Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Аляксандар Фядута і Аксана Спрынчан


ЛІТАГЛЯД


АЛЯКСАНДАР ФЯДУТА: «ПЕЦЯРБУРГ ДЛЯ МІЦКЕВІЧА БЫЎ ПУСТЫМ, ХАЛОДНЫМ І КАМЕННЫМ»


Аляксандар Фядута

У маскоўскім выдавецтве «Новое книжное обозрение» выйшаў у сьвет літаратурны зборнік «Палякі ў Пецярбургу 19 стагодзьдзя», куды ўвайшлі ўспаміны Адама Кіркора, Восіпа Пржэцлаўскага і Тадэвуша Баброўскага. У амаль 1000-старонкавым фаліянце чытач знойдзе шмат фактаў і з гісторыі беларускага пісьменства. З укладальнікам кнігі, кандыдатам філялёгіі Аляксандрам Фядутам сустрэўся Міхась Скобла.


Міхась Скобла: «Аляксандар, летась выйшла кніга Міколы Нікалаева „Беларусы ў Санкт-Пецярбургу“. Назва вашай кнігі — „Палякі ў Пецярбургу ў 19 стагодзьдзі“. Але часам у абедзьвюх кнігах расказваецца пра адных і тых жа людзей. Чаму ў Мікалаева яны — беларусы, а ў вас — палякі?»


Аляксандар Фядута: «У шаноўнага, вельмі паважанага мною Міколы Віктаравіча Нікалаева галоўным крытэрам зьяўляецца паходжаньне — адкуль гэтыя людзі паходзяць. Сапраўды, яны паходзяць пераважна з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Але калі друкуюцца тэксты мэмуарныя, якія тычацца даўняй мінуўшчыны, камэнтатар павінен кіравацца іншым крытэрам. І тут крытэр такі: кім усьведамлялі сябе, як ідэнтыфікавалі сябе гэтыя людзі, на якой мове яны насамрэч думалі? Тут моўны прынцып зьяўляецца галоўным сьведчаньнем паходжаньня. Гэта ня значыць, што тыя людзі, якія думалі ў сярэднявеччы на лаціне, былі старажытнымі рымлянамі. Але тое, што тычыцца ХІХ стагодзьдзя… У нас не паўстае пытаньня, як ідэнтыфікуе сябе, напрыклад, Восіп Пржэцлаўскі — адна з цэнтральных постацяў і ў маёй кнізе, і ў кнізе прафэсара Нікалаева».


Скобла: «Акурат мэмуары Пржэцлаўскага найбольш каштоўныя, на мой погляд, ва ўкладзеным вамі зборніку. Яны без сумневу зацікавяць найперш айчынных міцкевічазнаўцаў. Той жа Адам Міцкевіч пісаў, што Рым збудаваны Богам а Пецярбург — д’яблам. Дык няўжо нашым землякам так няўтульна былося ў тым Пецярбургу?»


«Палякі ў Пецярбургу 19 стагодзьдзя»

Фядута: «Калі сёньня я спрачаюся з расейскімі калегамі наконт таго, як адчувалі сябе героі маёй кнігі ў тагачасным Пецярбургу, яны кажуць, што гэта ж была сталіца. Я разумею, што Пецярбург — ня Вільня ў нашым сучасным разуменьні, але гэта была іншая краіна, і гэта было месца, куды высылалі. Той жа Міцкевіч быў ссыльным. Нягледзячы на тое, што бліскучую кар’еру ў Пецярбургу зрабіў, напрыклад, швагер Міцкевіча, Францішак Малеўскі, гэта для яго таксама было месца ссылкі. Ён, ужо будучы адным з кіраўнікоў Мэтрыкі Літоўскай, адным з памочнікаў вядомага дзяржаўнага дзеяча Сьперанскага, быў арыштаваны пасьля паўстаньня 1830-1831 гадоў. А раптам ён атруціў нейкі калодзеж… Так, дарэчы, было са шмат кім з ссыльных філяматаў».


Скобла: «То бок, усе выхадцы з колішняй Рэчы Паспалітай аўтаматычна залічваліся да «нядобранадзейных»?


Фядута: «Так. Пушкін пісаў у сваёй вядомай эпіграме на Булгарына: „Не то беда, что ты поляк…“. Насамрэч, гэта была бяда. І той жа Булгарын, якога ягонае атачэньне ведала не як паляка, а як беларуса, для тагачаснай расейскай эліты, для тагачасных інтэлектуалаў быў падазроным».


Скобла: «А яшчэ ж Міцкевіч ведаў, што Санкт-Пецярбург збудаваны на касьцях тысячаў і тысячаў яго землякоў».


Фядута: «Ён жа піша пра гэта. У „Дзядах“ ён апісвае свае ўражаньні ад таго, як іх, ссыльных філяматаў, вязуць у Пецярбург. Ён апісвае легенды пецярбургскія, усё тое, што ён чуў пра гэты горад. І Пецярбург для яго — гэта горад пусты, халодны, каменны. У Пушкіна сярод гэтага „города пышного, горада бедного ходит маленькая ножка“. А для Міцкевіча якія ножкі? „Ножкі маленькія“ хадзілі для Міцкевіча ў Маскве, а ў Пецярбургу каханьне немажлівае».


Скобла: «Я ізноў дазволю сабе вярнуцца да мэмуараў Восіпа Пржэцлаўскага. Дыялёг Міцкевіча і Пушкіна. „А вы Шлегеля чыталі?“ — пытаецца Міцкевіч. — „Не“, — адказвае Пушкін. — „А Мільтана?“ — „Не“. — „А Шэксьпіра?“ — „Не“. Пушкін саромеецца і сыходзіць. А потым пытае рады ў Міцкевіча — што варта пачытаць з усясьветнай літаратуры. Няўжо і сапраўды ўзровень адукацыі „песьняра Літвы“ быў нашмат вышэйшы за ўзровень Пушкіна?»


Фядута: «Традыцыя выкладаньня ў Віленскім унівэрсытэце — гэта ўсё ж традыцыя, якая складвалася шмат гадоў. І Міцкевіч выйшаў з унівэрсытэту кандыдатам, якому дазвалялася выкладаць у любых навучальных установах Расейскай імпэрыі. Гэта сьведчыць пра тое, што адукацыя ў яго ўсё ж была сыстэмная. А калі мы гаворым пра Пушкіна і Царскасельскі ліцэй, то трэба памятаць, што гэта быў першы курс, які быў набраны ў гэтую навучальную ўстанову, і ніхто ня ведаў, што з гэтага атрымаецца. І сам Пушкін, дарэчы, даў жорсткую адзнаку ліцэю: „Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь“. Вось Міцкевіч пра сябе так сказаць ня мог».


Скобла: «Вы цытавалі ўжо вядомую эпіграму Пушкіна на яшчэ аднаго нашага земляка Фадзея Булгарына: „Не то беда, что ты поляк, Мицкевич — лях, Костюшко — лях…“ То бок ваша нацыянальная прыналежнасьць — усё ж такі ваш мінус. Ці былі сярод тагачаснай расейскай эліты нешавіністы, зь якімі вось гэтыя ліцьвіны, назавем іх так, маглі б размаўляць пра незалежнасьць свайго краю?»


Фядута: «Для расейцаў любая спроба аднавіць дзяржаўнасьць Рэчы Паспалітай — гэта разбурэньне імпэрыі. Ніводзін з нас, калі сёньня, напрыклад, будзе спроба стварэньня польскай аўтаноміі на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці, як мы добра ні ставімся да палякаў, гэтага не падтрымае, таму што гэта быў бы першы крок да фэдэралізацыі, а пасьля — да разбурэньня ўнітарнай Рэспублікі Беларусь».


Скобла: «ХІХ стагодзьдзе ў нас няблага дасьледавана. Можна згадаць працы Адама Мальдзіса, Генадзя Кісялёва, Язэпа Янушкевіча… Што новага знойдзе чытач у выдадзенай вамі кнізе?»


Фядута: «Перш за ўсё — тэксты. Напрыклад, мэмуары Восіпа Пржэцлаўскага не перавыдаваліся ў такім памеры з ХІХ стагодзьдзя. Гэтую кнігу я рабіў на просьбу расейскага выдавецтва „Новое литературное обозрение“. Таму зразумела, што тэксты перакладаліся з польскай на расейскую мову. Па-другое, гэтыя тэксты ўпершыню адкамэнтаваныя. Была адзіная спроба прыканцы ХХ стагодзьдзя адкамэнтаваць разьдзелы з успамінаў Тадэвуша Баброўскага, дзядзькі Джозэфа Конрада, вядомага ангельскага пісьменьніка. Я магу сказаць, што ў маёй кнізе гэтыя камэнтары пабольшаныя ў тры з паловай разы. І гэта нягледзячы на тое, што ў Варшаве іх камэнтаваў тагачасны дырэктар Інстытуту гісторыі акадэмік Стэфан Кіневіч. І апошняе, на што я зьвярну ўвагу. Я ведаю, што будзе шмат пытаньняў з-за слова „палякі“ ў назьве кнігі. Але ўсё ж наконт таго, што ёсьць палякі і ёсьць ліцьвіны, — пытаньне пастаўлена. Я ня ведаю, хто яшчэ яго ставіў на расейскай мове».


Скобла: «Ці будзе ваша кніга даступная беларускаму чытачу?»


Фядута: «Я пастараюся, каб яна трапіла ў галоўныя бібліятэкі Менску».


АЎТАР І ТВОР


АКСАНА СПРЫНЧАН: «НІЯКІХ ЗАМОВАЎ АД МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ НА НАШУ КНІГУ НЕ БЫЛО»


Аксана Спрынчан
Амаль усе беларускія паэткі пачынаюць пісаць вершы для дзяцей, як самі становяцца маці. А вось Аксана Спрынчан замест рыфмаваньня «зайчык-пальчык» стварыла для сваёй трохгадовай Альжбэты кнігу сур’ёзнай пазнавальна-даведачнай прозы, якая так і называецца — «Незвычайная энцыкляпэдыя беларускіх народных інструмэнтаў». Паэтцы дапамог у гэтым музыка і калекцыянэр народных інструмэнтаў Яраш Малішэўскі. Кніга выйшла нядаўна ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. З гэтага рэдкага па сёньняшнім часе факту дзяржаўнага спрыяньня беларускай кнізе пачалася гутарка Валянціны Аксак са спадарыняй Спрынчан.

Валянціна Аксак: «Спадарыня Аксана, як вам удалося атрымаць на кнігу замову Міністэрства інфармацыі?»


Аксана Спрынчан: «Ніякіх замоў ад Міністэрства інфармацыі не бывае: гэта ужо калі выдаецца кніжка, то выдавецтва зьвяртаецца туды з пытаньнем, ставіць такі грыф ці не. Так што з нашай кнігай — проста выпадковасьць».


Аксак: «Але ж, відаць, кніга ў вас са спадаром Ярашам нарадзілася невыпадкова?»


Спрынчан: «Гісторыя гэтая зьвязаная з каханьнем, зь сям’ёю і выдавецтвам «Беларуская энцыкляпэдыя». Калісьці я там працавала і туды прыйшоў працаваць Яраш Малішэўскі. Мы пазнаёміліся, закахаліся адзін у аднаго і стварылі сям’ю. І паколькі ён — музыка, калекцыянэр беларускіх народных інструмэнтаў, а я — літаратарка, і ў нас нарадзілася дачушка, якая трэцім словам пасьля «мама» і «тата» прамовіла слова «дуда» (гэты інструмэнт вісіць на сьцяне і заўсёды прываблівае яе), то так ці інакш у нас пачалі узьнікаць сямейныя музычныя імпрэзы. Гэта і вечары нашы, калі Яраш грае, і размовы пра гэта і праекты розныя — яны урэшце выліліся ў ідэю кнігі для дзяцей «Незвычайная энцыкляпэдыя беларускіх народных інструмэнтаў».


Аксак: «Пра колькі інструмэнтаў у ёй вядзецца гаворка і на колькіх зь іх грае сам Яраш?»


Спрынчан: «Распавядаецца ў кнізе пра 32 інструмэнты, а вось на колькіх зь іх грае Яраш, дакладна не скажу. Грае ён і на акарыне, і на леры, і на дудзе, і на дудках розных, і на губным гармоніку, і на аргане… Думаю, што на больш, чым палове з названых у кнізе».


Аксак: «У вашай кнізе прадстаўлены толькі тыя народныя інструмэнты, якія тут нарадзіліся, ці і тыя, якія прыйшлі ў Беларусь і прыжыліся, як дома?»


Спрынчан: «У бальшыні сваёй яны аднекуль прыходзілі, прыжываліся і станавіліся народнымі, якія цяпер вызначаюць нашу музыку, хоць маюць карані, як і ў многіх беларусаў, зь іншых земляў».


Аксак: «Кніжка створана ў выглядзе энцыкляпэдыі, у якой падаюцца спасылкі для вундэркіндаў. Але ж колькі ў кнізе сапраўды энцыкляпэдычнага, а колькі прыдуманага аўтарамі?»


Спрынчан: «Усё, што датычыць самога інструмэнта — яго апісаньне, з чаго ён робіцца, адкуль ён прыйшоў — гэта усё праўдзівая інфармацыя. І з яе ствараецца легенда. Зразумела, што усе выявы інструмэнтаў, якія малявала маладая мастачка Вераніка Шніп, таксама праўдзівыя, тут ужо ніякай фантазіі».


Аксак: «Цікавая гісторыя ў кнізе пра узьнікненьне цымбалкаў дзякуючы спрэчцы двух хлопчыкаў у горадзе Шклове, пра што нават напісалі, нібыта, заходнія дасьледчыкі. Але прозьвішчы хлопчыкаў — Міхась Гузікаў і Пятро Пузікаў — змушаюць усумніцца ў праўдзівасьці інфармацыі…»

Міхась Гузікаў сапраўды існаваў і змайстраваў інструмэнт, названы цымбалкі, з хваёвых брусочкаў і жмуткоў жытняй саломы.

Спрынчан: «Міхась Гузікаў сапраўды існаваў і змайстраваў інструмэнт, названы цымбалкі, з хваёвых брусочкаў і жмуткоў жытняй саломы. А сябра мы яму прыдумалі».


Аксак: «Кніжка ужо зьявілася ў продажы. Ці маеце вы зьвесткі пра запатрабаванасьць яе ў чытачоў?»


Спрынчан: «За першыя тыдні продажу разышлося 600 асобнікаў, што сьведчыць пра пэўную цікавасьць, але паглядзім, як будзе далей. Канечне, мара ў нас была выдаць кнігу з кампакт-дыскам, каб пра інструмэнты можна было ня толькі чытаць, але і паслухаць, як яны гучаць. Але рэчаіснасьць ня стала казкай і фінансаваньня на дыск не было. Але калі дзеці будуць ведаць нават назвы гэтых інструмэнтаў, то потым змогуць даведацца болей, калі бацькі ім дапамогуць. Тым больш, што цяпер ладзіцца шмат вечарынаў, дзе гэтыя інструмэнты гучаць».


Аксак: «А ці змогуць яны пачуць, як яны гучаць у выкананьні суаўтара кнігі Яраша Малішэўскага на прэзэнтацыі кнігі?»


Спрынчан: «Так. Прэзэнтацыя адбудзецца 1 кастрычніка ў бібліятэцы імя Цёткі. 32 інструмэнты за адну прэзэнтацыю не прагучаць, канечне, але мы прадумваем, як гэта зрабіць цікава і дзецям, і дарослым».


Аксак: «Апрача таго, што вы спрычыніся да выданьня такой цікавай і карыснай для беларускіх дзяцей кнігі, вы яшчэ і складаеце вершы для дарослых. Як вядомую паэтку вас нядаўна прымаў дом творчасьці ў Швэцыі, на вядомым ужо многім беларускім літаратараў востраве Готлянд, дзякуючы праграме падтрымкі швэдамі беларускай літаратуры. Ці ствараліся беларускай паэтцы вершы ў готляндзкай сталіцы Вісьбю?»


Спрынчан: «Беларускім паэтам ніякая краіна і ніякі востраў ніколі не перашкодзіць ствараць вершы, а толькі можа іх натхніць і ў той жа час упэўніць, што лепей Беларусі нічога няма. Готлянд і яго цэнтар для пісьменьнікаў і перакладчыкаў — гэта маё першае эўрапейскае каханьне. Там адразу становісься астравіцянкай. Вакол цябе спалучэньне рознай прыроды з розных геаграфічных шырот. Ідзеш і бачыш кавалак Беларусі, далей ужо Крым, а там яшчэ кавалкі Грэцыі, саваны, паўночных імшараў. Гэта усё зьмяняецца, як зьмяняюцца і пісьменьнікі, якія прыяжджаюць у гэты цэнтар, і ты таксама зьмяняесься. Зразумела, што я не пісала цэлымі днямі, бо гэтая мясьціна дадзеная для творцы, каб напаўняцца новымі уражаньнямі, шпацыраваць уздоўж мора, гуляць у батанічным садзе. Дарэчы, у адрозьненьне ад менскага там батанічны сад ніколі не зачыняецца і уваход у яго бясплатны. Вось гэтае адчуваньне свабоды, адчуваньне таго, што цябе ніхто не вартуе, яно узьнікае ў любым месцы гэтага старажытнага горада Вісьбю, які цалкам занесены ў сьпіс спадчыны ЮНЕСКА».

АКСАНА СПРЫНЧАН. ВЕРШЫ З ГАЛЬФСТРЫМАМ


* * *

Сплю напружана
ружы ўначы лятаюць,
нібы мятлушкі.
Сплю шумліва -
мора хвалюецца ў ветры.
Сплю часова -
кожныя паўгадзіны
вызначаюць мой час
званы бажніцы сьвятой Марыі.
Сплю ўстрывожана -
вожыкі накручваюць на сябе
сьляды з брукаванкі.
Сплю захутаная -
у сьцягі,
што лунаюць над выспай,
і мяккую поўсьць барана.
Сон на Готляндзе Боскі,
бо ўсё чуе і бачыць...

***

На вокнах Вісьбю
караблікі і маякі,
камяні, зь якімі працавала мора,
і сьвечкі, падуладныя агню,
стылёвыя лямпы
і калекцыйная парцаляна...
Прыватныя ваконныя музэйчыкі
змушаюць
углядацца ў чужыя вокны.
І раптам вакно ў герані
раніць згадкай пра Радзіму,
на якой я зрэдку
зазіраю ў чужое жыцьцё,
а калі і бачу яго,
дык з жывымі кветкамі...

***

Шпацыраваць без марынаркі,
каб адчуваць дождж, вецер, Готлянд.
Каб ты аддаў сваю,
а я кінула яе хвалям,
каб адчуваць
дождж, вецер, Готлянд
і Гальфстрым закаханасьці...

***

Краду гейхеры,
гарох
і самоту...
Чужыя кветкі -
прыгажэйшыя,
гарох — смачнейшы,
і адно самота чужая
не самотнейшая.

***

У Вісьбю,
дзе можна гладзіць галовы
ня толькі дзецям,
але і хатам,
ужо шмат стагодзьдзяў
не зьяжджаюць дахі,
а зьяжджаюцца паэты
ад родных ніў, ад родных дахаў,
разумеюць,
што свае бліжэй да неба,
і тыя, на якія ставіш драбіны,
і тыя,
якія могуць
зьехаць
ад вершаў.

***

Дзяўчынкі сьпяваюць
на высьпе ста бажніцаў
у храме сьвятой Марыі
ў кароткіх чорных сукенках.
А ўсё адно
ўзгадваецца мнішка
зь верша Максіма Танка...
А ўсё адно
ўзгадваецца дзяўчына
ў белай сукенцы
зь верша Блёка...
А ўсё адно там,
дзе мора і ружы,
хвалі і пялёсткі,
пырскі і насеньне,
я на высьпе стомленасьці,
і яны пяюць пра мяне.

***

На высьпе Готлянд
выспацца,
праспаць
настальгію,
але яе мэтастазы
ў снах,
нах...
не паслаць,
узгадаць
зараз тое,
што памятаеш
зь нямецкай -
nach Hauze —
і безь ніякіх дамоў
дамоў,
у краіну дзьвюх моў
спаць,
праспаць
настальгію
па адзінай...

***

Ты дорыш мне на разьвітаньне
готляндзкую кераміку -
піялу
майго ўлюбёнага чырвонага колеру,
але гэтым разам ён мае
надзвычай жыцьцёвае адценьне.
Яна ляціць са мною
і ня б’ецца на шчасьце,
і я за адно зь ёю...
Яна стаіць на стале,
напоўненая тваёй адсутнасьцю,
і я доўга не магу прыдумаць,
што ў яе пакласьці:
трускалкі таксама чырвоныя,
мёд залішне салодкі,
пэрсік нагадвае вядомую карціну.
Але ўрэшце ў ёй знаходзіцца месца
для выдранай на захадзе сонца
рэпкі -
не вялікай і не маленькай,
ідэальнай,
як жаночыя грудзі,
якія зьмяшчаюцца ў мужчынскай руцэ...
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG