пятніца, 10 лютага 2012, Менск 19:22

Праграмы / Вольная студыя

Уладзімер Някляеў: “Мана – падмурак сёньняшняй улады”

Праўдашукальнікі ў рэальным жыцьці сустракаюцца рэдка. Часьцей яны – героі прызабытых сёньня беларускіх народных казак. Але казачнае і рэальнае часам сустракаюцца і ўзаемадапаўняюцца. На мінулым тыдні ў Менску стартавала грамадзянская кампанія “Гавары праўду!”, ініцыятарам якой выступіў пісьменьнік Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў
x
Уладзімер Някляеў

Мультымэдыя

ПАМЕР ШРЫФТУ - +


Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, ваша кампанія нагадвае прысягу ў судзе, дзе ад чалавека патрабуецца гаварыць праўду, праўду і нічога акрамя праўды. Але і праўда бывае адносная, як у выпадку з напоўненай напалову шклянкай: адзін чалавек гаворыць, што шклянка напалову пустая, а другі – шклянка напалову поўная. І абодва гавораць праўду. А якой праўды будзеце дашуквацца вы?”

Уладзімер Някляеў: “Такой праўды, якая зьменшыць колькасьць маны ў нашым жыцьці. Усе ўлады ва ўсе часы так ці інакш манілі пра сябе, каб выглядаць лепшымі, мацнейшымі, мудрэйшымі. І сёньня ва ўсім сьвеце тую ці іншую колькасьць маны можна знайсьці і на поўдні, і на поўначы. Уся праблема ў канцэнтрацыі маны. Ці магчыма ў пэўным асяродку існаваць і быць больш-менш здаровым душой, ці немагчыма? У сёньняшняй Беларусі, паводле маіх асабістых адчуваньняў, гэта ўжо немагчыма. І гэта ня толькі маё перакананьне, але і ўсіх тых людзей, якія падпісаліся пад зваротам, што днямі быў агучаны на прэс-канфэрэнцыі з нагоды пачатку кампаніі “Гавары праўду!”.

Міхась Скобла
Скобла: “Вы – паэт, і, вядома ж, ведаеце словы другога паэта, які сказаў: “Мяне падманваць нескладана, падманвацца і сам я рад”. Мана – як манна нябесная можа быць, а праўда – непрыемная, балючая. Ці вы ведаеце, як зрабіць праўду прыемнай?”


Някляеў: “Зрабіць праўду прыемнай можна толькі ў тым выпадку, калі за праўду нешта даваць. Сказаў праўду – на табе 100 рублёў, сказаў яшчэ трошкі праўды – на табе яшчэ 50… Ва ўсіх астатніх
Як толькі ты прамовіў слова “палітыка” – лічы, што кантакту зь людзьмі табе ня ўдасца займець. ...
выпадках, у прагматычным сэнсе, праўда – гэта такая рэч, якая нібыта нічога чалавеку не дае. Вось схітрыў і – цьвік займеў, яшчэ раз схітрыў – ужо два цьвікі маеш... Але парадокс і супярэчнасьць чалавека, які складаецца з тонкіх матэрыяў, у тым, што, разумеючы і горкасьць праўды, і яе балючасьць, яе жорсткасьць, ён яе прагне. Пражыўшы ўжо нямала гадоў на сьвеце, я ведаю гэта з уласнага досьведу. Сёньня мне даволі складана сустракацца зь людзьмі на месцах, бо мяне ня надта хочуць пускаць ва ўстановы, якія называюцца дзяржаўнымі. Але я ўсё ж там бываю і вось што заўважыў. Як толькі ты прамовіў слова “палітыка” – лічы, што кантакту зь людзьмі табе ня ўдасца займець. Людзі баяцца палітыкі. А праўды, хоць асьцерагаюцца, але прагнуць яе пачуць. Людзям хочацца выглядаць перад сабой, сваімі дзецьмі, сваімі блізкімі, роднымі і сябрамі ўсё ж годна. У тым, што ты сказаў, ёсьць свая праўда. Беларус ускіне рукі, калі ты пачнеш яму казаць пра ману, і скажа: “ Ну хто табе праўду скажа?!”. І, узьняўшы рукі, ён нібыта расьпісваецца ў тым, што – ніхто і ніколі, маўляў, што ты тут выдумляеш. Але я бачу па вачах чалавека, што ён усё ж хоча калі не ісьці па шляху праўды, то хоць бы на яго стаць”.

Скобла: “Не заўсёды беларус ускідвае рукі ўгору перад маной. Можна прыгадаць тую ж Ларысу Геніюш, якая ў эпоху татальнай хлусьні лічыла праўду самай важнай рэччу на сьвеце. Што падштурхоўвае чалавека гуляць па законах праўды нават з гросмайстрамі маны?”

Някляеў: “Сумленьне. Сказаць, што людзі ў Беларусі жывуць без сумленьня, будзе вялікай няпраўдай. Праўда, яны прынялі няпраўду і яшчэ радыя, што за гэта іх называюць рахманымі, талерантнымі, памяркоўнымі. Гэта ідзе з тэлеэкранаў ад першага чалавека ў краіне, ад яго падбрэхічаў, якія падбрэхваюць і нібыта радуюцца. Але ў іхніх вачах я бачу такую тугу: “Ну што ж мы з сабою зрабілі, што ж мы, як тыя шаўкі-цяўкі з-пад плоту – нам сказалі падбрэхваць, і мы падбрэхваем”. Сумленьне працуе ў чалавеку незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не. Сумленьне – гэта нейкая Боская матэрыя ў чалавеку. Часам я задумваюся, ці ня ёсьць тое, што мы называем душою, менавіта тым, што мы называем сумленьнем? Ва ўсякім выпадку, гэта зусім ня розныя субстанцыі. І вось гэтая штуковіна, якая паселеная ў чалавеку ня ім самім, якая называецца сумленьнем, і не дае яму звыкнуцца з маной назаўсёды, да магілы”.

Скобла: “Праўда чалавека і праўда дзяржавы – гэта дзьве розныя праўды. Калі разважаць ня ў рэчышчы ўтопіі, а ў рэчышчы рэальнасьці, хіба могуць яны супасьці – праўда чалавечая і праўда дзяржаўная?”
Але ўсё ж ёсьць на сьвеце краіны, якія дэманструюць нам дамоўленасьць паміж чалавекам і дзяржавай, паміж праўдай афіцыйнай і праўдай асабістай ...

Някляеў: “Поўнага супадзеньня тут ніколі ня можа быць, таму што інтарэсы дзяржавы і інтарэсы асобнага чалавека не супадаюць. Інтарэсы дзяржавы – гэта ахапіць усё, што ёсьць ў гэтай дзяржаве, у тым ліку і чалавека. Падпарадкаваць яго сабе, змусіць яго нешта рабіць (добрае ці кепскае – ня будзем цяпер казаць), ісьці на барыкады – ці наадварот, адмовіцца ад барацьбы. А праўда чалавека заключаецца ў тым, што ён заўсёды хоча з гэтага прымусу выйсьці. У ім жыве няўцямленая прага свабоды, прага волі, зьяўляючыся, у маім уяўленьні, часткай таго, што называецца душой, сумленьнем. І вядома ж, ніколі тут гармонія ня будзе дасягнутая. Але ўсё ж ёсьць на сьвеце краіны, якія дэманструюць нам дамоўленасьць паміж чалавекам і дзяржавай, паміж праўдай афіцыйнай і праўдай асабістай. Яны дамаўляюцца праз канстытуцыю, праз законы. У нас такая дамоўленасьць нібыта таксама ёсьць, але яна – фікцыя, і ў гэтым праблема. Народ і дзяржава разумелі б адзін аднаго, калі б выконваліся гэтыя дамоўленасьці. У нармальных, дэмакратычных краінах такой дамоўленасьці дастаткова як аднаму, так і другому боку. У Беларусі ж дзяржаўнай праўдзе і дзяржаве, якая стаіць за ёй, недастаткова нічога, ёй хочацца праглынуць чалавека з усім, што ён мае”.

Скобла: “Вы прызнаеце несупадзеньне дзяржаўнай і чалавечай праўдаў і ўсё ж будзеце дамагацца ад дзяржавы праўды чалавечай… Ці ня ёсць вашая справа марным змаганьнем з ветракамі?”

Някляеў: “Калі мець на ўвазе тых асобаў, якія ўвасабляюць сёньня нашу дзяржаву, то справа наша, бадай што, марная. Мана – іхні падмурак, яны на ім стаяць, ім сёньня памяняць падмурак, значыць – ляснуцца долу. Вось ты сказаў пра шклянку з вадою. Мы ж ня можам дапусьціць, пакуль мы носім у сабе душу і Бога, каб шклянка тая стала цалкам пустою. Як ня можам дапусьціць і таго, каб яна напоўнілася атрутай, калі мы гаворым пра ману. І калі мы падымаем рукі ўгору, мы не аказваем ніякага супраціву тым, якія ці выліваюць са шклянкі ваду, каб мы сасьмяглі бяз праўды, ці дадаюць туды атруту. У такім выпадку мы ці захлынемся атрутай маны, ці задушымся ад адсутнасьці праўдзівай вады. Але калі мы ў тую шклянку будзем даліваць сваё, то таго, чаго далівае дзяржава, проста будзе менець”.

Скобла: “Вы робіце замах на дзяржаўную хлусьню, а самі кажаце, што ваша кампанія не палітычная. Зразумела, што ў нашай дзяржаве ваша дзейнасьць будзе трактавацца адназначна як палітычная. І ў гэтым будзе чарговая дзяржаўная праўда. Ці гатовыя вы ў сувязі з гэтым да палітычнай барацьбы?”

Някляеў: “Разумеючы гэта, мы і стараемся падкрэсьліць, што кампанія ня носіць палітычнага характару, што гэта маральная акцыя. Мы гатовыя гаварыць аб праўдзе з усімі, хто так ці інакш хоча, каб хлусьні вакол было менш. Сама палітычная сытуацыя змушае нас проста адхрысьціцца ад любых палітычных сілаў. Я абсалютна ня супраць апазыцыі, я паважаю ўсіх тых людзей, якія знаходзяцца сёньня ў апазыцыйных партыях – за іх рашучасьць у гэтым выбары. Але відавочна, што дзяржаўная прапаганда зрабіла сваё, і на сёньняшні дзень рэйтынг апазыцыйных лідэраў ня тое што невялікі – ён проста адмоўны. І з гэтай праблемай, я маю на ўвазе палітычны аспэкт жыцьця нашай краны, пад выбары нешта трэба будзе рабіць. І наша кампанія зможа дапамагчы сумленным людзям. У гэтым, можа быць, і будзе заключацца яе палітычны аспэкт”.

Скобла: “У свой час вы стваралі ў Варшаве Інстытут беларускай культуры, у Хельсінкі – таварыства “Беларусь – Калевала”, у Менску – суполку “Беларускі дом”. “Беларускі дом” не стварыўся. Ня ведаю, чым займалася беларуска-фінскае таварыства, а вось пасьля “варшаўскага Інбелкульту” сёе-тое засталося, скажам, шыкоўна выдадзены альбом “Палесьсе”. Ці будзе кампанія “Гавары праўду!” займацца нейкімі культурніцкімі праектамі, ці вы будзеце толькі выкрываць дзяржаўную хлусьню?”

Някляеў: “Вядома ж, пры магчымасьці мы будзем займацца культурніцкімі праектамі, найперш – пры магчымасьці матэрыяльнай і наяўнасьці часу. Бо перад намі – вялікі аб’ём працы. Мы зьбіраемся ня проста гаварыць праўду, мы зьбіраемся яе знаходзіць, замяняць ёю ману. А як гэта рабіць? Мы будзем езьдзіць па раёнах, у нас будзе сетка карэспандэнтаў, якія нам будуць распавядаць, дзе, што і як робіцца. Мы будзем працаваць тэматычна. Першая наша акцыя будзе зьвязаная зь беспрацоўем. Гэта няпраўда, што ў нас няма і 1% беспрацоўных. Насамрэч толькі ў Маскве каля дарогаў стаяць 600 000 беларусаў – мужыкоў у самай сіле. Праблема зь беспрацоўем істотная. Прычым, людзей выганялі з працы не з прафэсійных прычынаў, а за іх перакананьні. Нешта ня тое сказаў – і пайшоў прэч. Першая акцыя будзе праведзеная якраз у гэтым накірунку”.

Скобла: “На прэзэнтацыі кампаніі “Гавары праўду!” адначасова прэзэнтавалася і ваша новая кніга, якая выйшла ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”. У гэтай кнізе ёсьць здымак, на якім вы поплеч з чалавекам, які ўжо амаль 16 гадоў мэтанакіравана і апантана сее ў Беларусі ману, хлусіць часта і з любой нагоды. Калі вы такі праўдзівы, навошта вам у вашай кнізе спатрэбіўся хлус?”

Някляеў: “У гэтай кнізе спатрэбіўся ён таму, што я з гэтым чалавекам меў адносіны. У гэтай жа кнізе ёсьць мой здымак з Шушкевічам, зь якім я таксама маю адносіны. Дык вось, я пастараўся быць аб’ектыўным – што было ў маім жыцьці, тое ёсьць і ў кнізе. “Кнігазбораўскі” том – гэта выніковая кніга. Я пастараўся зьмясьціць там і вершы, і прозу, і ўсё рознабаковае, што я напісаў, і фота. Зьмясьціў я там і згаданы табой відэа-матэрыял, каб пасьля мне не гаварылі – а нештачка ў сваім жыцьці ты ўсё ж схаваў. Не, я не схаваў нічога”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Язэп Палубятка Горад:: Масты
02.03.2010 09:57
Гэта яўны абразчык беларускага творыцы, хоць і таленавітага. Пагулянкі ў касамольскім цягніку на БАМе, лазня з прэзідэнтам, пошукі шчасця на чужыне.Пакутлівы шлях да ўласнай Галгофы. А гаварыць праўду неабходна з маленства.

Імя:: Зьміцер
02.03.2010 10:13
Хлусьня гэта ежа для маці ўсіх грахоў - пыхі!
Трэба пазбавіцца пыхлівасьці і ўсё астатняе застанецца за табой, але вельмі доўга будзе ліпнуць да тваёй душы.

Імя:: Валянціна Горад:: Менск
02.03.2010 10:54
У апошнія дні па ўсёй сталіцы раскіданы паштоўкі з тэкстам на расейскай мове "Говорі правду" ад беларускага паэта Някляева. Некаторыя ўсур'ёз кажуць, што гэта ёсьць пачатак ягонай прэзыдэнцкай кампаніі. Ну, калі ён зрабіў такую заяўку, то няхай патлумачыць у адкрытую: што значыць гэтая паштовачная акцыя?

Імя:: Яўген
02.03.2010 12:53
Усе хлусяць. Ня трэба верыць нікому.
Адказаць

Імя:: strannik
02.03.2010 15:08
Нешта Вы вельмі катэгарычны. З Вашай заявы вынікае, што і вы хлусіце, у тым ліку робячы гэтую заяву.
Не абагульняйце. Гэта спрашчае справы, але зьнішчае розум і лёгіку.
А Някляеву - рэспэкт, калі кампанія выйдзе на дасягненьне заяўленае мэты наавт на 10 адсоткаў.

Імя:: Яніна Горад:: Баранавічы
02.03.2010 13:48
Някляеў -- прэзыдэнт? Была б даволі кур'ёзная зьява. Дык сапраўды, няхай або прызнаецца да лазурных паштовак з бурбалкай і тэкстам "Говорі праўду", або адмяжуецца ад гэтай антыбеларускай правакацыі. Раім пачаць з сябе: сказаць праўду.

Імя:: запраўду
02.03.2010 13:53
от каб вядучы спытаўся: за чые грошы Някляеў прабівае сваю “правду” (напрыклад, паштоўкі) - хай бы сказаў праўду, калі такі праўдзівы
Адказаць

Імя:: strannik
02.03.2010 15:09
А ён і адказаў на прэсусе ў Краўн Плаза. Чытайце ўважліва.

Імя:: Марта Горад:: Менск
02.03.2010 16:36
Дазвольце парафраз: "Мана -- падмурак аднаго "праўдашукальніка". Гляньце толькі, як застракацела ў апошнія дні імя Някляева. Проста як Фігара, ён і тут, ён і там. Шматслоўныя выступы і інтэрвію. Ці было б столькі ўсяго, калі б яму часам далі літаратурнага Нобеля? І ў той жа час ня чуем ад яго аніслова пра лазурныя русскоязычные паштоўкі, якімі нейкі легіён асобаў ашчасьлівіў наш двухмільённы горад на працягу лічаных гадзін. А на паштоўках "Говорі правду". Ну дык і скажы, адкуль вушы растуць. А то што -- літаратурны Лукашэнка?

Імя:: Фядута
02.03.2010 20:42
Панi Марта, нейкi камплiмэнт Вы сказалi Някляеву: АДС ня ведаюць, як свае тэзiсы раскiнуць -- а тут "легiён, за дзве гадзiны, двухмiльённы горад..." Я б адчувау гонар...
Адказаць

Імя:: АДС
06.03.2010 01:43
Новы хадок у прэзідэнты. За крамлёўскія грошы.

Імя:: сакавік Горад:: беларусь
02.03.2010 21:36
Някляеў падобны на птушку" стравус": усё хавае галаву ў пясок ад палітыкі і не прыкмеціў, што даўно ўжо там.Дык дзе ж вашае сумленьне? На паштоўцы з надпісам"говоріце правду", якая друкавалася ў г.Смаленску,расея.Каго вы хочыце падмануць,сябе ,калі ласка.А беларусаў ня ўдасца.На гэтую "галубую"лухту мала хтоклюнуў..
Адказаць

Імя:: удумлівы
03.03.2010 04:07
Няўжо Вы сур'ёзна мяркуеце, што гэтыя паштоўкі маглі б надрукаваць у Беларусі?! куды больш істотна, што пачаўся рух, дзеяння. а беларусы, народ такі, толькі дай волю - сваіх у адно імгненне паскідаюць, абы не выбіліся, нават калі і за справу ўзяліся. таму так і жывем.

Імя:: Яўген
03.03.2010 15:50
strannik Нешта Вы вельмі катэгарычны.

Так. Ня трэба верыць нікому, хто імкнецца да ўлады. Як ня верыш і ня ўдзельнічаеш у выбарчай хлусні, не прайграеш.

Імя:: Сведка Горад:: Менск
03.03.2010 20:01
Куфэрак з таямніцай паштовачкі Някляева "Говорі правду" раскрыўся. Сам бачыў і людзі пацьвердзілі, што тысячы і тысячы паштовачак па сталіцы раскідвалі ў скрыні жанчыны-паштаркі разам з газэтамі і іншай карспандэнцыяй. Выснова: някляеўскую "фронду" абслужвала дзяржаўная структура -- "Белпошта". Такім чынам, акцыя яго і ягоных сяброў ёсьць мерапрыемствам рэжыма. Таго самага рэжыма, які Някляеў абвінавачвае ў мане. Але хватка задумана. І Мілінкевіч не дадумаўся быў.
Адказаць

Імя:: Макей
06.03.2010 01:45
Спонсар кампаніі - адміністрацыя прэзідэнта. На паштоўках усё пазначана.

Імя:: Лёлік Ужкін Горад:: Мінск
03.03.2010 21:51
Навошта паэту лезьці ў палітыку? Па-другое, усё, што звязана з Барадуліным, Някляевым, Бураўкіным і інш.таньчыцца далека не беларусамі. ПЭН-цэнтры, выдавец Пастэрнак і г.д. - гэта грошы адной з краін Бліжняга Усходу. Па-трэцяе чаго Някляеву не хапае, месцажыхарства Процькі? Змагаўся б лепш з рэпрэсіямі супраць пісьменнікаў.
Адным словам, браткі-беларусы, нас у чарговы раз "кінулі". Ё,П,Р,С,Т ці знойдзецца хоць адзін БЕЛАРУС!