Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра ўлюбёныя творы Ўладзімера Караткевіча


Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан

Ці не бальшыня беларусаў, якія прыйшлі да беларушчыны праз кнігу, прыйшлі да яе менавіта праз кнігу Уладзімера Караткевіча. Можна сказаць, што гэта было іх першым каханьнем. У мяне ж першым каханьнем сталіся 6 тамоў Івана Шамякіна 1977–79 гадоў. Ня скажаш, што яно было нешчасьлівае гэтае першае каханьне, але сям’ю я ўжо стварала з кнігамі Уладзімера Караткевіча.

«З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?» Ды ці не з таго твора, які і мае такі пачатак. А менавіта:

ЧОРНЫ ЗАМАК АЛЬШАНСКІ. ЗБОР ТВОРАЎ У 8 ТАМАХ. Т. 7.

«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1990


З гэтым творам сапраўды зьвязаная гісторыя ўтварэньня маёй сям’і. Я яго нават перачытвала перад тым, як пайсьці ў ЗАГС, па часопісах «Маладосьць», якія падзялілі маё жыцьцё на дашкольнае і школьнае (1979 № 7–8 і 1980 № 1–2). Нават падвоенасьць гэтых нумараў я ўзяла як Божы знак, што ўжо і казаць пра тое, што мой абраньнік неяк сказаў, што гэта яго ўлюбёны твор, і яны з Антонам Косьмічам надзвычай падобныя. «Сьветлы шатэн, вочы сінія, нос сярэдні, рот — шчылінаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда — сумесь варага з позьнім неандэртальцам, рукі граблямі, ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея». Апісаньне не супадала. Затое супадала апантанасьць гісторыяй, містыкай, кнігамі, вандроўкамі. Я не памылілася і ўсё, што адбылося са мной пазьней, можна апісаць апошнім абзацам гэтага рамана:
«О, жыцьцё!»

ЗЯМЛЯ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ. ЗБОР ТВОРАЎ У 8 ТАМАХ. Т. 8.

«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1990

Жыцьцё маё пачалося так, як названы найлепшы нарыс у гісторыі беларускай літаратуры — на «зямлі пад белымі крыламі». У гэтым нарысе ня ўзгадваецца назва майго роднага Лунінца. Але на першай жа старонцы твора чытаем:

«Часам едзеш лесам. І раптам — паляна, зьдзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім — словы, ад якіх сьціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:

Тут пахаваны расстраляныя немцамі
21.ІХ.1943 г.
Кароль Алена Мікітаўна
1925 года нараджэньня,
Павал 1920 г.,
Васіль 1898 г.,
Зофія 1892 г.,
Уладзімер 1922 г.,
Іван 1924 г.,
Мікола 1927 г.,
Марыя 1934 г.,
Вера 1939 г.,
бабуля 70 год,
Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г.,
і Серафіма Ільінічна 1888 г.
і іншыя».

Гэты помнік — з тысяч і тысяч падобных у Беларусі, знаходзіцца менавіта ў Лунінцы. Непадалёк і вёска Мелясьніца, у якой фашысты спалілі і маю прабабулю.

З куточкаў Лунінеччыны вартым свайго нарысу Уладзімер Караткевіч палічыў вёску Лахва. «Рака зь непрыгожаю назваю Сьмердзь ёсьць, аднак адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцьці. Недзе кілямэтраў за дзесяць да ўпадзеньня ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунэлі. І ў гэтых тунэлях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасьці, школа. І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў».

Усё так і ёсьць: рэчка, прыгожая, як творы Караткевіча, школа цудоўная (колькі гадоў таму ў ёй праводзілі раённы конкурс чытальнікаў імя У. Караткеіча, а я за старшыню журы была), і карпы, карпы з сажалак пад белымі крыламі, найсмачнейшыя на «зямлі пад белымі крыламі».

Рэчка прыгожая, як творы Караткевіча, і страшная, як сьмерць Караткевіча. Менавіта на гэтай рэчцы, якая мае і другую назву — Сьмерць, 22 ліпеня 1984 пісьменьніку стала кепска, яго пасьпелі давезьці да Менску, але 25 ліпеня яго ня стала.


ЛАДЗЬДЗЯ РОСПАЧЫ. ЗБОР ТВОРАЎ У 8 ТАМАХ. Т. 2.

«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1988

Жыцьцё такое, што ня піць немагчыма. Калі не ўдаецца выпіць з улюбёным пісьменьнікам, застаецца піць зь ягонымі героямі. Калі ўявіць, што мне б жыцьцём была дадзеная магчымасьць выпіць толькі аднойчы і была б магчымасьць абраць — з кім, паверце, доўга б я не раздумляла. Гэта — Гервасій Выліваха. Піць варта з тым, хто шкадуе тых, хто ня зведаў, якое цёплае сена, як п’яніць віно, як квітнее ружовы глог. Яны сапраўды вартыя шкадаваньня. Піць варта з тым, хто кажа каралеве Боне: «Я не пакіну пасьля сябе другой Бізантыі, акрамя любові». Піць варта з тым, у каго такая Любоў да гэтай зямлі, што Сьмерць у сваіх пячорах пачынае на хвіліну зайздросьціць яму. І песьня як тост:

Сонцам чырвоным, сонцам прарочым
Люд наш упарта ўстае над сьветам
Нават пасьля найцямнейшай ночы.
Гэта наш гонар, шчасьце і сіла:
Жыць насупор уварваньням і ранам
Там, дзе даўно бы другім пакасілі

Радасьць і сонца, песьню й каханьне.

ХРЫСТОС ПРЫЗЯМЛІЎСЯ Ў ГАРОДНІ. У кн. ЗБОР ТВОРАЎ У 8 Т. Т. 6.

МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1990

Сёньня ты — просты беларус, а заўтра — Ісус Хрыстос. Рамантыка, вартая раману. Рамантыка, вартая Караткевіча, які ня толькі змог сьцьвердзіць, што «на Беларусі Бог жыве», але і ўпэўніць беларусаў у такой велічы іхнага духу, калі пад сілу нават роля Хрыста. Хрыста, які робіць цуды, і Хрыста, які гатовы дзеля людзей у вязьніцу і на прэнг.

У людзей, якія запаўнялі гарадзенскую і менскую Плошчы (не істотна, у 16-м альбо 21-м стагодзьдзі), немагчыма ня верыць. І нават калі яны ня могуць вытрымаць наканаваных пакутаў, усё адно застаецца вера ў прарочасьць Караткевіча.

Хрыстос прызямліўся ў Гародні, Караткевіч прызямліўся ў Воршы, дык ці варта прызямляцца па-за межамі Беларусі?


БЫЎ. ЁСЬЦЬ. БУДУ.

МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1986

нешта кшталту Я люблю апошнюю кнігу Ўладзімера Караткевіча, якую ён сам падрыхтаваў да друку і вычытаў машынапіс. Насуперак сьмерці яна — жыцьцесьцвярджальная, з цудоўнымі фотаздымкамі Валянціна Ждановіча і Пятра Драчова, якія былі зь пісьменьнікам у ягонай апошняй вандроўцы, напоўненая вершамі і радкамі, якія сталіся крылатымі: «Быў. Ёсьць. Буду.», «На Беларусі Бог жыве», «Кнігі — сябры. // Іх кідаюць перш за ўсё...», «Сьвет шчодры. // Сьвет мяне паўторыць... // Ну, а ня сьвет, дык Беларусь. — // Мне — досыць...».

Гэтая ж кніга вершамі «Масква — Вечнасьць», «Дваццаты век — цень верталёта...», «Рагнарадзі» і паэмамі «Плошча Маякоўскага», «Грубае і ласкавае» зьвязаная з раманам «Нельга забыць, альбо Леаніды ня вернуцца да Зямлі». Гісторыя і будучыня паўстае праз каханьне праўнука беларуса, удзельніка паўстаньня 1863 года, і праўнучкі расейскага афіцэра. Калі я пачынаю пераносіць гэта на сёньняшнія падзеі, дык атрымліваецца жах кшталту: праўнук удзельніка Плошчы пакахаў праўнучку начальніка сьпецназу.
І ўсё ж я веру Уладзімеру Караткевічу:

«І які той цяжар ні будзе, // Ён веры маёй не сагне: // Мяне пахаваюць людзі, // Лепшыя за мяне».

P.S. Я сёньня з Караткевічам начую...
І ноч кароткая,
і пакараньня мне няма...
У кнізе,
быццам на кары бярозавай,
у чорных рысках —
глыбіня сьвятла...

Я заўтра з Караткевічам начую.

А вы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG