Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Спрынчан — пра кнігі расстраляных паэтаў


Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан

Кастрычнік — змрочны месяц у гісторыі беларускай літаратуры. За адну толькі перадапошнюю ягоную ноч было расстраляна бальшавіцкімі спэцлітаратуразнаўцамі больш за дваццаць пісьменьнікаў. А ўсяго за гады савецкай улады было зьнішчана звыш чатырохсот беларускіх літаратараў. Пра вершы пяці расстраляных беларускіх паэтаў сёньня распавядае Аксана Спрынчан.




ЮРКА ЛЯВОННЫ. У кнізе «РАССТРАЛЯНАЯ ЛІТАРАТУРА». «КНІГАЗБОР», 2008



Ёсьць вершы лірычныя, ёсьць філязофскія, ёсьць публіцыстычныя. Пра іх можна прачытаць у слоўніках літаратуразнаўчых тэрмінаў. А бываюць і «контррэвалюцыйныя вершы», якія не вылучаюць тэарэтыкі літаратуры. У гэтых творах добра разьбіраюцца «адпаведныя» органы. Менавіта за распаўсюд такіх вершаў выключаны, але пазьней аднавіўся і ў 1934 скончыў крытыка-творчае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту Юрка Лявонны. Праўдзівае імя паэта — Леанід Юркевіч. Ён нарадзіўся ў Чавусах і за 29 гадоў жыцьця выдаў шэсьць кніг. Канечне ж, вартасьць гэтых вершаў можна разглядаць адно ў кантэксьце пэўнай эпохі. Аднак, былі ў Лявоннага і вершы, пра якія можна было б сказаць ягонымі ж словамі:

Толькі той на сьвеце шчасьлівы,
Хто узімку жыве, як вясной!

Гэтыя вершы сапраўды квітнелі сярод рытарычнага холаду астатніх. У 1937 годзе Юрка Лявонны разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў раман Жуля Вэрна «20 000 лье пад вадой». Але самому яму не ўдалося выжыць пад вадаспадам рэпрэсій. Хацелася б дадаць, што з падсьледных, якія праходзілі з ім разам, адно Лявонны не пацьвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і г.д.

ВАЛЕРЫ МАРАКОЎ. ВЯРШЫНІ ЖАДАНЬНЯЎ. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1989



Шчасьлівы я, што тут жыву,
й за гэты край вясной вялікай,
быць можа, зьнімуць галаву,
праколюць цела
вострай пікай.

Гэтыя прароцкія радкі Валера Маракова сталі ўжо хрэстаматыйнымі. У 1935-м Маракова за публікацыю верша «Песьня перамог» на паўгода выключаюць з Саюзу пісьменьнікаў. Тады ж адбываецца першы арышт. Праз год паэта зноў арыштоўваюць. Пасьля году катаваньняў расстрэльваюць. Лірык паводле сутвы, Валеры Маракоў быў змушаны аддаць даніну рытарычнасьці і публіцыстычнасьці. Што казаць, у тыя часы гэткі лёс не абмінаў ня толькі маладых, але і старэйшых пісьменьнікаў, у тым ліку Янку Купалу, які падтрымліваў Маракова, запрашаў да сябе ў госьці.

І ўсё ж, як пісаў Валеры,

Любоў і паэзія йдуць празь вякі.
праз краты улад і кароны цароў,
праз хітрыкі ворага, здраду сяброў
і дораць зямлі залатыя вянкі.

Кожны можа сплесьці свой залаты вянок з радкоў паэта. Я пачну плесьці з наступных:

Палюбіў я асеньняе раньне,
бо ў ім многа раздум’я і сьлёз.


ЮЛІ ТАЎБІН. ВЫБРАНАЕ. МЕНСК, «БЕЛАРУСЬ», 1969



З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы…
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

Юлі Таўбін нарадзіўся ў 1911-м, у 1921-м сям’я пераехала з Варонежу ў Беларусь, у 1926-м пачаў друкавацца, у 1930—32 гадах выдаў 4 кнігі. У 1930-м у вершы «Сірано дэ Бержэрак» яшчэ пасьпеў напісаць:

Сягоньня паэт — зусім не такі…
Асобны гатунак і ранг…
Ніколі ні ад чыёй рукі
Ня меў я дуэльных ран.

А ў 1933-м 22-гадовы паэт, які чытаў Гётэ, Гейнэ, Шэкспіра, Байрана ў арыгінале, арыштаваны і прыгавораны да двух гадоў высылкі ў Цюмень. У 1936-м арыштаваны другі раз і ў 1937-м расстраляны. Ня меўшы «дуэльных ран», беларускі паэт атрымаў кулю ў патыліцу. У вершы 1932 года «Сьмерць» Юлі Таўбін пісаў, што калі будзе паміраць, хоча, каб сябры сыгралі яму «Марш № 3» Бетховена, прачыталі «пару Гайнавых сатыр», выбралі лепшае «ў маіх і вашых творах». Пасьля ж апошняга свайго слова паэт прасіў наладзіць «радыёпрыёмнік на Маскву,// На станцыю імя Камінтэрна». Той, хто прачытае Юлі Таўбіна, наўрад ці зможа наладжваць «радыёпрыёмнік на Маскву». Але варта пачытаць лепшыя вершы і паслухаць Бетховена.

ТОДАР КЛЯШТОРНЫ. Выбранае. Менск, «Беларусь», 1970



Паэты 1920-х гадоў складалі бясконцыя гімны маладосьці. Не вынятак тут і «беларускі Ясенін» Тодар Кляшторны:

Маладосьць —
Гэта дзіўная казка,
Непаўторная ў нашым жыцьці…
…Ападаюць
Чароўныя краскі,
Ападаюць,
Каб больш не цьвісьці…

Кажуць, паэты часта прадказваюць у вершах свой лёс. Вось і задумаесься, ці не пакрыўдзіліся на іх сталасьць і старасьць? Ці не вырашылі пакінуць іх назаўжды маладымі?

Хто з намі сілу сягоньня памерыць?..
Спыніць хто рух маладых?..
Хай не раўня мы Эўропам, Амэрыкам, —
Заўтра абгонім мы іх.

Што ж, па расстраляных паэтах мы абагналі ўсіх — і калі лічыць за ўсю гісторыю, і калі лічыць за адзін дзень. Прарочым радкам Тодара Кляшторнага —

Ходзім мы пад месяцам высокім,
А яшчэ — пад Д.П.У

неўзабаве споўніцца 100 гадоў. Але і да гэтага часу да высокага беларускага месяца заўжды знаходзіцца нейкі нізкі дадатак.

МІХАСЬ ЧАРОТ. У СОНЕЧНЫМ ПАХОДЗЕ. МЕНСК, «ЮНАЦТВА», 1986



Люблю закутацца кажухам,
Згайсаць ад меж да меж краіну
І крыкнуць гучна завірухам,
Што ў хвалях белых не загіну.
Міхась Чарот, стваральнік літаратурнай арганізацыі «Маладняк», які меў пасьведчаньне № 1, сапраўды не загінуў «у хвалях белых». Ягоная апошняя ноч была кастрычніцкай. У вогнішчах рэпрэсій не палілі, а расстрэльвалі. Не спынялі ні вядомасьць творцы (Міхась Чарот у 1920-30-я гады быў больш папулярны за Купалу і Коласа), ні ягоныя заслугі перад партыяй (быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920-га ўтварылася з членаў «Маладой Беларусі»). Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасьць) паэт перад расстрэлам выдрапаў на сьцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго пабачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч:

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам: я не вінаваты!

Так пры канцы біяграфій расстраляных паэтаў пасьля ўзьнік апошні штрых: «Рэабілітаваны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG