пятніца, 10 лютага 2012, Менск 19:01

Праграмы / Падарожжы Свабоды

Багаты белы пан на ўкраінскім баку

Дабранка — мястэчка, якое беларуска-ўкраінская мяжа дзеліць на дзьве няроўныя часткі. Перад першым турам украінскіх выбараў мы пабывалі на беларускім баку. Гэтым разам выправімся на ўкраінскі. Каб даведацца, чым жывуць нашы паўднёвыя суседзі.

Іншыя артыкулы на гэтую тэму

Мультымэдыя

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

 

Беларуска-ўкраінская мяжа адчуваецца ня толькі з памежнага пераходу, ня толькі з шыльдаў і дарожных знакаў на іншай мове. Але найперш са стану дарогі. Нават калі б вы спалі ў машыне мёртвым сном, ва Ўкраіне абавязкова б прачнуліся. Бо ідэальна вычышчаная асфальтавая шаша на тым баку зьмяняецца засьнежаным бальшаком. Нават ня столькі засьнежаным, колькі заваленым камякамі сьнегу. На якіх машыне прыходзіцца падскокваць і збаўляць хуткасьць. Адчуваньне, быццам Поўдзень і Поўнач памяняліся месцамі.

 

Дабранка сустракае падарожніка шырокай вуліцай: з аднаго боку разваліны нейкага прадпрыемства, а па другі бок раскінуўся шыкоўны футбольны стадыён.

 

Я ведаў, што Ўкраіна рыхтуецца да «Эўра-2012», але каб такімі тэмпамі... А вось і першая дабранская жанчына. І, канечне, з саначкамі для перавозкі грузаў празь мяжу. А ў саначках — бурачкі. Галоўны дабранскі промысел. Бурачкі перапраўляюцца на Беларусь.

Кабета: «Вымірае Дабранка. Такі быў цэнтар. Працы няма. Пазачыняліся. І мэблевая, і швейная. Толькі лясгас дышыць крыху».

Карэспандэнт: «А за каго галасаваць будзеце?»

Кабета: «За Юлю».

Карэспандэнт: «А чаму за Юлю?»

Кабета: «Таму што я яе люблю. Чыста асабістыя сымпатыі. І праграму яе слухаю і з усім пагаджаюся. Ня так ужо і кепска. Нешта працуе ў нас. А вы за Януковіча?»

Я супакоіў кабету, што ні пры якіх абставінах не аддам свой голас за Віктара Януковіча. І пашыбаваў далей. Мая наступная суразмоўца, сярэдняга веку жанчына, везла пустыя ўжо саначкі дахаты. Яна беспрацоўная. Скарацілі на швейнай фабрыцы. Маці-адзіночка, галоўны клопат якой — як «паступіць» сына ў інстытут.

Карэспандэнт: «Хоць плацяць што-небудзь?»

Кабета: «500 грыўняў».

Карэспандэнт: «А за каго галасаваць будзеце?»

Кабета: «Ня ведаю пакуль».

Карэспандэнт: «А вам такі выбар падабаецца?»

Кабета: «Мы б хацелі Лукашэнку вашага».

Карэспандэнт: «Чаму?»

Кабета: «Таму што вы жывяце, а мы існуем».

Карэспандэнт: «А адкуль вы ведаеце, як мы там клясна жывем?»

Кабета: «Вось каб вы ў нас пажылі, тады б сказалі. У вас гаспадар. А ў нас толькі за партфэлі дзяруцца. Усё расьцягнулі, нічога няма. А ў вас кожны кавалак зямлі апрацаваны. Ходзім, ведаем. Беларусь заўжды добра жыла. У параўнаньні з намі — гэта далёка...»

Мяне вельмі зьдзівіла вельмі чыстая расейская мова, якая пануе ў Дабранцы. Як быццам я перасек не паўднёвую, а ўсходнюю мяжу. Прычыну патлумачыў стары дабранец, дзед Іван.

 

Карэспандэнт: «А на якой мове тут гаварылі раней? На ўкраінскай ці беларускай?»

Стары: «Тут зьмяшаная была мова. Беларускай вельмі мала. Расейская і ўкраінская. Але тут з Украіны многа людзей пасялілася. А тут увогуле была расейская Добрянка. Расейцы жылі, стараабрадцы. А пасьля пакаленьне за пакаленьнем сыходзіла. І пачалі сяліцца з Украіны».

Карэспандэнт: «А стараабрадцы засталіся?»

Стары: «Амаль усе памерлі...»

Даведаўшыся, што я зь Беларусі, стары ня мог ня выказаць традыцыйны набор камплімэнтаў. На вядомы адрас.

Стары: «О! Лукашэнка. Там больш-менш парадак вядзецца».

Карэспандэнт: «Вы гэта чуеце па беларускім тэлебачаньні?»

Стары: «Так».

Вось што сапраўды адрозьнівае Беларусь ад Украіны, дык гэта стаўленьне чыноўнікаў да журналіста. Старшыня пасялковай рады Аляксандар Алгінаў, нягледзячы на выходны дзень, запрасіў мяне ў будынак рады. Напаіў гарбатай. І распавёў пра ўсе набалелыя праблемы.

 

Аляксандр: «Прадпрыемствы ў нас працуюць эпізадычна. Паваленыя. Швейная фабрыка амаль не працуе, мэблевая амаль не працуе. Сушыльная — тое ж самае. Ліквідавана торфапрадпрыемства».

Карэспандэнт: «А ажывіць у бліжэйшай пэрспэктыве...»

Аляксандр: «Не. А калі паглядзець калгасы, дык з 35-ці засталася жменька, якая трымаецца на энтузіязьме людзей. Распаявалі зямлю. І што? Стаіць, зарастае».

Спадар Алгінаў — незвычайны чыноўнік. Ён карэнны жыхар Дабранкі. Апантаны краязнаўца. Аўтар некалькіх кніг па гісторыі свайго мястэчка, якое сапраўды любіць.

Аляксандр: «Праз Дабранку праходзіў паштовы тракт Санкт-Пецярбург — Адэса. Была значная дарога, па якой празь Беларусь праяжджала вельмі многа людзей. Тут была паштовая станцыя, дзе спыняліся, мянялі коней, сілкаваліся, начавалі. Тут, у Дабранцы, былі Пушкін, Шаўчэнка, імпэратар Мікалай І з сынам. Ёсьць гістарычныя дакумэнты, якія кажуць пра тое, што яны тут начавалі і правялі царскае паляваньне. У нас быў чалавек, які будаваў у Гомелі сабор Пятра і Паўла, ангельскі архітэктар. Ён прыяжджаў у Дабранку, набіраў будаўнікоў. Усе будаўнікі былі ў Дабранцы, у акрузе. Пугачоў тут жыў некалькі месяцаў. Атрымаў пашпарт на прозьвішча Пугачова. Ён адсюль, па прапанове дабранскіх купцоў, зьехаў на Яік, сёньняшні Ўрал. Туды, дзе ўзьняў сялянскую вайну».

Карэспандэнт: «А гэты будынак, гэта былы...»

Аляксандр: «Гэта дом памешчыка Гусева. У якім і прымалі цара...»

 

Дом купца Гусева, чырвоная мураванка з арачнымі вокнамі, мог бы ўпрыгожыць гістарычны цэнтар нашай сталіцы. Але ў Дабранцы ён не выглядае самым цікавым будынкам. Цэнтар мястэчка шчыльна забудаваны дыхтоўнымі камяніцамі. Рэшткі некалі багатай спадчыны працаголікаў-старавераў і габрэйскіх купцоў. З надыходам вечара яскрава праяўляецца яшчэ адна розьніцца паміж Беларусьсю і Ўкраінай. То там, то сям успыхваюць агні рэклям тутэйшых крамак і магазынаў. Розьніца зь Беларусьсю ўражвае. На тым баку — закалочаная дзяржаўная крама, куды ня могуць знайсьці прадавачку. А тут нейкая залітая агнямі разьняволеная Мэксыка з амэрыканскіх фільмаў. Зойдзем у краму.

 

Карэспандэнт: «А за каго будзеце галасаваць, калі не сакрэт?»

Прадавачка: «А ні за кога. У нас галасуй, не галасуй, усё роўна будзе так, як яны рашылі там».

Карэспандэнт: «Мне тут скардзяцца, што працы няма. І дзясятак магазынаў. Гэта пра што кажа?»

Прадавачка: «Што людзі платаздольныя. Летам ягады, грыбы. Зімой буркі ў нас многія шыюць».

Па вуліцы горда крочыць прыгожая маладая спадарыня. Настолькі прыгожая, што грэх не завесьці гутарку. Прыгажуня крыху звысоку, не спыняючы кроку, выказалася. Прычына фанабэрыі — яна грамадзянка Беларусі!

Карэспандэнт: «Дзе народ лепш жыве, на вашую думку?»

Дзяўчына: «У Беларусі. Тут выжываюць, а не жывуць».

Карэспандэнт: «Глядзіце, колькі крамаў. Раз, два, тры...»

Дзяўчына: «Гэта для беларусаў. Усё зроблена, каб мы сюды прыяжджалі і нешта куплялі».

Карэспандэнт: «А вы не зайздросьціце ўкраінцам, што ў іх ёсьць выбар?»

Дзяўчына: «Такому выбару я не зайздрошчу».

Карэспандэнт: «У вас няма ніякага».

Дзяўчына: «У нас адзін выбар. Бяз выбару. Але мы някепска жывем. З двух ліхаў наша лепшае».

Сяргей Канаваленка, дырэктар лясгасаўскай сталовай — чалавек, вядомы далёка за межамі Дабранкі. Гэты саракагадовы сур’ёзны спадар — срэбны прызэр Міжнароднага фэсту славянскай кухні. І найлепшы кухар усіх лясных гаспадарак Украіны. Ён зьбірае цікавую калекцыю дабранскай старасьвеччыны. Дзе ёсьць і старадрукі, і замкі 17 стагодзьдзя, і стараверскія іконы.

 

Ён яры прыхільнік славянскага братэрства. А яшчэ ён піша вершы. Некаторыя хоць зараз кладзі на музыку.

Сяргей:

«Беларусь, прости меня, прости,
Што я хлеб и мясо вывожу.
Я уже забыл, который день
Без зарплаты собственной сижу.

Ты смирись, что тоже есть хочу.
И таких, как мы, поверь, не счесть.
Мы везем к тебе любой товар,
Позабыв достоинство и честь.

Беларусь, прости меня за всё.
Ты простишь, простит меня и Бог.
Но поверь, коль дети есть хотят,
Сделаешь не только то, что смог».

Штопраўда, тыя часы засталіся ў мінулым. Мяне Сяргей частаваў у гасьцявым дамку, які пабудаваны за ягонай жа невялічкай крамай.

Сяргей: «Кожны дзень гэта быў заробак. У начную зьмену я ахоўнікам працаваў. Аддзяжурыў — замест таго, каб паспаць, ехаў на Беларусь па хлеб. Гэта называлася кантрабанда. Яго тут прадаваў. І ішоў зноў на працу. Каб бязьбедна існаваць».

У Дабранцы можна падхапіць небясьпечны вірус. Ад усіх гэтых слоў захапленьня на адрас ня столькі Беларусі, колькі яе кіраўніка, пачынаеш і сам адчуваць сябе багатым белым панам.

Сяргей: Калі рукі ў цябе ня з задніцы, ідзеш у Паддабранку. Табе — обана, усяго толькі, не гарэўшы, не хварэўшы, табе домік. З газам, з усім. Колькі мне трэба рваць сваю задніцу, каб зарабіць на гэта ўсё? Гэты дамок я купіў, дзьве сядзібы за тысячу даляраў. Гэта пяць крэдытаў. А ў вас дом бясплатна».

Штопраўда, сам Сяргей чамусьці не сьпяшаецца перабірацца ў цудоўны бясплатны домік па той бок мяжы. А цягне ярмо крэдытаў. На разьвітаньне Сяргей выдаў журналісту «Свабоды» паэтычны экспромт.

Сяргей:

«Сейчас я знаю, что ты враг.
Но лучше будь врагом,
Чем буду друга запускать
Фальшивого в свой дом».
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.