Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Мікалайчык: Мае фільмы паглядзяць 9 мільёнаў беларусаў


Рэжысэрка-дакумэнталістка Вольга Мікалайчык — аўтарка вядомых фільмаў «Катаваньні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне». Яе стужкі пра беларускіх палітвязьняў неаднойчы дэманстраваліся на міжнародных фэстывалях.

У «Вольнай студыі» рэжысэрка патлумачыць, чаму палітычныя рэпрэсіі — яе асноўная тэма.

— Вольга, нядаўна адзін з вашых герояў ізноў апынуўся ў вязьніцы. Павал Вінаградаў чарговым разам атрымаў 15 сутак — за зладжаны ім пэрформанс са сьвіной галавой. Вы ўвогуле неяк адсочваеце лёсы тых, пра каго здымаеце фільмы?

— Так, адсочваю. І нават не таму, што яны героі маіх фільмаў, а таму, што іх ня так многа, і гэта вельмі годныя людзі. Гэта нашы крэатыўныя актывісты, наш малады рэзыстанс, наша будучыня. Я нават не бяру пад увагу, у якіх яны кампаніях, да якіх груповак належаць, я проста іх усіх люблю і шаную. І тое, што Павал ізноў на сутках, для мяне сумная навіна. У яго такая бабуля! Яна яго выгадавала, выхавала, у яе хворае сэрца. Жонка Сьвятлана і бацька Юры — выдатны чалавек, нармальна ўсё гэта ўспрымаюць, а бабуля кожны раз перажывае перадінфарктны стан, таму я больш за яе хвалююся. А пэрформанс быў цікавы, сьмешны... Павал — вельмі таленавіты хлопец, крэтыўны, мне хацелася б, каб ён у будучыні пісаць пачаў, ён вельмі творчая натура. Яму трэба або пісаць, або рэжысэрам быць — тэатральным ці масавых мерапрыемстваў.

— Адзін з вашых антыгерояў — маёр міліцыі з Гарадзеншчыны Лінкус — сам сеў на лаву падсудных за тое, што зьбіваў спачатку затрыманых, а потым і падначаленых. Ці атрымліваеце вы нейкае маральнае задавальненьне, калі такія людзі апынаюцца за кратамі?

— Я ня ўпэўненая, што Лінкуса пасадзілі на ўвесь тэрмін. Была гаворка, што яго «адмажуць», і ён аўтаматычна трапіць пад амністыю. Што да задавальненьня... Я проста лічу, што кожны злачынца, які ўяўляе небясьпеку для грамадзтва, мусіць быць пакараны і ізаляваны ад грамадзтва. У гэтым выпадку добра, што садыст Лінкус будзе сядзець. Але, зноў жа, сумняваюся. Бо якраз у гэтай сфэры цяпер спрыяльныя ўмовы для таго, каб прыйшлі садысты, людзі з такімі схільнасьцямі.
Бо нармальныя людзі ня будуць адпавядаць крытэрам беларускага рэжыму
. Я лічу, што ў сілавых структурах цяпер вельмі шмат нездаровых людзей, нягледзячы на тое, што яны ўсе праходзяць нейкія псыхалягічныя тэсты. Прыстойны і здаровы чалавек ня будзе зьбіваць сталую жанчыну, або цяжарную жанчыну, ня будзе ў судзе выносіць несправядлівыя прысуды і садзіць людзей на гады, а іх бацькі ў гэты час паміраюць ад гора. Нармальныя людзі гэтага рабіць ня будуць. Мне шкада гэтых сілавікоў, бо я, як верніца, разумею: яны кепска скончаць — і на гэтым сьвеце, і на тым.

— Ваш фільм «Катаваньні ў Беларусі. Апакаліпсіс» здымаўся ў Вільні, у тамтэйшай турме КГБ, якая стала музэем. Наколькі ахвотна адміністрацыя гэтай установы пайшла вам насустрач?

— Спачатку яны згадзіліся зрабіць у іх прэм’еру майго фільму «Вызваленьне». З такой ідэяй да іх зьвярнуўся малады актывіст Кірыл Атаманчык, які стала жыве ў Вільні. У вялікай актавай зале зрабілі прагляд. Было вельмі цікава, дырэктар музэю быў у захапленьні ад фільму. Я сама сябе не хвалю, гэта факт. І ён жа прапанаваў на наступны дзень экскурсію ўсёй маёй здымачнай групе. Нас правялі па музэі. Ён проста выдатны. У некаторых пакоях такая анімацыя, што я нават плакала. Усё пададзена і паказана так, што не вытрымліваеш. Імітацыя расстрэлаў, камэры, дзе забівалі... Рэчы людзей, якіх вывозілі зь Літвы ў Гулаг, фатаграфіі дзетак — усё так зроблена, што душа не вытрымлівае. Пасьля экскурсіі я папрасіла дазволу паздымаць. Дырэктар з радасьцю дазволіў, і мы зьнялі ўсё, што хацелі. Віленскі музэй цалкам адпавядае тым умовам, у якіх сёньня знаходзяцца нашы людзі ў турме КДБ.

— На якую глядацкую рэакцыю вы разьлічваеце? На суперажываньне, салідарнасьць, абурэньне?

— Калі нехта адчуе, што адчуваю я, — гэта будзе самая лепшая для мяне рэакцыя. Бо я здымаю толькі тады, калі мне баліць. Калі мне не баліць, я ня буду рабіць, я не змагу на замову здымаць. Мне важна, каб мой боль перадаўся камусьці, гэта можа быць і афганец, і калгасніца, і настаўніца. Мне важна, калі людзі адгукаюцца на мой заклік і пачынаюць, напрыклад, пісаць Міколу Аўтуховічу.
Жанчына з Расеі стала ліставацца з Аўтуховічам, паглядзеўшы мой фільм у інтэрнэце
. А салідарнасьць... Вось у выпадку з Аўтуховічам толькі два «аўганцы» сваю салідарнасьць праяўляюць — Аляксандар Камароўскі і Алег Волчак. Няма шырокай салідарнасьці, і мне гэта таксама баліць.

— А наколькі шырокая глядацкая аўдыторыя ў вашых фільмаў?

— Я цяпер вывешваю на Youtube скарочаныя вэрсіі. Поўную вэрсію «Падарожжа па бясконцай вайне» (пра Аўтуховіча) паглядзела 40 тысячаў чалавек. Фільм пра палітвязьняў, які сёлета паказвалі ў Вільні, на канфэрэнцыі ў Хведара Нюнькі, мае 9 тысячаў праглядаў. Але я ўпэўненая, што прыйдзе час, і мае фільмы паглядзяць 9 мільёнаў беларусаў. У гэтым у мяне няма ні кроплі сумненьня.

— Вы пачалі свой шлях у дакумэнтальным кіно з таго, што былі прадусарам у Юрыя Хашчавацкага. Вы нечаму ў яго навучыліся?

— Так. Ён добры настаўнік і вельмі цікавы чалавек. Ён можа цябе нечаму навучыць у рэжысуры, нягледзячы на тое, што ты на яго не падобны, маеш зусім іншыя погляды, меркаваньні. Хашчавацкі папросту даў мне азы прафэсіі. У яго за плячыма ленінградзкая тэатральная школа, яму выкладалі вельмі сур’ёзныя людзі. Ён і ў мантажы, і ў рэжысуры вельмі шмат мне даў. Нягледзячы на тое, што я езьдзіла за мяжу ў кароткачасовыя кінашколы, вучылася цягам пяці гадоў.

— Вашыя фільмы паказваліся на розных фэстывалях — ад Ханты-Мансійску да Любліна. Як на такіх форумах выглядаюць беларускія дакумэнталісты?

— Вельмі годна. У нас ёсьць некалькі чалавек — Віктар Асьлюк, той жа Юры Хашчавацкі, Віктар Дашук, Галіна Адамовіч, якія выглядаюць вельмі годна ў той жа Расеі, дзе 150 мільёнаў насельніцтва, дзе шмат кінашколаў, дзе зусім іншае фінансаваньне. У Расеі сур’ёзных, сусьветна вядомых дакумэнталістаў таксама 3-4. Фільмы Віктара Асьлюка — гэта проста сусьветны ўзровень дакумэнталістыкі. А дакумэнталістыка — гэта элітны жанр, ён вельмі складаны, спэцыфічны. Ён нават больш элітны за мастацкае кіно, бо ў кіно ты можаш з акторам папрацаваць. А тут няма актораў, ёсьць жывыя людзі, і раскрыць іх, паказаць праз іх сваю задуму — гэта проста трэба мець Божы дар.

— Мяне ўразіў фільм Асьлюка «Драўляны народ» — пра народнага майстра-разьбяра з Пружаншчы Міколу Тарасюка.

— А ягоныя ж «Рабінзоны Мартысаары», дзе я была прадусарам? Я туды Віктара прывезла, расказала яму пра герояў, я зь імі да гэтай пары сябрую. З рабінзонамі — беларусам і фінам з выспы Мартысаары на Ладаскім возеры ў Карэліі. Там, дарэчы, у 1939 годзе змагаліся салдаты Манэргейма, стаялі насьмерць і проста сышлі ўжо, калі пакт быў падпісаны, іх не маглі ўзяць на той высьпе.

— Пра што будзе ваш новы фільм?

— Новы фільм будзе называцца «Гулаг-Бульбаш-хол». Пра што ён? Пра апатыю ў беларускім грамадзтве. Пра тое, што Курапаты ратуюць 15-20 чалавек. Пра тое, што ў беларускіх турмах сядзяць невінаватыя людзі. Пра адчуваньні іх родных і блізкіх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG