пятніца, 10 лютага 2012, Менск 06:14

Праграмы / Падарожжы Свабоды

Ананчыцы: “Цяпер добра жыць, ды няма калі”

Пра вёску Ананчыцы Салігорскага раёну слава ідзе даўно. Дзякуючы хору, які стварылі паўстагодзьдзя таму ананчыцкія ўдовы Другой сусьветнай вайны. Ці не таму сьвяты народнага календара адзначаліся ў Ананчыцах і за саветамі?

Мультымэдыя

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Ананчыцы — вёска ў пяць соцень двароў, што схавалася ад шумных трасаў за лясамі Палесься. Мне пашчасьціла прыехаць, калі сьвята яшчэ не пачалося. Па засьнежанай вуліцы, дзе па-старасьвецку разьяжджалі ўпрыгожаныя сані зь вясёлымі вяскоўцамі, ішлі чатыры бабулі. Ішлі і сьпявалі. Не для публікі, а для душы. Я асьцярожна з дыктафонам пакрочыў за пявуньнямі.

«Я дарожку замяту
Сама к міламу пайду.
Гэй, гэй, ў ха ха.
Сама к міламу пайду».


Старая: «Паймаў нас, чалавечко».

Карэспандэнт: «А пасьпявайце яшчэ што...»

«Ой, на што мне чорны бровы,
На што вочы кары?
Прайшлі годы маладыя,
Як цёмныя хмары».

Як высьветлілася, я пазнаёміўся з галоўнымі ананчыцкімі сьпявачкамі. Чый хор па праву атрымаў назву народнага, а ў 1981 годзе нават выдаў кружэлку на фірме «Мэлёдыя». Шкада, што беларускія выдаўцы не запросяць бабуль у прафэсійную студыю, пакуль яны жывыя. Народная песьня і драйв — паняцьці ў Ананчыцах вельмі блізкія.

Карэспандэнт: «Адкуль вы так песьні можаце сьпяваць?»

Ганна: «Ад бабак, ад дзедак. І самі нарабілі гэтых песень».

Роза: «Я толькі нарадзілася — і ў песьню кінулася. Што ж рабіць? Люблю. А дзеці ўсе пяюць».

Марыя: «Мы праехалі па ўсіх краінах. Усе песьні пазьбіралі. Дзе ж мы толькі не былі! Валяліся і ў Маскве. І зубы павыбівалі, езьдзіўшы».

Вольга: «Хто к нам ні прыяжджаў, усе бяруць гэтыя песьні».

Марыя: «А мы пяем і пяем. Прыедзе нейкая машына, драты папрычэпвалі. Дзьве з паловай гадзіны пелі песьні ім».

Вольга: «Нам не даюць памерці. Нам ужо пара паміраць, а нам не даюць».

Марыя: «Няхай тая сьмерць памірае. Нашто нам паміраць?»

Ганна: «У мяне дванаццаць унучкаў і сем праўнукаў. Хай яны слухаюць і радуюцца, што я пяю».

«Ўзыйшоў месяц, ўзыйшоў ясны
Ды падняўся высако.
Паглядзі-ка, любая дзяўчына,
Ці зайшоў я даляко...»

Мы разам з бабулямі падняліся на высокую горку, дзе стаіць бэтонны помнік савецкаму салдату. На горцы тым часам разгортвалася сьвяточная дзея, у якой бралі ўдзел маладыя ананчыцкія дзяўчаты і бабулі. Мужчынская частка была прадстаўлена толькі некалькімі музыкамі.


Абрад называецца «зазываньне вясны». Вясну клікалі адмысловымі песьнямі, гадалі на лёне — у каго ён даўжэйшы, ірвалі льняную вяроўку, якая сымбалізавала зіму на сыходзе. Пасьля каталіся з горкі. Трэба было бачыць па-дзіцячаму радасныя вочы сямідзесяцігадовых бабуль, якія ляцелі з высокай сьнежнай гары.


Я разгаварыўся зь сёньняшняй кіраўніцай хору, Вольгай Міхнавец. Гісторыя стварэньня гэтага калектыву ўнікальная. Калісьці хор меў неафіцыйную назву «Ўдовін хор».

Вольга: «Гэта ў нас была ўдава адна. Яна арганізавала хор. Пасьля вайны многа было ўдоў. Мая маці ўдава была. Мой бацька не вярнуўся. І вось яны пачалі зьбірацца. Сьпявалі на вуліцы. Пасьля пайшлі ў клюб сьпяваць. Канцэрты рабілі дома, пасьля пачалі езьдзіць па сьвеце. А мы ўжо — каторыя толькі пааставаліся з таго хору. Ужо, дзякуй Богу, усе памерлі».

Карэспандэнт: «Чаму дзякуй Богу?»

Вольга: «Ім лягчэй. А нам яшчэ вось мучыцца».

Карэспандэнт: «Няўжо жыцьцё не такое цудоўнае?

Вольга: «Жыцьцё добрае, маё дзіцятка. Жыві і радуйся. Але ж няма здароўя. А яшчэ ж дома трымаю... Конь ёсьць, карова ёсьць, сьвіньні... Каб дзеці не дапамагалі, цяжка было б. Сядзім, як цецерукі, дома. А яны прыедуць, дарожку расчысьцяць».

Карэспандэнт: «А моладзь ёсьць?»
А каб ня гэтыя п’яніцы, вёска б зусім прапала. Яны пасьвяць. Яны на трактарах едуць.

Вольга: «Мала. Засталіся ў вёсцы тыя, каторыя няўдачнікі, каторыя пітушчыя. Таму што яны зь дзяцінства пачынаюць піць. А каму яны патрэбныя ў горадзе? Яны гаруюць. А каб ня гэтыя п’яніцы, вёска б зусім прапала. Яны пасьвяць. Яны на трактарах едуць. Нап’юцца, іх арыштуюць, аштрафуюць. Усё роўна п’юць. А каб ня гэтыя завалякі, сяло б прапала зусім. Цяпер добра жыць, ды няма калі».


А на плошчу перад сельсаветам ужо сьцякалася ўся ананчыцкая грамада. Неўміручая расейская папса з дынамікаў змагалася з гармонікамі мясцовых мужыкоў. Ананчыцкія п’яніцы ўжо выраблялі каленцы. Векавыя бабулі вадзілі карагоды. А я падышоў да латка з блінамі, шашлыкамі і печывам. І зразумеў, што крызіс Ананчыцам ня страшны.

Карэспандэнт: «Блін з грыбамі каштуе 200 рублёў. Гэта што за цэны такія? Хто іх прыдумаў? Вы працуеце на страту?»

Прадавачка: «Якая страта? Грыбы мы самі зьбіраем. У нас грыбоў у лесе мора. Самі свае цэны ўстанаўліваем. У мінулым годзе крышачку меншыя былі цэны. Цяпер крызіс. Крышачку паднялі цэны. З гораду прыяжджалі, разьбіралі. Кажуць, дзе вы цэны такія бралі? А нам прыемна, што ў нас людзі ўсё купляюць».

Карэспандэнт: «А блін з варэньнем колькі каштуе зараз?»

Прадавачка: «50 рублёў».

Карэспандэнт: «Гэта крызісная цана?»

Прадавачка: «Ну, так».

Самым калярытным на сьвяце пэрсанажам быў міліцыянт. Я нават спачатку быў прыняў яго за сапраўднага вартавога парадку. Бо і фуражка, што сядзела набакір, і пацёрты кіцель, і нават штаны былі сапраўдныя міліцэйскія. Вось толькі такіх мілых і абаяльных фізіяномій я ў нашых міліцыянтаў ня бачыў. Каб вы зразумелі маё зачараваньне ананчыцкім «міліцыянтам», уявіце сабе Адрыяна Чэлентана ў ролі алькаголіка і апраніце яго ў міліцэйскі кіцель. Ананчыцкі артыст выявіўся чалавекам негаваркім, як і належыць сапраўднаму шэрыфу. Гэты цуд мне патлумачылі жанкі.

Карэспандэнт: «А што гэта за красівы міліцыянт такі?»

Кабета: «А гэта, маё дзіця... Бог яму ня даў... А так ён харошы, добры хлопец. Раз прыехаў да нас міліцыянт. А гэты перад ім хадзіў. „Ну, будзеш маім намесьнікам“. Ну, вось ён і стаў намесьнікам. Той яму і шапку даў, і сказаў, што гаварыць. Дубінку даў. „Глядзі, каб быў парадак“. І вось яму здаецца, што ён герой. Ён неблагі хлопец, добры».

Карэспандэнт: «Дубінкай нікога не агрэў?»

Кабета: «Не».

Карэспандэнт: «Намесьнік міліцыянта ў вас ёсьць. Вам толькі намесьніка прэзыдэнта не хапае».

Над Ананчыцамі з дынамікаў тым часам палілася агністая «Хава нагіла». Моладзь палезла на драўляны слуп па капэрты з прызамі. А нашы бабулі-пявуньні схаваліся ў будынку клюбу, каб пагаманіць пра жыцьцё.

Карэспандэнт: «А што з жыцьця самае было прыемнае і цікавае?»

Марыя: «Ох, я б вам сказала...» (Усе сьмяюцца.)

Карэспандэнт: «Відаць, размова пра каханьне...»

Марыя: «Як зь першым хлопцам сустрэнесься... Ой, якое каханьне. А ўжо якія заручыны. Пажэнімся. А цяпер жа жэняцца... Мы ўжо пяцьдзесят восем гадоў жывем разам. А цяперака — расьпісаліся і назаўтра разводзяцца».

Ганна: «Разбалаваная моладзь».

Карэспандэнт: «А чым разбалаваная?»

Ганна: «Ня хочуць адзін аднаму перапусьціць. Як гэтых целявізераў нагледзяцца... Такое паказваюць, што і глядзець няма што. Я жыла са сьвёкрам, са сьвякроўю. Як стануць у целявізеры цалавацца, я зьбягаю з хаты. Мне сорамна. А цяпер той сьвёкар каб жыў, што б пабачыў?»

Карэспандэнт: «Там ужо не цалуюцца».

Ганна: «Ня толькі цалуюцца, але і трахаюцца. Дабра ня будзе».

«Я і так, я і сяк,
Я і ногі наўскасяк,
Я і цыцкі ўпярод —
Ніхто замуж не бярот».

Тыя дзяўчаты, што зараз пераймаюць у бабуль старадаўнія песьні, гавораць на трасянцы. Сваю будучыню зь вёскай яны ня зьвязваюць. І пакуль старым хапае сілаў і моцы весьці гаспадарку, як сотні гадоў таму, і сьпяваць песьні, якім таксама сотні гадоў, іх трэба слухаць. Бо хутка такога цуду ў нашых вёсках ужо ня будзе.

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Korj Горад:: Менск
03.03.2010 12:26
"Тыя дзяўчаты, што зараз пераймаюць у бабуль старадаўнія песьні, гавораць на трасянцы."
То дарма бабулі свае жыцьці пражылі. Няма ў іх дзяцей-унукаў. Сумна.

Імя:: Стары
04.03.2010 20:14
"...То дарма бабулі свае жыцьці пражылі".
Korj ! Лепш было б прамаўчаць. Ня брахаць абы што. Проста паскудзтва. Цьфу!