Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сідарэвіч пра беларускую мэмуарыстыку


Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

Наш сёньняшні экспэрт Анатоль Сідарэвіч разважае пра беларускую мэмуарыстыку. Ён ня стаў вызначаць пяць лепшых кніг нацыянальнай літаратуры ў гэтым жанры, а даў кароткі аналіз яе стану наагул. Чым парушыў фармат рубрыкі. Але правілы на тое і ўсталёўваюцца, каб іх парушаць, тым больш такім мэтрам беларускай крытыкі як спадар Сідарэвіч.

Што такое мэмуары? Гэта адно толькі вялікія наратывы, пісаныя праз шмат гадоў пасьля падзеяў? Ці й дзёньнікі таксама? Бо што ні кажы, робячы запіс у канцы дня ці назаўтра раніцой, чалавек таксама ўспамінае ўбачанае, пачутае і перажытае. Ці зьяўляюцца мэмуарамі інтэрвію пра даўнія падзеі? Або лісты, аўтар якіх згадвае нейкія даўнія ці нядаўнія падзеі? Пытаньні, думаю, рытарычныя.

Успаміны Францішка Аляхновіча даўно сталі клясыкай.
Мне мэмуары цікавыя як крыніца інфармацыі. Я чытаю іх, бо шукаю адказаў на пытаньні, што паўстаюць пры вывучэньні гісторыі. Вось, напрыклад, гісторыкі шукалі адказу на пытаньне: чаму Антон Луцкевіч не пакінуў Вільню перад прыходам бальшавікоў у верасьні 1939-га? У леташняй восьмай кніжцы часопісу ARCHE я выклаў адказы на гэтае пытаньне Аляксандры Бэргман, Яна Станкевіча ды свой уласны. А пад канец году часопіс «Дзеяслоў» надрукаваў даўнюю гутарку Андраніка Антаняна з Лявонам Луцкевічам пра падзеі 1939 году, і ўсё стала на свае месцы. Гісторыкі шукалі адказу і на пытаньне аб прычынах самагубства жонкі Антона Луцкевіча. Пазнаёміўшыся з пэўнымі архіўнымі матэрыяламі, я зрабіў сваю выснову. Але вось нядаўна выйшла кніга Сьвятланы Белай «Да роднага парогу». Гэта гутаркі зь беларусамі, якія да вайны жылі ў Вільні, ды мусілі зьехаць за акіян. У гэтай кнізе адказ на пытаньне аб прычынах сьмерці Зоф’і Луцкевіч даў доктар Вітаўт Тумаш — лекар, які ведаў і Луцкевіча, і яго жонку. Ягоны адказ можна лічыць кваліфікаваным. Дарэчы, доктар Тумаш даў і адказ на пытаньне: прыняла Зоф’я Луцкевіч хрысьціянства ці засталася юдэйкаю? Вельмі доўга толькі з успамінаў Антона Луцкевіча мы ведалі аб працы падпольнай друкарні Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Менску. Ды вось супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва падказалі мне, што ў фондах архіву маецца рукапіс успамінаў партыйнага друкара Фэлікса Стацкевіча. Гэтыя ўспаміны я апублікаваў у часопісе ARCHE, і цяпер кожны, хто хоча, можа атрымаць інфармацыю аб працы друкарні БСГ зь першых рук.

Добра чытаюцца ўспаміны амбасадара Пётры Садоўскага
Мэмуары патрабуюць крытычнага, аналітычнага стаўленьня да сябе. Са штодзённага жыцьця мы ведаем, што такое капрызы памяці, як яна нас падводзіць. Вось, скажам, Антон Луцкевіч пісаў у адных тэкстах, што газэту «Свабода» друкавалі ў 1903 годзе, а іншых — што ў 1905-м. Мэмуарам уласьцівая і сэлектыўнасьць: пішучы дзёньнік ці ўспаміны, аўтар чыніць пэўную сэлекцыю, адсейвае тое, што, на яго думку, зьяўляецца неістотным. І нярэдка сьведкі тых самых падзей, чытаючы ўспаміны, абураюцца: няпраўда, было ня гэтак, а было інакш. Я не абураюся. Мне, як сьведку пэўных падзей, было, напрыклад, сьмешна чытаць успаміны Уладзімера Ягоўдзіка пра Ўладзімера Караткевіча і Аляксандра Станюты пра Алеся Адамовіча. Маю намер напісаць свае ўспаміны. Нарэшце, мэмуары бываюць цікавыя самавыпінаньнем або выпінаньнем адных падзей і асоб і замоўчваньнем іншых. Калі казаць пра беларускія мэмуары, дык цікавыя замоўчваньнямі ўспаміны Пятра Краўчанкі. Цэлы пэрыяд яго ўласнага жыцьця як быццам выпаў з памяці мэмуарыста.

Успаміны Быкава, у тым ліку з кнігі «Доўгая дарога дадому», сабраныя ў восьмым томе збору твораў.
У мяне сабралася даволі такі прыстойная бібліятэчка беларускіх мэмуараў. Успаміны Юліяны Вітан-Дубейкаўскай пра Івана Луцкевіча, згадкі заходніх беларусаў Антона Шукелойця, Вітаўта Тумаша, Мікалая Шчорса ды іншых, запісаныя Зянонам Пазьняком і Сьвятланай Белай, дапамагаюць мне ў працы. Тое ж кажу і пра ўспаміны, апублікаваныя Янкам Запруднікам і Ўладзімерам Арловым у зборніках «З гісторыяй на «Вы», Лявонам Юрэвічам у томе «Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі», і пра мэмуары, сабраныя Барысам Сачанкам у кнізе «На суд гісторыі». Дапамагаюць у працы і выдадзеныя асобнымі кніжкамі ўспаміны Яўхіма Кіпеля, Барыса Рагулі, Марыяна Пецюкевіча, Анэлі Катковіч, Андрэя Чэмера, Надзеі Дземідовіч... А ўспаміны Антона Луцкевіча ды Францішка Аляхновіча даўно сталі клясыкай. Думаю, клясыкаю сталі і ўспаміны Янкі Брыля «Муштук і папка» ды «Наш Караткевіч». Гэта выдатная проза. А «Сны пра маму» Алеся Жука? Як на мой розум, дык такой — «сямейнай» — мэмуарыстыкі ў нас малавата.

Дзёньнік Міхала Дубянецкага друкуе часопіс «Дзеяслоў».
Добра чытаюцца ўспаміны амбасадара Пётры Садоўскага. Чытаючы іх, так і чуў голас аўтара. Вось дзе праўда, што чалавек — гэта стыль. Па-мойму, у асобе Пётры Садоўскага мы страцілі празаіка.

Раней успаміны Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», ягоныя «Парадоксы жыцьця» і «Пункціры жыцьця» былі раскіданыя па розных выданьнях. Цяпер яны сабраныя восьмым томе Збору твораў пісьменьніка. Гэты том я «праглынуў» за пару вечароў.

Пад адной вокладкай у дзевятым томе Збору твораў Максіма Танка сабраныя цяпер «Лісткі календара» і дзёньнікі паэта. Гэта цікавыя дакумэнты свайго часу, якія, паказваюць, наколькі аўтар залежыць ад грамадзка-палітычнага клімату ў краіне.

Але былі ў савецкі час і такія людзі, як Міхал Дубянецкі: сябар КПСС, а ў душы антыкамуніст. Ягоны дзёньнік з нумару ў нумар друкуе часопіс «Дзеяслоў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG