Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галерэю «Вольныя мысьлі» прыкрылі пад маўчаньне мастакоў


Менск, Магілёўская, 12 — гэты адрас ведала ўся сталічная інтэлігенцыя. Цягам 10 гадоў тут дзейнічала мастацкая галерэя «Вольныя мысьлі», дзе адбываліся выставы, прэзэнтацыі новых карцінаў, сустрэчы з беларускімі творцамі. І вось у юбілейны для галерэі год яна раптоўна спыніла сваё існаваньне. Прычыны ў перадачы «Вольная студыя» тлумачыць адна з заснавальнікаў і куратараў «Добрых мысьляў» мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская.

— Спадарыня Тацяна, ваша дзейнасьць заўсёды была, скажам так, паліткарэктнай. Што ж адбылося, чаму «Добрых мысьляў» больш няма?

— У кантэксьце таго, што апошнім часам адбываецца ў дзяржаве, дзіва тут вялікага няма. Мы спачатку меркавалі, калі наша дзейнасьць абсалютна дабрачынная, калі яна накіраваная на падтрымку мастацтва ў дзяржаве, на падтрымку мастакоў, якім сёньня вельмі цяжка выжываць, то мы не падлягаем аніякім перасьледам. Аказваецца, і культура сёньня небясьпечная для дзяржавы, якая ваюе са сваім народам, з моладзьдзю, з праўдай. А праўдзівае мастацтва заўсёды было на вастрыі падзеяў. Таму, і гэта зусім лягічна, наша галерэя аказалася на перадавой барацьбы дзяржавы з культурай, з народам.
Наша галерэя аказалася на перадавой барацьбы дзяржавы з культурай.

— А хто канкрэтна вам паведаміў, што галерэя мусіць быць закрытай?

— Мы спакойна рыхтавалі выставу вядомага мастака Міхася Рагалевіча, які летась памёр. Ён быў вельмі сьціплым і надзвычай таленавітым мастаком. Ён не займаўся камэрцыяй, не прадаваў сваіх твораў. Рагалевіч быў першым мастаком, які афіцыйна, у дзяржаўных залях, пачаў паказваць творы, прысьвечаныя тэме рэпрэсій у сталінскія часы. Мы зрабілі экспазыцыю, запрасілі музэйных работнікаў, калекцыянэраў (выстава рабілася на падставе прыватных калекцый), запрасілі сваякоў і ўдаву мастака. Літаральна за некалькі хвілінаў да адкрыцьця выставы да нас падышла гаспадыня фальварку «Добрыя мысьлі» Ірына Сяргееўна Каліноўская і, хаваючы вочы, сказала: «Выставы ня будзе. Без камэнтароў». «Чыё гэта рашэньне?» — запыталі мы зь Віктарам Маркаўцом. «Мне патэлефанавала кіраўніца аддзелу ідэалёгіі Цэнтральнага раёну Менску і забараніла адкрыцьцё выставы,» — адказала Каліноўская.

Міхась Рагалевіч. Канцлягер для рэпрэсаваных. 1963 г.

— Удакладніце, што ёсьць фальварак «Добрыя мысьлі». Гэта цэлы комплекс памяшканьняў?

— Гэта рэстарацыя-кавярня і адначасова — установа клюбнага тыпу. Там знаходзілі прытулак вальнадумныя мастакі, паэты, музыкі. Тыя творцы, якіх не пускаюць на дзяржаўную сцэну, на старонкі афіцыйных выданьняў, не прэзэнтуюць у дзяржаўных галерэях, добра пачуваліся ў фальварку «Добрыя мысьлі».

— А якая канкрэтная падзея магла спрычыніцца да такой хуткай расправы з вамі?

— Думаю, што ўсё пачалося пасьля 19 сьнежня. Сястра ўладальніцы фальварка Ірыны Каліноўскай Вольга 19 сьнежня праяжджала на машыне праз плошчу з сынам. Там яе машыну разьбілі «амонаўцы», сына адправілі ў жодзінскую турму. Яна пасьля спрабавала дамагчыся праўды, спрабавала судзіцца з гэтымі людзьмі, але безвынікова. І пачаўся ўціск на галерэю, на Ірыну Сяргееўну. Адразу пасьля Новага году пачаліся праблемы з выставамі. Сёлета мы толькі пару выставаў зладзілі.

— Выстава Рагалевіча супала з закрыцьцём проста выпадкова?

— Я так ня думаю. Мастацтва Рагалевіча закранае самыя балючыя праблемы беларускага соцыюму, тэму рэпрэсіяў. Так атрымалася, што падрыхтаваная выстава набыла актуальнасьць у дзяржаве, якая сёньня апантана змагаецца з падлеткамі, жанчынамі, творчымі людзьмі. Культура заўжды на пярэднім краі. Усе праблемы, усе хваробы чалавецтва пралягаюць праз сэрца паэта і мастака.

— А ці не спрычыніўся да закрыцьця вашай галерэі эканамічны крызыс? Можа быць, гаспадыня будынку чакала ад дзейнасьці галерэі нейкіх большых прыбыткаў?

— Не. Ірына Каліноўская — чалавек, улюбёны ў беларускае мастацтва. Яшчэ да таго, як адчынілася наша галерэя, яна купляла на выставах творы маладых мастакоў. І калі яна пабачыла, як прафэсійна мы зь Віктарам Маркаўцом працуем, яна пачала сваю дабрачынную дзейнасьць тварыць нашымі рукамі. Вядома, зусім ня дрэнна было б, каб быў прыбытак, але мы нават ня ставілі такой мэты. Уся наша дзейнасьць была дабрачыннай. З мастакоў ня бралася ні грошай, ні твораў за арэнду памяшканьня, для іх рабіліся каталёгі, ствараліся праграмы для маладых мастакоў, якіх мы з году ў год вялі, прапагандавалі, выводзілі на міжнародным пленэры. Думаю, што закрыцьцё галерэі аніякім чынам ня зьвязана зь бізнэсам Ірыны Каліноўскай, а толькі з тым уціскам, які яна мела ад дзяржаўных структураў.

— Памятаю, у «Добрых мысьлях» была адмысловая кніга водгукаў, у якой рабілі запісы шаноўныя госьці. Калі пагартаць тую кнігу, летапіс вашай дзейнасьці, якія імпрэзы найперш успомняцца?

— Мы ладзілі Каляды для дзяцей, праводзілі тэматычныя выставы, наладжвалі паказы беларускай батлейкі. Галерэя з падтрымкай Ірыны Каліноўскай арганізавала некалькі пленэраў маляваных дываноў. Яшчэ прыгадваецца адна з нядаўніх выставаў, вельмі адметная, — прэзэнтацыя карціны Аляксея Марачкіна, прысьвечанай Анатолю Сысу. Таксама ён нядаўна паказваў у нас сэрыю партрэтаў выбітных людзей Беларусі «Рыцары Пагоні і Арла». Потым была вельмі адметная і цікавая выстава Алеся Пушкіна «Беларуская шпакоўня». Была ў нас, зладжаная пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» пэрсанальная выстава мастака-авангардыста Тодара Копшы. Ён доўгія гады моцна хварэе, нікуды не выходзіць, ён і марыць ня мог пра такую выставу. «Будзьма…» забясьпечыла яго творы рамамі, мы выпусьцілі каталёг, зладзілі выставу… А самы адметны праект, які дэманстраваўся ня толькі ў фальварку, але і па ўсёй Беларусі, — гэта «Мастацтва Заходняй Беларусі». Мы расшуквалі ў прыватных калекцыях забытых мастакоў, выстаўлялі іх, разварушвалі рэгіёны, бо ў рэгіёнах мастацкае жыцьцё вымірае, там мастакі закінутыя, зачахлыя.

— Вось жа Алесь Пушкін на сваёй Крупшчыне не зачах.

— Пушкін — неардынарны, вельмі энэргічны чалавек. Такіх адзінкі. Беларусы, звычайна, вельмі ціхія і сьціплыя. Магу прывесьці прыклад Сяргея Вішнеўскага, вельмі цікавага мастака з Докшыцаў. Ён атрымаў мастацкую адукацыю ў Вільні, быў цудоўным мастаком. Але калі вярнуўся пасьля 30-х гадоў на радзіму, схаваў свае творы ў падстрэшак і баяўся нават заікнуцца, што ён мастак.

— Вы — дасьведчаны мастацтвазнаўца, усё жыцьцё пішаце пра мастакоў. У Саюзе мастакоў Беларусі, куды вы таксама ўваходзіце, больш за 1000 чальцоў. Чаму ж саюз ні слова не сказаў у абарону вашай галерэі?

— Саюз сёньня перажывае вельмі складаныя часы. Дарэчы, кіраўнікі саюзу на многіх нашых імпрэзах бывалі. Сёньня сам саюз перасьледуецца, перасьледуецца яго кіраўніцтва, праўда, пакуль іх за краты не саджаюць. Але ў іх столькі праблемаў! Яны змагаюцца за Палац мастацтваў, які горад хоча забраць сабе. Яны шмат зрабілі для таго, каб зарабіць грошы на рамонт палацу, каб кожны мастак мог пры жаданьні зрабіць сваю выставу бясплатна.

— Карацей кажучы, кіраўніцтва Саюзу мастакоў настолькі занятае, што выступіць у вашу абарону ім няма калі?
Мы не піярыліся, не рэклямаваліся, мы проста рабілі сваю справу.

— Вось я праз вашу «Вольную студыю», якую слухаюць многія мастакі, сябры суполкі «Пагоня», зьвяртаюся да калегаў і спадзяюся, што нехта паўстане. Бо тое, што мы рабілі ў галерэі, немагчыма было ня бачыць. Мы не піярыліся, не рэклямаваліся, мы проста рабілі сваю справу. Дарэчы, мы падрыхтавалі 10 кніжак пра мастацтва. Ірына Каліноўская меркавала іх выдаць, але цяпер яна ня мае такой магчымасьці, і ў нас гэтая дзесяцігадовая праца прападае. Спадзяемся, што праз Радыё Свабода мяне пачуюць людзі, нехта скажа сваё слова ў абарону той справы, якую мы рабілі.

— Адзін мой знаёмы мастак сказаў мне, што ягоная Плошча — гэта мальбэрт. Ці згодныя вы з такім выказваньнем?

— Мне прыгадалася юбілейная выстава суполкі «Пагоня». На сходзе перад выставай я выступіла і сказала: «Досыць баяцца! У кожнага мастака ў майстэрні поўна пратэстных твораў». Я ня ведаю, чаму мастакі сьцішыліся і схавалі гэтыя творы. А тое, што трапіла на выставу, было адтуль неўзабаве зьнята. Я думаю, што мастакі ня могуць заставацца абыякавымі да таго, што сёньня робіцца ў краіне. З другога боку, я іх разумею. Будзеш пратэставаць — згубіш майстэрню. А без майстэрні як жыць мастаку? Я не магу за кагосьці адказваць, але ўпэўненая, што ў майстэрні ў кожнага мастака знойдзецца дзясятак пратэстных твораў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG