыка дзяржавы фармулюецца ў трох дакумэнтах. Гэта прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Гэта асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі. І гэта бюджэт. Дык вось бюджэт — гэта самы падпарадкаваны дакумэнт, ён залежыць ад парамэтраў, закладзеных у гэтых двух дакумэнтах.

Напрыклад, у бюджэце закладзена 15% росту экспарту. За кошт чаго? Нават калі калійны рынак і будзе адноўлены, то невядома, ці будзе аднаўленьне ня толькі аб’ёму, але і цэнаў. Мала хто зь дасьведчаных людзей верыць і ў тое, што абменны курс удасца ўтрымаць у межах 9800 рублёў за даляр».

Чым адрозьніваецца бюджэт наступнага году ад падобных дакумэнтаў мінулых гадоў?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «У чым асаблівасьці бюджэту на 2014 год? Які ў яго зьмест? Шмат хто зьвярнуў увагу, што заробкі фактычна замарожваюцца. І гэта перадвыбарны год. Скарачаюцца выдаткі на культуру, затое растуць — на КДБ і міліцыю».

Раманчук: «У 2014 годзе ўлады зробяць непапулярныя крокі. І будуць гэта тлумачыць рэцэсіяй у Расеі, Эўропе. А вось у 2015 годзе заробкі павысяць на 10–15%. Павышаць заробкі два гады запар няма магчымасьці. Тым больш, што ў 2012–2013 гадах павышалі іх амаль што на 20%. Думаю, што ўрад будзе рэагаваць на канкрэтныя выклікі і ў адпаведнасьці з гэтым карэктаваць бюджэт.

Найгоршая праблема гэтага бюджэту ў тым, што там прадугледжаныя выдаткі зь бюджэту на мадэрнізацыю прадпрыемстваў і дзяржаўных банкаў у памеры каля 13 мільярдаў даляраў. Калі і Лукашэнка, і Мясьніковіч, і Пракаповіч самі кажуць, што гэтая праграма дрэнна працуе, дык навошта даваць шалёныя грошы ў рукі тых, каму я б ня даў нават запалкі?»

Чалы: «Ёсьць адно вялікае адрозьненьне цяперашняй сытуацыі ад таго, што было раней. Сёньня існуе відавочная макраэканамічная праблема — завышаны абменны курс беларускага рубля. З гэтым трэба нешта рабіць. Адзін варыянт: зрабіць курс свабодным на аснове попыту і прапановы. Другі варыянт: абмежаваць расходы бюджэту і даходы насельніцтва (гэта называецца ўнутранай дэвальвацыяй). Аднак бюджэт на наступны год не вырашае гэтай галоўнай макраэканамічнай праблемы. Дысбалянсы, якія існуюць цяпер, проста кансэрвуюцца. Але гэта доўга працягвацца ня можа. Рана ці позна пытаньне макракарэкціроўкі паўстане.

Таму малаверагодна, што гэты бюджэт будзе выконвацца ў прынятым выглядзе. Грошай няма, і ўлады шукаюць іх самым крэатыўным шляхам. Падатак на непрацуючых не прайшоў, бо незразумела, як яго зьбіраць. Затое зьявіўся падатак на аўтамабілістаў. Павышаюцца акцызы — на дзясяткі працэнтаў».

Карбалевіч: «Тое, што зьмяншаюцца выдаткі на культуру, а павышаюцца на КДБ і міліцыю, хоць зразумела. У паліцэйскай дзяржаве па-іншаму не бывае. Але хто мне растлумачыць, навошта істотна павялічваць выдаткі на дасьледаваньне Антарктыды — амаль на два мільярды рублёў (да 6,5 мільярдаў)?»

Раманчук: «Хтосьці з ураду ці з адміністрацыі прэзыдэнта ня мае фота з Антарктыды і хоча яго атрымаць. Бяз гумару патлумачыць гэта немагчыма. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на яшчэ адну рэч. Бізнэс уступае ў новы год, ня ведаючы падатковай нагрузкі. Справа ў тым, што мясцовыя органы ўлады маюць права ўсталёўваць падатак на нерухомасьць і падатак на зямлю ў межах вялікай шкалы, і яны ня вызначаныя. І як плянаваць бізнэсу эканамічную дзейнасьць? Прадпрымальнікі, зь якімі я размаўляў, кажуць: гэтыя рызыкі будзем заганяць у цану тавараў».


Ці будуць ліквідаваныя эканамічныя дысбалянсы?


Карбалевіч: «Вось, сп. Чалы, вы кажаце, што бюджэт наступнага году не вырашае праблемы ліквідацыі макраэканамічных дысбалянсаў. Але з гледзішча ўладаў было б лягічна наступным годам іх ліквідаваць, каб у 2015 год, у год выбараў спакойна ісьці на прэзыдэнцкія выбары, павышаць заробкі і інш. Бо раптам гэтыя дысбалянсы вылезуць у 2015 годзе?»

Чалы: «Так. Бо паводле досьведу ранейшых макраэканамічных шокаў, якіх было ўжо некалькі, дзеля эканамічнай нармалізацыі патрэбна 1,5–2 кварталы. І гэтую карэкціроўку трэба было б рабіць або цяпер, або не пазьней за сярэдзіну наступнага году. Думаю, кіраўнікам ураду і Нацбанку не хапае сьмеласьці прыйсьці да Лукашэнкі і сказаць гэта. Сказаць, што ніякай стабільнасьці, пра якую шмат гавораць, насамрэч няма».

Раманчук: «Магчыма, большая яснасьць зьявіцца пасьля спатканьня Лукашэнкі з Пуціным у Сочы. Будзе зразумела, на якую дапамогу Расеі можна разьлічваць. Бо калі РФ дасьць Украіне 15 мільярдаў даляраў, то на Беларусь рэсурсаў застанецца менш.

Найбольш гратэскнай будзе сытуацыя, калі ў 2015 годзе, пад выбары, МВФ дасьць Беларусі 3–4 мільярды даляраў. Як гэта было на мінулых выбарах. І гэтыя грошы пойдуць на падвышэньне заробкаў і дапамогуць Лукашэнку правесьці трыюмфальную выбарчую кампанію».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG