Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пражыць на такую пэнсію немагчыма нават у вёсцы...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

За тым, як сотні тысяч украінцаў працягваюць змагацца за эўрапейскую будучыню сваёй радзімы, многія беларусы назіраюць з супярэчлівымі пачуцьцямі: адны — з радасьцю, другія — з зайздрасьцю, трэція — са спачуваньнем... А некаторыя (надзеленыя ўладай) — відавочна, з трывогай і страхам.

Украінская тэма ў гэтыя дні нярэдка гучыць і ў пошце Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Барыс Руцько зь Менску піша:

«Сёньня відавочна адно: дзеля выратаваньня ўласнай скуры Януковіч пойдзе на любыя дачыненьні з Масквой, дасьць Крамлю ўсё, што той ні пажадае. Няцяжка здагадацца, што Януковіч хоча любой цаной застацца ў прэзыдэнцкім крэсьле і пасьля 2015 году. Чаму? Хутчэй за ўсё таму, што ён і ягонае атачэньне загразьлі ў жахлівай карупцыі. Аддаць уладу — азначае пайсьці пад сьледзтва і апынуцца ўрэшце там, дзе цяпер знаходзіцца Цімашэнка. Ён баіцца выкрыцьця і незалежнага суда.

У гэтых умовах украінская апазыцыя павінна аб’яднацца ў адзін магутны рух — іншага выйсьця, каб перамагчы, у яе няма. Трэба рыхтаваць акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, усеўкраінскі страйк. Ну і, натуральна, неабходна любой цаной вызваляць з засьценкаў Юлію Цімашэнку, а то як бы чаго зь ёй ня здарылася...

А беларусам варта пільна назіраць за падзеямі ва Ўкраіне, набірацца розуму і досьведу: неўзабаве ўсё гэта можа спатрэбіцца».

Сапраўды, цяперашнія падзеі ва Ўкраіне надзвычай важныя для будучыні Беларусі. Справа тут ня ў досьведзе: што такое разгон мірных дэманстрантаў сіламі АМАПу, беларуская апазыцыя ведае, бадай, лепш за ўкраінскую. Ды і рэжым Януковіча яшчэ далёка не на той ступені аўтарытарызму і жорсткасьці, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

Украіна застаецца на раздарожжы паміж Эўразьвязам і Расеяй. Удасца Маскве зацягнуць яе на свой бок — і аднаўленьне страчанай імпэрыі можа набыць зусім іншыя хуткасьць і размах. Беларусь у гэтай геапалітычнай гульні фактычна ня ўдзельнічае, зь яе меркаваньнем ніхто ня лічыцца. Аднабаковая зьнешняя палітыка Лукашэнкі прывяла да таго, што і адны, і другія даўно лічаць Беларусь сфэрай непадзельнага ўплыву Крамля. І ёй у гэтым гандлі ніхто нічога нават не прапаноўвае.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёна — разважае пра тое, як запасьлівасьць і ашчаднасьць дапамагаюць выжываць ва ўмовах цяперашняй беларускай рэчаіснасьці:

«Наша Пінская фабрыка вырабляе запалкі такой нізкай якасьці, што проста слоў не хапае. Часам здараецца: з 40 штук у карабку да 15 запалак — увогуле бяз серных галовак. Нават пасьля прасушкі запальваецца толькі кожная 7-10 запалка. І нікому да гэтага няма справы. Калі б я ў свой час не накупіў у запас запалак, вырабленых яшчэ ў Савецкім Саюзе, дык і ня ведаю, як бы цяпер печ распальваў. Тыя запалкі былі надзейныя, якасныя. У карабку — 70-75 штук. Ляжаць ужо больш як 20 гадоў, а запальваюцца выдатна. Шкада, што засталося толькі тры ўпакоўкі. Як скончацца — напэўна, давядзецца купляць ва Ўкраіне, вытворчасьці Ровенскай фабрыкі...
Калі б я ў свой час не накупіў у запас запалак, вырабленых яшчэ ў Савецкім Саюзе, дык і ня ведаю, як бы цяпер печ распальваў
І куды мы з такой якасьцю прадукцыі, на якія міжнародныя рынкі?..

Увогуле, я ўжо ня раз у жыцьці пераконваўся: запас бяды ня чыніць. Вось сёлета ў нас многія добра запасьліся сталовымі буракамі з калгаснага поля. Ня кралі, не. Проста ў калгасе гэтыя буракі ўбіралі так, што большая палова засталася на полі. Чаму б не пакарыстацца? Асабіста я прывёз 7 мяхоў. Хопіць і сабе, і жывёле...

Вядома, калі б гэта было прыватнае поле — усё пайшло б у гаспадарку. Прыватнік зьбірае так, што пасьля яго ў зямлі нічога не застаецца. Ну, а ў калгасе — вядомая справа. Затое людзям ёсьць дзе пажывіцца. А дадатковую спажыву даводзіцца шукаць — бяз гэтага не пражывеш. Пэнсію падвышаюць ледзь-ледзь — па 8-10 тысяч. Вось цяпер трэці раз падвысілі: дабаўка дасягнула 53 тысяч рублёў. Агулам мая пэнсія цяпер складае 1 мільён 156 тысяч. Пражыць на гэтыя грошы немагчыма нават на вёсцы. Вымушаны быў уладкавацца на працу ў прыватную фэрмэрскую гаспадарку. Фэрмэр ня крыўдзіць, плаціць. Ну, і я стараюся, каб на мяне нараканьняў не было...».

Савецкія запалкі, якімі Вы, спадар Павал, так прадбачліва запасьліся ў нейкай неверагоднай колькасьці, хутчэй за ўсё, былі вырабленыя ў тым жа Пінску. Ну, ці ў Барысаве (іншых у БССР, наколькі я памятаю, не было: рэспубліку цалкам забясьпечвалі гэтыя дзьве запалкавыя фабрыкі). Старыя людзі памятаюць, што калісьці, у пасьляваенныя гады, якасьць запалак, што вырабляліся на гэтых фабрыках, была даволі высокай. Але пакрысе вытворчасьць занепадала. Новае абсталяваньне не куплялі, старое знасілася... Калі нядаўна Лукашэнка наладжваў разнос чыноўнікам за правал праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі ў Барысаве, дык высьветлілася, што барысаўскія запалкі дагэтуль вырабляюцца на тых пасьляваенных станках, якія былі пастаўлены сюды ці не зь пераможанай Нямеччыны, у якасьці рэпарацый. Якая тут можа быць якасьць, калі абсталяваньне зношана дашчэнту...

✉ ✉ ✉

Яшчэ адна тэма, якую закрануў у сваім лісьце Павал Сац, — як пражыць на звычайную беларускую пэнсію. Гэта пытаньне турбуе і іншага нашага актыўнага слухача — Аляксея Былінскага з Рэчыцы. І тут у спадара Аляксея ёсьць прэтэнзіі да Свабоды:

«Ледзь не штодня вы смакуеце тэму „Як выжыць у турме“. Праблема гэта, хутчэй, не для дзясятка палітзьняволеных, а для хуліганаў, злодзеяў, п’яніц і казнакрадаў, якіх у сукупнасьці набярэцца, можа, некалькі дзясятых доляў працэнта ад усяго насельніцтва Беларусі. Але для Радыё Свабода чамусьці вельмі важна атуліць гэту частку грамадзтва клопатам. Напэўна, гэта сьведчыць аб сапраўднай дэмакратыі?...
На Радыё Свабода былі б вельмі дарэчы расповеды звычайных беларускіх сем’яў пра тое, як ім удаецца выжываць ва ўмовах так званай „квітнеючай“ Беларусі
Але асабіста для мяне, як і яшчэ для двух з паловай мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў (а гэта чвэрць насельніцтва, між іншым), куды важней адказ на іншае пытаньне: „Як выжыць на два мільёны пэнсіі“. Падобнае пытаньне турбуе і каля двух мільёнаў маладых настаўнікаў, мэдработнікаў, калгасьнікаў, работнікаў службы быту, культуры, большай часткі гандлю: іхныя заробкі ня надта адрозьніваюцца ад нашых пэнсіяў. Але Радыё Свабода чамусьці практычна не надае ўвагі гэтай тэме. Як я разумею, з прычыны недахопу часу. А на маю думку, праблематыку якраз варта было б памяняць месцамі. На Радыё Свабода былі б вельмі дарэчы расповеды звычайных беларускіх сем’яў пра тое, як ім удаецца выжываць ва ўмовах так званай „квітнеючай“ Беларусі і чыноўніцкага галавацяпства. І ня трэба ніякіх 20-хвілінных аналітычных дыскусій, паколькі яны нічога не даюць і іх практычна ніхто ня слухае. Жывыя галасы простых людзей, шчырасьць у голасе — у наш час гэта вельмі важна, паколькі дапамагае адрозьніць праўду ад хлусьні».

Мушу заўважыць, спадар Аляксей, што ў тых краінах, дзе цяжка выжываць у турме, чамусьці цяжка жыць і на волі. Так што дзьве гэтыя праблемы ўзаемазьвязаныя і ўзаемазалежныя куды больш цесна, чым можа падацца на першы погляд.

Увогуле, пытаньне, якое Вас турбуе, у той ці іншай форме гучыць у многіх нашых перадачах. Праўда, найчасьцей — не наўпрост і ў больш шырокім кантэксьце. Многія людзі, відавочна, хочуць даведацца ня столькі пра тое, як выжыць на сваю мізэрную пэнсію ці зарплату, колькі пра тое, чаму ў Беларусі за працу настаўніка і мэдыка плацяць так мала (адрозна, напрыклад, ад працы чыноўніка ці міліцыянта); чаму дэкляраваны ўладай «росквіт» і «эканамічны цуд» ператварыліся ў глыбокі заняпад і міжнародную ізаляцыю; якая сувязь паміж адсутнасьцю дэмакратычных свабодаў і ўзроўнем жыцьця ў краіне. На ўсе гэтыя пытаньні мы спрабуем адказаць у сваіх праграмах.

✉ ✉ ✉

З шэрагам прэтэнзіяў на адрас Радыё Свабода і кіраўнікоў дэмакратычнай апазыцыі зьвяртаецца ў сваім лісьце Міхаіл Іваноў з Магілёва:

«Увогуле, добра, што існуе такое радыё, як Свабода. Шкада толькі, што надта вы памяркоўныя, нерашучыя. Улада зьнішчае апазыцыянэраў, дзейнічае бязьлітасна і жорстка. А апазыцыйныя партыі (і вы сьледам за імі) апэлюеце да законаў, да гуманізму, да памяркоўнасьці...І ня робіце рашучых дзеяньняў у адказ.
Я разумею: усе наўкол запалоханыя. Але гэта не падстава, каб не крытыкаваць іх, не клеймаваць за бязьдзейнасьць
Я тут неяк з адным старшынём выбарчай камісіі разгаварыўся. Нібыта неблагі мужык: усё разумее, падтрымлівае дэмакратаў, усьведамляе, куды завёў краіну гэты рэжым. Але як даходзіць да справы — у кусты. „Ну, ведаеце, мне трэба сям’ю карміць“, — кінуў ён мне ў адказ на прапанову адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю... Дык гэтак кожны можа адказаць. І што ў выніку будзе з радзімай?

Сёньняшнія беларускія дэмакраты — гэта лебедзь, рак і шчупак: усе цягнуць воз у розныя бакі. І з гэтым трэба нешта рабіць. Трэба гэтых цялят неяк абудзіць і прымусіць рухацца ў адзін бок.

Я разумею: усе наўкол запалоханыя. Але гэта не падстава, каб не крытыкаваць іх, не клеймаваць за бязьдзейнасьць — асабліва сытых пузатых абібокаў зь ліку лідэраў апазыцыі, якія сваёй бязьдзейнасьцю толькі спрыяюць гэтаму рэжыму».

У многім слушныя заўвагі, спадар Міхаіл. Вось толькі каму іх трэба адрасоўваць? Ці не ўсяму беларускаму грамадзтву?

Людзей у апазыцыю не прызначаюць паводле разнарадкі. І не існуе ўстановы, якая б магла (ці павінна была) адхіляць ад кіраўніцтва апазыцыйнымі партыямі і рухамі адных (пасіўных, апатычных, карысьлівых і неэфэктыўных) і замяняць іх на іншых (энэргічных, дзейных, крэатыўных і пасьпяховых). Што да Радыё Свабода, дык яно адлюстроўвае палітычныя працэсы, інфармуе, аналізуе іх, але ніякім чынам ня можа і не павінна займацца нейкай арганізатарскай працай. Гэта ня ёсьць ні функцыяй нашай, ні мэтай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG