Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Антаніна Хатэнка і Юля Новік


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 21 лістапада


ЛІТПРАЦЭС


ЮЛЯ НОВІК: “МЫ САМІ ПРЫДУМВАЕМ І ЛАДЗІМ МІЖНАРОДНЫЯ ТВОРЧЫЯ ФЭСТЫ”


Маладым беларускім літаратарам нецікава проста пісаць вершы ды апавяданьні і чакаць, пакуль іх прызнаюць шырокая чытацкая публіка ды аўтарытэтная крытыка. Доказам таму – цэлы шэраг розных імпрэзаў, якія апошнім часам ладзяцца не дзякуючы ўмовам, а насуперак ім. Вось і 5 сьнежня, ужо другі год запар, у Менску пройдзе літаратурна-мастацкі фэст “Выявы”. Ягоныя ініцыятаркі і арганізатаркі – дзьве маладыя беларускія паэткі Віка Трэнас ды Юля Новік. Зь Юляй Новік пагутарыла наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадарыня Юля, як узьнікла ідэя фэсту “Выявы”?


Юлія Новік
Юля Новік: “Ідэя ўзьнікла спантанна – як заўсёды. Мабыць, захацелася зрабіць нешта новае, але з аднаго боку – захаваць добрыя традыцыі такіх фэстаў, а з другога боку – спалучыць іх іншым чынам. Хацелася стварыць праект, які быў бы кожны год адкрыты для новых імёнаў, для новых плыняў розных відаў мастацтва”.

Аксак: “Вы лічыце, што менавіта такога фэсту ў Беларусі не хапала, бо апошнім часам іх ладзіцца ня тое каб шмат, але ўсё ж актывізавалася творчае жыцьцё. Чым адрозьніваецца ваш фэст ад іншых такіх імпрэзаў?”

Новік: “Па-першае, мы вельмі актыўна спрабуем далучыць новыя імёны. Па-другое, мы выкарыстоўваем элемэнты мультымэдыйнасьці. Летась да фэсту мы выпусьцілі самаробны дыск з запісам матэрыялаў, а сёлета будзе электронная кніжка беларускіх коміксаў. Гэтыя дыскі мы раздаём удзельнікам фэсту бясплатна. Таксама мы спрабуем спалучыць з чытаньнем твораў візуальны шэраг”.

Аксак: “У праграме сёлетняга вашага фэсту пазначана прэзэнтацыя твораў беларуска-французкага мастака Аляксея Раўскага, а таксама дэманстрацыя фільму Джонатана Дрысколы з Канады пра беларускі рыцарскі рух. Скажыце колькі словаў пра гэтых удзельнікаў вашага фэсту”.

Новік: “Сапраўды, упершыню мы называем іх імёны. Аляксей Раўскі нарадзіўся ў Расеі, але скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. Доўгі час ён працаваў тут, але цяпер жыве ў Францыі. Аляксей Раўскі актыўна падтрымлівае ўсе нашы ідэі, і таму мы вырашылі прадставіць шырокай публіцы яго імя. Што датычыць Джонатана Дрысколы з Канады, то ён шмат часу правёў у Менску. Прыехаўшы сюды вывучаць расейскую мову, ён зацікавіўся рыцарскімі фэстамі, пазнаёміўся са шматлікімі ўдзельнікамі беларускіх рыцарскіх клюбаў. Усё гэта ён здымаў і цяпер зрабіў фільм”.

Аксак: “Вы сказалі, што гэты канадзец прыяжджаў у Менск вывучаць расейскую мову. Гучыць дзіўна, хаця гэта не адзінкавы прыклад. Дзіўна гучыць таксама назва месца, у якім вы праводзіце свой фэст, – Тэатар расейскага рамансу…”

Новік: “Можа быць, гучыць і дзіўна, але справа ня ў тым. Само гэтае памяшканьне, дарэчы, вельмі ўтульнае, да нас ня вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларускімі творцамі. Мы пра яго даведаліся з выступу вядомага блюзмэна Юр'я Несьцярэнкі, які там неаднаразова выступаў. І публіка на яго туды вельмі ахвотна ходзіць”.

Аксак: “Фэст “Выявы” – не адзіны ваш зь Вікай Трэнас праект. Сёлета вы ладзілі і франка-беларускі літаратурна-мастацкі фэст…”

Новік: “Называецца ён “Францыя ў сэрцы Беларусі”. Гэта быў вельмі маштабны праект, таму што было задзейнічана больш за дваццаць творцаў. Прычым і беларускіх, і французскіх, і ня толькі літаратараў, але і актораў з французскага тэатральнага цэнтру “Заўтра вясна”. Вечарына была цалкам білінгвістычная, нават сцэнар быў на дзьвюх мовах. Гэты праект быў вельмі важны, ён праходзіў у рамках міжнароднага сьвята франкафаніі. Было вельмі цікава, хоць зь ім было і вельмі шмат працы…”

Аксак: “Скажыце, навошта вам зь Вікай асабіста гэтыя фэсты? Няўжо вам ня хочацца проста пісаць вершы, друкаваць іх і займацца тым, чым звычайна займаюцца маладыя прыгожыя дзяўчаты?”

Новік: “Нам гэтага мала. Канечне, жыць нам цяпер намнога больш складана, але калі ладзіш сам падобныя фэсты, то цікавых людзей ты адкрываеш, цябе адкрываюць. Прастора дыялёгу заўсёды карысная для творцы і для гледача таксама. І мы цяпер ня можам бяз новых ідэй. Калі сустракаемся зь Вікай, то нам заўсёды ёсьць што абмеркаваць. І адразу хочацца хутчэй нашы новыя ідэі рэалізоўваць”.

АЎТАР І ТВОР


АНТАНІНА ХАТЭНКА: “ДОМ ТВОРЧАСЬЦІ Ў ВІСЬБІ – ГЭТА ЛЯБАРАТОРЫЯ, А НЕ САНАТОРЫЙ”


Дзякуючы пагадненьню аб супрацоўніцтве паміж Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Саюзам пісьменьнікаў Швэцыі, нашы творцы маюць магчымасьць наведваць Балтыйскі пісьменьніцкі цэнтар у горадзе Вісьбі на швэдзкім востраве Готлянд. Нядаўна адтуль зь месячнай творчай выправы вярнулася паэтка Антаніна Хатэнка, і Міхась Скобла папрасіў яе падзяліцца “швэдзкімі” ўражаньнямі.

Міхась Скобла: “Антаніна, як вам жылося і працавалася на швэдзкай высьпе ў Вісьбі? Як вы лічыце, гэтае сугучча – выспа і Вісьбі – выпадковае?”

Антаніна Хатэнка
Антаніна Хатэнка:
“У сьвеце нічога выпадковага не бывае. Асабліва гэта адчулася там, як ні дзіўна, у часовым прыстанку. Наша “выспа” – нешта, што паўстае над зямлёю, над глыбінямі і сягае ў вышыню, а слова “vizbі” ў перакладзе са швэдзкай азначае “месца ахвяраўскладаньняў”.

Скобла: “Беларускае капішча?”

Хатэнка: “Так, гэта капішча. Тут ня так лінгвістычная расшыфроўка патрабуецца. Там маецца такая энэргія магутная, такія токі зямлі, вады і паветра, што энэргія капішча, моц старых вякоў жывіць, сілкуе і нават трошачку як бы “выкідае” цябе з рэальнасьці. Ты патрапляеш у нейкае іншае вымярэньне ня толькі паводле тых каардынатаў, у якіх людзі жывуць, ходзяць, мысьляць, працуюць, але і ў нейкіх абсалютна патаемных лёхах існаваньня. Ты робісься абсалютна інакшым”.

Скобла: “Пісьменьнікі старэйшага і сярэдняга веку добра памятаюць дамы творчасьці ў Беларусі – у Каралішчавічах, у Іслачы. Параўнайце іх дзейнасьць зь дзейнасьцю Балтыйскага цэнтра ў Швэцыі – усё ж спазнаецца ў параўнаньні”.

Хатэнка: “Гэта зусім інакшая мадэль, чым мы звыклі бачыць і карыстаць. Я ўспамінала там “Іслач”. “Іслач” – гэта вяльможнае існаваньне, гэта існаваньне на поўным забесьпячэньні, з кухняй, з абслугоўваньнем, чаго абсалютна няма ў Вісьбі, і што мне вельмі імпанавала. Ты там патрапляеш у варункі, у якіх ты абсалютна сам сабе гаспадар: ніхто цябе ня корміць, не ўсталёўвае рэжымаў. Нікуды ня трэба сьпяшацца і пад нешта падладжвацца. Вось корпус, дзе ты жывеш. У цябе ёсьць свой пакой, які ты прыбіраеш, даглядаеш, альбо – не прыбіраеш. Ніхто ў тваё гаспадараньне ня ўмешваецца, нікому няма дачыненьня да цябе ў побыце. А вось корпус, дзе знаходзяцца офісныя памяшканьні, дзе ёсьць кампутары і ўсё патрэбнае для інтэлектуальнай працы. І тут жа кухня, на якой ты гаспадарыш: сам сабе гатуеш, сам сабе выбіраеш, чым харчавацца, і сам сабе ўсталёўваеш час, калі прыйсьці на кухню, хоць уночы – ва ўсіх ёсьць ключы. І ў гэтым адчуваецца павага да твайго выбару, да твайго волевыяўленьня. Нашы дамы творчасьці, пакуль яны былі, нагадвалі санаторый, а там – гэта лябараторыя працы, майстэрня”.

Скобла: “Якое ў Швэцыі стаўленьне да літаратуры, да пісьменьнікаў?”

Хатэнка: “У Швэцыі наогул усё так згарманізавана, зладжана міжсобку: прырода і чалавек, грамадзкае жыцьцё і прыватнае. Хаця з тых размоваў, якія вяліся, я зразумела: усясьветная праблема заняпаду цікавасьці да літаратуры існуе і ў Швэцыі. Яе аніяк не пазьбегнеш і не абмінеш. І швэдзкія пісьменьнікі таксама рупяцца, каб дайсьці да чытача, але яны куды меней рупяцца, каб выдаць кніжку. І зусім ня рупяцца, каб зарабляць на жыцьцё па-за літаратурай. Яны дзіву даваліся, што, аказваецца, можна быць літаратарам і яшчэ недзе працаваць, каб выжыць”.

Скобла: “Дык што, швэдзкія пісьменьнікі занятыя толькі творчай працай?”

Хатэнка: “Пераважна. Толькі пачаткоўцы падзарабляюць журналістыкай ці чым іншым. Але калі ты робіш літаратуру, і гэтая літаратура мае чытача, і кніжкі прадаюцца, то ты ўжо можаш за гэта жыць”.

Скобла: “Янка Брыль прызнаваўся, што найлепш яму пісалася ў Крынічным на беразе Нёмана. Васіль Быкаў добрым словам прыгадваў зацішную Фінляндыю, дзе меў прытулак у апошнія гады жыцьця. А ёсьць пісьменьнікі, якія, наадварот, любяць пісаць у тлуме, у кавярнях. А вы да якога разраду творцаў належыце?”

Хатэнка: “Хутчэй, да другога. Мне трэба нейкае ўнутранае ўзбурэньне, наплыў гарачых пачуцьцяў, унутраны пратэст, і таму ў Вісьбі пісалася вельмі мала. Я спадзявалася, што ня буду там выходзіць з пакою, але ж хацелася паглядзець на іншае жыцьцё. Таму папера заставалася трошачкі на потым”.

Скобла: “Які дабратворны ўплыў магла б аказаць швэдзкая літаратура на беларускую? Якія, кажучы ў рыфму, спэцыі са Швэцыі прыдаліся б нашаму пісьменству?”

Хатэнка: “У швэдзкай літаратуры, наколькі я змагла яе зразумець і адчуць, значна больш заглыбленьня ў вечнасьць, заглыбленьня ў нейкія каардынаты чалавечага быцьця як бясконцасьці. У нас гэтыя матывы таксама гучаць, і яны былі ад пачатку літаратуры. Але швэдзкая літаратура сканцэнтравана не на мітусьні сёньняшняга жыцьця, не на жальбаваньні, калі параўноўваць з намі, а на сэнсе прышэсьця, зьяўленьня ў гэты сьвет, і на сэнсе працягу – што пасьля нас? Мы надта моцна акцэнтуемся на тым, як яно было і як яно ёсьць. У Швэцыі куды большыя акцэнты на тое, што будзе, чым завершыцца”.

АНТАНІНА ХАТЭНКА. ВЕРШЫ ЗЬ ВІСЬБІ

Спамін


Пахла морам глыбока-глыбока
зь мірыядаў вякоў.
Сонна поўні тужлівае вока
паглядала вакол.
…Я сябе пачувала ваўком,
адарваным ад лесу, ад зграі,
у раскошы чужой,
зь ненатольнай журбою па краі
за суворай мяжой.
Птушкі ў гнёзды, вужакі – у норы,
душы з выраяў – у віры…
Ласку маеш да крэўнай пячоры –
зь цемры рай сатвары.
…Ува мне бушавалі зьвяры.
Зьлютавана, пакутна, татэмна
памяць жыцьцяў былых,
неўтаймоўная, білася ў венах,
зрок цямніла і слых.
…Падалося – кружляюць буслы.
Гэта пенна ўздымалася мора,
хвалі дыхалі ў твар,
убіваліся ў тканку прасторы,
эр-імгненьняў узвар.
А над Готляндам – цень-ваяр.
Прану з чары Граалевай – Вісьбі
п’е на дыбачках сьвет.
Камяні, як пры вечнасьці – прызбы,
сьвечак шэпт у траве.
Тут мой Дух ажыве?..


* * *

Вецер…
Тонкая, як волас,
повязь.
Недзе
ходзіць навакольлем
голас.


Стану.
Клікну ў чыстым полі
Волю.
Танна,
жменяй сыпле доля
солі.

Памяць –
моўчкі па-сірочы
ў вочы.
Камень
соль-сьлязіна точыць.
…Ночна.

Смутна
плачуць паяжджане.
Жальна.
Лютна
слова задрыжала
…з джалам.

Ноч на Готляндзе

Падаў звон у маё бязмоўе,
узрываючы памяць.
І глядзела мне ў вочы мойра,
і маўчала, як камень.

А з касьцёлу Сьвятой Марыі
ў ноч сачылася літасьць,
як сьвятлынь жыватворнае Крыўі,
як сьвятая малітва.

Падаў звон у маё бясчасьсе
з прамінуласьці цёмнай,
Гулка згадкамі рассыпаўся –
і сьціхаў у прадоньні.

Быццам кроплі крыві ахвярнай,
падаў звон у наступнасьць.
І здавалася мара марнай,
шлях – балючым і скрутным.

…Ды сьвітаў шматгалоса Вісьбі
пад арганныя ўсплёскі –
і над готляндзкай цёплай выспай
разьясьняліся лёсы.


* * *

Асыпае мора срэбрам
край зямлі.
Анікому я ня трэба
на мялі.
Мо, пара зьбіраць каменьне
зь берагоў…
Тут разгадваю найменьні
ўсіх багоў,
што ўздыхнулі й засталіся
ў немаце.
У дажджах, вятрах і лісьці –
сьветлацень.

Шлях – сасьмяглая пустэльня,
дзён пяскі.
Так узьнёсла, так пякельна…
Лёс, як скіт,
уварожваецца ў далеч,
сьніць прытул.
Хваля вечная гайдае
цемрату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG