Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаснаццаць дзяцей нарадзіць не пасьпеем


Дамініка, Тодар, Міхаліна
Дамініка, Тодар, Міхаліна

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Сяргей і Алеся Грынь — зь Берасьця. У абаіх за плячыма «баявыя» маладыя гады. Сяржук запачаткоўваў у Берасьці «Малады Фронт». Алеся — з «Маладой грамады». Цяпер у гэтай сям’і трое дзяцей — Тодару дзесяць гадоў, Дамініцы шэсьць, а Міхаліне амаль тры. Размова з гэтай сям’ёй — добрая нагода паглядзець, якімі бацькамі і гаспадарамі стала першае пакаленьне маладафронтаўцаў.

Алеся Грынь: «Пра дом марыў Сяргей. Я нават і ня марыла, бо думала, што гэта неверагодна. Але ў майго мужа такая цудоўная здольнасьць — умець марыць. Вось яно нейкім чынам так цудоўна і атрымалася. Але як, то я сама яшчэ ня веру ў гэта. Бо не было ў нас ніякага жытла, і за некалькі гадоў мы атрымалі гэты дом».

Алеся Грынь
Алеся Грынь


Ня марыла Алеся і пра тое, што будзе мець траіх дзяцей. Праўда, кажа, што калі выходзіла замуж, Сяргей жартаваў, што дзяцей будзе шаснаццаць:

Сяргей: «Трое як мінімум павінна быць. Мусіць жа быць прырост. Але шаснаццаць ужо не пасьпеем. Нарадзіць, канечне, таксама бывае складана, але цяжэй жа накарміць, выхаваць. Проста нарадзіць, каб бегалі галодныя, — так жа ж не выпадае. Трэба даць адукацыю, апрануць, выхаваць. А з гэтым зараз цяжка сапраўды. Усё платнае. І мэдыцына, і адукацыя, і вопратка дзіцячая каштуе даражэй, чым дарослая. Цяпер трэба думаць, перш чым нараджаць далей».

Сяргей Грынь
Сяргей Грынь


Пяць гадоў таму Сяргей разам з братам купілі ў Берасьці старую хату і кавалак зямлі. Цяпер сям’я Грынёў мае ўласны дом, у якім ажыцьцяўляе свае мары. Пра свой дом яны гатовыя гаварыць доўга:

Сяргей: «Старая хата была да 1917 году пабудовы. Але ад яе нічога не засталося фактычна. Яна была з вагонаў зробленая, бо тут вакол чыгунка. Майстры, відаць, тут былі цесьляры, бо я ў хлявах старых шмат знайшоў старога цясьлярскага рыштунку. І яны, хутчэй за ўсё, самі выраблялі вагонку з дошак такіх, што на адваротным баку ёсьць надпісы „Кітайская чыгунка“, „Масква Таварная“ і па-нямецку напісана. І я вырашыў гэтыя дошкі на памяць пакінуць пра тое, якая ў нас была хата».

Алеся: «Плянавалі мы ўсё самі. Інтэр’ер рабілі пад сябе. Мы любім стыль натуральны, і матэрыялы натуральныя выкарыстоўвалі. Каб ніякага плястыку не было. І столь, і вокны, і падлога — усё з натуральных матэрыялаў. На першым паверсе ў нас будзе гасьцёўня. Мы пакуль яе дарабляем. А жывем пакуль на другім паверсе. Тут у нас агульны пакой, дзе мы разам зьбіраемся, але ён жа і кабінэт, дзе мы працуем. І яшчэ тут два пакойчыкі: адзін для нас зь Сяргеем, а другі дзіцячы. Плянуем яшчэ мансарду зь цягам часу зрабіць, каб у Тодара быў пакой. Ён ужо плянуе сабе нейкі інтэр’ер».

Дзеці ўпэўненыя, што ў сваім доме жыць лепш, як у кватэры:

Тодар: «У сваім доме, вядома, лепш. Тут можна на вуліцу хадзіць. Гарод у нас ёсьць, сад можна садзіць. А што ў кватэры? Месца мала. У мяне абрыкос расьце, салаты розныя, гарох».

Тодар
Тодар


Алеся кажа, што галоўнае — дзеці ўвесь час на вуліцы: «Мне гэта актуальна, бо трое дзяцей, пакуль яны гуляюць, адзін за адным прыглядаюць, то я магу нешта зрабіць у хаце па гаспадарцы. Ну, і крыху маем гарод, вырошчваем. Дзеці дапамагаюць. Тодар мае сваю градку, цікавіцца расьлінамі. Спадзяюся, што і да працы прызвычайваецца».

Дом Грыні будуюць за крэдыт. Спачатку бралі як маладая сям’я пад 5%, а калі нарадзілася Міхалінка, працэнт зьнізіўся да 1%. Пасьпелі ўсё зрабіць да эканамічнага крызісу. Жартуюць, што выплаты па крэдыце скончацца, калі ім будзе па восемдзесят гадоў.

Сяргей: «У мяне брат будуецца за свае ўласныя грошы, але гэта, безумоўна, складана. Гэта вельмі доўга. А хочацца ўсё ж такі і пажыць: не будавацца ўсё жыцьцё, 15–20 гадоў, але і пажыць. Таму мы вырашылі ўзяць крэдыт. Зараз яшчэ пакуль не выплочваем яго, бо жонка ў дэкрэце, а пасьля ўжо пачнём выплочваць. Але гэта будзе няшмат — 125 тысяч. Заробак у мяне мільён васямсот. Гэта недзе каля 200 даляраў».



Працуе Сяргей кладаўшчыком на кандытарскай фабрыцы. Мільён васямсот беларускіх рублёў — гэта асноўны даход сям’і.

Сяргей: «Неяк патроху самі дабудуем. Зразумела, што цяжка. Асабліва пасьля заканчэньня „эканамічнага цуду“ стала зусім складана. Таму што будматэрыялы на парадак падаражэлі. А заробак такі, што хапіла б на харчы, на адукацыю дзецям ды на адзеньне. Усё, кажуць, бясплатнае ў нас, але ўжо ў садок пачынаеш хадзіць — і бяруць увесь час за нешта грошы. І на гурткі розныя трэба. На адукацыю дзяцей шмат грошай ідзе».

Сяргей кажа, што дзяржава толькі дэкляруе, што дапамагае выхоўваць дзіця. За дапамогу, якую атрымлівае сям’я на дзіця да трох гадоў, яго немагчыма ані пракарміць, ані апрануць.

Сяргей: «Бацькі трохі дапамагаюць. Яны пэнсію атрымліваюць, а ў іх пэнсія, як для вёскі, то і нармальная. Бо яны маюць сваю гаспадарку, і ўжо практычна ўсе пэнсіі нам аддаюць. Усё даражэе. Дзякуючы таму, што ў вёсцы ёсьць гаспадарка, дык мы сала і мяса не купляем. Хіба толькі дзецям нейкую каўбасу. А так у нас усё сваё — і бульба, і сала, і мяса — усё зь вёскі бацькі перадаюць. Дзякуючы гэтаму яшчэ можна жыць».

Сяргей кажа, што яго загартавала менавіта палітычная актыўнасьць, таму цяперашнія побытавыя, эканамічныя цяжкасьці ўспрымаюцца нашмат прасьцей. Палітыкі ў іх жыцьці ўжо ня так шмат. Хоць Тодар — адзіны ў сваім клясе, хто не ўступае ў так званыя «піянэры».

Алеся: «Бацькі ня думаюць. Ім прапануюць: „Хочаце, каб вашыя дзяўчынка-хлопчык былі піянэрамі?“ А чаму не? Ну і падпісваюць. Але ня ведаю, што там гэтыя піянэры робяць. Мабыць, нічога».

На пытаньне, ці хочуць яны, каб дзеці былі палітычна актыўнымі, Сяргей адказаў ухіліста:

«Як на мяне, то, здаецца, цяпер складаней. Вось у мой час і міліцыя, і ўлады паводзілі сябе неяк спакайней. Каб пасадзілі цябе на суткі ці на што, то трэба было шмат чаго нарабіць. Цяпер жа садзяць проста так. Улады зусім разьвязна сябе адчуваюць. Я шмат дзе ўдзельнічаў, але аднойчы толькі на суткі сеў, дый то гэта ў Менску недзе было падчас акцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG