Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Чарнякевіч: «Гродназнаўства» пісалася для Гарадзенскага выканкаму


Андрэй Чарнікевіч
Андрэй Чарнікевіч

Падручнік «Гродназнаўства» стаў самай запатрабаванай кнігай у Горадні. А ўсё праз дзеяньні ўладаў, якія прызналі кнігу крамольнай і распачалі перасьлед яе аўтараў. Адзін зь іх — дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Андрэй Чарнякевіч — нават быў тэрмінова звольнены з працы. Хоць навідавоку былі парушэньні працоўнага заканадаўства.

Сёньня гісторык — госьцем «Вольнай студыі».

— Андрэй, якія ў вас апошнія навіны? Ці аднавілі вас на працы ва ўнівэрсытэце?

— Мяне аднавілі загадам ад 19 верасьня, калі я яшчэ знаходзіўся ў шпіталі. І звольнілі мяне таксама падчас знаходжаньня ў шпіталі — з наступнай фармулёўкай: «Адмяніць загад аб звальненьні, бо ён парушае...». Калі чалавек хварэе, яго звольніць нельга. Калі 24 верасьня я прыйшоў на працу, мне далі падпісаць паперу, што я азнаёмлены з адным і з другім загадамі. Але адначасова
калі я праводзіў свае пары, я бачыў людзей, якія адсочваюць кожны мой крок, пераяжджаюць за мной з корпуса ў корпус — такое своеасаблівае паляваньне ...

мяне пазнаёмілі яшчэ з адным актам — аб тым, што я чарговым, атрымліваецца — трэцім разам парушыў службовую дысцыпліну. Справа ў тым, што бюлетэнь мой скончыўся ў пятніцу, і ў суботу фармальна я павінен быў прыйсьці і прачытаць зранку яшчэ адну лекцыю. Але паколькі стан майго здароўя не палепшыўся, я папярэдзіў сваіх кіраўнікоў, і мы дамовіліся, што лекцыю будзе чытаць той выкладчык, які значыўся ў раскладзе. Гэта звычайная практыка, калі замена робіцца без пісьмовых загадаў, на ўзроўні мясцовага кіраўніцтва. Аднак менавіта мая адсутнасьць на суботняй лекцыі была пастаўленая мне ў віну, хоць лекцыя фактычна адбылася. Проста яе правёў іншы выкладчык. Усе былі папярэджаныя, навучальны працэс ня быў сарваны, але гэтага было дастаткова, каб стаць падставай для чарговага акту. Атрымліваецца, ідзе збор матэрыялаў. Гэта было зранку. На працягу дня, калі я праводзіў свае пары, я бачыў людзей, якія адсочваюць кожны мой крок, пераяжджаюць за мной з корпуса ў корпус — такое своеасаблівае паляваньне.

— Вы бачыце, што за вамі сочаць? А што гэта за людзі?

— Я не хачу ўпадаць у параною, але гэта той самы чалавек, які фігуруе ў маім адкрытым лісьце, які фігуруе ва ўсіх актах. Я ведаю, што дэканаты атрымалі загад паведаміць аб маім раскладзе заняткаў. І цяпер, маючы расклад маіх заняткаў, нехта будзе адсочваць, каб я не спазьніўся.

— Дык вам працягвае пагражаць звальненьне?

— Я не раблю з гэтага трагедыі, я проста раблю сваю працу. Пытаньне — колькі гэта будзе цягнуцца і якіх формаў абсурду гэта дасягне. Таму што сама сытуацыя ўжо не ўкладаецца ў межы ўстановы вышэйшай адукацыі і наогул звычайных прынцыпаў маралі.

— Як вы думаеце, чаму кіраўніцтва ўнівэрсытэту дзейнічае гэтак непасьлядоўна — то звальняе вас па нейкай малаўцямнай прычыне, то аднаўляе і дае каманду сачыць за вамі?

— Я менш за ўсё хачу цяпер выказвацца за кіраўніцтва. Мае ўласныя здагадкі — гэта ўсяго толькі здагадкі. Уражаньне такое, што я нейкім чынам камусьці перашкаджаю. Можа, маё звальненьне будзе дэманстраваць чыюсьці ляяльнасьць адносна кагосьці... Цяжка сказаць. А можа, гэта проста той выпадак, калі некаторыя рэчы не прабачаюцца.

— Давайце прыгадаем той дзень і тую размову ў рэктараце, калі вас звальнялі. Хто на ёй прысутнічаў і якія закіды гучалі ў ваш бок?

— Тая размова адбылася 10 верасьня, зь яе ўсё і пачалося. Пра звальненьне тады я нічога ня чуў, а пытаньні тычыліся падручніка «Гродназнаўства». А звольнілі мяне, калі я ўжо быў у шпіталі. Але напярэдадні мне прапанавалі пры такой жа размове ў тым жа кабінэце напісаць заяву па ўласным жаданьні.

— Што і каму ў згаданай вамі кнізе прыйшлося недаспадобы?

— На жаль, я гэтага не пачуў, і да гэтага часу мне цяжка канкрэтна сказаць, што і каму там не спадабалася. Але тое, што гэта пачалося менавіта з «Гродназнаўства», — відавочна. Самае цікавае, што я ўсяго толькі адзін з аўтараў, і мне хацелася б, каб дыскусія адбывалася ў прысутнасьці ўсяго аўтарскага калектыву — нам няма чаго саромецца. Я ведаю, што «Гродназнаўства» ўспрымаецца неадназначна і сярод гісторыкаў, якіх цяжка назваць афіцыйнымі. Скажам, Алесь Краўцэвіч у адным са сваіх допісаў дастаткова крытычна выказаўся. Там ёсьць аб чым спрачацца, гісторыя — гэта заўсёды высьвятленьне шляхоў, у ёй няма гатовых адказаў.

— У «Гродназнаўства» ажно шасьцёра аўтараў. Як вы лічыце, чаму рэпрэсіўныя меры прымаюцца толькі адносна вас?

— У гэтай сытуацыі пакуль цяжка рабіць нейкія высновы. Я магу толькі
Мне даводзілася чуць таксама, што я сяджу адразу на двух крэслах — і ва ўнівэрсытэце працую, і даю інтэрвію «Белсату», так нельга ...

здагадвацца. Па-першае, напэўна, тут адыграла ролю тое, што я ўжо неаднаразова чуў абвінавачваньні ў маёй неляяльнасьці пасьля маіх інтэрвію «Белсату». Магчыма, гэта паўплывала. Хоць я паўсюль падкрэсьліваў, што гэта праява прынцыповай пазыцыі прафэсіянала — я выказваўся выключна па пытаньнях гісторыі Горадні. Другі момант, напэўна, зьвязаны з гутаркай 10 верасьня. Магчыма, нехта палічыў сябе пакрыўджаным. Мне аб гэтым сказалі, маўляў ня ў тым тоне... Мне даводзілася чуць таксама, што я сяджу адразу на двух крэслах — і ва ўнівэрсытэце працую, і даю інтэрвію «Белсату», так нельга. А можа, проста так карта легла, вырашылі, што трэба камусьці зрабіць заўвагу, і Чарнякевіч найбольш падыходзіць на ролю ахвяры.

— У «Гродназнаўства» ўмясьцілася ўся тысячагадовая гісторыя Горадні. Выдатная паліграфія, сотні ўнікальных ілюстрацый — пра такую кнігу марыць кожны старажытны горад. Давайце вернемся да пытаньня крытыкі падручніка. Чым канкрэтна ён мог не спадабацца ўладам?

— Калі займацца здагадваньнем, напэўна, той факт, што падручнік канчаецца абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі. Уласна кажучы, для нас гэта быў такі кампрамісны варыянт, бо з самага пачатку кніга пісалася для Гарадзенскага выканкаму. Нам хацелася, каб яна прыйшла ў школы, яна разьлічаная на шырокую аўдыторыю. Але мы разумелі, што ад нас могуць запатрабаваць
Магчыма, камусьці не спадабаліся бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» — відаць, сёй-той ужо і забыў, што гэта былі першыя сымбалі незалежнай Беларускай дзяржавы ...

і такія рэчы, на якія будзе няздольны наш аўтарскі калектыў. Гегель калісьці сказаў, што гісторыя любіць сутоньне, паўзмрок. Каб пачаць займацца гісторыяй, трэба, каб прайшоў пэўны час. Таму 1991–1994 гады былі для нас тым рубяжом, калі гісторыя ўсё яшчэ застаецца палітыкай. Магчыма, гэта камусьці прыйшлося недаспадобы. Магчыма, камусьці не спадабаліся бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» — відаць, сёй-той ужо і забыў, што гэта былі першыя сымбалі незалежнай Беларускай дзяржавы. Магчыма, нейкія тэксты, якія адносяцца да 1980-90-х гадоў, нейкія фотаздымкі. Напэўна, не спадабалася прадмова Алеся Фёдаравіча Смаленчука, бо аб ёй у мяне пыталі. Прадмова напісана ўсё ж вельмі катэгарычным тонам. Шчыра кажучы, калі рыхтаваўся матэрыял да друку, у нас узьнікалі некалькі спрэчных момантаў, таму што можна было лёгка прадказаць рэакцыю на бел-чырвона-белы сьцяг і на прадмову. Я б усё ж нечым ахвяраваў. Падчас падрыхтоўкі кнігі я выказваўся за тое, каб зрабіць яе больш нэўтральнай. Але мне не ўдалося адстаяць сваю думку. Але цяпер, калі кніга выйшла, калі там стаяць нашыя прозьвішчы, я лічу, што сьмешна адмаўляцца. Таму я цалкам салідарны з прадмовай Алеся Фёдаравіча. Яна насамрэч істотная, але яна і вельмі адрасная, і напэўна, хтосьці пазнаў сябе ў тых зваротах, якія там падаюцца.

— Мяркуючы па форумах, «Гродназнаўства» — сёньня самая запатрабаваная ў Горадні кніга, паколькі нашы людзі яшчэ з савецкіх часоў дужа цікавяцца ўсім забароненым. Вас, дзякуй Богу, аднавілі на працы, хай у вас усё добра складзецца ва ўнівэрсытэце. Дык, можа, і стаўленьне ўладаў да кнігі зьменіцца ў лепшы бок?

— Я ня ведаю, што тут хучэй зьменіцца — адносіны, улада ці яшчэ нешта. Магчыма, выдадуць іншую кнігу. Гэта таксама было б цікава — убачыць яшчэ адно падобнае выданьне. Як аптыміст і рэаліст адначасова, я хутчэй разьлічваю на нейкі памежны варыянт. Нам нічога іншага не застаецца, як працягваць займацца гісторыяй, а тым, хто прымае рашэньні, у тым ліку зьвязаныя з нашай працай і нашай кнігай, трэба яшчэ раз больш уважліва прачытаць гэты падручнік. На мой погляд, там ёсьць адказы на шмат якія пытаньні, у тым ліку і датычныя гэтай сытуацыі. Нічога новага не адбываецца і ў Гарадзенскім унівэрсытэце — дастаткова згадаць паралелі з 50-х гадоў, калі такія ж канфлікты мелі месца.

— Вы згадалі 50-я гады. «Гродназнаўства» адкрыла для мяне тагачасны антысавецкі студэнцкі рух у Горадні, у кнізе называюцца імёны студэнтаў Гарадзенскага пэдінстытуту Васіля Клышэвіча і Мікалая Стрэльчыка, якія былі асуджаныя на 25 гадоў лягеру. Наколькі сёньня актуальна данесьці да гарадзенцаў і такую гісторыю?

— Веды пра ахвяраў і катаў, пра імкненьне да свабоды, да маральных прынцыпаў — гэта падстава любой гісторыі, пачынаючы з часоў Плютарха. Як мне падаецца, гісторыю нашага ўнівэрсытэту бяз гэтых імёнаў цяжка ўявіць. Але згадак пра Стрэльчыка і Клышэвіча вы ня знойдзеце ў музэі ўнівэрсытэту. Як няма там і прозьвішча ці фотаздымка Браніслава Ржэўскага — выкладчыка, які таксама ў 50-я гады пацярпеў. Аднак гэтыя факты мелі месца, яны дастаткова вядомыя ў вузкім коле людзей. Наш падручнік проста робіць іх даступнымі для кожнага гарадзенца, у першую чаргу — для маладога пакаленьня, якое павінна будзе асэнсаваць гэтыя падзеі для зразуменьня свайго часу.

— Вы займаецеся пераважна гісторыяй міжваеннай Горадні, на гэтую тэму ў вас шмат публікацый. Скажыце, наколькі тое, што з вамі нядаўна адбылося і адбываецца, паўплывае на вашу далейшую дзейнасьць?

— Пакуль мяне гэта натхняе — кажу зусім бяз патасу. Мне ня хочацца забягаць наперад, тым болей — рабіць зь сябе героя ці ахвяру, але калі ты ў віры падзеяў, гэта натхняе і захапляе. Адзінае, чаго хочацца — каб заставаўся час ня толькі на адстойваньне сваёй пазыцыі, а менавіта на нудную працу гісторыка — яна патрабуе нашмат больш часу, чым каму-небудзь падаецца.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG