Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякая вайна не магла так вынішчыць беларускую вёску...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў беларуская вёска вымірае настолькі шпаркімі тэмпамі, што зь геаграфічнай мапы краіны неўзабаве могуць знікнуць цэлыя сельскія раёны. Пра лёс вёсак і вёсачак, якія спакваля сыходзяць у нябыт — значная частка пошты Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Наш даўні і актыўны аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў, што пад Полацкам, разважаючы пра сёньняшнія рэаліі свайго раёна, піша:

«Так хочацца калі-небудзь даслаць на Свабоду аптымістычны ліст пра наш раён, каб у ім апісвалася будаўніцтва якога-небудзь сучаснага прадпрыемства, санаторыя ці хаця б школы, каб у ім расла вытворчасьць малака, мяса ці хаця б агуркоў, каб вярталіся былыя выпускнікі нашых школ і ўладкоўваліся на працу тут, на Радзіме, а не ў Маскве, але...

Але пакуль для такога ліста няма нагоды. Адбываецца чамусьці ўсё наадварот: прадпрыемствы і школы зачыняюцца; буйны санаторый, які пачалі будаваць больш за 20 год таму і ўклалі, бадай, мільёны даляраў, ляжыць у руінах так і недабудаваны; вытворчасьць мяса ў бліжэйшы час упадзе ў дзясяткі разоў, а насельніцтва раёна скарачаецца тэмпамі, якія палохаюць.

Практычна зачыніўся сьвінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў, які месьціцца за 8 км ад нашага райцэнтру. Каля 9 тысяч сьвіней забітыя, закапаныя ў глыбокія траншэі і засыпаныя хлёркай. Крыху меней удалося здаць на мясакамбінаты вобласьці. Каля 150 чалавек пэрсаналу звольненыя, і на апошняй планёрцы ў райвыканкаме абмяркоўвалася пытаньне: куды іх уладкаваць на працу? Некалькім дзясяткам пакуль пашанцавала — іх пакінулі дзеля кансэрвацыі комплексу. На сьвінакомплексе выраблялася ледзь ня ўсё мяса ў раёне (прынамсі, 90 — 95 працэнтаў).

У мінулым годзе зачыніўся Ўшацкі льнозавод: там засталіся галоўны бугалтар (яна ж кіраўнік) і чатыры вартаўнікі. Будаўнічая ПМК ледзьве ліпіць — там працуюць ня больш за 30 чалавек, а было калісьці 300; звольненыя будаўнікі ў асноўным працуюць у Расеі. Тое ж самае з ПМК меліярацыі. Пра фэрмы казаць ня буду: за апошнія 20 год іх зачынілася больш за 90%. Тое самае тычыцца і школ. Бадай апошні год працуе, напрыклад, Дубраўская школа: там засталося ня больш за 40 дзетак (гэта разам з садком!), а ў лепшыя часы было да 350! Вучняў плянуюць вазіць у іншую школу амаль за 15 км.

Ах, Дубраўка, мілая мая Дубраўка! Каб вы ведалі, спадарства, як я люблю тыя мясьціны! Каб вы бачылі, якія там азёры, каб вы ведалі, якая там рыбалка! Каб існавала рэінкарнацыя душ, дык гэта адно з тых месцаў, дзе я хацеў бы зноў нарадзіцца, пражыць там жыцьцё і там жа памерці, і так усе семдзесят сем разоў! ... Каб не адна акалічнасьць: у тых краях ужо амаль не засталося вёсак, амаль усе вымерлі. Няма дзе жыць.
Тое, што адбываецца, горш за вайну, бо яно не асэнсоўваецца і не ўспрымаецца як бедства

У многіх беларусаў была (і ёсьць) такая формула жыцьця, такі крытэр шчасьця: абы не было вайны. Якая яшчэ вайна, шаноўнае спадарства, магла так вынішчыць людзей? Тое, што адбываецца, горш за вайну, бо яно не асэнсоўваецца і не ўспрымаецца як бедства, як дзесяцібальны землятрус, як вывяржэньне Вэзувія ў Пампэях і як зьнішчальная эпідэмія. І ў гэтым неасэнсаваньні ўся трагедыя. Гэтым спачатку абураесься, потым прызвычайваесься, а яшчэ празь некаторы час не заўважаеш і ўспрымаеш як належнае.

У нас даўно хадзілі чуткі пра ліквідацыю раёна, але ніколі раней прывід яе не паўставаў так выразна. Пра гэта гавораць ня больш, чым звычайна, але ліквідацыя быццам павісла ў паветры. Можа, гэта і адбылося б даўно, але паўстае пытаньне: куды падзець гіпертрафавана раздуты штат райвыканкаму? Міліцыю? Банкі? Суд? Пракуратуру? Усё астатняе, што павінна быць у райцэнтры і чаго не павінна быць у занядбаным, забытым Богам і начальствам мястэчку?».

Сапраўды, спадар Кастусь, рана ці позна пытаньне пра адміністратыўную рэформу паўстане. Улада ўсяляк адцягвае яе, бо гэта закранае інтарэсы тысяч і тысяч чыноўнікаў. Але грошай, каб утрымліваць такую плойму дзяржаўных службоўцаў у абязьлюдзелых раёнах, не хапае ўжо сёньня, і гэта праблема з часам будзе толькі паглыбляцца.

Дарэчы, Беларусь ня раз перажывала перакройку ўнутраных адміністратыўных межаў. Апошняя буйная адміністратыўная рэформа была праведзена больш як 50 год таму, у 1962 годзе. Тады пад рэфармаваньне патрапілі адразу 123 сельскія раёны — іх скарацілі да 77. У той мясцовасьці, дзе я нарадзіўся і вырас, пад нож трапілі адразу тры колішнія райцэнтры — Астрына, Радунь і Жалудок. Што праўда: мястэчкі гэтыя, страціўшы статус, адразу пачалі занепадаць. Усьлед за раённым начальствам яны пазбавіліся і адпаведнага фінансаваньня. Але працэс той быў аб’ектыўны і вымушаны. Да пачатку 60-х гадоў насельніцтва тых рэгіёнаў значна скарацілася. Прычым, у першыя пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі людзі адтуль зьязджалі ня столькі ў гарады, колькі перасяляліся ў суседнюю Польшчу. Тады гэта было дазволена — у межах кампаніі рэпатрыяцыі польскага насельніцтва.

✉ ✉ ✉

Артур Пасякевіч з Наваполацку ў сваім новым лісьце на Свабоду выказваецца наконт грамадзкай кампаніі «Народны рэфэрэндум», ініцыяванай ня так даўно рухам «Гавары праўду»:

«У гэтай ініцыятывы ёсьць і моцныя бакі, і слабыя. Пачну зь недахопаў. Набор прапанаваных пытаньняў (а іх каля паўтара дзясятка) уяўляе сабой салянку зь лібэральных і папулісцкіх прапановаў. Зрэшты, арганізатары зьбіраюцца зьменшыць колькасьць пытаньняў — прынамсі да пяці ці сямі.

Зянон Пазьняк у адным інтэрвію сказаў, што „Народны рэфэрэндум“ — гэта адбельвальнік рэжыму. І гэта будзе чысьцюткай праўдай, калі пытаньні ў пераліку застануцца толькі папулісцкія (напрыклад, пра падвышэньне выдаткаў на медыцыну ці пра выбарнасьць мэраў гарадоў). Лукашэнка зможа выдатна выкарыстаць гэта дзеля свайго чарговага пераабраньня на наступны тэрмін. Апазыцыя проста падкажа яму тыя напрамкі, па якіх трэба найперш дзейнічаць. А дзе знайсьці грошы — ён прыдумае. Вунь колькі зьявілася новых спосабаў, як дадаткова абабраць грамадзянаў...

Мае ідэя „Народнага рэфэрэндуму“ і станоўчыя бакі. Напрыклад, прапанаваныя пытаньні закранаюць інтарэсы шырокіх слаёў беларускага насельніцтва. Апроч таго, сваю ролю можа выканаць метад хаджэньня „ад дзьвярэй да дзьвярэй“. Ня самы горшы спосаб дастукацца да людзей, між іншым...

Ну, і важна ўжо тое, што апазыцыя ў гэтым выпадку вядзе гульню па ўласным сцэнары, а не па чужым. Паглядзім, што будзе далей...».

Апошнім часам у апазыцыйным асяродку ня так шмат рэальных спраў, зьвязаных з жывой працай сярод людзей. На тое ёсьць шмат аб’ектыўных прычын: любыя вулічныя акцыі ў Беларусі жорстка перасьледуюцца ўладамі. Людзей, якія наважваюцца займацца грамадзкімі справамі, не санкцыянаванымі ўладамі, — звальняюць з працы, пазбаўляюць месца вучобы, затрымліваюць і штрафуюць. Тым больш добрага слова заслугоўваюць любыя ідэі, накіраваныя на тое, каб абудзіць цікавасьць людзей да грамадзкіх праблемаў. Ну, а недахопы ды заганы можна знайсьці ў кожнай жывой справе.

✉ ✉ ✉

Фёдар Яўланаў зь вёскі Вузкаж Рэчыцкага раёна адклікнуўся на ліст свайго земляка Аляксея Былінскага, у якім распавядалася пра масавую кампанію зносу нежылых хат, што разгарнулася апошнім часам у многіх вёсках Беларусі. Спадар Фёдар сам пацярпеў ад гэтай кампаніі. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Не разумею, што гэта наўкол робіцца. У мяне такое ўражаньне, што ўся справа ва ўзроўні нашай мясцовай улады. Усё ж раней, за савецкім часам, гэтых людзей адпаведным чынам рыхтавалі — прапускалі праз саўпартшколы, акадэміі, розныя курсы...А цяпер — ня ведаю, дзе і як іх вучаць.
У 2012 годзе прыслалі тэхніку, выкапалі на маім агародзе катлаван і закапалі ў яго суседнюю хату разам з садам
Вось хто прыдумаў гэта — зьнішчаць хаты, у якіх ніхто не жыве? Побач са мной была адна такая сядзіба. У 2011 годзе прыгналі брыгаду рабочых, павалілі плот. Потым цэлае лета прыязджалі розныя камісіі. У 2012 годзе прыслалі тэхніку, выкапалі на маім агародзе катлаван і закапалі ў яго суседнюю хату разам з садам. Чаму менавіта ў мяне? Навошта?

Можа, таму, што ў старшыні сельсавета барскія замашкі? А можа, і камэрцыйныя інтарэсы?

Вось такія ў нас правы чалавека — на сядзібу, на жыльё, на зямлю... Нібыта права гэта было замацавана законам, натарыяльна. Але ў выніку адышлі мае дзесяць сотак да чыіхсьці дзясяткаў гектараў...

Вось я і думаю: няўжо наша дзяржава такая багатая, каб столькі намаганьняў накіроўваць на гэтыя няшчасныя соткі?

Шмат у мяне і іншых пытаньняў. Вось, напрыклад, чыноўнікі нас пастаянна папракаюць, што не даплочваем за камунальныя паслугі. Нібыта, плацім толькі 30 працэнтаў ад сабекошту. Прычым, з году ў год называюць розныя лічбы. Апошнім часам гучала нават лічба 20 працэнтаў. Цікава атрымліваецца: кошты на камуналку для насельніцтва ўвесь час растуць, але, нягледзячы на гэта, мы ўсё большыя даўжнікі перад дзяржавай. Я тут нядаўна ўзяў у рукі самапіску ды падлічыў, колькі адлічэньняў на капітальны рамонт спагналі з нас за многія гады. Атрымалася, што наша трохпавярхоўка ўжо павінна быць абліцавана мікашэвіцкім гранітам. А на самой справе адміністрацыя ня можа нават нармальную каналізацыю наладзіць: пакутуем ужо больш за трыццаць гадоў. Смурод, сваркі, рэклямацыі і пагрозы. І ніхто ня хоча выпраўляць хібы, дапушчаныя яшчэ пры будаўніцтве дома. Вось такія ў нас прыгоды на вёсцы. А вёсак такіх, думаю, вельмі багата ў Беларусі».

Ніхто лепш за мясцовых людзей ня ведае, як аптымальным чынам уладкаваць іхнае жыцьцё, вырашыць мясцовыя праблемы. Ці трэба было ўвогуле зьнішчаць тую занядбаную сялібу, трацячы на гэта мільёны рублёў? Можа, варта было пашукаць сваякоў памерлых гаспадароў, каб яны самі распарадзіліся сваёй спадчынай, альбо, калі ўжо нікога нельга знайсьці — проста прадаць старую хату на дровы? Калі б жыхары вёскі самі распараджаліся бюджэтам сельсавета, калі б яны яны цалкам давяралі сваім дэпутатам (гэта значыць, калі б на вёсцы існавала рэальнае самакіраваньне) — і гэтыя, і многія іншыя пытаньні вырашаліся б зусім інакш.

Гэта датычыць і тых камунальных праблемаў, пра якія Вы, спадар Фёдар, паведамляеце ў сваім лісьце. Людзі прывыклі наракаць і спадзявацца толькі на чыноўнікаў, не беручы практычна ніякага ўдзелу ў вырашэньні мясцовых праблемаў. А чыноўнікі, не адчуваючы колькі-небудзь значнай адказнасьці перад насельніцтвам, дбаюць галоўным чынам пра тое, каб служыць і дагаджаць начальству, а зусім не мясцовым жыхарам.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG