Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: Я знаходжуся пад прыцэлам


Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін

Днямі на сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя паэтычнай кнігі Аляксея Марачкіна «Калодзеж у жыце». Увайшла ў яе і паэма «Акрэсьціна», напісаная аўтарам у турэмнай камэры. Чым ёсьць турэмны досьвед для мастака? Якія творы беларускага мастацтва падпадалі пад арышт як асабліва небясьпечныя?

Пра гэта ды іншае — у гутарцы з мастаком-паэтам.

— Спадар Аляксей, у прадмове да вашай кнігі Анатоль Вярцінскі даволі рызыкоўна тлумачыць, чаму мастак Марачкін падаўся ў паэты. На яго думку — пэндзаль просіць падмогі ў пяра. Але, як мне бачыцца, пэндзаль ваш ці не ўсемагутны, прычым, ва ўсіх жанрах — ад пэйзажаў і партрэтаў да палітычнай карыкатуры. Дык хто ў каго тут просіць падмогі?

— Цяжка сказаць. Я сын вясковага інтэлігента — бацька быў вясковым бібліятэкарам і прыносіў дадому шмат кніг. А мяне ў маленстве цікавілі толькі кніжкі з малюнкамі. Без малюнкаў мне ўсе кніжкі былі нецікавымі. А кіно — бяз стрэлаў. Хлопцы перамаўляліся: «Як кіно?» — «Ай, нецікавае, толькі два немцы застрэлілі». Страляніны мусіла быць многа. А ілюстраваная кніжка заўсёды была ў асалоду. Так што слова і малюнак з маленства жылі побач. Слова кніжнае і слова гутарковае, нават песеннае. Памятаю, халодная восень, я сяджу на печы, а па хатах ходзіць стары Захар. У яго была лера, ён круціў яе і сьпяваў: «Хрыстос выйшаў з храму і казані кажа пра ўскрэшаньне зь сьмерці свае...». Сьпевы тыя вельмі ўражвалі. А яшчэ мяне заўсёды цікавілі замёрзлыя вокны з узорамі, і я алоўкам ці чымсьці вострым, скажам, голкай, паўтараў тыя ўзоры.

— Дык суаўтарам вашых першых малюнкаў быў Дзед Мароз?

— Фактычна, так, ты гэта трапна заўважыў. А пасьля вокны адтайвалі, і ўсё зьнікала. І я пачынаў крэмзаць на газэтах і кніжках, за што бацька на мяне дужа сварыўся.

— У кнігу ўвайшла і паэма «Акрэсьціна», напісаная ў турме ў сакавіку 2008 году. Вы, паводле ўласнага прызнаньня, «ахрышчаныя Акрэсьціна». Хрост турмой з псыхалягічнага гледзішча — гэта што?

— Для мастака гэта неабходна. Увогуле, для творцы, для чалавека, які мусіць спазнаць жыцьцё ва ўсіх фарбах. Нездарма я іранічна напісаў: «Жыцьцё ня дужа мяне песьціла. Ах, гэта мілае Акрэсьціна»... Хоць гэта і дзіка гучыць, але я ўдзячны тым, хто мяне пасадзіў на шэсьць сутак. Я паглядзеў на турму з сярэдзіны. Мне было цікава, што для зьняволеных на больш працяглыя тэрміны неаспрэчным аўтарытэтам зьяўляўся Валеры Шчукін. Павага да яго перадавалася ад аднаго «пакаленьня» вязьняў да другога. Аказваецца, дзякуючы яму там многае было зроблена для паляпшэньня жыцьця вязьняў.

— А чым ён такі карысны — турэмны досьвед?

— Да сваіх сутак я неба ў клетачку ня бачыў. Гэта па-першае. Па-другое, сярод таварышаў па няшчасьці можна сустрэць цікавых людзей. Прыкладам, са мной сядзеў алькаголік, хворы чалавек. Сутак трое ўсё было нармальна, а на чацьвёртыя ён раптам пачаў хадзіць па камэры і размаўляць сам з сабою. А другі, больш дасьведчаны, кажа: «Пачаліся белыя коні». Ніколі раней я тых коней ня бачыў! А неяк мяне запрасіў да сябе ў кабінэт начальнік турмы. «Аляксей Антонавіч, вы ж ведаеце, вас не за расейскі мат пасадзілі». І мне раптам здалося, што ён мне амаль сябра, я ажно прыўстаў. А начальнік як крыкне: «Сидеть!». Я хацеў павярнуць табурэтку, а яна прыкручаная да падлогі. І тут я адразу апомніўся і згадаў, дзе я...

— Праз два гады пасьля «Акрэсьціна» зьявілася яшчэ адна напісаная ў вязьніцы паэма — «Турма» Ўладзімера Някляева. Яны ў нечым блізкія, у абедзьвюх апісваецца турма знутры.

— У Някляева — турма-жанчына. Я вельмі высока ацэньваю ягоную паэму. Гэта паэзія высокага кшталту. У мяне — як бы замалёўкі з натуры, нейкія свае рэфлексіі. Турма ў жыцьці чалавека як злая мачыха. Але вось што дзіўна. Я ведаў некаторых былых вязьняў Гулагу. Скажам, Станіслава Пятровіча Шушкевіча ці Сяргея Новіка-Пеюна. Яны мяне заўсёды ўражвалі сваім аптымізмам. Так іх навучыла няволя — любіць вольнае жыцьцё. Але ня будзем ідэалізаваць турму, яна нясе з сабой няшчасьце.

— Пра гэта я пытаўся ў Някляева, спытаюся і ў вас. У Вільні турма НКВД стала Музэем генацыду. А якая беларуская турма надаецца для такой ролі — быць музэем?

Але трэба спалучыць турэмны музэй і карцінную галерэю, дзе паказаць, як мастакі ўслаўлялі рэжым
— Гэткі музэй у Беларусі абсалютна неабходны. Каб там можна было паказаць катаваньні, паказаць, пры якой сыстэме мы жылі. Музэй варта было б зрабіць у гэтак званай Валадарцы. Там Якуб Колас пісаў «Новую зямлю», там шмат выдатных людзей сядзела! Але трэба спалучыць турэмны музэй і карцінную галерэю, дзе паказаць, як мастакі ўслаўлялі рэжым. Я на свае вочы бачыў у Нацыянальным мастацкім музэі падвалы, заваленыя такімі творамі. Там сацрэалізм аж пішчыць!

— Працытую радкі з паэмы «Акрэсьціна»: «Зачыстка, арышты, разгон... Маё тут топчуць далакопы. Замоўк, зьнямеў Свабоды звон. Мы заляглі ў свае акопы. Такое нам не навіна. Я ў эпіцэнтры калатнечы. Ідзе сапраўдная вайна. Не адсядзісься, дзед, на печы». Акопы і вайна мастака і паэта Аляксея Марачкіна — што стаіць за гэтым вобразам?

— У мяне і сёньня такое адчуваньне, быццам я знаходжуся ў акопе. Тут ніякага гераізму няма, але ў нас калі чалавек хоць крышачу мысьліць іначай, чым яму дыктуюць зверху, ён заўсёды пад прыцэлам. Каб я ня быў пад прыцэлам, то сёньня глядач убачыў бы мае творы ў сталай эксапазыцыі ў Нацыянальным музэі. Мая карціна «Вераніка і Максім» была ў экспазыцыі, але калі музэй наведваў сам гаспадар краіны, яе тут жа зьнялі. І назад не вярнулі. Вось такія парадкі ў нашых музэях. Нездарма ў мяне нарадзіліся радкі: «Ідзем няведама куды. Вусаты цмок наш паганяты. Туды-сюды, сюды-туды — пакорлівыя, як ягняты». Калі глядзіш расейскае тэлебачаньне, то там шмат перадачаў пра іхных артыстаў, мастакоў, паказваюцца фільмы пра іх трагічны лёс. У нас жа на БТ — пустата.

Літсустрэча на сядзібе БНФ
Літсустрэча на сядзібе БНФ


— Мастак мае права быць апалітычным?

— Мастакоў і наогул творцаў ня трэба дзяліць на тых, хто адгукаецца на сацыяльныя ці палітычныя праблемы, і на тых, хто не адгукаецца. Творца — свабодны чалавек. Ён мае права нават у часе катаклізмаў ці вайны пісаць прыгажосьць, даваць асалоду душы чалавека. Але мастак мае права адгукацца і на праявы зла і паказваць яго. Як гэта рабіў, прыкладам, Франсіска Гоя ў сваім цыкле «Сон розуму спараджае пачвараў». У яго ёсьць таксама цэлая сэрыя — «Інквізыцыя». І ў нас ёсьць такія мастакі, якія ня ў лоб, а мэтафарычна выказваюць свае адносіны да зла. Я мог бы назваць іх прозьвішчы, але тады і яны апынуцца пад прыцэлам. А хтосьці зь іх хоча атрымаць мэдаль ці прэмію... Я назіраю людзей, мастакоў, якія — героі вайны, ветэраны. І падазраю, што там для іх было прасьцей, бо яны бачылі ворага, а тут, аказваецца, зрабіць выбар больш складана. Гэта страшней вайны. Там было проста — сказалі ісьці наперад і страляць... А тут столькі апраўданьняў знойдзецца, каб не пайсьці на ўчынак!

— Знакамітаму Мірону, які вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі ў маладаступных месцах, вы прысьвяцілі і верш, і карціну. Як вы лічыце, Міронаў у нас становіцца больш?

— Больш. Тут я ўспамінаю словы нашага слыннага сьпевака Віктара Скорабагатава. Мы зь ім аднойчы на гэтую тэму гаварылі — больш ці менш нас робіцца. Дык ён: «Вядома ж, больш! Вазьмі 1910-1914 гады. Што ў Менску было і чым Менск быў? Правінцыйным горадам імпэрыі. Хіба ў нас тады была Акадэмія мастацтваў, унівэрсытэт, філярмонія?». І я зь ім пагадзіўся. Мяне нядаўна парадавала сацыялягічнае дасьледаваньне Яўгена Бабосава. Ён праводзіў яго сярод моладзі і чыноўнікаў. Пытаньне гучала прыблізна так: «Ці адчуваеце вы сябе беларусам, грамадзянінам Беларусі?». Дык больш за 90% маладых адказалі, што адчуваюць. А сярод чынавенства — усяго каля 10%. Так што супраціву ёсьць на каго абаперціся. На маю думку, апазыцыя — гэта шматварыянтнае існаваньне дзяржавы. Калі нейкая галіна адсохла, і яе адрэзалі, то ёсьць у запасе другая. А калі ты думаеш, што толькі ты правільна гаворыш, ты адзіны мудры і непагрэшны — гэта шлях у нікуды.

Ладжаньне выставы ў быкаўскіх Бычках
Ладжаньне выставы ў быкаўскіх Бычках


— Днямі мы з вамі былі на выставе вашага сябра Алеся Шатэрніка, дзе гаварылася пра творы, якія арыштоўваліся. Сярод іншых згадвалася Шатэрнікава памятная дошка Ларысы Геніюш, якая знаходзілася ў зэльвенскім пастарунку цэлы год. А якія вашыя творы зазналі падобны лёс?

— Мне да гэтага часу не вярнулі карціну «Беларускія лялькі». Я спрабаваў вярнуць, пісаў у розныя інстанцыі — цішыня. Праўда, адзін з тых, хто яе ў мяне забіраў, паляпаў мяне па-сяброўску па плячы і сказаў: «Не хвалюйцеся, гэты твор будзе захоўвацца ў мяне на лецішчы». Я кажу: «Толькі ж не зьнішчайце». Да гэтай пары арыштаваныя мае малюнкі, прысьвечаныя Алесю Пушкіну, там, дзе ён з тачкай гною ля рэзыдэнцыі... У мяне ўжо няма сіл з гэтымі арыштамі змагацца. Лепш я нешта новае напішу, чым абіваць парогі пастарункаў. Калі я сустракаўся з мастакамі ў Нямеччыне і Польшчы і расказваў ім пра тое, як у Беларусі здымаюцца з экспазыцыяў і арыштоўваюцца карціны, у іх вочы гарэлі: «Ух ты! Каб жа ў нас такое было! Гэта ж такае рэкляма!». Так што забароненыя творы праходзяць з плюсам на мастацкім рынку, але колькі нам гэта каштуе нэрваў... Мне падабаецца выказваньне аднаго мастака: «Я размнажаюся ў адзіноце». Такі стан мне цяпер больш блізкі, бо мастацтва ж ня цырк.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG