панядзелак, 21 красавіка 2014, Менск 10:04

Праграмы / Падарожжы Свабоды

Першамай у Высокім

У сучаснай Беларусі 1 траўня застаецца «чырвоным днём календара». Не скажу за ўсю Беларусь, але ў пасёлку Высокім на Аршаншчыне яго не ўспрымаюць ні як гістарычную вяху, ні як падставу для мітынгаў, ні як Дзень працы і вясны.

Мультымэдыя

Аўдыё
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Карэспандэнт: «Першамай сьвяткуеце?»

Спадар: «Раней хадзілі пад сьцягамі і парасонамі. А цяпер які Першамай? Пасяўная пойдзе, будзеш працаваць — і ўсё. Трэба зерне грузіць ды бульбу сеяць. Сёлета адурэць якое надвор’е: дождж пойдзе — і трактары топяцца. Сьвята ў горадзе — завод закрылі, ён ходзіць-аддыхаець...»

Спадарыня: «Зараз мы выходзім у асноўным на гарод, бо выхадны. А Дзень салідарнасьці можа сабе горад дазволіць...»

Спадарыня: «Як выхадны ўспрымаю. Моладзь і ня ведае, што ёсьць што...»

Спадар: «Ёсьць нейкая радасьць — вясна прыйшла, цёпла. Во абяцаў прэзыдэнт 500 даляраў палучкі!» (Агульны сьмех.)

Спадар: «Грошы ё, тады сьвяткуем! (Сьмех.) А палучкі няма на 1 траўня — адпрацуеш і пайшоў дадому...»

Карэспандэнт: «Вы 1 траўня калі-небудзь сьвяткавалі?»

Спадар: «Ну канечне, пастаянна, нават і мітынгі бывалі ў нас у Высокім. А так якое сьвята? Цэны растуць, грошы — на месцы...»

Спадарыня: «Жывем у гэтым доме з 2002, у школе працую. З заробкамі як абіжалі, так і абіжаюць (сьмяецца). 1 траўня ў нас як заўжды — хто бульбу сее, хто што. Травень пачаўся — пачалася праца на палетках, гародах...»

Адрас для сваёй «першамайскай» вандроўкі выбраў невыпадкова. Пасёлак Высокае — месца гістарычнае: 83 гады таму тут адбыўся першы зьезд КПЗБ, пра які дагэтуль вядома вобмаль. Паводле адной з вэрсіяў, з-за таго, што функцыянэры Камінтэрну падалі Сталіну вынікі форуму ў нэгатыўным сьвятле, у Высокім быў нібы закладзены падмурак для далейшых масавых рэпрэсіяў супраць заходнебеларускіх камуністых. Ва ўсякім выпадку, у савецкія часы нельга было павесіць нават мэмарыяльную дошку ў былым фальварку пана Макаржыцкага, дзе адбываўся зьезд. Нядаўна актывісты партыі «Справядлівы сьвет» — былой ПКБ — знайшлі валун непадалёк ад руінаў старажытнай царквы. Побач, у гумне, праходзіў падпольны зьезд, і туды маюць намер прычапіць памятную шыльду. Сюды прыехалі былы сакратар Талачынскага райкаму ПКБ з 58-гадовым партыйным стажам Мінай Карніенка і сёньняшні першы сакратар Аршанскага гаркаму Мікалай Дзямідаў, актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом», праваабаронца, сябра рэдкалегіі газэты «Товарищ» Мікалай Петрушэнка і намесьнік старшыні моладзевай «правай» арганізацыі «Зьвяз», гісторык Ігар Казьмярчук. Адна з мэтаў — абмеркаваньне пастаўленых вышэй пытаньняў.

Карэспандэнт: «Што для вас Першамай на сёньня?»

Карніенка: «Для мяне, па-першае, гісторыя, тое далёкае мінулае, калі пралетарыі год 120 таму ў далёкім амэрыканскім Чыкага выйшлі змагацца за правы, свабоды працоўнага чалавека...»
Мікалай Дзямідаў
Мікалай Дзямідаў

Дзямідаў: «Першамай сёньня для нас — сьвята салідарнасьці працоўных як Беларусі, так і ўсяго сьвету. Мы і падалі заяўку ў Воршы на правядзеньне двух пікетаў. Усясьветны крызіс яшчэ ня скончыўся, і трэба паказаць, каму горш за ўсё жывецца — работнікам наёмнай працы...»

Рэтраспэктыва. Ужо пасьля гэтай размовы Аршанскі гарвыканкам адмовіў заяўнікам у правядзеньні першамайскіх пікетаў з-за «адсутнасьці дамоваў зь міліцыяй ды камунальнымі службамі».

Карэспандэнт: «Як вы ўяўляеце паняцьце „салідарнасьць“ у часы, калі афіцыйныя прафсаюзы дамінуюць, а незалежныя, дзе яна магла б праяўляцца, задушаныя?»

Казьмярчук: «Калісьці гэта было значна, што гэта дзень салідарнасьці. На сёньня, калі пралетарыят ня мае лёсавызначальнай сілы, як паводле Леніна, на першы плян выходзяць прадпрымальнікі, бізнэсоўцы. Статус пралетарыяту як сілы палітычнай, якой трэба кансалідавацца, зьмяншаецца. Сярод моладзі ў Воршы наўрад ці хто пайшоў бы на гэты пікет...»

Дзямідаў: «Маглі б, тым больш я ўзначальваю прафгрупу радыёэлектроннай прамысловасьці, у нас ёсьць свабодны прафсаюз мэталістаў Леўчанкава. Мы вырашылі сабраць сродкі работнікам кар’еру „Граніт“, што выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу...»

Карэспандэнт: «А калі пад чырвонымі сьцягамі аддана Брэжневу кляліся ў вернасьці ў Першамай — гэта нармальна было?»

Карніенка: «Не для іх мы хадзілі са сьцягамі і выказвалі сваю салідарнасьць з працоўнымі ўсіх краін. У партыі я з 1954 году — уступаў, калі яна яшчэ называлася ВКП(б). Мне давалі рэкамэндацыю ў партыю франтавікі...»

Карэспандэнт: «Але ўжо ў часы савецкай імпэрыі асноўная колькасьць дэманстрантаў думала пра сьвяточны стол. Гэта я да таго, што палітычны кантэкст, нібы, зруйнаваны?»
Пэнсіянэры прызвычаіліся жыць дрэнна, цяжка, эканоміць на ўсім, а вось як жыць маладым?!

Карніенка: «Павінен быць! Як серп і молат, сымбаль салідарнасьці працоўных у працы і змаганьні! Могуць мяне лічыць артадоксам-камуністам, але адстаяць свае правы і свабоды можна толькі дэмакратычным шляхам. Сёньня ані прафсаюзы афіцыйныя, ані палітычныя рухі не змагаюцца за інтарэсы працоўных. Улада хоць і абвясьціла сацыяльную накіраванасьць, але мы бачым, як кожны дзень растуць цэны, як цяжка жыць, асабліва тым, у каго 2–3 дзяцей і яны зарабляюць мінімальную зарплату! Пэнсіянэры прызвычаіліся жыць дрэнна, цяжка, эканоміць на ўсім, а вось як жыць маладым?! Я калі гляджу, як маладая кабета набірае кілбасы лівэрнай торбу, плакаць хочацца...»

5 год таму, у часе першай вандроўкі ў Высокае, завітаў у шматдзетную сям’ю Бурынскіх — ім, казалі, найцяжэй. У маці, Людмілы Рыгораўны, танклявай кабеты са стомленымі вачыма і напрацаванымі рукамі, было дзевяць дзяцей ад двух з паловай да 20 год. Сёлета сустрэў яе ля хаты — год таму ўладкавалася прыбіральшчыцай у школе.

Карэспандэнт: «Вам практычна нічым не дапамагала дзяржава — дапамога на самага маленькага 90 рублёў была, на ўсіх дзевяцярых тады — 387 тысяч...»

Бурынская: «На пяцёх мне выходзіць дзіцячы дадатак у паўтара мільёна — гэта нішто. Самы маленькі, Саша, у 2 клясу ходзіць, астатнія — у 4-ю, 6-ю, 7-ю і 9-ю. Старэйшая, Наста, скончыла каледж, ёй 25, працуе ў садку...»

Карэспандэнт: «5 год таму, калі я ў вас быў, вы толькі карову завялі...»

Бурынская: «Цяпер збылі, бо цяжка. У старэйшай свая сям’я, сыны працуюць — няма калі ім з гэтым сенам. Бульбу вырошчваем для сябе...»

Карэспандэнт: «Зь дзецьмі мы тады гаварылі — казалі, што на вёсцы ня хочуць заставацца...»

Бурынская: «Што тут на вёсцы рабіць — напакутаваліся...»

Карэспандэнт: «І ўсё ж калі назад вярнуцца — цяпер паўтарылі б гэты шлях?»

Бурынская: «Так-так, хоць і 9, ня ведаю, каб іх у мяне не было — шчасьце ў Высокім...»

* * *

Факт, якога наўмысна не прыдумаць — 5 год таму ў часе сустрэчы дырэктарка мясцовай сярэдняй школы Нэлі Сьцяпанаўна ды яе намесьніца Марыя Браніславаўна мне прызналіся, што зрабілі «ідэалягічную» памылку, з-за чаго тады папрасілі не называць у эфіры прозьвішчаў. «Памыліліся» ж у тым, што ўпарадкавалі магілы, дзе пахаваныя... немцы — побач праходзіў у 43-м фронт. Сёньня ў Высокім суседзтва магілаў няўдалых заваёўнікаў ды іх пераможцаў успрымаюць нармальна. Я спыніў маладую маці, спадарыню Іну Шуставу, акурат ля пасялковага магільніка.

Шустава: «Там ёсьць помнічак такі, дзе напісана, што нямецкім жаўнерам гэтым. Там часьцей была — цяпер у дэкрэце...»

Пра тое, што, як сьпявалі рокеры часоў перабудовы, «час мяняць імёны», я працягваю размову зь Мінаем Карніенкам, Мікалаем Дзямідавым, Мікалаем Петрушэнкам ды Ігарам Казьмярчуком.

Петрушэнка: «Слухаў Міная Лявонавіча і прыпомніў адзін красамоўны факт. З 1 траўня 42-га, 43-га, 44-га гадоў ёсьць кінахроніка, калі пры фашысцкай акупацыі ішлі і несьлі лёзунгі: далоў англа-амэрыканскі імпэрыялізм, Сталіна і г.д.! Заўсёды ў сваіх клясавых інтарэсах Першамай скарыстоўвалі чыноўнікі, улада. І цяпер таксама — „Праздник весны, труда“! Але спусьцімся на зямлю. У Пінску грымнуў завод — 13 трупаў! У Воршы ўзрыў у лядоўні мясакамбінату — 4 трупы! Крымінальныя справы ціха замялі. Дзе ж наша салідарнасьць з тымі людзьмі, што загінулі на працоўным месцы?! Дырэктар Пінскага заводу сышоў ад суду, а дырэктар мясакамбінату ўцёк у ЗША, і цяпер адкрылася справа па факце крадзяжу ім 2 мільёнаў даляраў. І цяперашняя ўлада стварыла ўмовы для ўзбагачэньня для сваіх дзетак, унукаў — ім сьніцца, як яны прыватызавалі нашу агульную ўласнасьць...»

Карэспандэнт: «Давайце вызначым — што такое Першамай для ўладаў, народу і палітычнай апазыцыі? У чым розьніца?»

Петрушэнка: «Улада скарыстоўвае яго для падману народу, а для апазыцыі гэта нескарыстаныя магчымасьці. Пакуль не пачне заклікаць да адзінства працоўных, якіх 90% зь нечым. О, тады Першамай будзе жыць!»

Карніенка: «Як можа апазыцыя заклікаць да згуртаваньня, калі яна сама аніяк не згуртуецца?! Перад выбарамі зараз — адны за байкот, другія за ўдзел. Хоць трэба, каб гэтае сьвята зьявілася прыкладам яднаньня!»

Карэспандэнт: «Якія лёзунгі на сёньняшні Першамай вы б высунулі?»
Мінай Карніенка і Мікалай Петрушэнка
Мінай Карніенка і Мікалай Петрушэнка

Карніенка: «Адзіным фронтам на барацьбу за шчасьце працоўнага чалавека!»

Петрушэнка: «Гэта абстракцыя. Лёзунг адзіны — „Шчыльнымі радамі супраць дыктатуры!“ Зломім яе — тады і працоўныя атрымаюць магчымасьці для „барацьбы за шчасьце“. Я не хачу змагацца за шчасьце чыноўнікаў, прыхватызатараў, што мараць зьявіцца ў ролі новых капіталістаў. Хай папрацуюць, як Форд, і заробяць не на дурніцу. Тут Лукашэнка лае суседзяў нашых. Літва сустрэла Першамай цікавым дадаткам у законы. Кожны, хто плаціць падаткі, можа напісаць — прашу 3% зь іх выкарыстаць у інтарэсах такой і такой грамадзкай арганізацыі. Дык дзе ж больш прамой дэмакратыі — у Літве, дзе адкрыта будуюць капіталізм, альбо ў Беларусі, дзе займаюцца балбатнёй пра сацыялізм?!»

Карэспандэнт: «У той жа час трэба прызнаць, што Першамай скарыстоўваўся на ўсе лады тымі, хто ўладу мае. Паглядзіце, колькі вуліцаў, станцыі мэтро, пасёлкі, вёскі, горад Першамайск не адзін ёсьць. Ці ня трэба зьменшыць?»

Петрушэнка: «Трэба, трэба!»

Карніенка: «Яны павінны быць у разумных памерах, як і вуліца Леніна...»

Петрушэнка: «Не праблема ў тым, каб зьмяніць назвы. Трэба зьмяніць сьвядомасьць у галаве. Для чаго гэтая Першамайская вуліца? Першага траўня нас зь Лябедзькам не аб’яднае — гэта капіталіст! У іншыя дні — калі ласка. Па вуліцы Першамайскай павінны пайсьці калёны рабацяг. І калі ўлада сьвяткуе Першамай, гэта ня значыць, што мы не павінны ісьці туды, але пад сваімі лёзунгамі. А лёзунг сёньня адзін — далоў дыктатуру Лукашэнкі! У Воршы — Лісоўскі, у Віцебску — Касінец, у Высокім — старшыня СВК таксама маленькі Лукашэнка. І барацьба за добрую заработную плату. Хай надрукуе Лукашэнка, колькі з валавога ўнутранага прадукту ў працэнтах ідзе на аплату працы? У Канстытуцыі запісана, што ўсе маюць права на справядлівую долю. Лукашэнка, калі прыйшоў, сказаў што 38% — надта мала. Потым было 33%, 32% і 26%. (Сьмяецца.) А цяпер маўчыць ужо год 10, бо сказаць няма чаго...»

Казьмярчук: «Пераймяноўваць вуліцы, канечне, трэба — у будучым, калі дзяржава да беларускасьці вернецца. Але перш за ўсё пойдуць назвы „вуліца Леніна“, „Астроўскага“. „1 траўня“ — у канцы таталітарнага сьпісу. (Сьмех.) Нічога нэгатыўнага першапачаткова для Беларусі 1 траўня ня несла. Сэнс жа ў тым, што не камуністы, а рабочыя захацелі стварыць такое сьвята...»

Дзямідаў: «Ня трэба рабіць гісторыю на адных назвах. Перагібы былі і будуць, як сёньня ў нас ня стала праспэкту Францішка Скарыны, перанесьлі чамусьці праспэкт Машэрава — стаў праспэктам невядома якіх Пераможцаў. Канечне, частку вуліц трэба мяняць — Васіля Быкава няма ані ў Горадні, ані ў Менску. Мы некалькі разоў езьдзілі ў Менск, заказвалі аўтобус, калі ўздымалі пытаньне па адмене кантрактнай сыстэмы працы — у Першамай дайшлі да Вярхоўнага суду. Суд на 50% прызнаў пастаноўку пытаньня правільнай. Сёньня будзе зьбірацца група Дзьмітрыя Вуса па зьмене выбарчага кодэксу РБ — у нас восеньню будзе кампанія па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Наша партыя будзе браць удзел — кандыдат ад нас будзе па адной зь дзьвюх акругаў Воршы. Сэнс удзельнічаць — давесьці да людзей, што выбараў насамрэч няма, даць альтэрнатыву людзям...»

Карэспандэнт: «А вы байкот не адмаўляеце?»

Дзямідаў: «Рэальнага байкоту немагчыма зрабіць, бо ў нас няма тэлебачаньня альтэрнатыўнага, газэт, акрамя „Народнай волі“. Таму давесьці ідэю байкоту да людзей ня ўдасца — ня кожны зразумее, што гэта такое...»

Карэспандэнт: «Гучыць ідэя ісьці пад лёзунгам „За справядлівыя выбары“...»
Ігар Казьмярчук
Ігар Казьмярчук

Казьмярчук: «А гэта вельмі дзіўна — баюся, зробяць дыссацыяцыю ў людзей старэйшага пакаленьня. Тыя за дастойны заробак, годныя ўмовы працы, а тут ім пра справядлівыя выбары...»

Карэспандэнт: «Што будзе 1 траўня рабіць Ігар Казьмярчук?»

Казьмярчук (сьмяецца): «Альбо мяне бацькі папросяць на лецішча і там нешта садзіць, альбо будзе звычайны рабочы дзень у мяне на офісе...»
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.
Відэа