Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасныя споведзі пра часы і сябе — у Начы


Калі збочыць ад Беражка — станцыі на чыгунцы — ды прайсьці пару-тройку кілямэтраў паўз хваёвы лес з духмяным паветрам, тут усё і «нача-наецца». Апошняе слоўца любяць паўтараць мясцовыя — тры сотні жыхароў вёскі Нача, што на Крупаўшчыне. Крыху ніжэй, у даліне — роўны шэраг домікаў з аднолькавымі ружовымі дахамі ды вежай МТС. Такі фасад аднайменнага аграгарадка.

За гады маіх вандровак гэта была як мінімум трэцяя Нача ў розных месцах краіны, куды я накіроўваўся. Парадокс у тым, што ў аніякіх інтэрнэтаўскіх вікіпэдыях пра вёску не знайшоў ані слоўца. Пры тым, што параўнальна нядаўна пра яе выйшла кніга-досьлед вядомага ў гэтых мясьцінах краязнаўцы ды гісторыка Ўладзіміра Канапліцкага, які тут і жыве. Запытаўся, як прайсьці да яго, у пажылой кабеты ў белым кухарскім каўпаку ды халаце. Яна гаварліва патлумачыла, заадно расказаўшы пра сябе.



Спадарыня: «Учыцель такі харошы чалавек, і яна такая культурная жанчына — хай бог здароўя даець! Як устрэціцца — і паздароўкаецца, і распытае, як справы... Тут на вугле жыву. Сын у Навасадах у зоне працуе, двое дзетак, унукаў памагаю глядзець. На магільніках пакуль убярэш, а тады сена трэба брату дапамагчы растрэсьці — няма калі і прысесьці, вось і пэнсіянэрка! А завуць мяне Люба Шастак, а дзявочае прозьвішча Лукашэвіч — як Лукашэнка!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А Лукашэнку любіце?»

Шастак: «Ай, пэнсію не дабаўляе, ільготы на электрычку не дае. А каб узаралі, трэба грошы плаціць. Гною сотня — адзін толькі воз. А людзей, каня наняць!»

Суразмоўніца пабегла па справах, а я апынуўся ля маляўнічай хаціны з рознакаляровымі драўлянымі зоркамі на фасадзе ды белымі дзідамі на жоўта-зялёным фоне паабапал. Гаспадар сам вызваўся пагутарыць, нягледзячы на пярэчаньні дачкі, што пад’ехала на «жыгулёнку».

Спадар: «Ня лезь — пагаворым! На пэнсіі я — на машыне ў калгасе 46 год адрабіў тут. Разбамбілі гаспадарку — майстэрні-сіроты стаяць, у Крупкі райсельгасхіміі аддалі. Гарота настала...»

Карэспандэнт: «А што раней?»

Спадар: «Жылі ды песьні пелі! (Сьмяецца.) Два гады на працадні робіў. А цяпер ані каня няма — паздавалі. На сотку ноймеш — 13–14 тысяч трэба плаціць, каб праараць ды бульбіну пасеяць. Дзярэўні аджылі — усе пустыя хаты. Раней — ой, зьвінелі, другое месца займалі ў раёне па гародніне. Вырошчвалі, брат, капусту, гуркі, памідоры — калгас „Камунар“ быў. Цяпліцы былі, і людзі палучалі. Гарадок во будавалі, а ў яго тром даяркам не далі пасяліцца. Новая фэрма дзесьці там, а няма каму даіць! І тут закрыюць, відаць...»

Карэспандэнт: «Але прыгожая ў вас хата!»

Спадар: «Сам рабіў — Мікалай Мінавіч Сачыха я...»

Акурат побач — катэдж памянёнага спадара Канапліцкага. Мяне сустракае лысаваты мужчына — кашуля па-хатняму наросхрыст. На ўсю сьцяну — фоташпалеры бярозавага гаю. Уладзімір Канстанцінавіч частуе мяне напачатку самаробным квасам зь зёлкамі. Ён — адзін з аўтараў кнігі «Памяць» Крупаўшчыны. Кідаю позірк на газэту на стале. Заўважае:



Канапліцкі: «Пачытваю „Народную волю“ — калісьці ўсе баяліся падпісацца. Падпісаўся — адзін на ўвесь сельсавет. Няўжо самы сьмелы?» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Спадар Уладзімір, улез у інтэрнэт — пра Начу ані слоўца...»

Канапліцкі: «Таму што я нічога не даваў туды. Было неяк крыўдна за тое, што, напісаўшы кніжку „Па сьцяжынках нашага краю“, удзельнічаў у двух тамах „Памяці“, і ня тое што грамату далі — на што яна мне?! Усё-ткі маглі адзначыць, што гэта маё, я гэтым жыву — больш за 100 публікацый у раённай газэце...»

Карэспандэнт: «Некалькі Начаў толькі на Гарадзеншчыне ёсьць. Адкуль яна тут, на Крупаўшчыне?»

Канапліцкі: «Адна вэрсія: «нача» — пачатак усіх земляробчых работаў. Другая — ад ракі Нача, мае балцкае паходжаньне, ад слова «пачатак».

Там, дзе аднайменная рака, цяпер сьвінакомплекс. Аміяк як дадуць — жыжа разьліваецца, і, вядома, не вытрымлівае запруда. Труцілі рыбу. Ракі зьніклі.

Дзецям прышчапіў любіць радавод. Таму што вырастаюць мае нават знакамітыя вучні і ня ведаюць, як па бацьку дзеда клічуць — недаравальна! Таму 15 радаводаў склалі.

Тапанімікай цікавіўся — сабраў назвы ўсіх зьніклых вёсак, якія да вайны былі, да рэвалюцыі — такіх больш за 30. Напрыклад, Вейніца ёсьць, Яроцкія — пан быў. Там ёсьць 30 курганоў — па адной вэрсіі, старажытныя пахаваньні. Па другой — ад Напалеона: наступаў праз нашу цэнтральную вуліцу, называлася Кацярынінскі бальшак. Наступаў яго пасынак Багарнэ з 40-тысячным войскам — уяўляеце, які натоўп тут стаяў?

У Начы была свая майстэрня па вырабу канатаў, вожкаў, вяровак. І называлася яна горад Пянькоў калісьці.

Жыхары вёскі Нача ўдзельнічалі ў складзе радзівілаўскіх войскаў у бітве з расейцамі ў 1514-м, 8 верасьня. Князь Радзівіл дараваў жыхарам Начы свабоду на 20 год ад павіннасьцяў і падаткаў. І таму спачатку была вёска Воля Радзівілаўская, а потым Нача.

Калі ўжо вайсковая тэматыка, пісаў пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Адзін, знакаміты, жыве за межамі. Памятаеце кніжку «Плошча» пра 19 сьнежня 2010 году? Пайшоў у апазыцыю і Барадач Уладзімір Пятровіч — сядзелі за адным сталом. У 1968-м Нацкую школу скончыў, сышоўся з Захаранкам — вось здымак. У Афгане ў перадзелках быў, двойчы цяжка паранены. Камандаваў спачатку батальёнам, потым палком спэцназу. Калі ў атачэньні душманаў апынуўся ў скалістай расколіне, значная частка байцоў загінула. Цяжка паранены, у шпіталі, начальнік спытвае яго прозьвішча — Барадач. А ён зарослы, параненая рука не давала галіцца. «Дык ты яшчэ жартаваць надумаў?!» (Сьмех.) Маці плакала ў той час, бо ёй паведамілі, што ён загінуў. Як спэцыяліста запрашалі ў Нямеччыну і ЗША — у краіны, дзе сапраўдная дэмакратыя. І мог параўнаць, дзе дыктатура..."

У таго ж спадара Канапліцкага я запытаўся:

Карэспандэнт: «А чаму Нача ўніз пакацілася — такі ж быў заможны калгас?»

Канапліцкі: «Адбыўся развал Саюзу. І ў войску — у нас быў буйны палігон. У Начы старшыня Рубанаў эканоміў кожную капейку, таму і магутным стаў. А цяпер пяць калек тут працуе. Аграгарадок — хто кажа, адмываюць грошы, хто — каб затрымаць моладзь. Спазьніліся — зьехалі ўсе. Адны пэнсіянэры, вымірае вёска. Цяпер „Аграсэрвіс“ на паўраёна — сеюць пакуль. А дзе працаваць, акрамя як на яго фэрме?!»



Будынкі тае фэрмы непадалёк. У пару дзённай сьпёкі загадчыца Сьвятлана ды двое прыцярушаных мукой яе падначаленых укрыліся ў цяньку. Даглядчык Аляксей ляніва ківае:

Аляксей: «Тут быкі, там цяляты, там каровы — во загадчыца!»

Сьвятлана: «Быкоў хапае. А нашто вам — быкі, каровы?»

Карэспандэнт: «Цікава, з чаго людзі жывуць...»

Аляксей: «А ня плоцяць — паўтара мільёна нават няма!»

Карэспандэнт: «Вы, можа, і Лукашэнку скажаце, што па 500 даляраў не атрымліваеце?»

Спадарства: «Ха-ха!.. Вядома, не — мільён 440!.. У Крупскім раёне сама нізкая зарплата... Працуем зь сёньняшняга дня 8 гадзін, а было — з 6 раніцы і да 11 вечара. Паесьці толькі на паўгадзіны раз сходзіш. А даяркі — з 6 падаіла, зараз паела — і ў 12 ізноў ідзі на дойку. А дзеці ў школе...»

Карэспандэнт: «А спадарыня загадчыца сваю карову мае ці быка?»

Сьвятлана: «Курэй — так, пасыпала ім — і ў сельсавет. (сьмех.) У мяне пад началам 21 мужык, а прыяднаныя да «Аграсэрвісу...»

Карэспандэнт: «Ну, аграгарадкі ашчасьлівілі ўсіх, як кажа Лукашэнка?»

Сьвятлана: «Вядома! Калі кінеш фэрму — з хаты выганяць, з прэзыдэнцкага доміка. Найменшае парушэньне — і вон!»

Заходжу ў адзін з аградомікаў, якія тут называюць «афганскімі». Адрозьніваюцца тым, што не з сылікатных блёкаў, а драўляна-цагляныя. На гаўбцы гаспадыня, спадарыня Аксана Мароз, ды яе сяброўка Сьвятлана. У абедзьвюх мужы сапраўды ваявалі ў Афганістане.



Карэспандэнт: «12 гадоў ежджу па правінцыі і пра домікі прэзыдэнта адно і тое чую — адна кантора падлогу робіць, другая столь, трэцяя вокны, і ўсё самі людзі дарабляюць. У вас так?»

Мароз: «Так, падлога халодная... Былі недапрацоўкі, але патэлефанавала прарабу, каб у прыбіральні зашпаклявалі, вэнтыляцыю ўставілі, і ўсё дарабілі — я задаволеная. Купляй дровы — і жыві. Я купіла бойлер для гарачай вады. Два гады таму да нас прыходзілі складаць сьпісы на прыватызацыю і прапанавалі даплачваць за гэта 936 тысяч у месяц — у мяне заробку на гэта няма! Я працую лябарантам і цяпер у дэкрэце — атрымліваю на дзіця больш, чым заробак... Але асноўная кабала ў блёчных доміках — там трэшчыны, сырасьць. А ў мяне калі дождж — не цячэ. Паліць, вядома, узімку два разы. А газ не правядуць, пакуль не прыватызаваны...»

З «афганскага» пераходжу на падворак сямейства «чарнобыльцаў». Знаёмлюся з 68-гадовым спадаром Уладзімірам Сэлешам. Зь вёскі Юрэвічы Калінкавіцкага раёну ён пераехаў у Начу 12 гадоў таму. І ў часе нашай размовы нясьпешна сек дровы.

Селеш: «Усе ўгодзьдзі былі на тэрыторыі чарнобыльскай зоны — 4 гады не вылазілі, каля Брагіна кукурузу сеялі. Кіроўцам усё жыцьцё. Вёску цалкам не адсялілі, я толькі пабудаваўся, жонку выбралі дэпутатам у сельсавеце і сакратаром. Радыяцыі дахрана было, а прыедзе баба з Гомеля — у вас чыста! Дазымэтар пішчыць на мэтар ад зямлі. А двое дзяўчат былі — адной сем, другая старэйшая. Прыехаў з Начы — рабсіла трэба? Трэба! Дзяўчатак уратаваў, а так бы я не паехаў, як і ўвесь наш калгас. Сеялі кукурузу ў траўні, як цяпер. На... яна была? „Вумны“ Веліхаў сказаў, што яна выцягвае радыяцыю. (Сьмяецца.) А я табе скажу, што бабкі, што там былі, за адно лета, трактарыст мой Сярожка таксама — сыпаліся ўсе! Прыедзеш адтуль — у скронях цісьне, у вушах зьвініць... Сеем, і едзе камандзір палка „партызанскага“ Сівакоў. На „казьле“ пад’яжджае — што вы робіце? Каб праз паўгадзіны я вас ня бачыў! Каму гэта трэба?! А мы 4 яміны сіласуем. Відна тая радыяцыя! А потым у дзяўчынкі 6-гадовай маёй зубы павыпадалі...»



Выкладчыца музыкі, 48-гадовая Сьвятлана, прозьвішча папрасіла не называць — з-за «спэцыялізацыі» даводзіцца працаваць у трох раёнах. Кажа, што гісторыя сям’і — цэлы раман. За гутаркай, усьпёршыся на рукі, уважліва сочыць маці, Марыя Станіславаўна. Побач зь іхняй хатай — рэчышча высахлай ракі.

Сьвятлана: «Арэшка паўнакроўная была, шырокая. Сама я зь дзядзькам лавіла таптуном шчупакоў...»

Маці: «Дзед прынёс шчупака вышэйшага за мяне — тапаром разьдзелваў, людзям давалі, аж ня ведалі, што рабіць. Гэта яшчэ ў савецкія часы, да мэліярацыі. Усё ў рэчцы было...»

Сьвятлана: «Цяпер усё зарасло — канавы сабе, рэчка сабе. Цячэньня ж няма...»

Карэспандэнт: «Сьвета, у што ты верыш?»

Сьвятлана (сьмяецца): «Атэістка я...»

Карэспандэнт: «Атэістка — не камуністка...»

Сьвятлана: «Вось гэта так, хоць у камсамол запіхвалі. Не за праўду ўсё было, як і наша пэдагогіка. Я ж увесь час працавала па школах, таму што болей плацілі, чым у самадзейнасьці. На пэдагогаў шмат чаго звалена — адзін толькі ўсявобуч чаго варты! Прымушаюць працаваць на канікулах. Калі за мяжой школы зачыняюць, каб настаўнікі перадыхнулі, у нас прымушаюць працаваць у лягеры, дзе й лягерная сыстэма. Там нямытыя вокны, якія трэба самому мыць, нячышчаныя спальні, якія самому чысьціць, бо прыйдзе СЭС і штраф дасьць начальніку лягеру. Прыціснулі нас так, што мы і ня ведаем, што мы такое. Мы ж былі літвіны, хадзілі не ў лапцях, а ў абутку важным. Нам жа і прэзыдэнт казаў па ТБ пра цэнтар Эўропы. Нейкія мы не такія ваяўнічыя, як украінцы. Тут жа і наша экалёгія — мы высока паднятыя над узроўнем акіяна, мікраэлемэнты сьцякаюць — ёду няма! Вось і млявасьць наша спрадвечная, дрыгвяная...»

Карэспандэнт: «Зь іншага боку, паглядзі — у Расеі ў Пугачовай, Макарэвіча, Нямцова беларускія карані ёсьць! Зямля запаветная...»

Сьвятлана: «І ў Карла Маркса — габрэйскія беларускія. Людзі дужа добрыя! Маці і бабулі, калі ў партызанах былі, аддавалі апошняе. Адзін зарэзаў карову, каб накарміць, а ў яго 5 дзяцей было. Дзе тыя людзі? У той жа час сцэны разыгрываліся, як Васіль Быкаў апісваў. Тут была Хадасіха такая. Павыдавала гэтых няшчасных габрэяў, якія да іх былі непадобныя. Дзяцей, бляндынаў, мужчын сагналі, і зямля там дыхала. Дзед два тыдні есьці ня мог. Калі падняць, дык тут раман... Дзед быў з 17 году камуніст. У камуну ўсю гаспадарку аддалі. Я кажу — мо б забраць можна было, калі так галадавалі?! Не-е, тыя, хто не працаваў, усім гэтым карысталіся. А ў іх былі вэнскія крэслы ў хаце, патэфон, жорны, швейная машынка „Зінгер“. Улетку зрабіў на дрэвах палаці, бо „чорны воран“ прыяжджаў. Яго сябра забралі і, мусіць, у Курапатах загінуў. А ён узімку ў склепе, і калі грукалі, баба казала — у Маскву паехаў. Немцы тут былі высакародныя людзі, бо калі пайшлі ў партызаны і засталася прабабушка, яны яе гестапа не аддалі. А за тры дні да прыходу зь лесу забілі суседзі, якія ўсе былі паліцаі! Але колькі б улада ні чыніла, людзі, якія маюць стрыжань унутры цывілізаваны, ніколі так не рабілі — толькі дабро іншым людзям!»

Пры канцы нашай размовы з аўтарам адзінай кнігі пра Начу той яшчэ раз даказаў, што і адзін у полі воін, калі гэта Канапліцкі. Калі ўзгадаў пра апошнюю кампанію выбараў у мясцовыя Саветы.

Канапліцкі: «Васіль Лапацін, настаўнік рускай мовы — усе настаўнікі пабаяліся за апазыцыйнага кандыдата падпісацца, толькі адзін я. Ну і што — ня звольнілі!» (Сьмяецца.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG