чацьвер, 24 красавіка 2014, Менск 11:56

Праграмы / Падарожжы Свабоды

Ці паўстане Кітай-горад на месцы Бярозавай Гары?

Мультымэдыя

Аўдыё
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Інфармацыю пра так званае «кітайскае прышэсьце» на дачную Смалявіччыну адсочваю ня першы месяц. Але пакуль свой супраціў уладальнікі лецішчаў не аформілі арганізацыйна, зьбірацца ў вандроўку не лічыў мэтазгодным. І вось час надышоў — тысячы дачнікаў аб’ядналіся ў Асацыяцыю дачных каапэратываў «Свая сотка», якая зьвярнулася з пратэстамі ў розныя інстанцыі, пачынаючы ад адміністрацыі прэзыдэнта, ды запатрабавала правесьці рэфэрэндум па «кітайскім» пытаньні.

Але спачатку пра перадгісторыю. Яшчэ 1 чэрвеня 2011 году прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч урачыста абвясьціў пра «грандыёзны праект, які не саступае расейскаму «Сколкаву». Маўляў, гэта будзе беларуска-кітайскі індустрыяльны парк агульнай плошчай 80 квадратных км. ААТ «Кітайская інжынерная карпарацыя САМС» прапанавала праінвэставаць яго на агульную суму ў 30 млрд даляраў. У абмен кітайцы патрабавалі сур’ёзных падатковых ільготаў, асаблівага прававога статусу будучай зоны і магчымасьці самім выбіраць зручныя для сябе плошчы на Смалявіччыне, дзе маюць участкі і лецішчы дзясяткі тысяч дачнікаў. Перад эфірам я папрасіў ацаніць эканамічную мэтазгоднасьць праекту для краіны экс-старшыню Нацыянальнага банку, спадара Станіслава Багданкевіча.

Станіслаў БагданкевічСтаніслаў Багданкевіч
x
Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Багданкевіч: «Умовы кантракту, у прынцыпе, ільготныя. Для Беларусі прымальныя — 3 гады плаціць ня будзем, 6% гадавых, расейскі „Сбербанк“ даваў пад 10–12% нам. Але ж усё пытаньне ў тым, на што кітайцы даюць — на фінансаваньне, продаж уласнага абсталяваньня! У Кітаю ня возьмеш крэдыт, каб скарыстоўваць яго, дзе выгадней, а толькі на той праект, які яны самі будуюць, фінансуюць, даюць абсталяваньне. Таму пытаньне ў тым, наколькі яно якаснае, сувымерна з абсталяваньнем эўрапейскім, амэрыканскім. Наколькі ўсё эфэктыўна будзе пасьля? І другое — даецца пад гарантыі ўраду, доўг дзяржавы будзе павялічвацца…»

Для вандроўкі я абраў вёску Бярозавая Гара, вакол якой мноства дачных каапэратываў. Тут якраз адбыўся і ўстаноўчы мітынг-сход памянёнай Асацыяцыі. З тэхнічных прычын ня ўсе запісы аказаліся якаснымі. Таму па сьлядах вандроўкі мы пройдземся па Бярозавай Гары са спадаром Аляксандрам Андрушкевічам, старшынём праўленьня дачнага каапэратыву «Алеся», які ўзьнік на аднайменным менскім тэкстыльным прадпрыемстве.

Карэспандэнт: «Спадар Аляксандар, як вы бачыце, што стане зь Бярозавай Гарой, калі вакол узьнікнуць кітайскія пасяленьні?»

Андрушкевіч: «Той прыгажосьці, якую адчуваем мы, нашы сем’і, унукі, калі прыяжджаем сюды адпачываць, — ня будзе. Вакол нас будуць устройвацца, і нам самым прыйдзецца ціхенька сабрацца і сысьці, а ўкладзеную працу за бесцань аддаць. Усё робіцца паўзуча, подла…»

Карэспандэнт: «Давайце зробім падарожжа па дачных каапэратывах. Адразу кідаецца ў вочы вялізны недабудаваны двухпавярховы дом 60-гадовага пэнсіянэра зь Менску, які ўжо ўклаў у будоўлю 25 тысяч даляраў…»

Андрушкевіч: «Ну, так — на нешта спадзяваўся. Гэта ў таварыстве „Алеся“.

Тут усё будуецца, расьце. Народ у надзеі, што зможа пражыць да глыбокай старасьці…»

Карэспандэнт: «Далей ідзе таварыства „Граніт“. Там я апынуўся ля вялізнага падворку, дзе жыве 33-гадовы электраманцёр. Гаспадарка ў яго таксама вялізная — качкі, індыкі, куры, лазьня, хлявы…»

Андрушкевіч: «Так, ён стаў сельскім жыхаром, але прыйдзецца яму ўсёй жыўнасьці галовы адрэзаць, прадаць на кірмашы і вярнуцца ў брудны Менск. А прыгажосьць тут, паветра — не апісаць. Не ўяўляецца, што тут можа быць. Таму што плянуецца хімічная вытворчасьць, зьвязаная з фармацэўтыкай, машынабудаўніцтва, электроніка, таксама хімія…»

Карэспандэнт: «А я ваду ў вас паспытаў — смакоцьце!»

Андрушкевіч: «Нідзе я такой ня піў! А ў нас сьвідравіна свая на глыбіні 78 мэтраў. Наліваеш у ванну, і блакітам аддае — яна ад прыроды такая. Узімку і ўлетку людзі бяруць піць ваду ў горад…»

Карэспандэнт: «Акурат каля вадакачкі пажылы міліцыянт сказаў, што людзі баяцца. І тут жа параіў адправіць Лукашэнку жыць у Кітай… (Агульны сьмех.) У сувязі з кітайскім прышэсьцем — як зьмяніліся адносіны да ўлады?»

Андрушкевіч: «Ну, так, народ глядзіць, што адбываецца, і робіць высновы…»

Карэспандэнт: «Дарэчы, яшчэ ў адным месцы людзі ў адзін голас загаварылі пра патрабаваньне адстаўкі Батуры, старшыні Менскага аблвыканкаму…»

Андрушкевіч: «У яго роля актыўнага выканаўцы. На першым сходзе кіраўнікоў таварыстваў у Смалявічах з Батурам нас было ад дачнага масіву 12 чалавек — трапілі ўсяго два. Пасьля сустрэчы аказаліся незадаволенымі — толькі ў канцы ён спакойна стаў размаўляць. Не даваў сказаць слова — у іх ва ўсіх стыль такі…»

Карэспандэнт: «Калі я быў на мітынгу-сустрэчы, было 500 чалавек, энтузіязм, што людзі згуртаваліся. Будзе іх болей?»

Андрушкевіч: «Канечне, сэзон пачынаецца — будзе болей у разы, хоць улады імкнуцца нас закалыхаць абяцанкамі. Дачнікам рукі апускаць нельга — за сваю зямлю трэба змагацца…»

* * *

Кітайскае пранікненьне, кажуць, закране да 30 каапэратываў ды 13 вёсак. Апошнія арганізацыйна аформіліся ў асобную асацыяцыю, але пад той жа назвай — «Свая сотка». Настрой там таксама баявы. Я пагутарыў са спадарыняй Валянцінай Калякай, жыхаркай вёскі Заямное.

Каляка: «Колькі лістоў мы ні пісалі, усе спускаюцца на аблвыканкам, і адтуль адказу няма — уся інфармацыя засакрэчаная альбо расплывістая! Чаму ва ўказе яны пішуць пра 80 кв.км, а Тозік сказаў пра 4?! Чаму 80 км прадаюць кітайцам, і потым кітайцы будуць гаспадарамі нашай зямлі?! Ёсьць тут пару жыхароў непісьменных, астатнія ж усе цудоўна разумеюць наступствы. І ніхто за так сваю зямлю не аддасьць — яны хочуць, каб народ выйшаў зь віламі і сякерамі?! Дачакаюцца! Мы стрымліваем, а тут зьбіраюцца і дарогі перакрываць. Чакаем пакуль афіцыйных адказаў і сустрэч, каб людзі былі задаволеныя імі!»

Арганізацыйную ды юрыдычную дапамогу дачнікам ды вяскоўцам у афармленьні Асацыяцыі аказвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Каляка: «Безумоўна, мы вельмі ўдзячныя ім, бо каб не яны, ніхто б з намі ўвогуле не размаўляў! А дзякуючы ім, у нас ёсьць магчымасьць і праз інтэрнэт гутарыць, і лісты гэтыя складаць…»

Я зьвязаўся праз тэлефон зь лідэрам кампаніі «Гавары праўду», паэтам ды экс-кандыдатам у прэзыдэнты, спадаром Уладзімірам Някляевым.

Уладзімер НякляеўУладзімер Някляеў
x
Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Карэспандэнт: «Акрамя таго, што могуць быць адабраныя соткі і лецішчы ў дзясяткаў тысяч людзей, што ў глябальным сэнсе гэта можа азначаць для нашага далейшага беларускага жыцьця?»

Някляеў: «Стварэньне так званага кітайска-беларускага індустрыяльнага парку — рэч небясьпечная. Я зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў РБ, каб мне далі тлумачэньне, хто галасаваў „за“ ратыфікацыю пагадненьня паміж Кітаем і Беларусьсю. Мне адказалі, што галасавалі па электроннай сыстэме і пратаколу не прадугледжана. Тут і закладзена ўсё тое, што будзе з паркам. Калі акажацца, што ў Беларусь сьцягнутыя крымінальныя грошы, шалёныя прыбыткі з казіно — гэта асноўнае, што там хочуць збудаваць…»

Карэспандэнт: «Перакачка» забароненага ў Маскве зла пойдзе…"

Някляеў: «А яшчэ ўзьлётна-пасадачная паласа, каб маглі прылятаць арабскія шэйхі ды каралі і пакідаць свае грошы. А ўздоўж — склады з прадукцыяй і самі таварышы кітайцы, як сёньня плянуецца, колькасьцю 600 тысяч чалавек — гэта трэцяя частка Менску! Экалягічная праблема, і, урэшце, гэта праблема выжываньня нацыі. Я нічога ня маю супраць Кітаю і яго вялікай культуры. Але я кроўна зацікаўлены ў тым, каб жылі на беларускай зямлі беларусы. Такія праекты павінны выносіцца на ўсенароднае абмеркаваньне. Вы распавядзіце, якая будзе „сьветлая будучыня“, пакажыце ўвесь праект на пляншэтах! Не, гэтага нямашака, усё робіцца патаемна, нячыста. Нават зыходзячы з гэтага, любы чалавек у Смалявічах скажа, што нейкая тоіцца для нас небясьпека. І я вас запэўніваю, што гэта так і ёсьць…»


На якой стадыі знаходзіцца супраціў дачнікаў «кітайскай экспансіі», прашу распавесьці прэс-сакратара «Гавары праўду», спадара Юрыя Ганчара.

Ганчар: «Дакумэнты перадаюцца ў Мінэканомікі, юрысты „Гавары праўду“ і незалежныя праводзяць канчатковую экспэртызу. Што да рэфэрэндуму, існуюць 2 шляхі — ініцыятыва грамадзян, якія пражываюць у Смалявіцкім раёне, альбо дэпутатаў райсавету. Але пытаньне не адносіцца да іх кампэтэнцыі. Адзіны юрыдычна правільны шлях — зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнямі аб дэнансацыі гэтага пагадненьня…»

Карэспандэнт: «Колькі дачнікаў уваходзіць у асацыяцыю каапэратываў?»

Ганчар: «Гэта аб’яднаньне юрыдычных асобаў — 8–10 садаводзтваў, 10 тысяч дачнікаў…»

Перад гэтай вандроўкай я быў на Пухавіччыне, у пасёлку Дружны, вакол якога шкодная хімічная вытворчасьць «Август-Бел» ды пабудаваная кітайцамі менская ЦЭЦ-5. Паводле жыхароў, пасьля двух год працы на вытворчасьці ў людзей выпадаюць валасы ды зубы. Шмат хто ў Дружным ужо сядзіць на чамаданах. На ЦЭЦ-5 здараюцца тэхналягічныя аварыі з-за няякаснага кітайскага абсталяваньня ды кепскай будоўлі. Лідэр дружненскага грамадзянскага супраціву спадар Сяргей Абразоўскі пракамэнтаваў і сытуацыю на Смалявіччыне.


Сяргей АбразоўскіСяргей Абразоўскі
x
Сяргей Абразоўскі
Сяргей Абразоўскі
Абразоўскі: «Гэтаксама будзе і ў Смалявіцкім раёне — ім зараз наабяцаюць, разьдзеляць на часткі. Скажуць — у вас зямля будзе, у вас ня будзе, заблытаюць людзей. Пабудуюць тое, што захочуць, у гэтых 4 зонах — пабудуюць і брудныя прадпрыемствы, якія забрудзяць чыстае навакольле, якое там сёньня ёсьць…»

Ізноў да размовы са спадаром Юрыем Ганчаром.

Ганчар: «Так, і дачнікі не давяраюць кітайскім тэхналёгіям і спэцыялістам. Паводле нашай інфармацыі, кітайцы настойваюць, каб у зону тэхнапарку абавязкова трапіла Пятровіцкае вадасховішча — каб скарыстоўваць чыстую ваду, што сілкуе лецішчы, дзеля зьліву тэхналягічных адкідаў. Зона ж мае асаблівы юрыдычны статус і цалкам будзе кантралявацца кітайцамі, бо, паводле ўказу, 60% акцыяў належаць кітайцам і толькі 40% — беларускаму боку…»

Карэспандэнт: «Словы Лукашэнкі пра неабходнасьць зьняць „мутнасьць з кітайскага пытаньня“ можна лічыць рэакцыяй на ваш зварот пасьля ўстаноўчага сходу?»

Ганчар: «Гэта адназначна! Проста наколькі можна верыць яго словам? Хутчэй за ўсё, звычайны папулізм. Ёсьць супраціў шараговых супрацоўнікаў Мінэканомікі, якія разумеюць наступствы гэтага кроку. Гэта выключна палітычны праект. Лукашэнка хоча стварыць саюзьніка, прывязаўшы да сябе Кітай, бо ёсьць і расейскія інвэстары, эўрапейскія, якім ня створаныя ўмовы, ня кажучы пра беларускі бізнэс. Прычым, як вы пераканаліся, гэта ня самыя лепшыя ўзоры кітайскіх тэхналёгіяў. Пакуль пераважае легальны, бюракратычны шлях, але радыкалізацыя ня выключаная…»
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.
Відэа