Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі ўсё ж сышлі першыя


20 гадоў таму камуністы аддалі ўладу амаль ва ўсіх былых краінах гэтак званага сацлягеру. І першай стала Польшча.

24 жніўня 1989 году польскі парлямэнт зацьвердзіў першага апазыцыйнага прэм’ер-міністра ў гісторыі ня толькі Польскай Народнай Рэспублікі, але і ўсяго сацлягеру. Ім стаў Тадэвуш Мазавецкі.

Перад пагрозай “братняй дапамогі”...

У жніўні 1989 году згаданаму сацлягеру заставалася ўсяго некалькі месяцаў жыцьця. Але ніхто тады яшчэ пра гэта ня ведаў. Ня ведалі і ў Польшчы. Мне прыгадваецца ўласная аслупянеласьць, калі Мазавецкі выступаў з праграмнай прамовай ў Сэйме. Гэта было падобнае хутчэй на нейкі галівудзкі баявік з гатунку political fiction, чым на сапраўднасьць. Тым ня менш, гэта была сапраўднасьць. Людзі гэтага хацелі, але адначасова і баяліся.

Чаго баяліся?

Факты гісторыі застаюцца запісанымі на паперы або кінастужцы. І яны не забываюцца. А вось даволі хутка забываюцца кантэкст і атмасфэра, у якіх гістарычныя факты адбываюцца.

У жніўні 1989 году у Польшчы ўсё яшчэ знаходзілася магутная групоўка савецкіх войскаў. На пытаньне, ці СССР быў тады здольны на акцыю, якая павярнула б бег падзеяў у Польшчы і ў іншых сацыялістычных краінах назад, наўрад ці сёньня нехта ў змозе аўтарытэтна адказаць. Але тады ў Польшчы ўсе моцна баяліся савецкага ўмяшаньня.

Прывяду адно красамоўнае сьведчаньне. У жніўні 1989 году палітбюро Румынскай кампартыі паслала польскім камуністам і ўсім іншым “братнім партыям” вострую крытыку “згодніцкай” пазыцыі польскіх таварышаў у адносінах да “Салідарнасьці”. Паводле традыцыі сацлягеру, падобная “братняя” заклапочанасьць на паперы папярэднічала “братняй дапамозе”, якая прыяжджала на танках — у Вугоршчыну 1956 году і Чэхаславаччыну 1968 году. Ацэньваючы падзеі 1989 году, вядомы польскі палітык і гісторык Браніслаў Герэмэк сказаў у адным інтэрвію, што тая крытыка “румынскіх таварышаў” была ўспрынятая “Салідарнасьцю” з сапраўдным жахам. Таму што за ёю маячылі “братнія танкі”.

Інакш кажучы, трэба аддаць належнае лідэру “Салідарнасьці” Леху Валэнсу, які прыняў гістарычнае рашэньне стварыць першы некамуністычны ўрад у краіне, якая была камуністычнай як па сацыяльна-эканамічным, так і палітычным укладзе жыцьця, і мела пад бокам Савецкі Саюз.

...але зь ветрам гісторыі ў плечы

Урад Мазавецкага стварыўся пасьля пераломных выбараў 4 чэрвеня 1989 году, у якіх “Салідарнасьць” здабыла ўсе, якія магла, месцы ў Сэйме і 99 мандатаў у 100-мандатным Сэнаце. Камуністы з Польскай аб’яднанай рабочай партыі, разам з дзьвюма партыямі-сатэлітамі, — адной “інтэлігенцкай” і другой “сялянскай” — мелі ў Сэйме большасьць, але генэралу міліцыі Чэславу Кішчаку, які перамаўляўся з “салідарнікамі” за гэтак званым “круглым сталом” у першай палове 1989, не ўдалося стварыць пракамуністычнага ўраду. Проста грамадзкі кантэкст і атмасфэра ў Польшчы пасьля перамогі “Салідарнасьці” ў чэрвені былі ўжо ня тыя. Людзі чакалі палітычных пераменаў. І Валэнса на хвалі гэтага чаканьня перацягнуў камуністычных сатэлітаў на свой бок і разам зь імі стварыў кааліцыйны ўрад Мазавецкага.

Цікава, што сам Мазавецкі ажно да апошняга моманту супрацівіўся ідэі, каб “Салідарнасьць” брала ўладу ў 1989 годзе. Але 17 жніўня Валэнса сказаў Мазавецкаму: “Пане Тадэвушу, вы будзеце прэм’ер-міністрам”. Як сьцьвярджаюць відавочцы, Мазавецкаму заняло мову. Але дыскутаваць з Валэнсам ён ня стаў.

Апошнія палітычныя пагадненьні адносна ўраду Мазавецкага былі прынятыя 23 жніўня 1989 году, у 50-я ўгодкі пакту Рыбэнтропа-Молатава, які на пяць з паловай гадоў выкрасьліў Польшчу з мапы сьвету. Гэта таксама, з пэрспэктывы мінулага часу, займела для палякаў сваё сымбалічнае значэньне.

Экспэрты наогул згодна сьцьвярджаюць, што Мазавецкі, які не хацеў браць улады, быў найлепшым прэм’ер-міністрам у 20-гадовай гісторыі пасьлякамуністычнай Польшчы. Ён усталяваў дэмакратычныя працэдуры ў палітычным жыцьці краіны, правёў радыкальную эканамічную рэформу ў бок вольнага рынку (гэтак званы “плян Бальцэровіча”) і вёў сувэрэнную замежную палітыку. Асабіста як палітык Мазавецкі ўстанавіў высокі і ўсімі прызнаны маральны стандарт.

Варта згадваць гэты польскі шлях кожны раз, калі ў розных краінах будуць адзначаць угодкі ці то “аксамітнай рэвалюцыі”, ці то падзеньня “бэрлінскага муру”. Палякі, усё ж, былі першыя. І правялі сваю гістарычную трансфармацыю спакойна, без адзінага стрэлу.

Чаго і ўсім іншым, якія такой трансфармацыі чакаюць і “ня хочуць вайны”, жадаем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG