Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра літаратурныя азёры


Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан
Беларусь называюць краем азёр. І нічога дзіўнага, калі іх тут — пад адзінаццаць тысяч. Дзякуючы ім у нас «Зямля з блакітнымі вачамі» (Эдзі Агняцвет) і «Беларусь мая, маці ласкавая, Сінявокая азярніца» (Нэля Тулупава). І кожны пагодзіцца, што «Благаславенны край наш ад азёраў сіні» (Ларыса Геніюш). Аксана Спрынчан — пра літаратурныя азёры.


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Менск, ГА БТ «Кніга», 2003

Кніга Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» гэтак адразу і пачынаецца — з возера. Бо менавіта з возерам зьнітаваныя першыя ўражаньні ад навакольнага сьвету пісьменьніка, які пачаў сябе памятаць з пяці гадоў. «Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры цi чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманлiва, але ж далёка — можа, кiлямэтры два. Для пяцiгадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлi. Трэба было перайсьцi поле, iльняную нiву, пералезьцi цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьцi на крутую гару — і ўжо зь яе бачным рабiлася возера, якое няроўным блiшчастым лапiкам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнiкам ды дубамi; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такi спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялiзная крутая гара з дубамi. Казалi, там некалi было паганскае капiшча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткi цуд.»

Сапраўды, азёрам у Беларусі пакланяліся, і сьведчаньнем гэтаму і іхныя назвы, і капішчы, якія мясьціліся на берагох. «Быкаўскае» возера называецца Белякоўскім (паводле назвы вёскі) альбо Гарадзень (паводле назвы капішча), а эпітэты пісьменьніка да яго — неўміручае, нязьменнае, мілае. «Азярко», якое Васіль Быкаў любіў усё жыцьцё. Возера, якое варта (на)ведаць кожнаму беларусу.



Ян Чачот. Сьвіцязь. Адам Міцкевіч. Сьвіцязь. Тамаш Зан. Сьвіцязь-возера. У кн. «Філяматы і філярэты». менск, «Беларускі кнігазбор», 1998

Сьвіцязь — адно зь ці не найзнакаміцейшых літаратурных азёраў, апяянае Адамам Міцкевічам. І даўней, і цяпер прыхільнікі ягонай творчасьці імкнуцца патрапіць на бераг балядна-рамантычнага, але такога рэальнага возера. І ў той самы час літаратурная Сьвіцязь абавязаная і міцкевічавым сябрам — удзельнікам таварыстваў філяматаў і філярэтаў Тамашу Зану і Яну Чачоту. Чаму — бо яны ж таксама стварылі баляды пра Сьвіцязь. Пры гэтым сама гісторыя іхнага ўзьнікненьня досыць цікавая. Паданьне пра затапленьне места Сьвіцязь першым пачуў Тамаш Зан. Ён апавёў яго сябру — Яну Чачоту і той у 1819-м напісаў баляду. Пасьля Адам Міцкевіч напісаў сваю «Сьвіцязь», творча перапрацаваўшы фальклёрную першааснову. Пасьля выйсьця кнігі з Адамавай балядай Чачот дапрацоўвае сваю «Сьвіцязь» і дапісвае ўступ, у якім, напачатку выказаўшы захапленьне, потым нават дакарае Міцкевіча:

Бо шмат ад сябе ты, Адаме,
Наплёў пра часіны былыя.
Усё ж занядбаўшы паданьне.
Якое данесьлі старыя.
Яго чуў Тамаш у народзе
І мне перадаў пры нагодзе.

Апошнім напісаў сваю «Сьвіцязь» Тамаш Зан. Дзякуючы гэтым балядам можна было б нават называць Сьвіцязь возерам сяброўства. Бо цяжка, да прыкладу, уявіць такую гісторыю ў сучаснай беларускай літаратуры. Зазвычай пісьменьнік, апавядаючы нешта, не забывае дадаць: толькі не пішы, я сам яшчэ гэта напішу.


Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях. У кн. «Выбраныя творы». Менск, «Беларускі кнігазбор», 1998

Болей за ўсё фантастычных апавяданьняў у беларускай літаратуры вядома ж зьвязана з возерам Нешчарда, берагавая лінія якога, што сягае за пяцьдзясят кілямэтраў, ёсьць найдаўжэйшай сярод азёр Беларусі. Сядзіба вядомага нам шляхціца стаяла на самым Нешчардаўскім беразе, а гаспадар любіў, каб яму штовечар апавядалі дзівосныя гісторыі. У выніку Нешчарда сталася возерам, вакол якога выявілася беларуская нацыянальная ідэя, возерам, напоўненым магутным морам красы беларускай гісторыі, беларускага фальклёру, беларускага сьветаўспрыманьня. Рыбак Родзька ўзгадвае і фантастычныя гісторыі, што адбываліся на возеры Расоны («ня больш за трыццаць вёрст ад Нешчарды») і на Глухім возеры («яно непадалёку ад тае рэчкі, што выцякае зь Нешчарды і ўліваецца ў Дрысу»). А апавяданьне восьмае «Белая Сарока» апавядае пра падзеі каля возера Язна («дзе мяжуюць тры паветы: Полацкі, Себескі і Невельскі»).

Кожнае беларускае возера вартае кнігі «Беларусь у фантастычных апавяданьнях», і кожны можа каля свайго возера разгарнуць гэтую кнігу.



Уладзімер Караткевіч. Званы ў прадоньнях азёр. Збор твораў У 8 т. Т. 8. Кн. 2. Менск, «Мастацкая літаратура», 1991

Вялікая колькасьць беларускіх паданьняў пра азёры зьвязаная ня толькі з тым, што праваліліся места альбо вёска, але і з тым, што на тым месцы, дзе цяпер возера, раней узвышаліся царква альбо касьцёл. А калі так, дык з азёраў Беларусі гучаць званы. Званы ў прадоньнях азёр і сталіся назвай нарыса Ўладзімера Караткевіча, які быў надрукаваны ў часопісе «Маладосьць» за 1969 год. Ён распачынаўся прыгожым вершам пра стары палескі народ, які жыве ў падводных гарадах, які ахоўвае гісторыю і сучаснасьць беларусаў. А далей — падарожжа па маім родным Палесьсі ад Гомелю да Берасьця, праз Мазыр, Давыд-Гарадок, Пінск, створанымі прыродай рэкамі і створанымі людзьмі храмамі. Не палюбіць Палесьсе таму, хто павандраваў па ім разам з Уладзімерам Караткевічам, немагчыма. Немагчыма і не паверыць, што «настане дзень, і зьявяцца над вадою шпілі, залатыя шатры і самыя белыя вежы, а тады ў патоках блакітнай пены, у карунках і сонцы багатыя і гожыя муры. І людзі зь яснымі, як вада тваіх крыніц, вачыма, не затуманенымі вайной, жахам, адступніцтвам і здрадай, будуць пяшчотна махаць рукамі, сустракаючы нас, а мы кінем ім пад ногі кветкі, сваё раскаяньне і сваю любоў. І мы абдымемся зь імі братнімі абдымкамі, якія не разарваць, і нідзе нішто ня будзе гарэць і выбухаць, і паўсюль застануцца толькі хаты, тонучыя ў кветках, і маці зь дзецьмі, і сьветлая радасьць, і мова, і песьні, і шчасьце.»



Мікола Кандратаў. Возера Рудакова: вершы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2002

Сапраўды кожнае возера — непаўторнае. Але возера Міколы Кандратава непаўторнае двойчы. І тым, што яно дало назву кнізе паэзіі. І тым, што яно ці не адзінае ў Беларусі мае ўнікальнае геаграфічнае становішча, бо ляжыць якраз на водападзеле паміж басэйнамі Дзісны (Дзьвіны) і Вяльлі (Нёмана) і адорвае вадой адразу дзьве сыстэмы. Узвышаецца возера Рудакова над узроўнем мора значна болей за суседнія вадаёмы. Праз гэта ў ім рэдкія празрыстасьць, сьвятло і колер. Усё гэта датычыцца і самой паэзіі Міколы Кандратава, пра якую можна сказаць ягонымі ж словамі:

Слова цёпла на сэрца лягло пацалункам,
акрыліла, падобна вясьне,
і, прывабіўшы сьветлым дзяцінства малюнкам,
на сьвітаньні згубілася ў сьне.

У вершы, аднайменным назьве кнігі, Мікола Кандратаў узгадвае і рудакоўска-азёрна-вясёлкавую прыкмету: калі пасьля навальніцы над возерам Рудакова пабачыш вясёлкавую дугу, трэба пасьпець праплыць пад ёю на чоўне, загадаўшы перад гэтым жаданьне. Самому паэту відавочна ўдалося зьдзейсьніць тое, загадаўшы жаданьне сунімаць адчай вершамі:

Калі раптам мой скончыцца век,
ты старонкі мае пагартай, —
да цябе я вярнуся празь верш,
каб суняць твайго сэрца адчай.

Вясёлка, як з’ява паэтычная, як мне падаецца, узнагародзіць і тых, хто пасьпее пад ёю прачытаць верш з кнігі «Возера Рудакова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG