чацьвер, 17 красавіка 2014, Менск 07:05

Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Калі вернуцца эўрапейскія амбасадары?

Вызваленьне двух палітвязьняў стварыла больш спрыяльныя ўмовы для дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Ці можна лічыць дыпляматычную вайну дэ-факта скончанай? Якія крокі насустрач можа зрабіць Брусэль? Ці задаволяць яны афіцыйны Менск?

Калі вернуцца эўрапейскія амбасадары?i
X
17.04.2012 18:00
Вызваленьне двух палітвязьняў стварыла больш спрыяльныя ўмовы для дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Ці можна лічыць дыпляматычную вайну дэ-факта закончанай? Фрагмэнт перадачы «Экспэртыза Свабоды».

Мультымэдыя

Аўдыё
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Ці скончана дэ-факта дыпляматычная вайна?


Валер Карбалевіч: «Міралюбныя заявы беларускіх афіцыйных асобаў, вызваленьне двух палітвязьняў — усё гэта стварыла новую атмасфэру ў беларуска-эўрапейскіх адносінах. У Брусэлі абмяркоўваецца пытаньне не пра мэтазгоднасьць вяртаньня эўрапейскіх амбасадараў, яно прынцыпова вырашанае, а пра дату іх вяртаньня. Іх прыезд чакаецца днямі. Ці можна лічыць, што дыпляматычная вайна скончылася? Хто ў ёй перамог?»

Андрэй Фёдараў: «Не сьпяшаўся б казаць, што гэты дыпляматычны канфлікт завяршыўся. Пытаньне пра вяртаньне амбасадараў — ня цалкам тэхнічнае. Безумоўна, вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі стварае спрыяльныя ўмовы для нармалізацыі адносін.

Але хачу нагадаць, што на нарадзе 5 красавіка Лукашэнка заявіў: маўляў, будзем абмяркоўваць кожнага эўрапейскага пасла, ці варта, каб ён вяртаўся. Калі хоць аднаму паслу не дазволяць вярнуцца ў Беларусь, дык ня вернецца ніводзін эўрапейскі амбасадар. Бо калі беларускія ўлады запатрабавалі, каб выехалі зь Менску паслы Польшчы і Эўразьвязу, то ў знак салідарнасьці зьехалі ўсе амбасадары краін Эўразьвязу. А паколькі канфлікт ня вычарпаны, то цяжка казаць, хто перамог».

Кірыла Пазьняк: «Я ў адрозьненьне ад сп. Фёдарава лічу, што дэ-факта гэты лякальны дыпляматычны канфлікт вычарпаны. Калі казаць пра пераможцу, то лічу, што прайгралі абодва бакі.

Канфлікт быў справакаваны абодвума бакамі з прычыны іх вялікага жаданьня захаваць твар па максымуме. Цяпер гаворка ідзе пра абнуленьне сытуацыі не на стан да 19 сьнежня 2010 году, а на стан лютага 2012 году. Шмат будзе залежаць ад таго, ці будзе прынятае нейкае рашэньне па Беларусі на паседжаньні міністраў замежных спраў краін ЭЗ 23 красавіка. Таксама важным будзе зьмест пасланьня Лукашэнкі народу і парлямэнту, якое сёньня перанесьлі».

Вяртаньне ў сытуацыю сярэдзіны лютага?


Карбалевіч: «Калі ўсё ж эўрапейскія амбасадары хутка вернуцца, то ці можна лічыць, што дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам вяртаюцца ў сытуацыю сярэдзіны лютага? Або гэта ўжо іншая сытуацыя і пайшоў нейкі новы працэс, бо вызваленыя два палітвязьні?»

Фёдараў: «Вяртаньне паслоў — гэта не самамэта і не вырашэньне праблемы. Гэта крок да вырашэньня. З заяваў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Макея і міністра замежных спраў Мартынава вынікае, што беларускае кіраўніцтва асьцерагаецца ўвядзеньня новых санкцыяў ЭЗ на паседжаньні 23 красавіка. Думаю, Рада Эўразьвязу ў гэты дзень ніякіх новых рашэньняў ня прыме. Можа нават зьняць пэўныя абмежаваньні зь некаторых афіцыйных асобаў Беларусі. Але ці будзе гэта дастатковым для афіцыйнага Менску? Пытаньне пакуль без адказу».

Пазьняк: «Бакі пачалі саступкі адзін аднаму. Менск вызваліў двух палітвязьняў, Брусэль ня ўводзіць новых санкцыяў. Гэта можна лічыць абнуленьнем канфлікту. Калі ня будзе новых санкцыяў і працягнецца вызваленьне палітвязьняў, то працэс нармалізацыі можа разгортвацца далей».

Ці зробіць ЭЗ крокі насустрач Менску?


Карбалевіч: «Вызваліўшы двух палітвязьняў, беларускі бок пайшоў на частковыя саступкі патрабаваньням ЭЗ. Ці зробіць Эўразьвяз нейкія крокі ў адказ насустрач Менску? Якія? Ці вяртаньне амбасадараў і мараторый на новыя санкцыі задаволяць Менск? Ці стане гэта асновай для нармалізацыі адносін?»

Фёдараў: «Не, думаю, гэтага для беларускага кіраўніцтва будзе мала. Думаю, у дачыненьнях Беларусі і ЭЗ усё большую ролю пачынае адыгрываць расейскі фактар. Масква ўзмацняе ціск на Беларусь, каб тая выконвала абавязкі, якія ўзяла на сабе ў рамках Эўразійскага саюзу. Ад Менску патрабуюць маштабнай прыватызацыі. Гэта не падабаецца беларускаму кіраўніцтву. І адна з прычын адкладаньня выступу Лукашэнкі з пасланьнем — гэта занадта лібэральны падыход да прыватызацыі ў першапачатковым варыянце пасланьня. Калі расейскі ціск будзе ўзмацняцца, то Менск будзе шукаць прастору для манэўру на Захадзе».

Карбалевіч: «Сапраўды, інфармацыю пра матывы пераносу пасланьня можна ацэньваць як лёгкі замежнапалітычны разварот. У тэзісе пра прыватызацыю — лёгкая шпілька Расеі, бо менавіта тая настойвае на маштабнай прыватызацыі. І адначасова адзначана, што „Лукашэнка выказаўся супраць залішне жорсткага рэагаваньня на праблемы, якія ўзьнікаюць ва ўзаемаадносінах Беларусі зь іншымі краінамі“. Гэта можна трактаваць як зычлівы жэст у бок ЭЗ».
Магчыма, пасланьне было перанесенае для таго, каб пасьпелі вярнуцца эўрапейскія паслы і яны сядзелі ў залі падчас выступу Лукашэнкі.

Пазьняк: «Калі гаварыць пра тэму прыватызацыі, то першы адрасат гэтай інфармацыі пра перанос пасланьня — гэта беларускі народ. Каб ён не трывожыўся, што прыватызацыя будзе шырокамаштабная. А другі адрасат — Крэмль і расейскі капітал. Ім падаецца сыгнал, што Беларусь будзе цьвёрда адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ў нэаімпэрскіх праектах Масквы (Мытны саюз, Эўразійскі саюз).

А іншы тэзіс пра стрыманасьць у вонкавай палітыцы — гэта сапраўды сыгнал Захаду. Бо адкрыты канфлікт цяпер адбываецца з ЭЗ. І ў гэтым інтрыга. Магчыма, пасланьне было перанесенае для таго, каб пасьпелі вярнуцца эўрапейскія паслы і яны сядзелі ў залі падчас выступу Лукашэнкі.

Акрамя таго, у гэтым пераносе выступу Лукашэнкі ёсьць і піяраўскі складнік. Цяпер да пасланьня будзе вялікая ўвага мэдыяў і замежжа. Гэтай інтрыгай беларускія ўлады хочуць прамацаць рэакцыю Захаду».

Ці можа паўтарыцца сытуацыя з Младэнавым?


Карбалевіч: «Калі крокі ЭЗ у адказ на вызваленьне палітвязьняў не задаволяць афіцыйны Менск, то ці ня можа паўтарыцца сытуацыя мінулага году ў зьвязку з таемным візытам у Менск міністра замежных спраў Баўгарыі Младэнава? Тады беларускія ўлады вызвалілі некалькі палітвязьняў і чакалі сустрэчных крокаў з боку Эўропы. Але не дачакаліся. І ў адказ узмацнілі ціск на палітвязьняў, усіх палітычных апанэнтаў».

Фёдараў: «Я не выключаю паўтарэньня таго сцэнару. Але ён падаецца мне ня вельмі верагодным. Бо цяпер узмацніўся ціск Масквы. І Менску трэба шукаць манэўру на Захадзе. Таму рабіць жорсткія крокі ў бок Захаду цяпер беларускім уладам не выпадае. Толькі калі будзе пагроза ўладзе ўнутры краіны, тады Менск пойдзе на ўзмацненьне канфрантацыі з Захадам. Але падставаў для гэтага пакуль няма».

Пазьняк: «Дамінуючы чыньнік — гэта геапалітычная каньюнктура. А палітвязьні — гэта інструмэнтарый, прадмет гандлю. Але для Лукашэнкі больш прымальны закулісны дыялёг. Калі ён пераходзіць у публічную плашчыню, то можа прыпыніцца. Бо Лукашэнка баіцца выглядаць, нібыта яго „нахілілі“.

Пашкодзіць дыялёгу з Захадам можа патрабаваньне ЭЗ ня толькі вызваліць палітвязьняў, але і рэабілітаваць іх. Для беларускіх уладаў гэта зусім непрымальна. Але падаецца, што гэтае патрабаваньне, якое нядаўна зноў прагучала з вуснаў і Эштан, і Фюле, — гэта праграма-максымум, моцна настойваць на гэтым ЭЗ ня будзе».

Валер Карбалевіч

karbalevich+gmail.com

Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

Блог Валера Карбалевіча
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: litvinka
17.04.2012 21:24
а трэба настойваць на вызваленні і рэабілітацыі ўсіх палітзняволенных і пака рэжым гэтага не выканае паслам і не трэба вяртацца трэба паказаць гэтаму хаму яго месца

Імя:: Игорь
17.04.2012 21:57
Господин Позняк, вместе с Макеем, утверждает что Евросоюз также проиграл в конфликте с Лукой.
Что потерял Евросоюз от этого конфликта?
Евросоюз в это же время ввёл санкции против Сирии и Ирана.
Сирия согласилась на прекращение огня.
Иран согласился на переговоры и идёт на уступки.
Лукамудищев выпустил двух ключевых политзаключённых.
Где Позняк, спевшись с Макеем, нашёл пройгрыш Евросоюза?
Нам видна только победа.
Не окончательная, но победа.
Махмудлукассадам приходиться уступать.
И тогда для того чтобы убедить народ в обратном Лукой выпускаются на арену комики Макеи и Позняки.
Посмеятся, разумеется, можно и даже полезно.
Но все понимают, что это Дуропредставление.
Адказаць

Імя:: Эдуард Горад:: Менск
18.04.2012 00:24
Вы, Ігар, маеце крышку рацыі. Санкцыі трэба ўзмацняць хоць т.н.к і вызваліў двух палітвязьняў. Інакш Еўропа страціць твар і павагу. А вось пра Пазьняка Вы дарэмна так. Ставіць яго побач з марыянеткай і прыхлябацелем людаеда Макеем аніяк нельга. Ён шмат разумнага ў свой час сказаў - не слухалі: "Няма прарока ў сваей Айчыне" - ХРЫСТОС.
Адказаць

Імя:: Игорь
18.04.2012 10:38
Уважаемый. Эдуард!
К сожалению, а может к радости, не один Зенон Станисловович имеет фамилию Позняк.
Есть ещё и никому неизвестный Кирилл который на этой странице сайта отнёс Европу к проигравшим в борьбе с Плешивым.
Конечно все знают Зенона Станиславовича и потому вышло такое недоразумение.
Приношу извинения Зенону Станиславовичу, хотя он и не любит Запад, давший ему убежище в трудные для него времена борьбы с Мудаплешью.
Відэа