пятніца, 10 лютага 2012, Менск 19:24

Блогі / Эканамічны блог

Міты пра мыта

Меркаваньні аналітыкаў наконт падпісаньня дамовы аб Мытным Саюзе збольшага падзяляюцца на катастрафічныя і скептычныя. Адныя гавораць аб перамозе Масквы і пачатку прыгнёту расейскім капіталам беларускага рынку. Іншыя называюць пагадненьне дзяржаўным піярам, кшталту эпапеі з Саюзнай дзяржавай, які далей за дэклярацыі ніколі ня пойдзе.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +



Міт 1: МС адкрывае беларускі рынак для расейскай экспансіі


Беларусь і Расея і так гандлююць з нулявой стаўкай падатку. Таму ніякіх новых выгадаў у параўнаньні з айчыннымі вытворцамі расейскі бізнэс на беларускім рынку не атрымлівае. Наадварот, у пагадненьні прапісанае права кожнай з краінаў на "сьпецыяльныя, антыдэмпінгавыя і штрафныя" тарыфныя санкцыі, якімі пры жаданьні можна абкласьці і беларускі цукар, і расейскія Камазы.

Чым чужынцам плаціць, лепей братоў падтрымаць?

Адзіная выгада, якую расейскія вытворцы могуць атрымаць на беларускім рынку – гэта перавага перад іншымі імпарцёрамі, за кошт падвышэньня агульнага зьнешняга мыта. З уступленьнем ад новага году ў сілу Адзінага мытнага тарыфу расейскі Аўтаваз спадзяецца пацясьніць на беларускіх дарогах патрыманыя іншамаркі. Узамен для беларускіх трактароў ды грузавікоў агародзяць мытным бар'ерам Казахскую ды Сібірскую цаліну.

Але ж акрамя некалькіх ключавых пазіцыяў, зьмены і ў гэтым рэчышчы чакаюцца нязначныя. На сёньняшні дзень беларускія мытныя тарыфы на 95% адпавядаюць расейскім. Адзіны мытны кодэкс пакідае нязьменнымі 80% расейскіх імпартных пошлінаў і 75% беларускіх.

Назарбаеў у ролі папялушкі?

Найбольш адчувальнымі зьмены стануць для імпарцёраў і інвэстараў. Замежныя карпарацыі з цэнтрам вырабу ці складам у адной з краінаў атрымаюць доступ да рынкаў усёй тройкі.

У барацьбе за інвэстараў найгоршыя пэрспэктывы лунаюць перад малаіндустрыялізаваным Казахстанам. Суседні зь ім Кітай так дагэтуль і не наважыўся ні на водзін сур'ёзны інвэстпраект у гэтую краіну, нягледзячы на шматлікія высілкі Астаны па стварэньні спрыяльных умоваў для прыходу кітайскага капіталу.

Менск – трэці які сьмяецца

Беларусь жа, наадварот, можа спадзявацца на істотныя выгады, дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу і невялікім памерам, якія нягледзячы на ўсе недахопы рынкавага сацыялізму, абмяжоўваюць карупцыю і ставяць краіну далёка наперадзе ў сусьветным рэйтынгу прывабнасьці для інвэстыцыяў перад таварышамі па Саюзе.

Менавіта таму Назарбаеў загадзя прыляцеў у Менск і два дні ўлешчваў Лукашэнку, спрабуючы дабіцца падтрымкі, каб разам ціснуць на Расею ў пытаньні разьмеркаваньня мытных плацяжоў. Можна не сумнявацца, што Менск згуляе на засьцярогах багатай нафтай Астаны напоўніцу.

Міт 2: МС - адмова ад Эўропы на карысьць Расеі

Мытны саюз з Расеяй ня можа перашкодзіць беларуска-эўрапейскай эканамічнай інтэграцыі хаця б таму, што Брусэль неаднаразова называў стварэньне зоны свабоднага гандлю з Расеяй галоўным прыярытэтам сваёй усходняй палітыкі. Праект такога пагадненьня з Эўразьвязам стаіць, аднак, на мёртвай кропцы як для Менску, так і для Масквы да ўступленьня краінаў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Усходнім шляхам на Захад

Пераадоленьнем аднаго з ключавых патрабаваньняў для ўступленьня ва ЎГА для Менску стане адаптацыя агульнага мытнага кодэксу, распрацаванага на аснове расейскага. Расейскае мытнае заканадаўства 2004 году, распрацаванае Пуціным спэцыяльна паводле патрабаваньняў УГА і месяц таму ўдасканаленае – зьяўляецца непараўнальна больш простым, празрыстым і эфэктыўным, чым беларускія правілы, і на 95% адпавядае крытэрам арганізацыі.

Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў на саміце Эўразьвяз-Расея ў Стакгольме два тыдні таму, што Расея будзе ўступаць у арганізацыю сынхронна з партнэрамі па Саюзе ці паасобку – у залежнасьці ад таго, што атрымаецца хутчэй. Улічваючы нецярпеньне, зь якім эўрапейцы чакаюць уступленьня Расеі ва ЎГА (якое, аднак, немагчымае без дапамогі Менску прынамсі год) – Мытны саюз можа стаць для Беларусі найкарацейшым шляхам у Эўропу, як у свой час Атлянтыка для Калюмба.

************************
Стась Івашкевіч працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам па разьвіцьці кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.

Напісаць аўтару можна на адрас
ekanomik@gmail.com.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: kazahski patriot
27.11.2009 14:57
А чаму, дарэчы, Кітай ідзе на гэты мытны саюз, калі яму горш за ўсіх? Спадзяецца адкусіць ад расейскіх інвестыцый?
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
27.11.2009 18:16
Важным матывам для Казахстану зьяўляецца персьпектыва атрыманьня часткі беларускай квоты на сельскагаспадарчыя датацыі ў рамках УГА (глядзі блог Апошнія дажынкі). Але нават бяз гэтага, адкрыцьцё агульнага рынку для, дапрыкладу сумесных казахска-кітайскіх прадпрыемстваў, павысіць і яго інвестыцыйную прывабнасьць, паспрыяе дыверсіфікацыі эканомікі, росту ВУП, проста ў меншай ступені, чым для Менску і Масквы. Таму справа для Астаны не аб удзеле, а аб дадатковых бонусах ад Расеі, якія яны з Лукашэнкам і спрабуюць сёньня выціснуць зь Мядзьведзева.
Адказаць

Імя:: kitajski patriot
30.11.2009 13:27
Кітай ідзе на мытны саюз? Можа Казахстан усё ж?

Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Менск
27.11.2009 15:24
"для беларускіх трактароў ды грузавікоў агародзяць мытным бар'ерам Казахскую ды Сібірскую цаліну"
Сумнеўна, што гэта палегчыць дужаньне з кітайскімі вытворцамі, пакуль не ўзьнікне перавага па якасьці.
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
27.11.2009 18:19
Дый з японскімі ды амэрыканскімі цяжка дужаць. Гэта ж самае тычыцца і расейскага аўтапраму. Нават пры найспрыяльнейшых мытных умовах, цяжка ўявіць сабе бум продажаў "ладаў" у Беларусі, калі нават у самой Расеі спажыўцы упарта даплочваюць усё вышэйшыя мыты на іншамаркі і ігнаруюць айчынную прапанову. Іншая справа, што бяз гэтых мераў, разарэньне як расейскага легкавога аўтапраму, так і цяжкага беларускага - наступіць неадкладна.

Імя:: Алесь
27.11.2009 15:34
Значит они свой рынок расширят, а мы по их милости будем за ржавые иномарки в три раза переплачивать? Будет всеевропейская свалка металолома! Или поддерживать гнилой росийский авторынок за то, чтобы наши неконкурентные тракторы хоть куда-то сбагрить?
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
27.11.2009 18:19
Прыкладна так :)

Імя:: amberss
28.11.2009 01:05
Стась,раскаджыце-ка нам лепш пра даляр.я вось пакуль даю яму веры.Вашыя прагнозы??
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:57
Калі вас цікавіць гэтае пытаньне, то вам варта пачытаць наступны "эканамічны блог" - пра пагрозу дубайскага дэфолту.

Імя:: цікаўны
28.11.2009 10:02
Што Мінск можа атрымаць ад саюзу з Расеяй - больш-менш зразумела. А ад саюзу з Казахстанам? Нафту?
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:50
Як мінімум нафту. На мінулым тыдні казаскі амбасадар якраз казаў пра тое, што пытаньне з рознымі тарыфамі, якое не дазваляла пастаўляць іхную нафту ў Беларусь для перапрацоўкі, было адзінай значнай перашкодай на шляху да такой супрацы. Якія магчымасьці адкрые для сябе малы і сярэдні бізнэс, для якога экспэрты прагназуюць найбольшыя выгады, адгадаць цяжка. Да прыкладу, на пачатку 90-х у Чэхіі, пасьля прыватызацыі нерэнтабэльнага заводу па вытворчасьці футравых шапак, прадпрыемства пачало расьці за кошт экспарту ў Ізраіль і Аўстралію...

Імя:: Антось
30.11.2009 10:46
Дык калі прапісаныя спецыяльныя антыдэмпінгавыя ды штрафныя санкцыі і кожная краіна зможа ў любы момант іх пусціць у ход, мытны саюз застаецца пустой дэкларацыяй, як і ўсе папярэднія шматлікія саюзы. Гэтыя санкцыі будуць пускацца ў ход у залежнасці ад палітычных патрэбаў у якасці пугі, калі трэба будзе прыпугнуць партнёра або паставіць яго на месца. Так што саюз гэты - чарговая бурбалка!
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:51
Насамрэч, пры ўключэньні гэтага пункту, у першую чаргу меліся на ўвазе магчымыя адступленьні ад адзінага мытнага тарыфу у дачыненьні да трэціх краінаў. Але ж, вядома, ад палітычнай волі шмат што залежыць.

Імя:: эканом
30.11.2009 14:18
Сусьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя ўжо некалькі разоў падвышалі рэйтынг Беларусі па інвэстыцыйнай прывабнасьці -- і без мытнага саюзу. Так выглядае, што Мінск і сам выкарабківаецца, без расейскай дапамогі.
Адказаць

Імя:: Ананім
30.11.2009 15:04
Беларусь в рейтинге инвестиционной привлекательности на 110 месте! Это у Сидорского мания величия - вывести её хотя бы в первую триццатку
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:52
Рэйтынгаў розных шмат, вы на які спасылаецеся? Паводля рэйтынгу Сусьветнага банку, на які арыентуецца Сідорскі ў гэтай заяве, Беларусь - на 58-ым, што на 24 месцы вышэй, чым летась.
Адказаць

Імя:: skeptyk
30.11.2009 18:23
Дык а ў каго з трох удзельнікаў мытнага саюзу ўсё ж найбольш прывабныя ўмовы для прыцягненьня інвэстараў? Напээўна ж, не ў Беларусі! Пакуль яна не выправіць сваё заканадаўства, будзе атрымліваць ад мытнага саюзу не плюсы, а мінусы.
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:53
Паводле эканамічнага мадэляваньня расейскай Акадэміі навук - найбольшую выгаду атрымае Расея, але ж Беларусь - больш за Казахстан.

Імя:: доўнар
30.11.2009 16:37
Амаль 15 год існуе мытны саюз Беларусі і Расеі -- ён што, працаваў? Так і гэты трохбаковы працаваць ня будзе.
Адказаць

Імя:: Стась Івашкевіч
30.11.2009 22:55
Што тычыцца тарыфаў, дык працаваў... Але ж насамрэч - існуюць і іншыя перашкоды акрамя пошлінаў. Іх (ва ўсялякім выпадку - надуманых) аднак істотна паменшае калі тры краіны ўступяць ва ЎГА.