Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бабкова — пра літаратурны Менск


Вольга Бабкова, фота nn.by
Вольга Бабкова, фота nn.by
Менск зьяўляецца сцэнай для герояў з твораў шмат якіх выдатных сучасных аўтараў. Уся мазаіка горада, якая паўстала на старонках іхных кніг, склалася з краявідаў, твараў ды словаў, а таксама з уласных нутраных бадзяньняў ды сплялася ў неверагодныя гісторыі. У літаратуру.

Антон Адамовіч. Каханы горад. Апавяданьне. У кнізе «Каханы горад»
Менск, «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», 2006

Гэты аповяд-навэля, які сюжэтам цягне на раман, быў напісаны ў 1943 годзе і надрукаваны праз год у Бэрліне ў беларускай газэце. Мы ўжо ведаем, дзякуючы фотаздымкам з часоў вайны, як выглядаў напаўразбураны Менск з-пад крыла нямецкага самалёта. Цяпер жа даведаліся, як «з такой высакосьці» на яго глядзелі ягоныя былыя жыхары, якім, як «лятунам-бальшавікам», даручыў пякельнае заданьне руйнаваць з паветра радзімае гняздо гэтаксама былы мянчук. Гняздо, дзе жывуць бацькі, дзе стаіць школа, дзе жыве Вера.. .

Гісторыя закаханасьці трох пэрсанажаў у сваю аднаклясьніцу, праз якую ўсе ўтрох пайшлі ў лётную школу напярэдадні вайны, пераўтварылася ў трагічную гісторыю людзей, пастаўленых перад выбарам.. . Перад выбарам, які ва ўмовах жудаснай вайны для большасьці быў невыносным. Каротка, але ёміста апісаны аўтарам галоўныя пэрсанажы.. . Героем апавяданьня выступае і сам каханы горад, які па волі бязьлітаснага лёсу становіцца аб’ектам налёту і праз гэта руйнуюцца таксама жыцьці галоўных пэрсанажаў.У беларускай літаратуры яшчэ ў часы вайны з’явіўся твор, які праўдзіва распавёў сучасьнікам пра трагізм існаваньня чалавека ў ейных умовах. Адметная магія мовы менчука Антона Адамовіча, якая калісьці гучала на вуліцах каханага ім горада.
Алесь Асташонак. Пясок і попел. Хроніка зносу. У кнізе «Жоўты колер белага сьнегу»
Менск, «Мастацкая літаратура», 2006

Выдатна мець родную хату ў сэрцы горада, а побач раку з чоўнам на беразе, поплаў, дзе можна зарыцца носам у траву ды назіраць за жыцьцём жамяры, паліць вогнішча, ды часам выбірацца «у горад», які непадалёк мяжуе з «раёнікамі» прыватных забудоў. А пасьля бачыць ягоны знос, заняпад звыклага ладу. Сыход ягоных насельнікаў.

Добра мець шыкоўную бібліятэку, прытульную кватэру, някепскі прыбытак. А пасьля гадзінамі стаяць ля вакна, утаропіўшыся ва ўласную здранцьвеласьць ці шчыльней укручвацца апранутым у коўдру, каб двойчы засланіцца, уратавацца ад непазьбежнага ранку, ад сонечных промняў новага дня. Урэшце, ад холаду гэтага сьвету.

Выдатная проза, якая, па словах аўтара, кампазыцыйна нагадвае раман у навэлях, сапраўды ёсьць хронікай Менска часоў перабудовы, хронікай самотнага чалавека ў гэтым горадзе. А таксама — «праўдзівай гісторыяй». «Юбілейка», «Мутнае вока», кінатэатры «Новости дня», «Победа», могілкі на Чыжоўцы, таварная станцыя, каток на Дынама, гарадзкія хіпі — менскія рэаліі, ужо ўдрукаваныя ў ягоную гісторыю. Гэтаксама, як і пункт шклатары, «гарачая» кропка ў цэнтры горада. Ці не зрабілася сёньня ягонай пераемніцай кнігарня «логвінаЎ»? Я ў гэтым цалкам перакананая. Заходзяць жа сюды дасюль наведнікі той установы, шукаючы невідушчымі вачыма былое. Героі са старонак аповяда Асташонка «Шклатара». А галоўнаму герою, адрынутаму з рэчаіснасьці, застаецца адно скочыць, раскрыўшы стары чорны парасон, з пустой дзедавай адрыны.. .
Міхась Стральцоў. Сена на асфальце. Апавяданьне
У кнізе «Перад дарогай». Менск, «Юнацтва», 1994

Чым пахне ў горадзе? Духмянай кавай, булачкамі, памаранчамі, рассыпанымі на рагу вуліцы, парфумай, газіроўкай, цыгарэтамі, а таксама мокрай зямлёй, вясновым вулічным пылам, зялёнай маладой лістотай.. . Выдатны аповед Міхася Стральцова прасякнуты такім сьветлым настроем, напісаны такой паэтычнай мовай, што наўпрост адчуваеш між радкоў павеў сіняга стральцоўскага ветру ды напятасьць ветразяў. І таму верыш, нават міжволі, ва ўласную здольнасьць бясконца адшукваць таемнасьці гэтага сьвету.

Прыцягвае ўвагу і незвычайная (хіба што не для сусьветнай літаратуры) пабудова аповяда ў форме трох лістоў і развагаў. Гэткая гісторыя душы паміж двума сьветамі, вясковым і гарадзкім, але не заціснутая імі, а шчыра жадаючая прымірыць даўнюю спрэчку з самім сабой. Бо туга па небе ня меншая за тугу па зямлі. І заўсёды знойдуцца праваднікі па тых сьветах: каханая Лена і дзядзька Ігнат, які ведае, як размаўляць ранкам у горадзе — ціха.
Кузьма Чорны. Сястра.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1973

Адзін з самых адметных раманаў у беларускай літаратуры. Духовыя пошукі, «вострыя» разважаньні, «жыцьцёвыя блытанасьці» ягоных герояў збольшага адбываюцца на вуліцах Менска сярэдзіны 20-х гадоў. Горада, напоўненага грукатам конкі і калёсаў па бруку, крыкамі паравікоў і пеўняў, стукам цягнікоў і зыкам званоў, а таксама дзіцячым крыкам і сьпевам гарадзкіх птушак.. . Горада, дзе ў цесных пакойчыках, у піўных, у кавярні на Каломенскай пад гукі скрыпкі, на вакзале, у сквэрах вядуцца спрэчкі і думаецца пра сэнс існаваньня. Горада, які напачатку вясны ўвесь «у барацьбе з гразёю», дзе ад вільгаці пахне сьвежасьцю і вапнаю ад тынкаваных сьценаў камяніц, дзе гойдаюцца пад нагамі драўляныя тратуары, дзе вада Сьвіслачы ўвечары мацней пахне гарадзкой цеснатой. А дзень прыходзіць гатовым «да вялікіх жорсткасьцей у імя вялікай ласкавасьці». Героі рамана, і найперш хутаранка Маня Ірмалевічанка, маюць здольнасьць чуць паўнату жыцьця. Часам здаецца, што яны ёсьць першымі людзьмі на гэтым сьвеце.. . Нябачны тут аўтар атуляе сваіх герояў спагадай і пяшчотай. «За чытаным адчуваецца большае, што як мора затапляе мяне», — кажу я ўсьлед за адным з герояў рамана.
Аляксандар Лукашук «Сьлед матылька»
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2011

Выкшталцоны твор пра Освальда ў Менску напісаў Аляксандар Лукашук. Некалькі год, пражытых амэрыканцам у горадзе, зрабілі Менск аб’ектам пільнай увагі. Менск узору 60-х разам з яго насельнікамі паўстаў праз самыя розныя сьведчаньні. І найперш праз адрэсы галоўных герояў — мяркуемага забойцы амэрыканскага прэзыдэнта, ягонай жонкі і ягоных знаёмцаў. Гэткі своеасаблівы экскурс па яўных і ўяўных мясьцінах горада. Мы можам наведаць кінатэатар «Цэнтральны», але ўжо не адшукаць у гарадзкіх рэестрах кінатэатра «Летні». Зайсьці ў гатэль «Мінск», але дарэмна шукаць вачыма шыльду кавярні «Вясна» на праспэкце. Нават у раёне, блізкім ад Грушаўкі, дасюль жыве міт пра чалавека са стрэльбай. Хутчэй, пра ягоную жонку, якая нібыта працавала ў маленькай крамцы (цяпер кавярня на рагу вуліц Карла Лібкнэхта і Хмялеўскага). Але ж у шпіталі насупраць Освальд сапраўды ўпершыню прапанаваў шлюб сваёй менскай абраньніцы.

Цікава, што на месцы Палаца мастацтваў, дзе намінавалася на прэмію Гедройца кніга Лукашука, у 60-х яшчэ былі каталіцкія могілкі, якія пэўна ж не раз мінаў Освальд, шыбуючы ў кінатэатар «Мір» на фільм з Брыджыт Бардо.. .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG