нядзеля, 20 красавіка 2014, Менск 14:05

Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Пра што пасланьне?

8 траўня Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем. Якое агульнае ўражаньне ад гэтага выступу? Ці варта чакаць перамен у палітыцы? Як зьбіраецца кіраўнік дзяржавы вырашаць балючыя праблемы?

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Удзельнікі: палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Якое агульнае ўражаньне ад гэтага выступу?


Валер КарбалевічВалер Карбалевіч
x
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
: «Цікавасьць і ўвага да сёлетняга пасланьня была выклікана некалькімі чыньнікамі. Па-першае, яно адбылося якраз пасьля вострага дыпляматычнага крызісу з ЭЗ.

Па-другое, цікавасьць была падвышана пераносам даты пасланьня. Прычым, яму спадарожнічаў незвычайны камэнтар прэс-службы, што, маўляў, у першапачатковым варыянце выступу былі няправільна расстаўлены акцэнты.

Па-трэцяе, мінулым годам Беларусь перажыла хіба што самы востры крызіс у сваёй гісторыі. Гэта быў крызіс самой мадэлі. Людзі чакалі, што прэзыдэнт дасьць ацэнку гэтым падзеям і прапануе нейкі плян пераменаў. Ці апраўдаў выступ Лукашэнкі гэтыя чаканьні?»

Віталь ЦыганкоўВіталь Цыганкоў
x
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў: «Пасланьне не апраўдала вялікіх чаканьняў, расчаравала. Мінулыя гады ўсё ж былі ў пасланьнях нейкія навацыі, новыя ідэі. Ці то згад пра „рынкавы сацыялізм“, ці тры задачы: экспарт, харчаваньне, будаўніцтва. Цяпер не было аналізу крызісу. Як вядома, ён адмаўляў існаваньне крызісу.

На заканчэньні пасланьня Лукашэнка, як выглядае, пачаў апраўдвацца, чаму пасланьне было такім „тактычным“, не дало нейкіх істотных стратэгічных пэрспэктываў. Лукашэнка тлумачыць гэты тым, што выступае з пасланьнем кожны год, і таму вырашыў ня ставіць нейкіх стратэгічных задач. Відавочна, ён адчувае, што сёньняшняе пасланьне расчаруе многіх — ніякіх новых ідэяў не было выказана, не было намалявана нейкіх канкрэтных праграмаў разьвіцьця краіны».

Адказы на пытаньні


Карбалевіч: «Крызіс мінулага году Лукашэнка назваў „неурядицами“. Цікава тое, што ў самім пасланьні Лукашэнка пазьбягаў чапляць вострыя пытаньні. Яны былі вынесены ў адказы на пытаньні дэпутатаў. Пытаньні былі сапраўды вострыя, гледзячы па ўсім, загадзя падрыхтаваныя. Цікава, што мінулыя гады адказы на пытаньні дэпутатаў увогуле не трансьляваліся ў жывым эфіры. А цяпер зрабілі вось такі фармат. Чаму?»

Цыганкоў: «Гэта быў сплянаваны сцэнар. Падчас самога пасланьня было шмат „вады“ і мала пра сапраўдныя праблемы. Вырашылі, што трэба разбавіць пасланьне нечым больш жывым. Паводле ўсіх правілаў піяру і рэклямы, трэба „пагасіць“ нэгатыўныя тэмы, калі самому іх закрануць і з адпаведнымі акцэнтамі.

І яшэ адзін аспэкт. З дапамогай гэтых вострых пытаньняў даводзілі, што дэпутаты — самастойныя палітыкі, падымаюць пытаньні, якія цікавяць людзей».

Эканамічныя праблемы


Карбалевіч: «Якія акцэнты былі зробленыя ў разьдзеле пра эканоміку? Лукашэнка кажа пра банальныя рэчы: інвэстыцыі, новыя праекты. Сам прызнае хібы беларускай мадэлі. Але мяняць яе не зьбіраецца. Лукашэнка шмат увагі надаў пытаньню прыватызацыі. Бо тэма балючая, асабліва ў зьвязку з расейскімі патрабаваньнямі».

Цыганкоў: «Дарэчы, паводле афіцыйнага паведамленьня, дату пасланьня перанесьлі менавіта з-за пытаньня прыватызацыі».

Карбалевіч: «Незалежныя мэдыі надаюць гэтай тэме вялікую ўвагу, кажуць пра пагрозу прыходу сюды замежнага капіталу».

Цыганкоў: «Доўгая і эмацыйная частка прамовы, прысьвечаная прыватызацыі, сьведчыць, што Лукашэнка зараз найперш занепакоены сацыяльнай стабільнасьцю, а не эканамічнымі рэформамі. Пытаньне ўласнасьці ён параўнаў з 1917 годам і грамадзянскай вайной. Адсутнасьць прыватызацыі тлумачыць імкненьнем захаваць стабільнасьць. Такім чынам, падведзеная ідэйная база для спыненьня прыватызацыі.
У краіну, дзе існуюць палітвязьні, у краіну, якую называюць „апошняй дыктатурай Эўропы“ сур’ёзныя інвэстары ня пойдуць.

Лукашэнка шмат кажа пра прыцягненьне прамых замежных інвэстыцыяў. „Няма каго вінаваціць, акрамя нас саміх“, — кажа кіраўнік дзяржавы. Але Лукашэнка „забыўся“ на галоўную прычыну — у краіну, дзе існуюць палітвязьні, у краіну, якую называюць „апошняй дыктатурай Эўропы“ сур’ёзныя інвэстары ня пойдуць. Таму вось ужо некалькі гадоў запар дзяржаўны плян па інвэстыцыях не выконваецца, а вялізныя міжнародныя форумы (напрыклад, Лёнданскі) проста правальваюцца — не даюць канкрэтных вынікаў».

Пра палітычныя працэсы


Карбалевіч: «Некалькі месяцаў таму ў адным інтэрвію Лукашэнка заявіў пра магчымыя палітычныя рэформы, якія, магчыма, пачнуцца пасьля парлямэнцкіх выбараў. Пасьля гэтага пасланьня якія высновы можна зрабіць наконт палітычных рэформаў?»

Цыганкоў: «Калі казаць коратка, то ніякіх рэформаў чакаць ня варта. Ён давёў, чаму яму не падабаецца прапарцыйная выбарчая сыстэма. Яшчэ цікава, што Лукашэнка апавядаў, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўлады зьбіраліся ладзіць дыялёг, разьвіваць грамадзянскую супольнасьць. Маўляў, толькі падзеі на плошчы не давалі гэта зрабіць.

Але Лукашэнка „забыўся“ на свае папярэднія выказваньні. Падчас леташняга пасланьня Лукашэнка казаў зусім іншае. „Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў мы дадэмакратызаваліся да таго, што ня толькі вас, але і мяне ванітавала. Было ўжо столькі дэмакратыі, што проста ванітавала“. Такім чынам, год таму яго ад дэмакратыі ванітавала, а цяпер ён кажа, што тады зьбіраўся разьвіваць дэмакратыю. Гэта чарговая нестыкоўка».

Карбалевіч: «Калі ў разьдзеле пра эканоміку можна было спрачацца з прэзыдэнтам, то ў разьдзеле пра палітычныя працэсы нешта нават цяжка камэнтаваць. Калі чорнае называюць белым, то якая можа быць спрэчка. Як можна камэнтаваць, калі Лукашэнка даводзіць, нібыта апазыцыя адмовілася ад дыялёгу?»

Цыганкоў: «Ня першы раз заўважана, што Лукашэнка можа спакойна разважаць пра нейкія геапалітычныя, эканамічныя пытаньні, але калі размова заходзіць пра апазыцыю, то ён зрываецца, зьяўляецца агрэсія, істэрычны тон. Гэта ідзе на шкоду яго іміджу, але ён ня можа сябе стрымаць».

Карбалевіч: «Лукашэнка паставіў кропку ў тых дыскусіях, якія ішлі ва ўладным асяродзьдзі па нейкіх тэмах. Ён катэгарычна заявіў, што прапарцыйнай сыстэмы ня будзе, адмены сьмяротнага пакараньня ня будзе.
Раней многія казалі, што рэформаў ня будзе, а будзе імітацыя. Пасьля сёньняшняга выступу становіцца зразумела, што ня будзе нават імітацый.

Зьявіўся новы і цікавы тэзіс. Аказваецца, беларускія людзі не гатовыя да свабоды. І спасылаецца на Дастаеўскага. Таму, маўляў, ня трэба нас штурхаць у гэты бок з Захаду. А трохі раней Лукашэнка казаў, што ў Беларусі дэмакратыі ня менш, чым у Эўропе.

Таму, калі рабіць выснову, то раней многія казалі, што рэформаў ня будзе, а будзе імітацыя. Пасьля сёньняшняга выступу становіцца зразумела, што ня будзе нават імітацый».

Цыганкоў: «Дарэчы, журналісты ўжо заўважылі, як няўдала Лукашэнка выкарыстаў цытату з Дастаеўскага. Гэта цытата з рамана „Браты Карамазавы“. Там пра тое, што людзям ня трэба свабода, гаворыць Вялікі Інквізытар, які спрачаецца з Хрыстом».

Карбалевіч: «Гэта больш пытаньне да сьпічрайтэраў Лукашэнкі, чым да яго самога. Хоць Дастаеўскага будучаму прэзыдэнту трэба было б чытаць у маладосьці».

Пра вонкавую палітыку


Карбалевіч: «Пагаворым пра замежную палітыку. Увогуле, пра вонкавую палітыку Лукашэнка казаў вельмі коратка. Прычым аб адносінах з Расеяй кіраўнік дзяржавы казаў толькі ў кантэксьце Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы трох дзяржаў. Гэта трохі дзіўна, асабліва на тле ўчорашняй інаўгурацыі. Толькі ў адказах на пытаньні ён узгадаў гэтую тэму.

Прычым яго тэзіс быў такі. Маўляў, дасюль Расея праводзіла памылковую палітыку адносна Беларусі. Цяпер яна ўсьвядоміла сваю памылку і праводзіць правільную палітыку. У перакладзе на зразумелую мову, вярнулася да датацый беларускай эканомікі».

Цыганкоў: «Вельмі рэдкае на сёньняшні дзень выказваньне пра адносіны з Расеяй, і тое — у адказ на пытаньне дэпутаткі Мазай. (Варта заўважыць, што ўвогуле ў пасланьні пра Расею было сказана рэкордна мала.) „Няма рэсурсаў у Пуціна задушыць Беларусь, Расея на гэта ня пойдзе“. Паказальная фраза пра адносіны найбліжэйшых саюзьнікаў, краінаў, якія ствараюць гэтак званаю „Саюзную дзяржаву“».
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ананім
08.05.2012 22:28
"дасюль Расея праводзіла памылковую палітыку адносна Беларусі. Цяпер яна ўсьвядоміла сваю памылку і праводзіць правільную палітыку. У перакладзе на зразумелую мову, вярнулася да датацый беларускай эканомікі».

LOL

Імя:: azhbeta
13.05.2012 13:40
Паважаны спадар Карбалевіч! Калі ўжо вы называеце Лукашэнку прэзідэнтам, дык што ўжо казаць пра бабулю і падобны лохтарат.
Відэа