Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок Памяці: Уладзімер Ісаенка


Беларускія навукоўцы-археоягі правялі ў апошні шлях аднаго з пачынальнікаў сучаснай археалягічнай навукі Беларусі Ўладзімера Фёдаравіча Ісаенку. Ён памёр 30 чэрвеня на 82-м годзе жыцьця пасьля цяжкой хваробы. Пахаваны 1 ліпеня на могілках у Калодзішчах.


Уладзімер Ісаенка нарадзіўся ў Горках у 1928 годзе, а неўзабаве разам з бацькамі пераехаў у Менск. У 1951 годзе скончыў Гомельскі пэдагагічны інстытут і гэтак зьвязаў сваё жыцьцё зь беларускім Палесьсем: працаваў настаўнікам дакладных навук у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну. Але ў выніку жыцьцё прысьвяціў археалёгіі, кажа вучань Уладзімера Ісаенкі археоляг Мікола Крывальцэвіч:

«Ён атрымаў фізыка-матэматычную адукацыю, але хацеў займацца гісторыяй, археалёгіяй. Гэтага не дазвалялі жыцьцёвыя абставіны, бо ён падчас акупацыі знаходзіўся ў Менску, яго бацька працаваў аграномам у акупаваным Менску, таму ён заўсёды быў пад наглядам. І толькі ў 60-я гады ён рэалізаваў сваю мару — заняўся археалёгіяй і зрабіў для гэтай навукі вельмі шмат».

Уладзімер Ісаенка стаў адкрывальнікам археалёгіі беларускага Палесься, асноўным дасьледчыкам каменнага веку. Да 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя адкрыў 400 зь 500 вядомых помнікаў каменнага веку, стварыў археалягічную калекцыю ў сотні тысяч прадметаў. Напісаў манаграфіі, больш за 400 артыкулаў для энцыкляпэдый, шмат дасьледаваў гісторыю апошняй вайны і распрацаваў мэтодыку ваеннай археалёгіі, кажа навуковец Міхась Чарняўскі:

«Зьбіраў шмат матэрыялаў пра Менск у часы акупацыі, пра ваенныя дзеяньні на пачатку вайны — тут ён быў найбуйнейшы спэцыяліст. Ён быў вельмі акуратны: усё ў яго было раскладзена па палічках, запісана ў сшытках, усе скрыначкі падпісаныя — усё ў ідэальным стане. У яго была такая пэдантычнасьць і акуратнасьць. Добразычлівы, вясёлы, эрудыраваны чалавек».

Амаль трыццаць год, ад 1964 году,Уладзімер Ісаенка працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Шмат гадоў побач зь ім працавала Алена Калечыц, якая з жалем і цеплынёй узгадвае паплечніка і сябра:

«Я была сярод тых, каму пашчасьціла ня толькі працаваць, але і шмат чаму вучыцца ў гэтага чалавека. І зараз я раблю ўсё магчымае, каб выканаць ягоны запаветны намер — стварыць музэй у школе вёскі Юравічы. Бо гэты музэй ён даўно ўжо стварыў, калі яшчэ там настаўнічаў. Памяцьцю яму застануцца і ягоныя кнігі, якімі карыстаюцца студэнты, асьпіранты. Памяць будзе жыць у кнігах, музэйных зборах, у калекцыях — яшчэ не адно пакаленьне будзе карыстацца гэтым багацьцем, што ён назапасіў для нас».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG