серада, 30 ліпеня 2014, Менск 18:08

Праграмы / Бацькі і дзеці незалежнасьці

Як жывуць дзеці ў гомасэксуальных сем’ях?

Дамблдор быў геем

Прэзэнтуючы «Гары Потэр і дары сьмерці» ў ЗША, аўтарка патэрыяны Джоан Роўлінг паведаміла, што заўсёды ўяўляла Альбуса Дамблдора як гея. 
Першыя гады незалежнасьці мы жылі ў грамадзтве, абсалютна пазбаўленым страху. Гэты кароткі па часе імпульс свабоды аказаўся настолькі моцным і патрэбным, што нават гады лукашэнкаўскага рэжыму ня здолелі заглушыць прагу людзей гаварыць тое, што яны лічаць патрэбным, і не хаваць перад іншымі сваёй сутнасьці. Тады, у сярэдзіне 90-х, зьявіліся і першыя беларускія гей-супольнасьці, клюбы, пэрыядычныя выданьні. Іх фармавалі людзі, якія не баяліся прызнацца — я іншы, я гомасэксуал. Аднак беларускае грамадзтва, як, зрэшты, і шмат якія іншыя, балюча рэагуе на любыя праявы інакшасьці.

Шмат хто прыгадвае, што ведае аднаполыя сем’і, але вельмі цяжка знайсьці людзей, якія б адкрыта пагадзіліся абмяркоўваць сутнасьць сваіх стасункаў і дзяліцца сваімі праблемамі. Прычына гэтаму адна — страх. І я таксама баюся нашкодзіць сваім суразмоўцам, таму імёны і галасы большасьці герояў гэтай праграмы зьмененыя.

Тым ня менш ёсьць асобы, якія лічаць сваім асабістым пакліканьнем абараняць правы сэксуальных меншасьцяў. Кіраўнік праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка распавядае, як жывуць беларускія гомасэксуальныя сем’і:

Сяргей Андросенка
Андросенка: «Нягледзячы на тое, што аднаполыя шлюбы ў Беларусі не легалізаваныя — няма ніякіх заканадаўчых актаў, якія рэгулявалі б такія адносіны, — аднаполыя зьвязкі ў Беларусі ёсьць. І некаторыя нават наважваюцца мець дзяцей. Вядома, збольшага гэта жаночыя пары. Працэнт такіх сем’яў вельмі нязначны — іх, можа, дзясяткі на ўсю Беларусь. Але гэта зараз — у Беларусі посткамуністычнай, і тут толькі ў 1994 годзе скасавалі крымінальную адказнасьць за гомасэксуальнасьць».

Беларускае грамадзтва, якое жорстка перасьледуе асобных гомасэксуалаў, лічыць за лепшае не заўважаць гомасэксуальныя сем’і. Распавядае Ірына:

Ірына (імя зьмененае): «Быў такі момант, калі ў нас нарадзілася дачка. Калі нараджаецца дзіця, прыходзяць сёстры і дактары на патранаж — аглядаюць месца, дзе жыве дзіця, у якіх умовах і падобнае. Вось тады быў момант, калі задалі пытаньне, хто мы і што мы. Мы на гэтае пытаньне далі адназначны адказ, хаця ў мэдычнай картцы ўсё адно запісалі нешта кшталту „сваякі па нейкай лініі“, сёстры ці нешта падобнае».

Гэтыя сем’і сутыкаюцца з самымі будзённымі сямейнымі праблемамі, знаёмымі ўсім.

Беларусы выхоўваюць сваіх дзяцей на жартах, кпінах у адносінах да гомасэксуалаў.
Андросенка: «Такім парам увесь час даводзіцца хлусіць. Калі яны аддаюць дзіцёнка ў школу, у дзіцячы садок, хтосьці зьяўляецца сястрой для ўсіх, хтосьці сяброўкай. Гэта ўжо праблема. Забраць дзіцёнка зь дзіцячага садку — могуць і не аддаць. Са школы з групы падоўжанага дня — таксама. Адказнасьць за дзіця ў бальніцы альбо ў шпіталі. І дзіцёнак расьце — і зь ім вымушаныя весьці працу, што ён не павінен гаварыць пра тое, што ў яго дзьве маці, усім навакольным, каб ён ня стаў ахвярай жартаў і зьняваг. Таму што беларусы выхоўваюць сваіх дзяцей на жартах, кпінах у адносінах да гомасэксуалаў. Ну і ніхто не застрахаваны ад таго, што калі нехта трапіць у бальніцу з сур’ёзнай траўмай альбо загіне, то ў выпадку аднаполай сям’і другі партнэр ня зможа ўзяць адразу дзіцёнка на выхаваньне, і таго накіруюць у дзіцячы дом».

Першая сям’я, у якой узьнікае тэма гомасэксуалізму, — бацькоўская. Прызнацца бацькам — першы крок да таго, каб адкрыцца перад грамадзтвам. Вось як гэта апісвае Ігар Іваноў:

«Мая маці параўнальна хутка змагла размаўляць са мной пра маю сэксуальнасьць і маё жыцьцё. Але заняло ёй вельмі шмат часу, каб пачаць адкрыта казаць іншым, што мой сын гей і што яна гэтага не саромеецца. Адзін мой знаёмы брытанец, багаслоў і вельмі добры чалавек, калі я яму пра ўсё гэта распавядаў, ён сьмяяўся крышачку з усяго гэтага і казаў: „Вось пабачыш, што маці твая будзе вялікай абаронцай геяў у выніку“. І ў нейкім сэнсе гэта так атрымалася, бо маці мая была адзіным чалавекам з бацькоў, хто выйшаў на менскі гей-прайд у мінулым годзе».

Прававы статус гомасэксуальнасьці ў сьвеце.
Адценьні блакітнага — аднаполыя шлюбы ў той ці іншай ступені дазволеныя.
Аранжавы — штраф, чырвоны — зьняволеньне, карычневы — сьмяротная кара.


Што перажывае маці, калі дзіця прызнаецца, што мае гомасэксуальную арыентацыю?

Тацяна (імя зьмененае): «Я перажыла гэта, і ўсе перажывуць, я думаю. Ну атрымалася так: нехта з адной рукой нарадзіўся, хтосьці з адной нагой нарадзіўся. Але ж гэта тваё дзіця, яго ж нельга з жыцьця выкрасьліць. Ну, і няхай іншыя мамы і таты неяк зьмірацца з гэтым, зразумеюць, паразмаўляюць. Я лічу, што тады праблемаў менш будзе. Толькі ўсё гэта трэба адкрыта і дзецям, і бацькам, каб яны разумелі адно аднаго і давяралі адно аднаму».

А вось што кажа дванаццацігадовая сястра хлопца, які ўжо некалькі гадоў не хавае сваёй гомасэксуальнай арыентацыі:

Я нават ганаруся сваім братам.
«Я трошкі нават ганаруся сваім братам, што ён такі незвычайны, не такі, як ва ўсіх. Вельмі добры, вельмі добра да мяне ставіцца. Спачатку было неяк нязвыкла, а пасьля я прывыкла. Спачатку, калі ён хадзіў на гэтыя ўсе парады, я хвалявалася, бо мама казала, што гэта небясьпечна. Я зусім ня ведала, што гэта такое, а пасьля ўжо стала здагадвацца, і мама сказала».

Як патлумачыць дзецям, што іхнія блізкія не такія, як усе? Спадарыні Тацяне давялося самой вырашаць, як распавесьці дачцэ пра тое, чым адрозьніваецца як брат ад іншых людзей:

Тацяна: «Вядома, вельмі баюся, таму што недзе можа гэта вылезьці — тыя ж сродкі масавай інфармацыі, недзе даведаюцца сябры, недзе настаўнікі — людзі ж розныя ёсьць. І гэта можа неяк паўплываць на яе ня вельмі добра.

Я бачыла, што яна здагадваецца, у яе пачалі нейкія пытаньні да мяне зьяўляцца. Я ёй проста патлумачыла, што ёсьць такія хлопчыкі і дзяўчаткі сярод нас, якім вось хлопчыкам падабаюцца хлопчыкі, кажу, а дзяўчаткам падабаюцца дзяўчаткі. Яна кажа: „Што яны, псыхі там, ненармальныя?“ Я кажу: „Не, гэта нармальная зьява“. І сказала, што не рабі ніякіх высноваў, усё астатняе ты сама пасьля зразумееш. Я думаю, што ёй больш ніхто нічога ня мог сказаць».

Прафэсар найстарэйшага амэрыканскага ўнівэрсытэту Кларка Эбі Голдбэрг напісала кнігу «Лесьбі- і гей-бацькі ды іх дзеці». У ёй яна прааналізавала, як ставяцца да дзяцей у аднаполых сем’ях дасьледчыкі і грамадзтва, і зрабіла свае высновы:

Эбі Голдбэрг
Голдбэрг: «Раней шмат хто з дасьледчыкаў меркаваў, што дзеці, якія гадуюцца ў гомасэксуальных сем’ях, дакладна сутыкаюцца з большымі псыхалягічнымі праблемамі ў параўнаньні з тымі, хто мае гетэрасэксуальных бацькоў. Сярод гэтых праблемаў называліся нізкая сацыяльная адаптацыя, дэпрэсія, расстройствы паводзінаў. І гэта нібыта таму, што яны ня могуць ідэнтыфікаваць сябе з пэўным полам — дзяўчаткі не разумеюць, што такое быць дзяўчынкай, а хлопчыкі — што такое быць хлопчыкам. Але маё дасьледаваньне пацьвердзіла, што з гэтымі дзецьмі ўсё добра — яны адкрытыя да камунікацыі, у іх цёплыя і сяброўскія стасункі з бацькамі, у іх нармальна разьвітыя навыкі адаптацыі. І гэта галоўныя вынікі майго дасьледаваньня».

Ня толькі для нашага грамадзтва дагэтуль праблематычна, ці лічыць аднаполыя саюзы сем’ямі. Аднак у гэтым пытаньні можна прыслухоўвацца толькі да саміх чальцоў гэтых сямей. Распавядаюць Ірына і Галіна:

Ірына: «Мы сябе ідэнтыфікуем як сям’ю незалежна ад таго, ці прызнана гэта грамадзтвам і той дзяржавай, у якой мы на сёньняшні дзень жывем. А як па-іншаму? Мы сям’я. Натуральна, нараджалі сьвядома, натуральна, хацелі гэтае дзіця, натуральна, трэсьліся над кожным рухам, каб захаваць гэтае дзіця, каб яно нарадзілася здаровым. Каб на сёньняшні дзень гадаваць гэтае дзіця, каб яно было шчасьлівае і каб мы былі шчасьлівыя».

Галіна (імя зьмененае): «Мы абедзьве мамы. Мы ня будзем падманваць дзіця. Мы ўжо вызначаем сябе як мамы. І ня толькі мы, але і бабулі, і дзядулі».

Для аднаполых параў у Беларусі праблема — сама магчымасьць мець дзіця. У больш заможных краінах, і асабліва там, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы, такія сем’і зьвяртаюцца да тэхналёгіі экстракарпаральнага апладненьня альбо ўсынаўляюць дзяцей. У Беларусі магчымасьць выхоўваць дзяцей маюць выключна лесьбі-сем’і, і яны пераважна вымушаныя карыстацца традыцыйнымі спосабамі. Распавядае Адэля:

Адэля (імя зьмененае): «Я не была ніколі замужам, вельмі хацела дзіця. Ён адразу ведаў пра гэта. У яго свая сям’я. Мы не камунікуем з таго моманту, нават ня бачыліся ні разу. І ён нават ніколі і не цікавіўся, што з намі адбываецца».

Большасьць людзей нават не ўяўляюць, што ў аднаполых сем’ях могуць выхоўвацца дзеці. Аднак спадарыня Голдбэрг сабрала ў сваёй кнізе мноства фактычных дадзеных, якія пацьвярджаюць наступнае:

Гэтыя дзеці больш адкрытыя, больш талерантныя, часьцей здольныя да спагады…
Голдбэрг: «Я думаю, што дзеці з гомасэксуальных сем’яў атрымліваюць больш глыбокае і істотнае разуменьне таго, што такое гендэрная прыналежнасьць. На іх ня цісьне жорсткая норма што да іх сэксуальнасьці, таму яны пачуваюцца нашмат больш камфортна і свабодна. У іх ужо закладзенае разуменьне таго, што значыць — „быць іншым, не такім, як усе“. Маё дасьледаваньне пацьвердзіла, што гэтыя дзеці больш адкрытыя, больш талерантныя, часьцей здольныя да спагады, і ня толькі ў тых сытуацыях, калі ідзецца пра сэксуальнасьць, а гэта іх агульная сацыяльная рыса. Яны талерантныя да людзей іншай расы, іншай нацыянальнасьці, яны маюць здольнасьць эфэктыўна камунікаваць зь іншымі людзьмі».

Статыстыка
Эбі Голдбэрг выявіла, што дзяўчаткі, выхаваныя ў лесьбі-сем’ях, больш схільныя выбіраць прафэсіі, якія традыцыйна лічацца мужчынскімі — напрыклад, юрыста ці доктара. Гэтыя прафэсіі абралі 52% жанчын зь лесьбі-сем’яў супраць 21% жанчын, выхаваных у гетэрасэксуальных сем’ях. У той жа час 95% хлопцаў выбіралі «мужчынскія» прафэсіі, незалежна ад таго, у якой сям’і — гома- ці гетэрасэксуальнай — яны выхоўваліся. Дарослыя, выхаваныя ў аднаполых сем’ях, часьцей абіраюць сфэру дзейнасьці, зьвязаную з ажыцьцяўленьнем грамадзкай справядлівасьці, і часьцей кантактуюць з гомасэксуаламі.

На думку Эбі Голдбэрг, няма ніякіх падстаў, каб хвалявацца за дзяцей у гомасэксуальных шлюбах:

Голдбэрг: «Я катэгарычна адмаўляю, што гэтым дзецям нечага бракуе. Асабліва гэта тычыцца меркаваньня, што яны мала кантактуюць з асобамі супрацьлеглага полу, як іх бацькі. Напрыклад, калі яны выхоўваюцца дзьвюма мамамі, то яны зусім ня бачаць мужчын. Гэта проста сьмеху варта. Маё дасьледаваньне лесьбійскіх сем’яў выявіла, што дзеці ў іх маюць шырокае кола кантактаў з мужчынамі — гэта дзядзі, дзядулі, суседзі, настаўнікі. Гэта такое ж кола кантактаў, як і ў дзяцей з гетэрасэксуальнай сям’і».

Натальля Васілевіч, рэдактарка сайту «Царква», лічыць, што адсутнасьць у Беларусі законаў, якія б рэгулявалі існаваньне аднаполых сем’яў, шкодзіць усяму грамадзтву ў цэлым. Аднак і гэтае пытаньне немагчыма вырашыць адназначна:

Наталка Васілевіч
Васілевіч: «Кансэрватыўныя хрысьціянскія цэрквы вельмі жорстка выступаюць супраць. Але ёсьць лібэральныя цэрквы, якія кажуць пра тое, што такія сем’і не зьяўляюцца хібнымі.

Найбольшыя канфлікты былі зьвязаныя з тым, што каталіцкія агенцыі па ўсынаўленьні абавязвалі для забесьпячэньня роўнасьці шлюбаў — гомасэксуальных і гетэрасэксуальных — аддаваць дзяцей з каталіцкіх прытулкаў у гомасэксуальныя сем’і. І гэтыя прытулкі лічылі, што гэта парушае іхныя правы».

Сяргей Андросенка тлумачыць, што трэба зрабіць, каб аднаполыя сем’і пачуваліся паўнавартаснымі складнікамі грамадзтва.

Андросенка: «Я лічу, што мы павінны быць шчырымі і сумленнымі. І царква, і дзяржава павінны перастаць крывадушнічаць і рабіць выгляд, што нас няма, і спрабаваць перайначыць. Я думаю, што надыходзіць час, калі трэба прызнаваць людзей такімі, якія яны ёсьць, і слухаць праўду. Замоўчваць праблемы ня варта, пра іх трэба размаўляць. Заклікаю гомасэксуальныя сем’і зьвяртацца ў ЛГБТ-арганізацыі, не баяцца і спрабаваць адстаяць сваё права на сям’ю. Тым больш што ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека напісана, што кожны чалавек мае права на сям’ю».

Для таго каб зразумець іншага чалавека, бывае досыць проста замаўчаць самому і паслухаць яго. Мы часта кажам, што ўсё, што мы робім, мы робім дзеля сьветлай будучыні нашых дзяцей, аднак вельмі рэдка вымяраем нашыя ўчынкі цяперашнім дабром для дзіцяці. Калі мы ўсё ж падыдзем да пытаньня легалізацыі аднаполых шлюбаў, менавіта дабро для дзяцей павінна стаць галоўным аргумэнтам.

Тэгі: дзеці,геі

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Зьміцер
24.11.2010 10:17
Збачэнцы павінны існаваць, каб мы ўсе памяталі і ведалі, што чакае нас за нашы грахоўныя ўчынкі.

Імя:: yury Горад:: göteborg
25.11.2010 15:43
Siarheju varta bylo b byc bolsh schyrym. Bo prablema malalikasci takih semjau ne u nejkaj magchymaj dyskryminacyi zvonku, a persh za usio -- U STABILNASCI HOMASEXUALNY PAR, jakaja neparaunalna menshaja za zvychajnyja heterasexualnyja semji (heta statystychny fakt). I tamu calkam zrazumela, shto kali siaredniaje zhyccio takoj pary kali 1 godu, to vyhouvac i rascic dziciaci budze calkam nemagchyma. Dzicionak tut budze jak nejkaja hatniaja zhyviolina, nakshtalt kotki, dze backi buduc ceshyc ulasny egaism i patrebu u kahanni, ale ne dumac pra toje, shto dzicionak music mec paunavartuju samju, dze adzin z backou ne budzie zmianiacca raz na god. Tamu isnavanne takoj siamji zviazana ne tloki sa zneshnim faktaram, ale i z amal statystychnaj neveragodnasciu farmavannia paunavartaj gay-siamji

Імя:: Sig Горад:: Miensk
26.11.2010 15:24
Дзякуй ВЯЛІКІ,,шаноўныя!За якасны рэпартаж і за СВАБОДУ слова!

Імя:: Christian Горад:: Беларусь
16.12.2010 14:35
Так, свабода...Хай сабе гэтыя геі і лесбіянкі жывуць як хочуць і з кім хочуць! Хай жэняцца, разводзяцца і г.д. Але ж дзіця! Гэта ўжо перабор! Не пераконваюць мяне высновы сп.Голдберг. Дзіця, выхаванае ў такой сям'і будзе хворым псіхічна! Як гэта, напрыклад, увогуле, можна растлумачыць дзіцяці, ды і самому даросламу, нармальнаму даросламу зразумець - што ў сям'і две маці, але ніводнага бацькі? Гэта немагчыма! Бо дзіця не ўзялося з паветра, ці з палавога стасунку дзвух жанчын. Не! У яго ёсць бацька, імя якога ад яго будуць хаваць. Але ж гэты бацька ёсць! Таксама, як і ў сям'і геяў - дзіця не нараджаецца з мужчыны, але толькі з жанчыны! І гэта закон Бога, ці прыроды - як каму падабаецца, і яго не змяніць, якія б штучныя метады не прыдумлялі! А тое, што робіцца ў гэтых аднаполых "сем'ях" - жудасны падман, падмена рэчаіснасці, здзек з дзіцяці, выхоўванне загадзя хворай асобы! І яшчэ пра нармальнасць асмельваюцца казаць!
Узгадваю зараз сваё дзяцінства, уяўляю - што калі б у мяне было дзве маці ці два таты? Ды я б звар'яцела б папросту!
Ратуй жа, Пане Божа, гэтых дзяцей, над якімі чыніцца такі страшны здзек!

Краўчук: Нам няма чаго размаўляць са «шнуркамі»

Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны, пракамэнтаваў для нашага Радыё паведамленьні, што Беларусь можа стаць пляцоўкай для перамоваў у справе ўрэгуляваньня крызысу на ўсходзе Ўкраіны. чытаць далей >

УСЕ НАВІНЫ
External Widget cannot be rendered.

чытаць іншыя навіны >>
External Widget cannot be rendered.

ТОП-ЛІСТ

СТАЛКЕРЫ СВАБОДЫ
Раман Абрамчук: Адкрываем невядомы Менск на роварах

Відэа Раман Абрамчук: Адкрываем невядомы Менск на роварах

Яму 33 — узрост, калі, згодна з паданьнем, мужчына робіць самы першы крок у галоўнай справе жыцьця. Ён зрабіў гэта, адштурхнуўшыся ад зямлі, каб паехаць на ровары, адкрываючы для сябе і іншых ахінутыя таямніцамі старасьвецкія куточкі роднага гораду. Культуроляг, музыка, эсэіст, краязнавец, ініцыятар тэматычных роварных экскурсіяў па Менску Раман Абрамчук — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды». чытаць далей >

Café Europa
Belarus - Ex-political prisoner Alyaksandar Autukhovich, 16Jul2014

Мультымэдыі Аўтуховіч: Мяне папярэдзілі, што калі ня зьеду — пасадзяць (ФОТА, ВІДЭА)

Былы палітвязень распавёў пра вяртаньне ў соцыюм, турэмных аўтарытэтаў і палітычных, а таксама пра здароўе зэкаў, уласную бясьпеку ды іншае... чытаць далей >

Цуды і дзівосы Беларусі
Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014

Альгерд Бахарэвіч: Дзьвюхмоўе

Ніхто не спрачаецца, што пагарджаць уласнай нацыянальнай мовай — амаральна. Але ў той самы час шмат хто спакойна ёй пагарджае і амаральным сябе пры гэтым ня лічыць. чытаць далей >

ПА-БЕЛАРУСКУ ВІНЦУК ВЯЧОРКА

Аўдыёслайды Прыгоды адсоткаў у каралеўстве крывых люстэркаў

Што ў Ірляндыі й Швайцарыі можна, а ў Беларусі — не. Піша Вінцук Вячорка. чытаць далей >