Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюс – мінус. 9 сакавіка


Пытаньне пра інтэрвію ППРБ для “Washington post” (браць ці ня браць?) у мінулым аглядзе пазаўчора, нібы дэжавю паўтарылася праз пару дзён, толькі ўжо ў дачыненьні да назіральнікаў АБСЭ ў судах над арыштаванымі за 19 сьнежня (ехаць ім туды ці ня ехаць?). У мінулы раз выснова была – ня браць, бо шкода ад прамыўкі мазгоў беларускаму народу з дапамогай уплывовых брэндаў непамерна большая, чым карысьць ад таго патоку сьвядомасьці made in Belarus, у які акунецца сусьветны чытач.

НАЗІРАЛЬНІКІ І НАДЗІРАЛЬНІКІ


Тое самае з АБСЭ. Высновы эўрагасьцей застануцца па-за ўвагай нашага масавага чалавека, затое іх прысутнасьць на шмат градусаў падвысіць тонус бэтэшнай прапаганды. Зьмяіныя галоўкі ў панарамах будуць з эратычным прыдыхам устаўляць гэтую made in Europe абрэвіятуру ў суконныя тэксты прысудаў “ворагам народу”. Быццам для таго БДІПЧ і прыяжджаў толькі, каб паспаліты беларус хутчэй паверыў ва ўсю гэтую фантасмагорыю масавых беспарадкаў, на горкі яблык пабітага спэцназу і ўтульных хатніх арыштаў.

Але, скажыце, зь якой прынукі заходнікі павінны дбаць пра здароўе беларускага глузду? Некаторыя зь іх зялёнага панятку ня маюць пра тое, што праўда – гэта, насамрэч, хлусьня.

Палагодзіць інтарэсы паспрабаваў камэнтатар Хведар:

“Пачынаць трэба з пытаньня, ці законным шляхам здабытыя доказы. Трэба дамагчыся адказу, чаму, насуперак патрабаваньню канстытуцыі і міжнародных дамоваў, да абвінавачаных не дапускаліся і не дапускаюцца адвакаты; чаму пяць адвакатаў, якія бароняць удзельнікаў Плошчы, пазбаўленыя ліцэнзіі? Калі “экспэрты” не дамогуцца адказу на гэтыя пытаньні перад пачаткам суда, шэлег цана такой місіі”.

Хе-хе. Але каму місія павінна задаць гэтыя пытаньні? Вядома, каму. І адказ вядомы: “Ды што вы гаварыце? Січас праверу”.

І яшчэ. Калі б Сталін запрасіў эўрапейцаў назіраць за пастановамі “троек”, што б яны там “назірнулі”? Думаеце, кроў і катаваньні? Я думаю, пусты графін.

ЗА ДЫЯЛЁГ, АЛЕ НЕ З УЛАДАЙ


Больш за ўсё спадабаўся камэнтар Крата зь Менску. У нас так шмат наракаюць, што нічога ня робіцца. Хай бы лепей пісалі свае прапановы на тэму “Што рабіць”. Як Крот:

“Спадарства, я хоць і падзяляю пазыцыю, што дыялёг зь сёньняшнімі ўладамі немагчымы, найперш таму, што яны не прымаюць ніякай альтэрнатыўнай думкі, але гэта ня значыць, што дыялёг немагчымы з самымі рознымі слаямі насельніцтва. На мой погляд, трэба, акрамя палітычнага вэктара, знайсьці спосабы ўключыць культурны, адукацыйны вэктары, а таксама – дабрачыннасьць. А гэта значыць, што пад кіраўніцтвам партыяў неабходна праводзіць культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, асабліва ў рэгіёнах. Гэта могуць быць сэмінары, канцэрты, фэстывалі, акцыі. Уключыце крэатыў. Ёсьць маса людзей, якія ў сілу сваёй дэмакратычнай арыентацыі засталіся за межамі актыўнага сацыяльнага жыцьця. Яны не гатовыя зьмяніць род дзейнасьці і займацца палітыкай, але з задавальненьнем пайшлі б на супрацоўніцтва, прычым – пераважна бясплатна, у рамках нейкіх цікавых праектаў. Думаю, што прыдаць гэтым праектам шматколернасьць і павысіць цікавасьць да іх знайшліся б і замежныя калегі: музыкі, мастакі, фатографы, лектары. Гэта й ёсьць своеасаблівы дыялёг ці дыскусія, на ваш густ. Зразумейце, жыцьцё – гэта ня толькі палітыка. Больш за тое, палітычныя погляды – гэта часта наступства нейкіх іншых працэсаў”.

Пяць балаў.

Трыццаць гадоў таму БНФ і пачынаўся з мноства культурных і асьветных ініцыятываў, якія ўрэшце зьліліся ў адну раку і выйшлі ў палітыку. Прычым, абсалютна бясплатна. Напэўна ж пасьля ўсяго, што выкрыкнута сёньня аднымі дэмакратамі на адрас другіх, пасьля грашовых і агентурных скандалаў, пасьля самых брыдкіх дапушчэньняў, прамоўленых як факт, нейкае новае аб’яднаньне можа адбыцца толькі на чыстым месцы і на падставе каштоўнасьцяў. А каштоўнасьці не з палітыкі бяруцца, а з культуры і асьветы. І калі мы аб’яднаемся ў культуры, у мове, у нацыянальнай ідэі, калі набярэм сілы, тады можна і палітычныя задачы вырашаць.

Натуральна, дадае Крот, гэта ўсё не адмяняе барацьбы за вызваленьне палітвязьняў.

ПОДЗЬВІГ МІХЕЛЬСОНА (2)


Ну і ўвалілі мне за Міхельсона (мянушка Алеся Міхалевіча) зь мінулага агляду. І за прыгадку таго Міхельсона, які пасадзіў у клетку Пугачова. Маўляў Міхалевіч цяпер не на месцы царскага вайскаводца, а на месцы бунтаўніка.

Згодны з тым, што месцы адваротныя, як і з тым, што ня месца красіць чалавека. Ні Міхельсон, ні Ямелька ніколі не памяняюцца сваімі сутнасьцямі ад таго, што памяняюцца месцамі.

Яшчэ папракалі тым, што за Міхельсонам стаяў Сувораў, які пасьля пасадзіў у клетку ўсіх беларусаў. Але ня трэба блытаць боб з гарохам, а імпэрскія войны з усталяваньнем закону. У гісторыі яіцкага казачка мне бачыцца паралель з гісторыяй казачка Міхненкі і ўсяго таго нашэсьця Залатарэнкі – ужо на нашай зямлі. Тады мазаічнага Міхненку са таварышы пасадзіў Януш Радзівіл, і ня ў клетку, а на кол.

Улада бывае разумная і шалёная. Першую ўвасабляюць Міхельсон і Радзівіл, другую – Ямелька Міхненка і некаторыя тут. Адпаведны чалавек адпаведным чынам “красіць” адпаведнае месца.

Ці можаце вы назваць адзін (!) высакародны ўчынак Лукашэнкі за гэтыя 17 гадоў? А спытайце ў мяне пра Міхалевіча, і я скажу – магу. Расказаў пра катаваньні ў турме КДБ. І ўчынак яго ня ў тым, што ён пра гэта расказаў. Гэта толькі фабула. Учынак у тым, што кожны падумаў пра сябе.

Ня ўсе, натуральна. Вось Кацюша піша пра Саньнікава, Статкевіча і Някляева (гэта яе парадак):

“Паверце, выйдуць з КГБ, пра ўчынак Міхалевіча ўсе забудуць... Міхалевіч малайчына. Яму дзякуй за праўду... Але вы згадзіцеся, што ён нагадвае капрызную дзяўчынку”.

Ізноў, па-мойму, ня ў тым рэч, каго нагадвае Міхалевіч, і ня ў тым, хто з кандыдатаў сьвяцейшы за іншых. Дзякуючы Міхалевічу, мы ведаем, што адбываецца зь іншымі, якія пакуль ня выйшлі. І сьвет ведае тое, чаго ён не дазнаецца ані з інтэрвію ў “Washington post”, ані ад назіральнікаў АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG