чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 17:24

Блогі / Эканамічны блог

Як утрымаць жонку?

Эканамічныя нататкі мільянэра (будучага).

Стась Івашкевіч
x
Стась Івашкевіч
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Звычайна я расейскага міністра фінансаў Кудрына ня слухаю, але вось нядаўна паслухаў і ледзь не заплакаў, як беларускі ўрад. Таксама звычайна квартальных справаздач беларускага прэм’ера Сідорскага не чытаю, а на гэтым тыдні прачытаў і ледзь не запляскаў у далоні, таксама як беларускі ўрад. Зазірнуў на сайты МВФ – і адкрыўся такі жорсткі раманс...

Даклад прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага аб стане беларускай эканомікі гучаў на дзіва аптымістычна – усё паляпшаецца, ідзем слушным курсам. Гэта выклікае асаблівае зьдзіўленьне на тле нядаўніх шчыраваньняў міністра фінансаў Расеі Кудрына, які выкрыў бессыстэмнасьць пазычаньняў беларускага ўраду пры адсутнасьці праграмы рэформаў і прадказаў каляпс гэтай сыстэмы да канца году. Заадно і прытрымаў доўгачаканы паўмільярд даляраў, на якія так разьлічваў Лукашэнка, каб закрыць золатавалютную дзірку хаця б на гэты квартал...

Але ў той жа час прыбылы рэвізор з МВФ раптам рассыпаецца ў камплімэнтах і дае яшчэ адзін мільярд.

Што ж атрымліваецца – расейцы бачаць беларускую эканоміку ў такой яме, што й абяцаных грошай не даюць, а МВФ яшчэ й зьверху дае. Палітыка? Безумоўна, не без таго. Пасьля таго як расейцы “адной левай размазалі” Грузію, імгненнае пацяпленьне стасункаў Захаду зь Беларусьсю мала хто лічыць супадзеньнем.

А ці толькі палітыка?

У адрозьненьне ад праграмы “Ўсходняе партнэрства” зь яе неакрэсьленым эканамічным, затое вельмі яўным геапалітычным прыцэлам, МВФ па сваёй сутнасьці ня можа выступаць выключна рычагом палітычнага ўплыву. Функцыя гэтай арганізацыі, наадварот, – падтрымка эканомікі незалежна ад палітычнай і сацыяльнай сытуацыі. Акрамя таго, грошы фонду выдзяляюцца выключна пад “бізнэс-плян”, зь ясным вызначэньнем мэханізму вяртаньня ўкладзеных сродкаў.

Дзе праўда? Business Plan

Зьвернемся да таго самага бізнэс-пляну, зь якім спадары Сідорскі і Пракаповіч пастукаліся да заходніх багатых дзядзькоў. Крэдыт стэнд-бай на $2,46 мільярда выдзяляўся канкрэтна для дзьвюх рэчаў. Па-першае, для дапамогі ў адаптацыі да вонкавых шокаў, выкліканых сусьветным крызісам і памножаных скарачэньнем расейскай энэргетычнай субсыдыі. Па-другое, для ўтрыманьня на плаву беларускай эканомікі падчас яе рэфармаваньня і лібэралізацыі. Фактычна МВФ узяўся стрымаць катастрафічнае выцяканьне валютных рэзэрваў краіны на працягу 15 месяцаў, якія, паводле падлікаў яго экспэртаў, спатрэбяцца Беларусі на прывядзеньне сваёй эканомікі ў больш-менш канкурэнтаздольны выгляд і дазволяць паправіць велізарны гандлёвы дэфіцыт.

Але пры гэтым фонд паставіў беларускіх урадоўцаў тварам да жорсткай рэальнасьці – валюта выцякае з краіны, бо людзі занадта добра жывуць, вось і раскідваюць грошы на імпартныя тавары. Выйсьце? Зьбядніць! Урэзаць! Не даваць! Як мінімум на год, а то й на два! Чым чужое купляць – хай лепей нічога не купляюць! Такая ўжо манера ў гэтай арганізацыі – клопат пра сацыяльныя чыньнікі не ўваходзіць у пералік іх абавязкаў, на гэта ёсьць мяккі і пушысты Усясьветны банк. І нічога ня зробіш – прыйшлося згадзіцца. Сьцяўшы сэрца, беларускія прэм'ер і старшыня Нацбанку падпісалі “зьверскі мэмарандум”.

Што гэта азначала на практыцы, і наколькі была выкананая праграма рэформаў за першае паўгодзьдзе?

Зьбядніць
Іначай кажучы, дэвальваваць валюту – першая і асноўная ўмова, якая й была выкананая нават да выдзяленьня крэдыту.

Акрамя разавай 20-ціадсоткавай дэвальвацыі, рублю быў дадзены яшчэ й 5-ціадсоткавы калідор для падзеньня. Такім чынам, першы крок выкананы – людзі зьбяднелі на чвэрць, пачынаюць пераабувацца з HUGO BOSS у айчынны “Нёман”. Даходы ў валютным эквіваленце скараціліся недзе на 18% (пры агульнай дэвальвацыі ў прыкладна 23–24% ад пачатку году рэальныя рублёвыя даходы вырасьлі на 4,8%).

Урэзаць
Шчодрыя сацыяльныя выплаты, рэгулярныя павышэньні заробкаў, ільготы, амбітныя дзяржпраграмы – калі не пакласьці ім канец, то істотна ўрэзаць.

Што ў выніку? Калясальная зьмена – гэта заплянаваны на наступны год бюджэт з нулявым дэфіцытам, пры істотным зьмяншэньні паступленьняў ад падаткаў і непадатковых даходаў дзяржавы. Дзяржаўныя праграмы скарочаныя на 20%. Нежаданьне ўраду адмовіцца ад павышэньня заробкаў застаецца тэмай бурных спрэчак паміж урадам і МВФ, які лічыць, што ўжо цяперашні ўзровень аплаты працы ў краіне не адпавядае яе прадукцыйнасьці. Але ж, паспрачаўшыся ды парваўшы пару кашуляў на грудзёх, заробкаў у бюджэтнай сфэры так і не павысілі. Акрамя таго, каб пазбавіць прэзыдэнта спакусы зманіпуляваць сям-там, беларускаму ураду забаронена ствараць новыя небюджэтныя фонды.

Не даваць
Аналітыкі МВФ бачаць у беларускай эканоміцы дзьве базавыя праблемы: дзяржаўнае рэгуляваньне прамысловасьці і банкаўскай дзейнасьці.

Калі вырашэньне першай праблемы – шляхам прыватызацыі, працэс доўгі і ў вялікай ступені залежыць ад вонкавых чыньнікаў, у прыватнасьці актыўнасьці замежных інвэстараў, то з банкамі ўраду прыйшлося разабрацца неадкладна. Субсыдыяваныя за кошт бюджэту танныя крэдыты насельніцтву і кампаніям, якія не адлюстроўваюць ні рэальнага ўзроўню рызыкі, ні кошту грошай, і прывялі, паводле фондаўцаў, да перагрэву эканомікі за кошт безагляднага спажываньня. Падняць працэнтныя стаўкі, кардынальна скараціць ільготныя крэдыты і вывесьці бюджэтныя актывы з банкаў – і гэтую ўмову быў вымушаны выканаць Нацбанк. Стаўка рэфінансаваньня (кошт крэдыту) застыла на даволі высокай адзнацы ў 20% – крок, які сваёй жорсткасьцю выклікаў асаблівую пахвалу ачольніка місіі МВФ.

Дык што ж атрымліваецца?
Жорсткія, нават па мерках фонду, крокі збольшага вытрыманыя і даюць вынікі...

Эканамічныя рэформы ідуць поўнай хадой, прычым выглядае, што і ўзяліся за іх адносна своечасова, а не замітусіліся ў апошні момант: узровень унутранай і зьнешняй запазычанасьці застаецца істотна ніжэйшы за сярэдні эўрапейскі.

Разглядаючы інтэнсіўныя высілкі ў справе прыватызацыі, нельга выпускаць з поля зроку, што нафтапрадуктавыя звышдаходы мінулых гадоў праядаліся далёка ня цалкам – за апошнія 6 гадоў капітальныя інвэстыцыі складалі каля траціны (!) валавога прадукту, таму незалежна ад таго, за колькі ўдасца прадаць і каму, бясспрэчна тое, што прадаць ёсьць што.

Ратаваньне рэзэрваў – калі не Расея, то хто пазычыць?
Застаецца, вядома, найболей нашумелая праблема беларускай эканомікі – адмоўнага гандлёвага балянсу і адпаведна выцяканьня золатавалютных рэзэрваў з краіны. Сытуацыя тут як была, так і застаецца крытычнай, але МВФ ужо паказаў, што хто боўтаецца ў слушным кірунку, той можа разьлічваць на дадатковыя плаўсродкі.

Сваё важкае слова аб гатовасьці дапамагчы ўжо сказаў Усясьветны банк, які заўсёды ідзе ў зьвязку з МВФ і пры ўмове выкананьня краінай драконаўскіх рэкамэндацыяў фонду дае сродкі на зьмякчэньне сацыяльных наступстваў і для падтрымкі агульнага разьвіцьця. Наколькі ўхвальна Ўсясьветны банк ставіцца да беларускай паслухмянасьці, таксама паказвае прынятая два тыдні таму пастанова выдзеліць крэдыт памерам з паўтраншы аплаты за Белтрансгаз (найбольшы крэдыт у гісторыі дачыненьняў Беларусі з Усясьветным банкам).

Ня трэба забывацца і на такую малазаўважную дагэтуль арганізацыю на беларускім полі, як Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Мізэрны бюджэт, накіраваны дагэтуль на Беларусь, тлумачыцца тым, што спадары з гэтай канторы зацікаўленыя ў першую чаргу ў трансфармацыі да рынкавых адносінаў на мікраэканамічным узроўні. Паколькі гэты паказьнік у Беларусі не зьмяняўся зь дзедаўскіх часоў, гэты банк адмаўляўся ад фінансаваньня ўраду, выдаючы час ад часу невялічкія пазыкі банкам для падтрымкі малога бізнэсу. Але ж кашэль у іх далёка не маленькі. Якраз на гэтым тыдні ачольнік банку быў у Менску, дзе й паабяцаў на працягу наступных чатырох гадоў пашырыць фінансавую працу ў Беларусі “ня толькі ў памерах, але і ў маштабах”. А ў якасьці заахвочваньня за “канкрэтныя крокі ў эканамічнай і палітычнай сфэрах” павысіў на месцы памер фінансаваньня ў рамках існуючай праграмы на $50 мільёнаў.

Казаў Лукашэнка нешта й пра кітайскія 3 мільярды, а МВФ не выключае прычыненьня Эўракамісіі да ратаваньня блуднага сына адмысловым пакетам. Тут, праўда, вырашальным будзе чыньнік палітычны.

Сямейныя разборкі

Такім чынам, дзеяньні расейскага ўраду нагадваюць сямейны скандал напярэдадні разводу. Спрабуючы страхам утрымаць жонку, якая гадамі прызнавала вышэйшасьць мужа, той і ў няўдзячнасьці папракне: “Я ж цябе карміў і пацеркі дарыў!” (заява Пуціна аб спыненьні энэргетычнага датаваньня з боку Расеі); і прыгрозіць: “Хрэн ты ад мяне больш капейку калі пабачыш!” (затрыманая транша крэдыту); і папалохае: “Прападзеш жа безь мяне – рабіць нічога ня ўмееш” (эканоміка развальваецца). Але ж жонка ўжо і адукацыю атрымлівае, і даходы свае сякія-такія мае, дый каханак маячыць непадалёку, і не адзін...

У такой сытуацыі разьюшаны муж мае апошні сродак – жонка прыходзіць дадому, а дзьверы ў кватэры зачыненыя знутры і замок заменены. 55% адсоткаў неэнэргетычнага экспарту Беларусі ідзе ў Расею, прычым на прэфэрэнцыйных умовах. Калі гэты рынак для Беларусі зачыніцца зараз, кволыя валютныя рэзэрвы ня выратуюць ні адзін, ні дзесяць мільярдаў (ва ўсялякім выпадку, на сёньняшні дзень). Вось і ідуць апошнія папярэджаньні: то ад дзяржзакупак адлучаць, то малако ім скісла. Ці ўдасца АГЛ мабілізаваць свой талент балянсаваць на лязе мяча і пацалункамі выйграць такі дарагі цяпер час для правядзеньня прыватызацыі? Дагэтуль удавалася...

Стась Івашкевіч вывучае курс бізнэс-мэнэджмэнту ў University of New York in Prague. Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Yury
13.06.2009 15:00
Вельмі цікава, дзякуй.

Імя:: Игорь Горад:: Витебск
13.06.2009 17:38
Как все же националисты ненавидят Россию. Им уже и Лукашенко - великий реформатор, Эрхард комнатный:-)Хотя сами сквозь зубы признают, что закрой для Белоруссии Россия свой рынок, накроется все это "реформаторство" медным тазом. А сравнение - весьма показательное: женщин, у которых "каханак маячыць непадалёку, і не адзін", называют в народе коротким емким словом

Імя:: Димыч
13.06.2009 21:11
Ці ўдасца АГЛ мабілізаваць свой талент балянсаваць на лязе мяча і пацалункамі выйграць такі дарагі цяпер час для правядзеньня прыватызацыі? Дагэтуль удавалася...


Удастся. Если считать, что в России у власти идиоты.:)) Развод с "женой" будет "жэстачайшы". Так что, "жонка", подешь ты по заморским рукам.:)) А там не забалуесся своими "Дажынками", ледовыми палацами и непрозрачностью президентского фонда. Да и камера в Гааге чистая, просторная давно пустует. Так что вперед на выход и с песнями.:))

Імя:: прохожий
14.06.2009 05:37
Должен сказать, что я, благодаря этой статье, впервые разобрался в политике нашего государства. Спасибо большое за толковый анализ

Імя:: Алекс
14.06.2009 21:49
2 пытаньні для Ігоря зь Віцебску:

1. А як Вы адрозьніваеце нацыяналістаў ад НЕ нацыяналістаў?
2. Чым накроецца Расея, калі, напрыклад, Эўропа зачыніць для яе свае рынкі?

Імя:: Борис Горад:: Минск
14.06.2009 22:54
Сытуацыя тут як была, так і застаецца крытычнай, але МВФ ужо паказаў, што хто боўтаецца ў слушным кірунку, той можа разьлічваць на дадатковыя плаўсродкі.

теперь по оппам кризис ударит. ждали когда забунтует народ с голодухи и царствовать их позавет. так в праздничном и пойдут дворы подметать :-) добро пожаловать в "европейскую беларусь"

Імя:: Игорь Горад:: Витебск
15.06.2009 00:30
Алексу

1. Не националисты могут не одобрять те или иные действия России. Националисты ненавидят ее, причем эта ненависть принимает алогичные формы. Дает Москва преференции Белоруссии - кляты москали поддерживают свою марионетку. Отбирает преференции - кляты москали хотят поработить синеокую.
2. Европа может попробовать закрыть свой рынок для России, но чем она компенсирует российские газ и нефть? К тому же "закрывание рынка" России для Белоруссии - фигуральное выражение. Его не закрывают, Белоруссию или лишают торговых льгот или блокируют белорусский демпинг. А что - обязаны сохранять льготы и терпеть демпинг? Попробовала бы Белоруссия продать в Европу хоть литр молока со своими дотациями в 24%.

Імя:: Стась Івашкевіч Горад:: Прага
15.06.2009 01:28
2 Игорь: гэта да разводу нехта можа ёмкім словам (асабліва муж), а пасьля новага шлюбу - ізноў сумленная жанчына ;) і ключык ад новай кватэры ў прывяз, дапрыкладу загорнуты ў мэмарандум аб Усходнім партнэрстве. Гэта праўда пакуль журавель у небе, але і сініца ў нашых руках гіпэртрафаваная да пэўнай меры за кошт нерацыянальных з эканамічнага гледзіска чыньнікаў (інэртнасьць, пазабюджэтныя прыбыткі выканаўцаў, санкцыі Захаду і г.д.) Падрабязьней пра праблематыку і структуру гандлёвага балансу можаце пачытаць у адным з наступных досьледаў

2 Димыч: каб лепей напалохаць, ваўку часам мэтазгодней заставацца намаляваным ;) Калі вы пра падзеі гэтых выходных, некаторыя палітолягі прадказваюць, што разводу менавіта ў гэты раз можа і ня здарыцца. Аднак эканомікі, якую я на дадзены момант прадстаўляю, гэта ўжо ня тычыцца ;)

2 Yury, прохожий: дзякуй на добрым слове, чытайце на здароўе :)

Імя:: Димыч
15.06.2009 09:55
Імя:: Алекс 14.06.2009 21:49 2 пытаньні для Ігоря зь Віцебску:


2. Чым накроецца Расея, калі, напрыклад, Эўропа зачыніць для яе свае рынкі?

==============
А что в Европе уже изобрели заменитель нефти, газа? Нет ишшо? Так с какого бодуна Европа перестанет покупать российские энергоносители?

Імя:: VadziK Горад:: Менск
16.06.2009 01:03
Многа букффф …
Адкаменчу тое, што кінулася адразу ў вочы.

“… Але пры гэтым фонд паставіў беларускіх урадоўцаў тварам да жорсткай рэальнасьці – валюта выцякае з краіны, бо людзі занадта добра жывуць, вось і раскідваюць грошы на імпартныя тавары. Выйсьце? …”
Тое што адмоўнае сальдо ў гандлёвым балансе выклікана набыцём імпартных тавараў жыхарамі Беларусі – штучна створаны міт. Доля тавараў народнга спажываньня ў агульным імпарце даволі нязначная. Асноўныя “забойцы” валютных рэзэрваў – неэфектыўныя беларускія прадпрыемствы, якія набываюць за валюту: камплектуючыя, абсталяваньне, энэрганосьбіты, сыравіну і матэрыялы, а потым забіваюь свае склады нікому непатрэбнай прадукцыяй дзе яна пасьпяхова гніе.

“… Такім чынам, першы крок выкананы – людзі зьбяднелі на чвэрць, пачынаюць пераабувацца з HUGO BOSS у айчынны “Нёман”. …”
Зусім Стасік ты адаваўся ад Беларускіх рэаліяў. Асноўная маса беларусаў ніколі не абувалася ў HUGO BOSS, яны заўсёды абуваліся ў кітайскі “HUGO BOSS” са ждановічаў, які і пры падвышэньні кошту на трэць будзе канкурэнцен “Нёману”. А тым больш калі ўлічым што пасля 20% дэвальвацыі беларускія вытворцы даволі хутка паднялі кошты на сваю прадукцыю, то наіўна спадзяваца на зьмену спажывецкай мадэлі паводзінаў. Адзінае што замест 3-х параў абутку набудуць дзьве :)

“…Эканамічныя рэформы ідуць поўнай хадой, прычым выглядае, што і ўзяліся за іх адносна своечасова, а не замітусіліся ў апошні момант …”
Скажам так, гэта сэнтэнцыя занадта аптымістычна. Асноўная маса экспертаў лічыць што эканамічныя рэформы носяць касметычны характар і я зь імі цалкам пагаджусь. Адзінае, што можа занесьці ўладам у актыў, гэта заяўнічы прынцып рэгістрацыі новых суб’ектаў гаспадараньня. Астатняе – пыл у вочы.

“ … Ці ўдасца АГЛ мабілізаваць свой талент балянсаваць на лязе мяча і пацалункамі выйграць такі дарагі цяпер час для правядзеньня прыватызацыі? Дагэтуль удавалася...”
Правядзеньне прыватызацыі ,супярэчыць самой сутнасьці сыстэмы кіраваньня, якую пабудаваў лукашэнка – канцэнтрацыя кантролю ў адніх рукох. Таму, яму часу нехопіць ніколі. ;) ...

Посьпехаў студэнт :)

Імя:: Michal Zaleski Горад:: Mensk
17.06.2009 10:17
Са словамі трэба быць асцярожней. З высновамі - тым болей. Беларусь - дзяржава беларусаў, а не Лукашэнкі,Сідорскага ці МВФ. Ёсць інтарэсы нацыі. Ня стане Лукашэнкі, Сідорскага і МВФу, а нацыя і яе інтарэсы застануцца. Народ урачыста хавае сваіх герояў і працягвае жыць далей. Думаць і пісаць трэба пра гэта.

Імя:: Стась Івашкевіч
10.07.2009 17:13
2 VadziK:

"...Доля тавараў народнга спажываньня ў агульным імпарце даволі нязначная..."

Доля тавараў народнага спажываньня ў агульным неэнэргетычным імпарце складае больш за чвэрць. Абсталяваньне, для параўнаньня, каля адной дзясятай.

"...Асноўныя “забойцы” валютных рэзэрваў – неэфектыўныя беларускія прадпрыемствы, якія набываюць за валюту: камплектуючыя, абсталяваньне, энэрганосьбіты, сыравіну і матэрыялы, а потым забіваюь свае склады нікому непатрэбнай прадукцыяй дзе яна пасьпяхова гніе..."

Да апошняга часу доля стратных прадпрыемстваў у беларускай прамысловасьці складала каля 10%. Сярэдняя забітасьць складоў - каля 50%, што не нашмат горш за сусьветныя паказьнікі. Беларускія прадпрыемствы сталі "забойцамі валютных рэзэрваў" толькі пасьля пачатку гандлёвых войнаў з Расеяй, збольшага ў гэтым годзе, калі экспарт інвестыцыйных тавараў паменшыўся ў разы. Як гэта паўплывала на стратэгію і тактыку рэформаў -- чытайце ў наступных досьледах.

"...Адзінае што замест 3-х параў абутку набудуць дзьве..."

Сапраўды, Ваш прыклад, магчыма, больш карэктна ілюструе аргумэнтацыю праграмы

"...Асноўная маса экспертаў лічыць што эканамічныя рэформы носяць касметычны характар..."

Летась Беларусь заняла чацьвертае месца ў сьвеце (!) па інтэнсіўнасьці эканамічных рэформаў. У гэтым годзе, пад наглядам МВФ, тэмпы значна паскорыліся.

http://web.worldbank.org/WBSITE/EXTERNAL/COUNTRIES/ECAEXT/BELARUSEXTN/0,,contentMDK:21895426~pagePK:1497618~piPK:217854~theSitePK:328431,00.html

"...Правядзеньне прыватызацыі ,супярэчыць самой сутнасьці сыстэмы кіраваньня, якую пабудаваў лукашэнка... "

Кропкавая прыватызацыя ідзе ўжо працяглы час, а хваля яе чакаецца ўжо ў гэтым годзе. Пра гэта чытайце ў далешых блогах

Імя:: Сіась Івашкевіч
10.07.2009 17:23
2 Игорь: датацыі беларускай малакапрадукцыі НЕ зьяўляюцца перашкодай для экспарту іх у Эўразьвяз. Эўрапейскія датацыі ўласным фэрмерам нашмат вышэйшыя. Пра гэта можаце пачытаць у наступных блогах.

2 Michal Zaleski: адкажу Вам словамі булгакаўскага прафесара Прэабражэнскага: "если я, вместо того чтобы оперировать, начну петь хором - вот тогда в стране настанет разруха"

Зь нецярпеньнем чакаю канструктыўнай крытыкі ад вельмі паважанага мной эканаміста