серада, 23 траўня 2012, Менск 03:08

Праграмы / Вянок памяці

Вянок памяці: Тодар Копша

14 лютага пасьля цяжкай і працяглай хваробы пакінуў гэты сьвет Тодар Копша. Дысыдэнт савецкіх часоў, арганізатар і ўдзельнік падпольных выставаў, мастак-авангардыст пайшоў з жыцьця ў няпоўныя 73.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Тодар Копша
x
Тодар Копша
«Адтуліны», палатно, алей
x
«Адтуліны», палатно, алей
Бяз назвы. Калаж.
x
Бяз назвы. Калаж.
​​Ён нарадзіўся на Магілёўшчыне ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад). Скончыў Менскую мастацкую вучэльню. Не прызнаваў савецкага афіцыёзу, што перашкодзіла яму працягнуць мастацкую адукацыю, але на ўсё жыцьцё зблізіла зь іншымі мастакамі-вальнадумцамі. У іх ліку і зямляк Алесь Марачкін.

«Ён застаўся чалавекам вольным, не зацугляным сацрэалізмам, не зацугляным палітыкай партыі, бальшавізмам, таму што ён быў дасьведчаны ў эўрапейскай культуры, а перадусім у мастацтве канца дзевятнаццатага — пачатку дваццатага стагодзьдзя. Як на мой погляд — гэта быў першы мастак такога сюррэалістычнага, абстрактнага характару. Апошнія гады ён цяжка хварэў, і вось, на жаль, мастака, грамадзяніна, беларуса ня стала».

Карціны Тодара Копшы знаходзяцца ў прыватных зборах у Нямеччыне, Швайцарыі, Нарвэгіі, Японіі, Ізраілі. Беларускія дзяржаўныя мастацкія зборы ягонымі творамі не цікавіліся, хоць шмат якія працы, кажа Алесь Марачкін, вартыя сталай экспазыцыі.

«Такі, да прыкладу, твор, як вялізнае палатно пад назовам „Прысьвячэньне чылійскім паэтам“, а на самой справе — гэта прысьвячэньне рэпрэсаваным пісьменьнікам Беларусі, бо ў савецкія часы ён хаваў сапраўдную ідэю гэтага твора».

​​Схаваныя ідэі і мастацкія прынцыпы мастакі-вальнадумцы выяўлялі на падпольных выставах, што ладзіліся ў іхных майстэрнях на вуліцы Дзімітрава ды ў некаторых іншых месцах. Прыгадвае мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская.

«Ён, Марачкін, Віктар Маркавец, Алесь Разанаў рабілі падпольныя выставы, прысьвечаныя Казіміру Малевічу. Яны там праводзілі і лекцыі пра Малевіча — калі гэтае імя было забароненае ў Беларусі, пра авангарднае мастацтва — калі нават гаварыць пра яго забаранялася».

​​Мастака-авангардыста зьвязвала моцнае сяброўства з паэтам-авангардыстам Алесем Разанавым.

«Тодар жыў і тварыў наперакор відавочнасьці, наперакор нейкім правілам усталяваным, творачы немагчымае. Ён ішоў сваёю дарогай і слухаўся свайго ўнутранага голасу. Мы жылі непадалёк адзін ад аднаго. Ён часта прыносіў свае карціны, у асноўным намаляваныя на папяровых аркушах. І тады гэта была ў нас як бы сумесная творчая гадзіна — я даваў назвы гэтым творам. Таму добра знаёмы з тым, што выяўлялася з-пад яго рукі. У яго творах жыцьцё як бы выходзіла ў нейкае наступнае вымярэньне. Зараз Тодар сам выйшаў у гэтае наступнае вымярэньне. Пажадаем яму плённай шчасьлівай далейшай дарогі».

Разьвітаньне з Тодарам Копшам адбудзецца 16 лютага а 14-й у ягонай кватэры ў Менску на вуліцы Бялецкага, 2-333. Пасьля гэтага ён будзе пахаваны на Заходніх могілках сталіцы.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Алесь Шпакоўскі
15.02.2012 21:26
Тодар, даражэнькі,
мы не дарагаталі
…а ў гэтым сьвеце пекным
ты быў Мастацкай хваляй,

Быў спраўным патрыётам
з цудоўным вымаўленьнем
у якім бадзёры ўзьлёт
цэлых пакаленьняў

Старэйшы сябра мой,
ніколі больш, ніколі
да мітусьні зямной
ты не падсыпеш «солі»

З вясёлаю душой
дзе ўсё малюе Талент
ты назаўжды пайшоў
кудысьці далей., далей

…сьпі ў Богу, старына,
Ты варты ўсёй павагі
З савецкага даўна
У вечныя абсягі

15.02.2012.