Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацьцяна Беланогая: Той, хто забараняе канцэрты, варты жалю


Тацяна Беланогая
Тацяна Беланогая

У сьвет выйшаў новы песенны альбом Тацьцяны Беланогай «Сьвятло і цені». Ён пяты па ліку на рахунку пераможцы конкурсаў «Бардаўская восень» (2004) і «ОРРА-2006» (Варшава).

Ягоны лейтматыў — грамадзянская вайна, якая, на думку сьпявачкі, няспынна адбываецца ў кожным з нас. Аўтарка «ваяўнічых» песьняў — госьцяй «Вольнай студыі».

— Тацьцяна, адзін паэт пісаў «для дому, для альбому і трохі для эпохі». А ваш альбом ці мае нейкую адрасную аўдыторыю?

— Я пішу свае песьні для таго, каб выявіць сябе. Пішу пра тое, што адчуваю, што думаю. Мая першая слухачка і першы крытык — сястра Марыя. Потым я паказваю свае песьні сяброўкам. Сястра, потым сяброўкі, потым слухачы, якіх я ня ведаю, потым жыхары іншых краінаў, куды я прыяжджаю на фэстывалі. Так паступова кола слухачоў пашыраецца. Часам мае творы трапляюць у нейкія складанкі, прыкладам, у «100 бардаў Свабоды» Зьмітра Бартосіка. Мне гэта прыемна. Бо чалавек жыве, як у пустэльні. Яго акаляюць людзі, ён чуе шмат фразаў, шмат пропаведзяў, але рэдка што кранае яго сэрца... Спадзяюся, што мае песьні не пакінуць слухачоў абыякавымі, застануцца жыць.

— Новы альбом прысьвечаны Вользе Рамановіч. Хто гэта?

— Вольга Рамановіч была маёй сяброўкай, цудоўным чалавекам. Яна жыла ў Маладэчне. Перакладала спадчыну Міхала Клеафаса Агінскага з францускай на беларускую мову. Пачала гэта рабіць пасьля знаёмства зь Сяргеем Верамейчыкам — дырэктарам сядзібнага комплексу «Залесьсе». Ён якраз апекаваўся захаваньнем гэтай спадчыны. Можа, лёс іх так сутыкнуў, і Вольга сама выклікалася перакладаць Агінскага. Але, на жаль, яна не закончыла сваю працу, заўчасна пайшоўшы з жыцьця. Вольга яшчэ працавала ў школе ў Менскім раёне, куды езьдзіла штодня з Маладэчна. Вучні яе вельмі любілі. Яна памерла на 33 годзе жыцьця.

— У вашых песьнях неаднойчы паўтараецца матыў грамадзянскай вайны. Але ў вас вайна гэтая адбываецца ў кожным асобна ўзятым чалавеку. А што з чым, ці хто з кім там ваюе?

— Назва альбому гаворыць сама за сябе. «Сьвятло з цемрай» — гэта барацьба сьвятла зь цемрай, дабра са злом. Мы як жывыя істоты існуем на фізычным узроўні, на мэнтальным узроўні мы існуем у духоўным пляне, як душы. І на кожным узроўні трэба імкнуцца да праўды і сьвятла. Барацьба цёмных і сьветлых сілаў — гэта і ёсьць мая грамадзянская вайна. Але ўсё адбываецца ў разьвіцьці. Чалавек ня можа проста статычна жыць — яму ўвесь час трэба разьвівацца. Калі мы ня будзем разьвівацца, ня будзем удасканальвацца, то для чаго тады ўвогуле жыць?

— Ледзь не да кожнага вашага радка напрошваецца камэнтар. «Мая краіна хоча зрабіць мяне зьверам... Мая краіна хоча, каб я была галоднай... Мая краіна падобная да жаўнера без нагі...». Ці не зашмат прэтэнзій да краіны?

— Гэта прэтэнзіі найперш да самой сябе. Тое, што мне не падабаецца ў іншым
Я ехала ў Варшаву ў адным купэ з дзяўчынай-украінкай, і яна мне заявіла: вы, беларусы, бесхрыбетныя!
чалавеку, я магу знайсьці таксама і ў сабе. Знайсьці і паспрабаваць пазбавіцца — праз песьні. Вы працытавалі песьню «Бесхрыбетнасьць». Я распавяду гісторыю яе ўзьнікненьня. Я ехала ў Варшаву ў адным купэ з дзяўчынай-украінкай, і яна мне заявіла: вы, беларусы, бесхрыбетныя! Я абурылася. А потым задумалася: чаму менавіта мне натрапілася такая спадарожніца? Чаму яна мне гэта выгаворвае? Можа быць, мне таксама трэба нешта памяняць у сабе, ня быць такой абыякавай? Кажуць жа, што хворы чалавек бліжэй да Бога. Вось і мы, як той чалавек бязногі, ходзім, енчым, але не ідзем далей. А хіба жыцьцё на гэтым скончылася? Ёсьць людзі бяз рук, бяз ног, ёсьць безьліч трагічных выпадкаў... Можа, якраз праз фізычныя хібы мы здолеем разьвівацца духоўна.

— У вашых песьнях пераважна нерыфмаваныя тэксты, што выглядае даволі нязвыкла. Ёсьць гэткі тэрмін у літаратуразнаўстве — белы верш. Можа, і вашым творам (з улікам прозьвішча аўтаркі) пасавацьме назва «белыя песьні»?

— А чаму і не? Белыя вершы маюць права на існаваньне, дык чаму такога права ня маюць белыя песьні? Для мяне найперш істотныя рытм і дух твору, само слова, як яно адгукаецца ў душы чалавека. Прычым, ня толькі суайчыньніка. Усе тэксты ў новым альбоме даюцца і ў перакладзе на ангельскую мову, які прафэсійна выканала Вольга Гапеева. Гэта зроблена, каб аблегчыць камунікацыю з замежнікамі. Памятаю, калі я выступала ў Бэрліне, мы на экране паказвалі слухачам пераклады песьняў на ангельскую і раздавалі раздрукоўкі. І эфэкт быў нашмат лепшы, чым я проста сьпявала б.

— Вы пішаце песьні і на свае тэксты, і на вершы другіх паэтаў. Вам лягчэй выказвацца сваімі словамі, ці — чужымі?

— На маю думку, у паэтаў, якіх я ўжо зрабіла сваімі, ёсьць струны, сугучныя маёй душы. Мае суаўтары — Яўгенія Янішчыц, Данута Бічэль, Анатоль Сыс, Ніна Мацяш, Тацьцяна Сапач, Лера Сом, Райнэр Марыя Рыльке — паэты высокага кшталту. Для мяне яны — узор паэтычнага мысьленьня, узор высокай паэзіі. Я знаходжу сябе ў іх лірычных героях.

— Вы згадалі Анатоля Сыса. 26 кастрычніка на яго радзіме, у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну, адбудзецца традыцыйнае паэтычнае сьвята. Ізноў на падворку, бо памяшканьня мясцовыя ўлады не даюць. Помніцца і наш з вамі ўдзел у бардаўскім Геніюшаўскім фэстывалі ў Ваўкавыску, які таксама быў забаронены. Вам камфортна выступаць у такіх умовах?

— Можна выступаць у цёплым памяшканьні, але там будзе фальшывая
можна выступаць на вуліцы, на падворку, і там вам будзе камфортна, будзе стоадсоткавае ўзаемаразуменьне
атмасфэра. А можна выступаць на вуліцы, на падворку, і там вам будзе камфортна, будзе стоадсоткавае ўзаемаразуменьне. Любую імпрэзу забараніць проста. Але той, хто забараняе, павінен ведаць: чалавек, які сябе паважае, мусіць ведаць сваю спадчыну, любіць і шанаваць сваю гісторыю, сваіх паэтаў. Такі чалавек, калі на яго зямлю нападуць, пойдзе яе абараняць. А той, хто бяздумна забараняе культурніцкія імпрэзы ці канцэрты беларускіх выканаўцаў, выконваючы чыёсьці распараджэньне, варты жалю. Калі ён сам сябе не паважае, то за што яго будуць паважаць ягоныя ўнукі?

— Цяпер забараніць таго ці іншага выканаўцу немагчыма — ёсьць выратавальны інтэрнэт. Вам ён дапамагае дайсьці да людзей? Ці вам патрэбен жывы кантакт?

— Інтэрнэт, вядома ж, дапамагае. Гэта цудоўная і вельмі эфэктыўная пляцоўка. Праўда, я яе не выкарыстоўваю напоўніцу, наколькі гэта магчыма. А магчымасьці сёньня проста калясальныя. Але мне патрэбныя і жывы дыялёг, жывыя эмоцыі, якія не перадаюцца праз відэа. Нельга перадаць жывыя стасункі. Мне часам на канцэртах гавораць: а я вас зусім другой уяўляў зь інтэрнэту. Так што калі хочаце ўбачыць сапраўднае аблічча вашага ўлюбёнага выканаўцы, хадзіце на канцэрты.

— Вы надзіва ўдзячны чалавек. За дапамогу ў выданьні альбому «Сьвятло і цені» вы дзякуеце ажно 25 асобам!

— Так, усе яны ў той ці іншай ступені спрычыніліся да яго выхаду. Я вельмі ўдзячная Віталю Супрановічу і Беларускай музычнай альтэрнатыве, грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі», дзякуючы якой я сталела, усьведамляла сябе як асобу. Таксама хацелася б падзякаваць дызайнэру Дзіму Ску, які зрабіў вельмі файны макет, гукарэжысэру Андрэю Старавойтаву, які цярпліва працаваў са мной. «Сьвятло і цені» — вельмі цяжкі і неадназначны альбом. У ім шмат вайны. Вайна, вайна, вайна... Здавалася б — навошта? Я ж мірная дзяўчына. І я спачатку не зьбіралася гэтыя «ваяўнічыя» песьні запісваць. Але потым зразумела, што інакш гэтага цяжару зь сябе ня скінеш. З другога боку, «ня дадзена нам разумець, як наша слова адгукнецца». Зерне падае ў глебу, і мы ня ведаем ягонага лёсу. Спадзяюся, што мае песьні трапяць на глебу любові і людзкога разуменьня.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG