Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для беларускага рэжыму не існуе нацыянальнасьці, а ёсьць прыхільнікі і ворагі”


Перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі, будаўніцтва АЭС, дабрабыт грамадзян, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі выказаў спадзяваньне, што Эўразьвяз, АБСЭ, Рада Эўропы дапамогуць вырашыць канфлікт вакол польскай меншасьці ў Беларусі. Нагадаю, што падчас разгляду судовага пазову афіцыйнага Саюзу палякаў да дзяячкі польскага руху зь мястэчка Івянец Тэрэсы Собаль былі затрыманыя больш за 40 чалавек, якія прыйшлі яе падтрымаць. Акрамя таго, кіраўнік Галоўнай рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй Пачобут арыштаваны судом на пяць сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 10 лютага ў Горадні. Кіраўніцу Саюзу Анжаліку Борыс аштрафавалі, таксама за ўдзел у гэтай акцыі, на 1 мільён 50 тысячаў рублёў. Камэнтары слухачоў:

Cпадар: “Хачу выказаць меркаваньне адносна спраў з Саюзам палякаў. Што тычыцца асабіста мяне, я ў склад гэтай арганізацыі ўвайшоў фактычна на самым яе пачатку, у адной з абласьцей. Гэтая арганізацыя прадстаўнікамі спэцслужбаў нішчылася ад самага пачатку, літаральна зь першых дзён існаваньня. Самае галоўнае заданьне адносна саюзу палякаў у тым, каб мець сабе падуладную невялічкую арганізацыю, зусім невялічкую, каб можна было прадстаўнікам іншых краін паказаць: вось, глядзіце, у нас ёсьць такая арганізацыя. Нікому не цікава разьвіцьцё гэтай арганізацыі і яе плённае жыцьцё — гэта зусім ня трэба. Таму ў Беларусі існуе ўсяго дзьве польскія школы, якія збудаваныя на польскія грошы. А Беларусь для сваіх грамадзянаў-палякаў нічога не рабіла — нішчыла, нішчыла і нішчыла”.

Спадар: “Няхай жывуць палякі ў Беларусі і Саюз палякаў, Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут, Бог у дапамогу вам! Жывіце, палякі ў Беларусі. Грэх тым, хто пастаўлены ад цяперашняй улады, але не абраны самімі палякамі ў Беларусі”.

Халадовіч Станіслаў, Івацэвічы: “Для беларускага рэжыму не існуе нацыянальнасьці, а ёсьць іхныя прыхільнікі і ворагі. Ворагі — гэта тая частка насельніцтва, якая не падзяляе іхнія мэтады кіраваньня. Вось над гэтай часткай насельніцтва і чыніцца гвалт”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт Саюзу палякаў у Беларусі і іх патрабаваньняў. Яны хочуць польскіх школаў, разьвіцьця польскай мовы, культуры ў Беларусі, дзе карэнная нацыя ня мае беларускіх школаў, дзіцячых садкоў, дзе ў школах беларуская мова выкладаецца як замежная — адзін раз на тыдзень. Дзе беларускія пісьменьнікі падзеленыя на два лягеры: нашыя і нянашыя, дзе ганьбіцца, топчацца ўсё нацыянальнае, дзе за беларускую мову пагражаюць пасадзіць у камэру (такое было са мной). Якія нам ствараць саюзы, каб вярнуць сваё? Палякі ня маюць маральнага права патрабаваць польскасьці для сябе ў цяперашніх умовах, не насьпеў час. Яны лезуць праз галовы карэннай нацыі, яны хочуць піру падчас чумы. Хай пацярпяць пакуль што, як цярпім мы. У горшым ці лепшым выпадку ім ёсьць куды зьехаць, а нам — няма. Мы на сваёй зямлі, у сваёй пакутнай краіне”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:

Алег Трусаў
“Любы чалавек мае права на сваю школу, на сваю мову і на сваю культуру. Я лічу, што тая ж польская мова павінна выкладацца ў нашых школах, як і расейская, па жаданьні бацькоў. Чаму расейская мова ў нас павінна быць абавязковая? Тут я ня згодзен са спадарыняй. І тое, што палякі змагаюцца за сваю мову за сваю культуру, за свае школы — нам толькі можна прыклад зь іх браць і больш актыўна праводзіць беларускую палітыку ў Беларусі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Пачула пра хваробу Рыгора Барадуліна. Малю Бога за хутчэйшае выздараўленьне дзядзькі Рыгора”.

Курневіч, Барысаў: “Пачуў пра мінімалку — сьмех. Лічы зусім голай — і нас зраўняла зь мінімалкай далёкай Анголы. Якія тут вытрымаюць нэрвы? Яна складае 64 эўра. Застаецца падпора — бутэлькі ў сквэры зьбіраць. Няўжо ад улады гэтыя доўбні зусім ня бачаць гэтага хобі? Можа, пасьля выбараў будзе надзея? Каб толькі яна не засталася ў якасьці ідэі”.

Спадар: “У будаўніцтве атамнай станцыі для Беларусі няма ніякай неабходнасьці. А больш чым 15-гадовы пэрыяд лукашэнкаўскага кіраўніцтва застанецца ў памяці ўсіх беларусаў і нават тых, якія сышлі ў вечнасьць”.

Ліна Масалкова: “Якімі б высокімі словамі выказаць падзяку заснавальніку Бібліятэкі Свабоды Аляксандру Лукашуку! Мне пашанцавала мець каля 10 кніг гэтай сэрыі. Апошняя кніга Міхася Скоблы толькі замацавала праўдзівасьць сказанага вучоным Адамам Мальдзісам, што Беларусь заўсёды была інтэлектуальным донарам Эўропы. Падумалася: калі б наш усенародна абраны прачытаў яе, можа б, у вольны ад хакейных турніраў час захацеў бы пачытаць яшчэ і прозу Быкава, апрача ягоных вершаў, і ўспомніць пра культуру, пра абяцаньні народу і пра тое, што пара пра заслужаны адпачынак падумаць. Жыве Беларусь!”

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG