Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі выжываюць, хто як можа. Многія — крадуць...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 17 кастрычніка 2012 году

Для сёньняшняй размовы я адабраў галоўным чынам тыя допісы, аўтары якіх спрабуюць асэнсаваць пасьлявыбарчыя рэаліі сёньняшняй Беларусі. Нельга сказаць, што рэзкае падвышэньне цэн і падзеньне курсу нацыянальнай валюты, якія заўважна паскорыліся адразу пасьля выбараў, сталі для большасьці беларусаў поўнай нечаканасьцю. Апанэнты дзейнай улады даўно пра гэта папярэджвалі і перасьцерагалі. І ўсё ж у многіх лістах адчуваецца непрыкрытая крыўда і расчараваньне: «Вось жа — зноў падманулі...»

Наш слухач Міхаіл Яўсееў з Магілёва, зь ліста якога пачну сёньняшні агляд, да ўлады мае шмат прэтэнзіяў. Ён піша:

«Уся наша ўлада займаецца тым, што перакладвае паперкі зь месца на месца. Папераў шмат — а працы няма і працаваць няма каму. У начальніцкіх кабінэтах — адны трутні. Затое колькі пахвальбы — і гэта ў нас найлепшае, і таго мы дасягнулі. Як некалі казалі ў такіх выпадках: „Гітлер хваліцца, а фрыцы валяцца“. Ялавічына ў краме — ужо больш як 100 тысяч за кіляграм. Вось гэта дасягненьне! На мароз бы ўсіх гэтых трутняў зь цёплых кабінэтаў...

Вядома, людзі выжываюць, хто як можа. Многія — крадуць. Балюча глядзець, як пасьля вандалаў застаюцца зьнявечанымі помнікі, фасады дамоў, элемэнты аздабленьня вуліц, паркаў, сквэраў. Прыкладаў — сотні. Чыгунныя каналізацыйныя люкі зьнікаюць дзясяткамі. Рабуюць і калгасныя мэхдвары, зрэзваюць драты зь ліній электраперадач, залазяць у хлявы сялян... А колькі надмагільных помнікаў апаганена: усё дзеля мэталу. А што хацець, калі па вобласьці працуе каля 400 пунктаў скупкі нарабаванага? Зьвяртаесься ў міліцыю, а там адказваюць: закрыць ня можам, гэта ўказаньне Аляксандра Рыгоравіча».

Вось так нас рабуюць, а нарабаванае вывозяць у Расею. Дык што гэта за ўлада?

Тэлефанаваў з гэтай нагоды на «гарачую лінію» гарвыканкаму. Там адказваюць: «Мы рэагуем толькі на стыхійныя бедзтвы». «А гэта што — хіба ня бедзтва?» — кажу ў адказ.

У апорным пункце міліцыі спасылаюцца на тое, што няма людзей, каб на ўсё рэагаваць.

...Увогуле, жывецца ўсё горш і горш. Заробкі і пэнсіі — мільённыя, а адчуваем сябе жабракамі. Не пасьпяваем хаваць блізкіх людзей, якія ня бачылі добрага жыцьця і ўжо ніколі ня ўбачаць. Крыўдна«
.

Беларусь мае буйны мэталюргічны камбінат у Жлобіне, але ня мае ўласнай жалезнай руды — адсюль гэтыя настойлівыя спробы ўлады наладзіць ва ўсіх рэгіёнах масавы скуп лому чорных і каляровых мэталаў. Колькасьць гэтых нарыхтоўчых пунктаў, сапраўды, даўно ўжо не адпавядае колькасьці таго мэталалому, якога калісьці, за камуністамі, было шмат (нават піянэраў прымушалі яго зьбіраць), а цяпер таго лому фактычна нідзе няма — усё даўно здадзена. Затое шмат даведзеных да галечы людзей, якія ня могуць знайсьці нармальную працу і часта ад безвыходнасьці крадуць каналізацыйныя люкі ці, рызыкуючы жыцьцём, лезуць на электрычныя слупы, каб зрэзаць і здаць у скупку мэталічны дрот.

Аўтар наступнага ліста Валянцін Цьвірко зь Менску наракае на тое, што на палітычным небасхіле Беларусі ўжо на працягу многіх гадоў не відаць моцнай альтэрнатывы Лукашэнку. Слухач піша:

«Як пайшоў на пэнсію — пачаў слухаць вашы перадачы. Уцягнуўся. Яны мяне захапляюць. Часта ўзьнікаюць заўвагі і пытаньні, на якія хацеў бы пачуць адказ у вашай „Паштовай скрынцы“.

Вось, напрыклад, не магу зразумець, які быў сэнс байкатаваць парлямэнцкія выбары. Толькі дзеля таго, каб у пратаколах стаялі іншыя лічбы? А як на маю думку, дык было б лепш, каб усе прыйшлі і аддалі свае галасы. Прынамсі, было б бачна, што людзі галасуюць супраць уладных кандыдатаў.

Ці яшчэ адна заўвага. Шмат цяпер, па сутнасьці, пустых размоў пра неабходнасьць зьмены рэжыму, дасягненьня дэмакратыі і г.д. Але мінаюць гады — а пэўнай і сур’ёзнай альтэрнатывы цяперашняму прэзыдэнту як не было, так і няма. І мінулыя выбары нічому не навучылі.

А калі вартай асобы на пасаду прэзыдэнта няма і дамовіцца наконт адзінага кандыдата апазыцыя ня можа — то навошта тады ўвогуле разгойдваць існуючую сыстэму? Дзеля чаго гэта патрэбна? Толькі каб дэстабілізаваць грамадзтва? Такая справа падтрымкі ў людзей мець ня будзе. Ці, можа, у Радыё Свабода іншае меркаваньне? Тады пагаворым пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў»
.

Амаль кожны аўтарытарны правіцель, каб знайсьці апраўданьне свайму шматгадоваму (а часта і пажыцьцёваму) валадарству, спасылаецца на пагрозу дэстабілізацыі. Маўляў, калі ён сыдзе — усё абрынецца, у грамадзтве пачнуцца хваляваньні, краіну напаткаюць узрушэньні і катаклізмы. А як яшчэ адзін аргумэнт — адсутнасьць годнага пераемніка. Што адметна, пры гэтым уся дзяржаўная прапаганда і карная сыстэма арыентаваныя на тое, каб ні пра якую альтэрнатыву дзейнаму аўтарытарнаму лідэру грамадзтва ня ведала. Як толькі яркая і моцная асоба ў асяродзьдзі апазыцыі ўзьнікае — яе найчасьцей чакае жорсткі палітычны і крымінальны перасьлед, а то і турэмнае зьняволеньне. Ужо колькі разоў людзі ў Беларусі былі сьведкамі гэтага...

Што да мінулых выбараў, спадар Валянцін. Тое, якія лічбы запісаныя ў выніковых пратаколах — ва ўмовах беларускай выбарчай сыстэмы залежыць зусім не ад таго, як вы галасавалі і ці галасавалі ўвогуле. А вось бязьлюдныя выбарчыя ўчасткі ўладу яўна зьбянтэжылі і ўстурбавалі. Калі людзі не ідуць галасаваць — яны робяць хлусьню махляроў яўнай. А гэта найбольш палохае любога хлуса.

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, свой новы ліст напісаў, паслухаўшы нядаўна экспэртызу «Свабоды» на тэму «Куды рухаецца беларуская эканоміка» з удзелам Леаніда Злотнікава і Сяргея Чалага. З нагоды пачутага слухач піша:

«Я б паставіў больш агульнае пытаньне: «Куды рухаецца краіна Беларусь?» Заўважце: менавіта «краіна», а не «рэспубліка». Чаму? Ды таму, што пасьля мінулых выбараў я канчаткова ўпэўніўся, што Беларусь — не рэспубліка. Можаце са мной спрачацца, але афіцыйная назва не адпавядае рэчаіснасьці. Каб краіна звалася рэспублікай, неабходна выкананьне прынамсі дзьвюх умоваў: 1) Абраньне кіраўніка дзяржавы (напрыклад, прэзыдэнта) народам або адмысловай выбарчай калегіяй; і 2) Прыналежнасьць заканадаўчай улады выбарнаму прадстаўнічаму органу (напрыклад, парлямэнту). Згадзіцеся, што ні першая, ні другая ўмовы ў нашай краіне фактычна не выконваюцца. Узурпатар працягвае сам сабе тэрмін кіраваньня, ён жа стварае законы, ён жа і прызначае марыянэтачны (паслухмяны, рахманы, пакорлівы) парлямэнт. Абодва гэтыя дзействы цынічна маскіруюцца псэўдавыбарамі. Народ нічога не вырашае, ён фактычна адхілены ад улады.

Такім чынам, шаноўнае спадарства, краіна Беларусь зноў адкінутая па гістарычнай сьпіралі на... страшна нават сказаць, на колькі стагоддзяў назад. Прынамсі, тысячу год таму Полацак, Ноўгарад і многія іншыя ўсходнеславянскія княствы абіралі сабе князёў. Гэта значыць, што тысячу год таму, напрыклад, Полацкае княства было фактычна не манархіяй, а рэспублікай!

Пяцьсот год таму пасада караля ў адной з наймагутнейшых дзяржаваў Эўропы — Рэчы Паспалітай — была таксама выбарнай. Гэта тычыцца і нас таксама, бо, як вядома, ад Крэўскай уніі 1385 году Польшча і ВКЛ сталі адзінай дзяржавай. О, гэта былі часы сапраўднага росквіту навукі, культуры і дзяржаўнасьці! Узгадаю толькі некалькі імёнаў, якія першымі прыйшлі да памяці: Мікалай Капэрнік, Сымон Будны, Георгі (Францыск) Скарына, Сімяон Полацкі...

А да чаго мы прыйшлі сёньня? Да цемрашальскай абсалютнай манархіі, якая, быццам насьміхаючыся, называе сябе рэспублікай? Заўважце: нават не канстытуцыйнай манархіі, а абсалютнай, гэта значыць — нічым і нікім не абмежаванай! Князь Ягайла тройчы ў труне перавярнуўся б, каб даведаўся пра такое.

І вось паўстае пытаньне: куды ж рухаецца гэтая выкапнёвая калясьніца фараонавых часоў?

А куды, акрамя мінулага, яна можа рухацца?«
.

Думаю, спадар Кастусь, адкінута Беларусь у гістарычным пляне ўсё ж ня так далёка. Як на маю думку, дык на некалькі дзесяцігодзьдзяў назад. Згадайце, БССР таксама называлася рэспублікай, хоць ні пра якую парлямэнцкую дэмакратыю, выбарнасьць улады там і размовы не магло быць. Аляксандар Лукашэнка, будуючы сваю аўтакратычную сыстэму ўлады, браў за ўзор тое, што добра ведаў з уласнага досьведу, часткай чаго сам калісьці быў. Ну, а вынайшлі ды апрабавалі так званую «савецкую сацыялістычную дэмакратыю» бальшавікі. Фармальна ў створанай імі сыстэме былі і рэспубліка, і парлямэнт, і падзел уладаў, і Канстытуцыя, і грамадзянскія правы...Але ўсё гэта было бутафорскае, не сапраўднае — дзеля імітацыі, а ня дзеля рэальнага прымяненьня.

І на заканчэньне — фрагмэнт ліста нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Разважаючы пра шматлікія палітычныя паразы беларускай апазыцыі, спадар Алесь піша:

«Ня веру тым апазыцыйным дзеячам, якія сьцьвярджаюць, што наша насельніцтва нібыта баіцца захопу ўсіх ласых кавалкаў эканомікі расейскім капіталам. Напалохалі вожыка голым задам... Наш народ і не такое бачыў. Дарэчы, у Беларусі ўжо вырасла цэлае пакаленьне на расейскіх сэрыялах (кшталту вядомых „Глухароў“).

Я разумею, нашым апазыцыянэрам трэба нешта выдумляць ды вынаходзіць у імя новых заходніх грантаў. Таму і зьяўляюцца чарговыя размовы пра байкот прэзыдэнцкіх выбараў
2015-га году, пасьля якіх „ачунялы народ ужо пэўна ўспомніць свае нацыянальныя карані і ўздыме паўстаньне...“ Насамрэч жа нічога ў 2015-м годзе ў Беларусі не адбудзецца. Мае рацыю Някляеў: да вясны 2006-га ў Беларусі яшчэ мог худа-бедна адбыцца свой Майдан ці нешта кшталту яго. Цяпер жа — позна: на месца калгасных крымінальнікаў 70-х гадоў да ўлады прыйшлі лукашэнкаўскія „мянты“ 2010-х.

Нічога
ня зробіш: існуе тыпалягічны Захад, і існуе тыпалягічны Ня-Захад. Тое, што адбылося ў Польшчы і Чэхіі, у нашай „азіёпскай “ сыстэме адбыцца ня можа».

Так, спадар Алесь, у Беларусі — свой уласны шлях, які значна адрозьніваецца ад таго шляху, якім рухаліся да свабоды і дэмакратыі заходнія краіны. Але толькі на гэтай падставе рабіць выснову, што ў бліжэйшыя гады тут ня могуць адбыцца ніякія палітычныя зьмены, — наўрад ці варта. Аўтарытарны рэжым ужо каторы год водзіць беларусаў з аднаго эканамічнага тупіку ў другі. А ад старых нязьменных твараў і нягнуткай палітыкі стаміліся нават тыя, хто некалі з захапленьнем вітаў прыход Лукашэнкі да ўлады.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG