Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валярына Кустава — пра яе любімыя кнігі Рыгора Барадуліна


24 лютага сьвяткуе свой дзень народзінаў Рыгор Барадулін. І гэты дзень — яшчэ адна нагода прызнацца ў любові да творчасьці Народнага паэта Беларусі, якую скарыстала ягоная маладая калега Валярына Кустава.

Anima. Менск, Рымска-Каталіцкая парафія сьвятых Сымона і Алены, 2011

У кнігу ўвайшлі вершы розных гадоў, а разам зь імі і значная колькасьць неапублікаваных раней твораў, напісаных у 2010-2011 гг. Перадусім зборнік складаецца з кананічных малітваў у паэтычным перастварэньні, біблейскіх балядаў, вершаў, падказаных Псальмамі Давідавымі. Кніга «Anima» — роздум пра сутнасьць нашага быцьця на зямлі, размова зь Небам сам-насам. 24 чэрвеня 2004 году Паэт меў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ ў Ватыкане. Калі па вяртаньні я запыталася ў дзядзькі Рыгора, ці адчуў ён ад Папы непасрэдную рэакцыю на сваю прысутнасьць (Папа ўжо тады пачуваўся нямогла), то ён адказаў, што гэтая пазасьветавасьць, гэтая дрыготкасьць у рухах не ад хваробы і не ад узросту, а ад таго, што на Папе ляжыць выключная абранасьць, вялікі крыж, утрымаць які мала ў каго (а мо і ні ў кога) хапіла б сілы — і трымценьне ў Яго целе ад цяжару сьвятасьці. Барадулін-Паэт заўжды адчуваў, спазнаваў душу глыбока і трымтліва. Сваю душу, душу сваёй маці, душы сяброў, любых, душу народа, душу сваёй Беларусі.

Божа, пашлі Беларусі
Ласкі з Тваімі вачамі.


Ён вырастаў зь беларускай зямлі душою. І душа яго прарастала ў сусьвет. «Anima» — па-латыні «душа». Усё з душой — жывое, а бяздушнае — мёртвае. Кніга Барадуліна жывая, у ёй бытнуе беларуская душа. Невыпадкова менавіта яна была абраная экспэртамі Радыё Свабода як найлепшая кніга 2011 года. Інакш нельга, калі размова заходзіць... пра душу. Тое, што стварае Барадулін — нязьменна поўніць скарбонку нашага разуменьня беларускай душы. «Усё прыходзіць і праходзіць, узьнікае і зьнікае. Неўміручая толькі душа. Яна падуладная адно Ўсявышняму. Галоўнае на зямлі — не прадаць душу. Незьлічоныя бачныя і нябачныя, рознааблічныя чорныя сілы са дня стварэньня сьвету цікуюць за душой. Чалавек, каб заставацца сабой, мусіць берагчы сваю душу. Памятай гэта, калі ласка!» — кажа паэт у сваёй кнізе. То пры кожным кроку ды ўчынку — не забываймася, як там нашая душа пачувае сябе. І прыслухоўваючыся да яе — жыцьмем.

Паслаў бы табе душу... Менск, «Лімарыюс», 2009

Ліставаньне Рыгора Барадуліна з мамай (1954 — 1971). Калі спрабаваць акрэсьліць жанр кнігі, то, відавочна, тое будзе не эпісталярый, а хутчэй, як адзначыў Уладзімер Някляеў у прадмове, найперш гэтая кніга — малітоўнік для тых, хто ня страціў здольнасьці адчуваць жыцьцё не як нейкую справу, не як занятак па здабытку грошай ці славы, а як неверагоднае шчасьце жыць і любіць. Гэтай кнігай ён ня толькі маці сваёй душу паслаў — нам усім. Калі чытаеш ліставаньне маладога паэта і яго маці, то адразу разумееш, адкуль зьявіўся геніяльны паэт. Ён зьявіўся ад сваёй геніяльнай маці Куліны Андрэеўны. А талент яго маці ў тым, як яна ўмела любіць, як сумавала, як хвалявалася, як жыла, як разумела жыцьцё... Шчыміць у сэрцы, чытаючы словы маці да сына — і разумееш, колькі чалавек страчвае, калі мамы ўжо няма на гэтым сьвеце. І разумееш, які побач скарб і шчасьце — калі матуля побач. І самае галоўнае — прыходзіць яснае ўсьведамленьне, што бяз мамы — ты бяскрылы. Што нішто больш, як усьведамленьне таго, што ў цябе ёсьць матуля, ня можа так вольна, спакойна і бясстрашна трымаць чалавека на зямлі. Бо толькі маці адная ведае цябе аголенага — і целам, і душой, і думкай. І ня трэба перад ёй хавацца. І быць зь ёй можна, з адзінай, такім, як ёсьць. Ад таго і боль твой яна наймацней за свой адчувае. І радасьць твая большая, калі зь ёю падзеленая. А ёй і трэба толькі пачуць, што ты жывы, здаровы і шчасьлівы... «Я жыў, здароў. Гадуюся патрошку... Настрой цудоўны...»

Нездарма Бог і Мама стануць для паэта — непадзельнымі сьвятымі, як непадзельныя мама і сам паэт, як неадлучны паэт ад Богавага.

Мама! Я выйшаў з цябе, а пасьля
Ты ўвайшла ў мяне, і жывецьмеш,
Покуль носіць мяне зямля.


Руны Перуновы. Менск, Радыёла-плюс, 2006

Дзядзька Рыгор быў памежна шчырым, калі сказаў: «Калі пішу — не баліць». Паэт, уратаваны Паэзіяй. У любым веку, пры любым стане здароўя. Калі піша — боль, хваробы, усё што мучыць цела, сыходзіць. Бо ад паэзіі лекуецца душа, загойваецца незагойнае. Бо і Паэзія — гэта вера, гэта рэлігія. Бо ёсьць тыя, хто спавядае Паэзію. Рыгор Барадулін спавядае беларускую Паэзію. У яго вершах — беларуская спрадвечнасьць. У яго паэзіі — крэўнасьць, крывіцкасьць, дух беларускі, ліцьвінскі дух. Як Паэт Барадулін ёсьць, існуе выключна ў мове, якой жывіцца, і якую поўніць. У ягонай паэзіі і хрысьціянскія, і паганскія багі мірна сужываюцца на адных беларускіх нябёсах. Духам крывіч, сэрцам паганец, душой беларус — ён жыве ў паэтапрасторы суладзьдзя зь вераю і самім сабой. І тут размова Паэта з Богам і Вечнасьцю, у якой яны роўныя суразмоўцы, і кожны роўны выключна сабе самому, як і мусіць быць.

Полымнакрыла б’ецца трывога
Нікім не спалоханым матыльком.
Душа беларуская йсціме
Да Бога
Зь нябеснаю сьвечкаю —
Зь васільком
.

Ксты. Менск, Рымска-каталіцкая парафія Сьвятога Сымона і Алены, 2005

Невыпадкова менавіта за гэту кнігу Рыгор Барадулін быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію. У яго шмат выдатных кніг — і вясёлых, і гумарных, і адкрыта правакацыйных («Здубавецьце», «Дуліна ад Барадуліна» і г. д.), але менавіта тэмы, пра якія думаецца Паэту застаўшыся сам-насам з сабой ды зь Вечнасьцю, і кранаюць перадусім. «Ксты» — кніга-малітва, пранізаная наймацнейшай духоўнай энэргетыкай. Вершамі з «Кстоў» сьмела можна маліцца. Часам я так і раблю — размаўляю з Богам вершамі Барадуліна. А напрыканцы размовы гучаць паэтавы — пераствораныя ды спрадвечныя — словы...

На вячніны вячнін. Амін.

Ксты — дзівосна ўдалася шматзначная назва, якой і мусіць быць таямніца, таямніца паэзіі і таямніца веры. Ксты — утрымліваюць у сабе і хрост, і крыжы, і пальцы, складзеныя, каб перажагнацца, і тэксты (сьвятыя), і падтэксты...

Калі рукаюцца душы... Менск, Беларускае таварыства «Кніга», 2003

«Раней у мяне было тры вялікіх любові, тры сьвятыя: Бог, Мама і Быкаў. Цяпер застаўся толькі Бог...» — кажа дзядзька Рыгор. І яму верыш. Быкаў для Барадуліна быў сябрам жыцьця. Яны, узгадаваныя адной зямлёй, і абраўшы поручныя шляхі, разумелі адзін аднаго, знаходзячыся на любых адлегласьцях. Разумелі і адчувалі. Пісьмовы дуэт двух уладароў слова, уладароў думак, двух таленавітых пісьменьнікаў-сяброў ператварыўся ў паэтычнае ліставаньне, што сталася кнігай «Калі рукаюцца душы...». Яны разам спрабавалі наблізіцца да ісьціны, мацуючыся з крыніцы нацыянальнага натхненьня. У Фінляндыі і ў Нямеччыне, на гарбатых камянях Суомі і на вінаградных берагах Рэйну і Майну вялікі беларускі празаік Васіль Быкаў зачытваў уголас сваім нешматлікім землякам на чужыне вершалісты ад свайго сябра, беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Зачытваў — і яму рабілася лягчэй. Пра хараство і пра боль, пра тугу і любоў, якімі поўніліся лісты. А ў Вушачах ці ў Менску Рыгор чакаў на прыпавесьці, напісаныя сталым розумам і балючай душой, ад Васіля. Быкаўскія прыпавесьці зьнявечвалі зьвяроў у людзях. Так доўжылася паэтычнае ліставаньне, у якім размаўлялі іх душы — размаўлялі пра вечнае ды чалавечае. Калі радзіма крэўнага ператвараецца ў радзіму сноў, далёкую-далёкую — ворагу гэткага не пажадаеш. А з Быкавым тое здарылася. Далёка, на чужыне, ён жыў Беларусьсю.

Роздумныя вершы ды іранічныя мудрыя прыпавесьці — так размаўлялі душы пісьменьнікаў. А аднаго разу Быкаў даслаў Барадуліну паштоўку, на якой быў выяўлены сьмешны аголены чалавек, што няўклюдна зьбягае ад паганятых. А на звароце паштоўкі подпіс: Так адчувае сябе беларус на чужыне... Таму так хочацца вярнуцца — дамоў. Прынамсі, памерці. А для сьмерці Радзіма наша прыдатная... Няхай Пан Бог беражэ беларускіх паэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG