панядзелак, 21 красавіка 2014, Менск 00:09

Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Ці зьявіліся новыя акцэнты ў беларускай палітыцы?

Падчас паездкі ў Быхаўскі раён Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг важных заяваў. Якія пэрспэктывы разьвіцьця адносін Беларусі з Эўразьвязам? Ці сапраўды няма ніякіх праблемаў у дачыненьнях з Расеяй? Чаму «чарнобыльскі сындром» ня стаў перашкодаю для будаўніцтва АЭС?

Ці зьявіліся новыя акцэнты ў беларускай палітыцы?i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
27.04.2012 14:50
Падчас паездкі у Быхаўскі раён Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг важных заяваў. Якія пэрспэктывы разьвіцьця адносін Беларусі з Эўразьвязам? Ці сапраўды няма ніякіх праблем у дачыненьнях з Расеяй? Чаму «чарнобыльскі сындром» не стаў перашкодаю для будаўніцтва АЭС? Анонс перадачы «Экспертыза Свабоды».
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Удзельнікі: палітоляг, блогер Віктар Марціновіч і журналіст газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Адносіны Беларусі з Эўразьвязам


Валер Карбалевіч: «У гадавіну чарнобыльскай аварыі Лукашэнка традыцыйна наведвае пацярпелыя раёны. І гэтым разам, знаходзячыся ў Быхаўскім раёне, ён адказваў на пытаньні журналістаў. Такія пытаньні, трэба меркаваць, загадзя падрыхтаваныя, узгодненыя. І па іх можна рабіць высновы, якія тэмы найбольш хвалююць кіраўніка дзяржавы.

Толькі што скончылася дыпляматычная вайна паміж Беларусьсю і ЭЗ, эўрапейскія амбасадары вяртаюцца ў Менск. Лукашэнка ня мог не закрануць гэтую тэму. Ён адзначыў, што нібыта ў Эўрапейскім Зьвязе зразумелі тупіковы шлях санкцыйнай палітыкі, і выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць з ЭЗ любыя праблемы, але без папярэдніх умоў. Як бы вы пракамэнтавалі такую заяву?»

Віктар Марціновіч: «Гэта файны прыклад таго, як адну і тую ж сытуацыю па-рознаму бачаць бакі, якія знаходзяцца ў канфлікце. Прадстаўнікі ЭЗ кажуць, што амбасадары вярнуліся, каб паспрыяць далейшаму вызваленьню палітвязьняў. А Лукашэнка кажа, што ЭЗ зразумеў памылковасьць палітыкі санкцыяў і дыктату. Было б дзіўна, калі б Лукашэнка казаў па-іншаму. Ягоная заява адпавядае ягонай рытарычнай лёгіцы і лёгіцы паводзінаў».

Зьміцер Панкавец: «Лукашэнка спрабуе паказаць сябе пераможцам у канфлікце з ЭЗ. Пэўнае прымірэньне адбылося найперш праз тое, што беларускі бок вызваліў Саньнікава і Бандарэнку. Таму пытаньне санкцыяў не разглядалася Эўразьвязам 23 красавіка.

Але, вядома, нельга казаць, што ЭЗ прызнаў тупіковай сваю палітыку адносна Беларусі. Калі новыя палітвязьні ня будуць вызваленыя, калі працягнуцца арышты актывістаў апазыцыі, як падчас „Чарнобыльскага шляху“, то Эўразьвяз вернецца да тэмы санкцыяў. У Лукашэнкі ёсьць добрая магчымасьць падчас амністыі перад 3 ліпеня вызваліць палітвязьняў, захаваўшы твар. Гэта палепшыла б стасункі з Эўропай».

Дачыненьні з Расеяй


Карбалевіч: «Шмат увагі ў сваіх разважаньнях Лукашэнка аддаў адносінам з Расеяй, пэрспэктывам Эўразійскага саюзу. Зь ягоных слоў вынікае, што дачыненьні з Расеяй — беспраблемныя, амаль ідэальныя. Гэта так?»

Марціновіч: «Лукашэнка імкнецца стварыць уражаньне, што ўсё вельмі добра ў адносінах з Расеяй, хоць насамрэч, здаецца, гэта ня так. Гэтыя адносіны пачынаюць напружвацца. Авіяцыйная вайна нечакана скончылася размовамі пра продаж „Белавія“.

Дарэчы, Лукашэнка нічога не казаў пра палітычную інтэграцыю з Расеяй, пра тэму прыватызацыі. А менавіта гэтыя пытаньні — праблемныя.

Чаму Лукашэнка прыхарошвае адносіны з Расеяй? Ён ідзе на паляпшэньне дачыненьняў з ЭЗ менавіта таму, што з Расеяй адносіны пагаршаюцца. І замірыцца з Захадам трэба так, каб захаваць твар. Таму што для канфлікту з Расеяй трэба свабода манэўру. Цяпер яе няма».
Няма сумневу, што пасьля інаўгурацыі Пуціна палітыка Расеі ў пытаньні прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў будзе агрэсіўнай.

Панкавец: «Стасункі з Расеяй у Беларусі ніколі не былі бясхмарнымі. Пра гэта сказаў у чацьвер прэзыдэнт Мядзьведзеў. Таму Лукашэнка проста спрабуе выдаць жаданае за сапраўднае. Вядома, што танную цану на газ мы маем таму, што прадалі Расеі „Белтрансгаз“.

Няма сумневу, што пасьля інаўгурацыі Пуціна палітыка Расеі ў пытаньні прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў будзе агрэсіўнай. Выпадак зь „Белавія“ гэта даказвае».

Пытаньне будаўніцтва АЭС


Карбалевіч: «У гадавіну Чарнобыльскай аварыі нельга было абмінуць тэму атамнай энэргетыкі. Лукашэнка пацьвердзіў, што Астравецкая АЭС будзе пабудаваная, нягледзячы на пярэчаньні Літвы. І ўвогуле, выглядала, што наступстваў Чарнобылю ў Беларусі цяпер амаль няма. Чаму „чарнобыльскі сындром“ ня стаў перашкодаю для будаўніцтва АЭС? Хоць пасьля катастрофы ў Японіі насьцярога адносна атамнай энэргіі ў сьвеце вырасла».

Марціновіч: «Чарнобыльскі сындром» у беларускім грамадзтве ёсьць. Але грамадзтва ня мае ніякага дачыненьня да намеру ўладаў будаваць у Беларусі АЭС. Я цьвёрда ўпэўнены, што калі б мы зладзілі шырокае сацыялягічнае апытаньне, мы б пабачылі, што стаўленьне насельніцтва да АЭС вельмі крытычнае. Але трэба, каб праблемы шырока асьвятляліся па тэлевізіі. Бо ня ўсе беларусы ўсьведамляюць, што тут зьбіраюцца будаваць Астравецкую АЭС, патэнцыйна — другі Чарнобыль».

Карбалевіч: «Сацыялягічнае апытаньне, якое ладзіў НІСПД, паказвае, што колькасьць прыхільнікаў і праціўнікаў будаўніцтва АЭС у Беларусі прыкладна аднолькавая. І масавых пратэстаў няма».
Калі б арганізатары акцыі прывязалі яе не да катастрофы, якая ўжо адбылася, а да той, якая можа адбыцца, вынік быў бы іншы.

Марціновіч: «Тое, што „Чарнобыльскі шлях“ у чацьвер ня быў масавым, — гэта пытаньне фармуляваньня мэтаў. Калі б арганізатары акцыі прывязалі яе не да катастрофы, якая ўжо адбылася, а да той, якая можа адбыцца, вынік быў бы іншы.

Беларускія мэдыі нічога ня кажуць пра тое, што пасьля аварыі на японскай Фукусіме па ўсім сьвеце адмаўляюцца ад АЭС. І шмат залежыць ад таго, як задаваць пытаньне падчас сацыялягічных дасьледаваньняў. Дарэчы, доўгі час праблема АЭС існавала ў інфармацыйнай прасторы Беларусі як праект не энэргетычны, а крэдытны, як нагода атрымаць ад Расеі 9 млрд даляраў».

Карбалевіч: «Лічу, што калі сапраўды ў грамадзтве існуе сындром, псыхалягічная траўма, то ў такой сытуацыі прапаганда мала ўплывае».

Панкавец: «Думаю, Віктар перабольшвае, калі кажа, што насельніцтва ня ведае пра будаўніцтва АЭС. Таксама перабольшваньне — казаць пра захаваньне ў грамадзтве „чарнобыльскага сындрому“. Прайшло шмат гадоў пасьля аварыі, а час добра лечыць.

Дарэчы, і сярод апазыцыі няма еднасьці ў гэтым пытаньні. Напрыклад, Зьміцер Дашкевіч (палітвязень), Станіслаў Шушкевіч падтрымлівалі будаўніцтва АЭС.

Ужо мясцовых жыхароў каля месца будаўніцтва не абвінаваціш у неінфармаванасьці. Аднак яны выступаюць у падтрымку будаўніцтва, лічаць, што зьявяцца новы працоўныя месцы.

Чарнобыльскі шлях у чацьвер таксама вельмі паказальны. Плякатаў з пратэстам супраць будаўніцтва АЭС было няшмат. Больш было плякатаў пра палітвязьняў. І на сайтах незалежных інтэрнэт-мэдыяў таксама цікавасьць да гэтай тэмы невялікая».

Валер Карбалевіч

karbalevich+gmail.com

Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

Блог Валера Карбалевіча
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Андрей Горад:: Молодечно
29.04.2012 08:06
:)))
А можно было бы узнать уровень образования "экспертов", которые выдают сентенции космической значимости? Ни фактов, ни цифр, одни пустые кухонные умозаключения школьников на кухне. Не стыдно, г-н Карболевич? Не могли бы Вы поместить информацию о квалификации своих собеседников?

Імя:: Link
01.05.2012 16:20
Андрей, вам только Карбалевич не по нутру, или как?
Відэа