пятніца, 10 лютага 2012, Менск 05:56

Праграмы / Падарожжы Свабоды

Міхалкоў на танку ў зэмбінскай царкве

Мультымэдыя

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

«Адсюль крычу я сэрцам і душою
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сёньняшняе нашае, зямное
Жыцьцё-быцьцё ня здасца цудам вам».

Гэтыя радкі малады паэт Ізі Харык напісаў у далёкім 1925 годзе. Праз дванаццаць гадоў яго расстраляюць. А ягоны родны Зэмбін па вайне зьменіцца да непазнавальнасьці. І тое даваеннае жыцьцё-быцьцё для наступных жыхароў будзе здавацца сапраўдным цудам. Найстарэйшай жыхарцы Зэмбіна Вользе Князевай налета споўніцца 90 гадоў. Былая настаўніца захавала ня толькі цудоўны выгляд, але і выдатную памяць.



Вольга: «Яўрэяў тут было вельмі шмат. Тут дамы стаялі дах да даху. Было яўрэйскае мястэчка. У Расеі яго ведалі як казінае мястэчка. Яны трымалі козы. Тут арцеляў вельмі шмат было. І гадзіньнікавы майстар, і вышывальны, і кузьня, і ганчарня. Была арцель сьляпых. Яны вілі вяроўкі, часалі бавоўну і валілі валёнкі».

У Зэмбіне ёсьць вуліца Ізі Харыка. Але, на жаль, даўно зруйнаваны дом, дзе паэт нарадзіўся. Унікальны выпадак. Дом перажыў акупацыю, за Саветамі служыў хлебнай крамай. А за часамі незалежнасьці быў разабраны. Як непатрэбшчына. Але працягнем слухаць старую Вольгу. Пра канец габрэйскага Зэмбіна.


Вольга: «Іх сагналі ў дзьве вуліцы. Латы ім панашывалі жоўтыя на плячах і на грудзях. Не пускалі іх нікуды. Выганялі толькі на работу. І іх у ліпені прымусілі выкапаць яму ў лесе. Васямнаццатага жніўня іх, амаль дзевяцьсот чалавек, раніцай партыямі гналі туды, расстрэльвалі. Дзе каму папала, каму не папала. Другую партыю прыводзілі, клалі і зноў расстрэльвалі. І так іх наклалі поўную яму. І калі прыйшла вайна, самы першы расстрэл атрымаўся ў Зэмбіне. Ім па законе нельга нічога браць з сабой. Калі яны ішлі, яны яшчэ ня ведалі. А калі падыходзілі да ямы, дык рвалі грошы. Там, каля гэтай ямы, было поўна парваных савецкіх грошай».

Сяргей Фірага — зэмбінскі селянін, сябра АГП, які вырашыў пайсьці на мясцовыя выбары.Са сваім рэцэптам, як вярнуць у выміраючы Зэмбін жыцьцё.


Сяргей: «Гэта рэшткі Зэмбінскага цаглянага заводу. На пачатку 90-х ён скончыў сваё існаваньне, як стаў пераходзіць з рук у рукі. Прадалі прыватніку, ён тут пілараму паставіў. А цяпер таксама закрыўся. Крызіс. Нявыгадна».

Карэспандэнт: «І з чаго сёньня жыве Зэмбін?»

Сяргей: «Школа, бальніца, калгас, сувязь, лясьніцтва. Каму ёсьць работа, а хто езьдзіць у Барысаў. Нават езьдзяць у Бараўляны адсюль на работу. У Зэмбіне ідзе рэзкае скарачэньне насельніцтва. Таму што няма рабочых месцаў. Няма заробку, і людзі тут жыць ня будуць. Усё. А якая тут пэрспэктыва?»

Карэспандэнт: «А як яе даць, гэтую пэрспэктыву?»

Сяргей: «Пытаньне цяжкае і для ўлады, і для апазыцыі. Таму што ні ў тых, ні ў тых няма ідэй. А ідэя — прыцягваць інвэстараў. Трэба сыходзіць з таго, што тут ад Бягомля і да Барысава няма лесаперапрацоўкі. Хаця лес ёсьць. Калі правільна паставіць, пралічыць, колькі высечкі ідзе, можна прадаваць паўфабрыкатам, каб мэблю рабілі. Ці гатовую прадукцыю. Сырэц нікому не патрэбны».


Гледзячы на сёньняшні Зэмбін, адразу ўспамінаеш радок зь песьні «Я нарадзіўся тут, у краіне сотняў парушаных храмаў. Ад зэмбінскага касьцёла засталіся толькі вонкавыя сьцены. Але і гэтага дастаткова, каб адчуць веліч старога храму. Галоўны фасад, як сымбаль няскоранасьці, вянчае скульптура Маці Божай. Каля касьцёльных муроў — закінутыя могілкі, дзе ёсьць магілы з датамі 18-га стагодзьдзя.

Сяргей: «У 2008 годзе была раскапана адна з магіл каля касьцёла. Вылажылі чэрап і косьці».

Карэспандэнт: «А хто раскапаў і навошта?»

Сяргей: «Ну хто? Капальнікі, якія хочуць абагаціцца. Людзі, у якіх нічога сьвятога няма. Ім патрывожыць магілу...»

Карэспандэнт: «Гэта мясцовыя якія ці гастралёры?»

Сяргей: «Ну, ёсьць падазрэньні ў людзей. Але ж даказаць жа ж трэба. А пасьля міліцыя прыехала, закапала».


Зэмбінская царква, магутная пабудова пачатку 20-га стагодзьдзя, сваім сёньняшнім станам абавязана расейскім кінэматаграфістам. Цікава, ці памятае актор і рэжысэр Мікіта Міхалкоў, адзін з галоўных адэптаў праваслаўя, свой творчы ўдзел у разбурэньні зэмбінскага храму? Самога творцу ў Зэмбіне запомнілі. Слова Вользе Князевай.

Вольга: «Вельмі цікава пабудаваная была царква. І калі яе Міхалкоў разбурыў... Яе нельга было разьбіць. Дык падклалі толу, узарвалі сьцяну, і Міхалкоў уехаў на танку ў царкву.
Яе нельга было разьбіць. Дык падклалі толу, узарвалі сьцяну, і Міхалкоў уехаў на танку ў царкву.
Нікіта Міхалкоў, артыст. Ён гэта зрабіў падчас здымкаў кіно».

Наўрад ці хто памятае фільм «Пераклічка», дзеля якога ахвяравалі зэмбінскай царквой. А вось успаміны Вольгі Князевай пра часы калектывізацыі вельмі кінэматаграфічныя. Так і просяцца на экран.

Вольга: «Чорны воран» езьдзіў. Мой бацька калі клаўся спаць, заўжды ў яго было адзеньне падрыхтаванае. Аднойчы мы, маладыя, хадзілі ў клюб. І былі палутаркі такія, машыны ў трыццатым годзе. І шафёр кажа: «Дзяўчаты, я завязу вас у Камёнку». Ну, пасадзіў, павёз. І калі машына прайшла празь вёску з уключаным сьвятлом, усе ўжо стаялі ў вокнах. Мужыкі ўсе. Чакалі, што недзе кагосьці зараз забяруць».

«Беларусь, Бацькаўшчына мая, на цябе я хочу глядзець аж да сьмерці! Ты для мяне ёсьць жыцьцём, навукаю, ты вучыш мяне ад калыскі да дамавіны кахаць цябе, цярпець за цябе і дзеля цябе...»

Так пісаў ураджэнец Зэмбіна, аўтар першай «Нашай Нівы» Язэп Шпэт. Чалавек незвычайнага лёсу. Кім ён толькі ня быў — і публіцыстам, і мастаком, і зьбіральнікам народных песень, і вышывальнікам паясоў. І цяжка паверыць, што нічога ад зробленага гэтым рупліўцам не засталося. Ні карціны, ні вышыўкі, ні рукапісу. У дачкі Язэпа Шпэта Браніславы вельмі добрая беларуская мова. Але размаўлялі мы, не разумеючы адно аднаго.


Браніслава: «Ну што пра бацьку? 54 гады, як ён памёр. Ужо касьцей няма. Бацька быў і бацька. Што ён пісаў? Што ён тварыў?»

Карэспандэнт: «Няўжо нічога не засталося?»

Браніслава: «Было. Мама ўзяла і выкінула. Нашто яно? Я дзіцёнкам была, лётала каля вуглоў, і ўсё. Бацька і бацька. А што ён тварыў? Ці ён у Вільні быў? Пісаў, разумны быў. Ну і што толку? Колькі хадзіла гэтых карэспандэнтаў, пыталіся. Трэба ім працаваць, вось і пытаюць. У Маладэчне сын мой пайшоў у музэй. Глядзіць — дзед там, у гэтым музэі. Ну, ім трэба работы свае пісаць. Стаяць на гэтай рабоце і выкавырваюць. А што толку? Ну, трэба матэрыял, людзі стаяць на гэтым месцы. Ну, і выкавырваюць стацейкі гэтыя».

Карэспандэнт: «Яны што, многа месца займалі?»

Браніслава: «Нямнога. Ніхто ня думаў, што гэта камусьці трэба ці што...»
Вуліцу хацелі назваць нашу Язэпа Шпэта. Калі б нашая вуліца была якая Рабоча-сялянская, дык яны б перайменавалі б. Але ж наша вуліца — Леніна…


У старой ёсьць маленечкая крыўда-рэўнасьць на мясцовую ўладу.

Браніслава: «Нават вуліцу хацелі назваць нашу Язэпа Шпэта. Калі б нашая вуліца была якая Рабоча-сялянская, дык яны б перайменавалі б. Але ж наша вуліца — Леніна, а Лукашэнка вядомы камуніст. Вось Ізі Харыка перайменавалі. Ён таксама пісьменьнік быў беларускі. Ізя Харык. Яўрэй. А тут хацелі Язэпа Шпэта. А тут так і засталася Леніна. Дый што толку, каб Язэпа Шпэта? Ай. Усё пайшло бокам».

Больш за ўсё я хацеў пабачыць карціны славутай Надзі Лежэ, ураджэнкі Зэмбіна, якая падаравала свае карціны роднаму мястэчку. Але галерэя, як выявілася, закрытая для наведнікаў. І калі адкрыецца, невядома. Калісьці карціны месьціліся ў школе, і загадвала імі Вольга Князева. Яка распавяла вельмі цёмную гісторыю. Падобную да завязкі дэтэктыву.

Вольга: «У Зэмбіне галерэя. Яна трыццаць чатыры карціны падаравала. Яны раней віселі ў школе, і расьпісвалася за гэтыя карціны я. Ну, а пасьля ў клюб гэтыя карціны вывезьлі. Дванаццаць карцін скралі, і да гэтае пары ніхто іх не знайшоў. Там такая чытаючая дзяўчына была прыгожая, жанчына голая. Самыя лепшыя павыбіралі. Вершнік на белым кані быў. Падазравалі, што загадчык клюбу ўдзельнік быў гэтага ўсяго. Пасьля ён загінуў. Машына яго зьбіла, і ён памёр».
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Бенедзікт
11.03.2010 11:46
Цудоўная казка пра беларускае мястэчка... Горка і балюча чытаць.

Імя:: навакольны
11.03.2010 12:41
Маладзец, спадар Бартосiк!

Імя:: cioma
11.03.2010 18:02
Назва вёскі (былога мястэчка) - "Зебін", бо так кажуць месьцічы і гэдкая ж назва на Радзівілаўскай мапе ВКЛ 1613 года. Магчыма, першапачатковая назва была "Жабін".

Яшчэ ў дадатак - каліва зебінскіх мітаў.

Старыя людзі казалі, што Напалеон адбыў імшу у мясцовым касьцеле, там жа непадалёк пахаваны французкі "генерал". Дарэчы магіла нібыта сапраўды існуе, кажуць, што нядаўна з яе скралі дыхтоўную агароджу.

А што да Надзеі Лежэ (Хадасевіч), то узгадваюць што маладой любіла падгуляць. Падчас польска-савецкай вайны 1920 г. зьбегла з польскім афіцэрам, а пасьля таго ўжо неяк апынулася ў Францыі.

Зусім блізка ад Зебіна стаіць вёска Чмялі (менавіта "Ч", я ня "Ш")

Імя:: Сіўчыкаў Уладзімір Горад:: Менск
15.03.2010 09:19
Дзякуй, Зьміцер, за матэрыял!
Бачыў я тую галерэю напрыканцы 70-х, яшчэ ў школе. Езьдзіў адмыслова з земляком-жодзінцам Міколам Ступаковым. Гэта не карціны-арыгіналы, як можа падумаць недасьведчаны чытач, а высокаякасныя на той час рэпрынты (рэпрадукцыі на палатне) з сусьветнай класікі. Цяпер любы мастак у Менску можа замовіць такія са сваіх твораў...

Імя:: Мазынскі Валеры
16.03.2010 17:03
Так! Гэта мая малая Бацькаўшчына!.Сьсільнічалі яе маскалі так, што да гэтай пары жывуць як...асот у баразьне.Мала хто хоць неяк думае пра сябе, як пра...Чалавека.

Імя:: Андрэй Горад:: Вильня
18.03.2010 20:41
Геніальна! Бартосік - Лепшы!