Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра сны і бяссоньне ў белліце


Тацяна Барысік
Тацяна Барысік
Чалавечы розум спрадвеку вабіла таямніца сну. Ягонае магічнае значэньне пацьвярджаюць шматлікія замовы, у якіх сон часта з’яўляецца асноваю няхітрага сюжэту, дае назву (напрыклад, вядомая замова «Сон божай маці»), што выступае абярэгам ад суроку, хвароб і дасюль чытаецца некаторымі старымі як малітва. Замовы «закладаньня на сон», калі вечарам прамаўляеш тэкст і бачыш у сьне адказ на тое, што хвалюе цябе зараз. А яшчэ розныя прымхі і самапісныя соньнікі. Сучаснай друкаванай вэрсіі соньніка, якая выклікала б давер, я не адшукала і вырашыла зьвярнуцца да літаратуры, каб даведацца, што кажуць аб снах і бяссоньні творы клясыкаў і сучасьнікаў.

Янка Купала. Сон на Кургане. Драматычная паэма
У кнізе «Янка Купала, паэмы, драматычныя творы». Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

​Тры русалкі, спаткаўшы ў сваіх уладаньнях выпадковага падарожніка, ужо не адпускаюць яго, водзяць па лесе і ўрэшце ўкладваюць спаць, наваражыўшы яму сон. Барані вас Божа пабачыць такія сны! З відмамі, д’яблам, касьцямі, трупамі, выявамі ўсіх чалавечых пакут і нягодаў. Калі спрабуеш здабыць у нячысьцікаў закляты скарб, разам з ім заможнасьць і волю, здаецца, бачыш тое золата, а насам рэч у гэты момант спальваеш сваё котлішча такім пажарам, што забіўшы цемру ўвесь сьвет асьвятляе. Ну не багацьце — дык воля ёсьць. Брыдзеш па дарозе ад карчмы да карчмы, свабодны ад шэрай мітусьні — увесь сьвет сядзіба твая. Але нават у гэтага здабытку ахвяры ёсьць,за яго расплачваюцца тыя, каго любіш найбольш.

Аматар фільмаў жахаў і інтэлектуал па сумяшчэньні будзе задаволены. Не абцяжараны розумам жахаман ніколі не дачытае да канца друкаваную вэрсію. Бо калі адасобіцца ад ідэі фільма-жуды, дык паэма выступае прароцтвам лёсу цэлага народа і папярэджаньнем асабістага лёсу шмат для каго з суайчыньнікаў. Сюжэт твору настолькі шматаблічны, што паддаецца асэнсаваньню толькі ў дэталях і вобразах.

Цікава, а ці сьніць у наш час русалак хто-небудзь, апроч дзяцей і апантаных фальклярыстаў?

Вера Бурлак. Творы соннага жанру. Проза
Менск, Логвінаў, 2011

Прысьніць карову — хвароба ці сьмерць у хаце, дрэвы ў квецені — нечаканасьць, вясельле. Так лічылі старыя вясковыя людзі. Урбанізаваны маладзён наўрад ці прысьніць карову, бо ніколі не бачыў яе на свае вочы. Якія ж сны прадракаюць турботы ці нечаканасьць яму — раздушаная флэшка або газавы лічыльнік, які размаўляе па-чалавечы? Сякія-такія адказы на гэтае пытаньне дае кніга Веры Бурлак.

У анонсе сьцьвярджаецца: «Падчас хуткіх рухаў вачэй сны маюць выяву і сюжэт. Часам досыць мастацкія. Гэта творы соннага жанру». Пад гэтаю вокладкаю сапраўды зьмешчаныя сны. Сны, якія сьняць, сьнілі ці маглі б сасьніць. Сны-трызьненьні, сны- забаўлянкі, сны-фантазіі, сны- жахі. Сны сучаснага чалавека, псыхічна здаровага і ня вельмі. Героямі раманаў памерам на дзьве старонкі, апавяданьняў у некалькі радкоў на сонную тэму ёсьць напаўманьякальны бацька-сьледчы і сын-забойца, якія працуюць у пары, качаняты, скрадзеныя пад гук саксафона, і зусім ужо рэальныя пэрсанажы — суседзі з дванаццатага і трынаццатага паверхаў.

Так, што ні кажыце, а бытнасьць усё роўна вызначае ня толькі сьвядомасьць але, і падсьвядомасьць.

Міхась Даніленка. Цёмная ноч. Аповесьць. З кнігі «Дзьве зоркі. Аповесьці, апавяданьні, маленькія гісторыі»
Менск, «Мастацкая літаратура», 1993

Аўтабіяграфічная аповесьць ужо не пра сон, а пра бяссоньне. Такі стан шмат каму знаёмы, асабліва ў сталыя гады, калі не дае спакою перажытае.

Пэнсіянэр, былы настаўнік у адзіноце перажывае цёмную ноч на сваім лецішчы ў закінутай вёсцы без ліхтароў. Сон ня йдзе, шчыміць і калоціцца сэрца, пачуцьцё трывогі не пакідае, у вакно стукае сьлівовая галінка. "Цішыня такая, што здавалася замёр увесь сьвет...«Акурат як тады, пасьля вайны, калі ноччу пастукалі ў хату, загадалі зьбірацца на допыт, абвінаваціўшы ў антысавецкіх сувязях і дзейнасьці, бо быў у палоне. На допыце і ў чаканьні яго мінулася ўся ноч. Што ён тады перажыў, ня ведалі нават блізкія, ён ні зь кім ня мог падзяліцца. Пашанцавала тады, цудам давялося пазьбегнуць арышту. Раніцою яго адпусьціў сьледчы. А вось успаміны, жуда і боль у сэрцы вярнуліся праз гады. Добра, што на зьмену цяжкой бяссоннай ночы прыходзіць сонечны восеньскі ранак, азначаны вяртаньнем жонкі з гораду, клопатам пра вішаньку на ўзьмежку.

Іван Чыгрынаў. Птушыныя сны, апавяданьне. З кнігі «Ці бываюць у выраі ластаўкі? Апавяданьні»
Менск, «Юнацтва», 1983

«Далёка-далёка распасьцерлася попельна-зялёная зямля. Над зямлёю, на фоне чорнага неба лунаў Андрэй, заграбаючы рукамі густое паветра...» З гэтага сну пачалася хвароба Андрэя і ягоны апошні дзень на гэтай зямлі. Палётам над зямлёю пачынаецца і заканчваецца апавяданьне.

Галоўны герой ня ідзе да доктара, баючыся пачуць страшную праўду, ён прыяжджае ў родную хату па збавеньне, па здароўе і зноў бачыць той самы сон. Страшнае прароцтва і адначасова мара аб палёце над роднай зямлёю. Але менавіта гэты «нядобры сон» дае магчымасьць пражыць свой астатні дзень так, як пэўна, Андрэй пражыў бы яго, ведаючы пра гэта загадзя — сустрэцца з даўнім каханьнем, пабачыць з вышыні нябёсаў касцоў на родных сенажацях — у палёце над бацькаўшчынай.

Уладзімер Мацвеенка. Дабранач. Казкі, калыханкі, вершы, простагаворкі і перакруткі
Менск. «Мастацкая літаратура», 2003

Аўтар запрашае ў сьвет чароўных казак і калыханак малечу і іх бацькоў. У кніжку ўвайшлі творы, адмыслова сабраныя дзеля чытаньня перад сном. Тут ёсьць вершыкі, прысьвечаныя толькі шчасьлівым дзіцячым снам пра знойдзены парасон, краму, поўную ласункаў. У вялікім разьдзеле аўтарскіх калыханак на любы густ ёсьць коцік у лапціках, што дасюль бавіцца ў гасьцях, прыходзіць доўгачаканы Дзед Мароз з падарункамі, а намаляваныя побач вавёрачкі, вожыкі і качаняткі ў ложках пад коўдрамі вельмі нагадваюць маленькіх чытачоў і слухачоў гэтай кніжкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG