Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка – латвійскі агент


Этэр 11 траўня 2008 году.

У размовах пра характар сёньняшняй улады ў Беларусі непазьбежныя пытаньні – адкуль гэтыя людзі паходзяць і з кім у гісторыі сябе атаясамліваюць. Выснова атрымліваецца парадаксальная. Паходзіць большасьць намэнклятуры з тых сем’яў, што пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў, а атаясамліваюць яны сябе з тымі, хто гэтыя рэпрэсіі ажыцьцяўляў. Інфармацыя пра рэпрэсаваных па-ранейшаму закрытая ў архівах КГБ, але стакроць глыбей хаваецца тамсама інфармацыя пра тых, хто рэпрэсаваў. Са скупых зьвестак, што здабытыя й апублікаваныя насуперак волі цяперашняй улады ў кнігах Аляксандра Лукашука і Леаніда Маракова, а таксама на нашым сайце Мартыралёг.орг, відаць, што сярод сьледчых НКВД, сярод членаў “троек”, “двоек” і “асобых нарадаў” (гэта значыць, тых, хто непасрэдна выпраўляў людзей на расстрэлы і катаргу) ёсьць і дзеячы мясцовай гадоўлі, але іх адзінкі. Асноўная маса – людзі яраслаўскія, іркуцкія, арлоўскія, разанскія... адным словам, -- расейскія. Здавалася б, лягічна якраз у іхных сьпісах адшукаць прозьвішчы Лукашэнак, Пяткевічаў, Козікаў, Сідорскіх, Гайдукевічаў... Але іх там няма. Затое ёсьць гэтыя прозьвішчы ў сьпісах рэпрэсаваных.

... Лукашэнка Андрэй Сямёнавіч, калгасьнік калгасу “Чырвоны сьцяг” у вёсцы Бяззубенкі Расонскага раёну. У 1937 годзе арыштаваны і асуджаны “тройкай” за антысавецкую агітацыю на 10 гадоў папраўча-працоўнага лягеру.

... Лукашэнка Барыс Аляксандравіч, калгасьнік у вёсцы Шатрава Расонскага раёну. У 1937-м асуджаны як агент польскай разьведкі да ВМП. Расстраляны ў Полацкай турме 28 сьнежня 1937 году.

... Лукашэнка Марыя Мікітаўна 1924 году нараджэньня зь вёскі Вітынь Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, настаўніца. У 1947-м за антысавецкую агітацыю асуджаная на сем гадоў лягеру.

Гэтай настаўніцы – Марыі Лукашэнцы -- на момант прысуду не было й дваццаці трох гадоў. Аднак у пералічаных біяграмах уражвае ня гэта, а тое, наколькі яны тыповыя паміж дзясяткаў тысяч падобных. Сярод усіх маіх Лукашэнкаў на пэўную адметнасьць прэтэндуе хіба што вось гэты:

... Лукашэнка Павал Карпавіч, 1890 году нараджэньня, калгасьнік у калгасе імя Дзяржынскага ў вёсцы Сідоранкі Асьвейскага раёну. У 1938-м асуджаны Пастановай НКВД СССР і Пракурора СССР як агент латвійскай разьведкі да ВМП. Расстраляны 19 лютага 1938 году.

Вядома, прозьвішчы – гэта простыя супадзеньні. Хоць, хто ведае, якім чынам і праз што перадаецца ў людзях адмысловая энэргетыка і чые нам іншы раз сьняцца дзіўныя сны. Не сакрэт, што цяперашні кіраўнік краіны, у адрозьненьне ад папярэднікаў, старанна ахоўвае таямніцу свайго паходжаньня. Бацькі ён ня ведаў і жыве з прозьвішчам маці. Такая сакрэтнасьць характэрная для для калянізатараў і аўтарытарных папулістаў. Узорам тут, безумоўна, выступае Гітлер, які не належаў ані роду, ані сям’і, а толькі – увесь і цалкам –нямецкай нацыі. І жонкі ў яго не магло быць, бо жонкаю героя была ўся Беларусь, то бок, Нямеччына.

Сьледам за кіраўніком і ягонае атачэньне пачынае “абсякаць хвасты” – прыкметы паходжаньня. Цяпер нават пры прызначэньні на высокія пасады друкаваць біяграфію асобы з прыкметамі паходжаньня – ня модна. Скажам, у фігуранта з прозьвішчам Янчэўскі ў біяграфіі сказана, што нарадзіўся ў г. Барысаў, а ў фігуранта Пяткевіч, што ў Менску. Хто былі бацькі й дзяды і зь якой мясцовасьці вядзецца род-племя, не ўдакладняецца. Картатэкі рэпрэсаваных у Беларусі раскрываюць цэлыя гнёзды і Янчэўскіх і Пяткевічаў на тэрыторыі краіны. Але цяперашняя ідэалёгія не прадугледжвае ў чалавека якога-кольвек людзкага паходжаньня і, тым больш, зьвязаных з гэтым паходжаньнем уплываў на характар і схільнасьці фігуранта. Ён быццам гамонкулюс або чалавек з прабіркі. Ня дрэва, а тэлеграфны слуп – лягчэй выстаяць і ні за што не зачапіцца ў інтрыгах ды віхурах уладных калідораў. А што пры гэткай выхалашчанасьці улада апынаецца цалкам па-за культурай у самым шырокім сэнсе гэтага слова, дык культурай вырашылі ахвяраваць.

Такім чынам, папулісцкі характар аўтарытарнае ўлады стаў прычынай таго, што дзеячы афіцыйнай беларускай палітыкі выступаюць не на баку рэпрэсаваных продкаў, а на баку тых, хто іх продкаў рэпрэсаваў. Ствараюць лініі Сталіна, усяляк замінаюць людзям ушаноўваць памяць бязьвінных ахвяраў у месцах масавых пахаваньняў, даюць цалкам тэндэнцыйныя ацэнкі гісторыі, як, да прыкладу, гэтая – на сайце КГБ РБ. Вось што там сказана пра сталінскія рэпрэсіі і ролю ў іх слаўных чэкістаў:

“Пасьля сканчэньня Грамадзянскай вайны неабходнасьць у спэцыяльным органе, які меў надзвычайныя правы і паўнамоцтвы, адпала, і ЧК была ліквідавана. Яе пераемнікам стала ўтворанае 1 сакавіка 1922 году Галоўнае Палітычнае Ўпраўленьне пры ЦВК Беларусі, а з 15 чэрвеня 1934 г. – НКВД БССР.

Асноўнай задачай гэтых органаў зьяўлялася барацьба са шпіянажам, дывэрсіямі і тэрорам. Іх супрацоўнікі ўжо ў тыя часы ажыцьцяўлялі складаныя мерапрыемствы супраць замежных падрыўных арганізацый, дзейнічалі восакапрафэсійна і вынікова.

Трагічныя падзеі 30-х гадоў ХХ ст. крануліся і органаў дзяржбясьпекі. Рэпрэсіям падвергліся 23 тысячы чэкістаў, прычым загінулі найлепшыя – прафэсіяналы, паплечнікі Дзяржынскага, людзі незвычайныя, з багатай і датклівай душою, якія беззапаветна служылі Радзіме і змагаліся за сьветлую будучыню краіны”.

Пра тое, хто рэпрэсаваў 23 тысячы людзей з багатай і датклівай душою, на сайце КГБ не сказана. Хто рэпрэсаваў усе 600 тысяч людзей у Беларусі (гэта афіцыйная статыстыка далукашэнкаўскай пары) – таксама.

Ні слова пра рэпрэсіі няма і на афіцыйным партале прэзыдэнта РБ.

Прыярытэт улады ў чыстым выглядзе прымусіў палітыкаў адмовіцца ад рэпрэсаваных продкаў, бо, на добры лад, гэта яны, палітыкі, павінны былі распачынаць шэсьці ў Курапаты, ініцыяваць стварэньне падобных мэмарыялаў і музэяў. Але яны зрабілі наадварот. Бо ў залатых прамянях сталінскага сонца можна, па-першае, цалкам ігнараваць законы і Канстытуцыю, чым адразу і адзначыўся Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта. Можна беспакарана сканцэнтраваць усю ўладу ў адных руках і правіць краінай бясконца доўга. Можна беспакарана распраўляцца са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Па-другое, можна не займацца нацыянальным будаўніцтвам і трымаць народ у завіслым стане паміж формамі насельніцтва і нацыі, а ў такім стане людзі ня здольныя кансалідавацца вакол ідэі перамен, яны нічога не вырашаюць на выбарах, яны апускаюцца да першасных патрэбаў і па сутнасьці не зьяўляюцца грамадзянамі сваёй краіны, бо ад іх не залежыць нічога.

Як ні круці, а супольная памяць пра ахвяры аб’ядноўвае людзей і яны перастаюць быць безгалосаю масай. У народа праразаецца свой голас. Нацыя, як жывы арганізм, ужо сама становіцца гарантыяй ад беззаконьня і рэцыдываў сталіншчыны. Але гэта зусім іншы тып дачыненьняў улады і народа.

* * *

Каб ацаніць маштабы сталіншчыны ў Беларусі, дастаткова сказаць, што паходжаньне нашай намэнклятуры, карані гэтых людзей лягчэй знайсьці ў архівах рэпрэсіяў, чым у звычайных гістарычных архівах, дзе захоўваюцца генэалёгіі роду. Чытаючы картатэкі рэпрэсаваных, міжволі зьвяртаеш увагу на знаёмыя прозьвішчы. Вось Канстанцін Паўлавіч Кебіч, асуджаны і расстраляны ў 1937-м за антысавецкую агітацыю. А вось Фама Піліпавіч Лучанок, селянін зь вёскі Ганапольле Ігуменскага павету, арыштаваны і расстраляны яшчэ ў 1921-м за дэзэртырства і рабаўніцтва. Селянін Аляксей Еўдакімавіч Козік як агент польскай паліцыі ў 1941-м быў адпраўлены ў папраўча-працоўны лягер у Сібір і там менш чым праз год памёр. Козік Васіль Антонавіч быў сыгналістам блёкпаста на станцыі Слаўнае Талачынскага раёну і пайшоў у ГУЛАГ як нямецкі шпіён. Сустракаюцца і Козікі палякі, іх расстрэльвалі на месцы, у Беларусі. Козік Язэп Францавіч быў беларусам, у 1951-м яго судзілі як пасобніка нямецкіх акупантаў і далі 10 гадоў лягера. Паваенныя суды над пасобнікамі сканчаліся звычайна падобнымі прысудамі, у адрозьненьне ад судоў 1937-38 гадоў, калі за шпіянаж і антысавецкую агітацыю давалі як правіла ВМП.

Сярод шматлікіх рэпрэсаваных Гайдукевічаў сустракаюцца памочнік майстра-збраяра, баец пажарнай аховы, селянін, інвалід, беспрацоўны – шмат Гайдукевічаў. Судзілі іх за рознае і па сутнасьці за адно – за антысавецкую дзейнасьць і агітацыю, удзел у контррэвалюцыйных арганізацыях, шпіянаж на карысьць Польшчы. Большасьць Гайдукевічаў былі расстраляныя ў Менскай або Чэрвеньскай турме, і толькі адзінкі атрымалі катаргу.

Рэпрэсаваных Шэйманаў у картатэцы КГБ толькі два і абодва габрэі. Сымон Масеевіч з Капыля быў студэнтам хімфаку БДУ, у 1934-м яго расстралялі за антысавецкую дзейнасьць. А Шмерка Шмеркавіч паходзіў з Гомеля. Быў начальнікам электрастанцыяў Менска, жыў у цэнтры сталіцы на вуліцы Энгельса. У 1936-м “асобая нарада” асудзіла яго за контррэвалюцыйную трацкісцкую дзейнасьць і незаконнае хаваньне зброі на 5 гадоў катаргі. Што было зь ім наступныя пятнаццаць гадоў, невядома. Але ў 1951-м ён атрымлівае новы тэрмін і ссылку, пасьля чаго апынаецца ў Краснаярскім краі, дзе працуе на Чыцінскай ЦЭЦ-9. Гэта значыць, пранёс чалавек праз усе выпрабаваньні вернасьць прафэсіі і электрычнасьці.

Натуральна не адныя ўладныя прозьвішчы сустракаюцца ў картатэках КГБ, ёсьць і анамастыка дэмакратычнага лягеру.

Вялікае мноства Пазьнякоў з самых розных рэгіёнаў Беларусі сьведчыць толькі пра пашыранасьць гэтага прозьвішча. Цікава, што Пазьнякі сустракаюцца ня толькі беларусы ці палякі, але і латышы і габрэі.

... Пазьняк Дамінік Геранімавіч, нарадзіўся ў Люцынскім павеце, латыш, зь сялян, машыніст паравознага дэпо ў г. Полацак. У 1938 годзе за шпіянаж на карысьць Польшчы асуджаны да ВМП. Расстраляны.

... Пазьняк Герц Беркавіч, нарадзіўся ў 1888 годзе ў мястэчку Ракаў Менскай губэрні, вартаўнік складоў фабрыкі “Камунарка” ў Менску. Жыў на вуліцы Рэспубліканскай 23, кв. 11. У 1935 годзе за неданосьніцтва аб контррэвалюцыйнай дзейнасьці асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан.

Доўгае чытаньне архіўных картатэк КГБ карэктуе погляд на многія рэчы. Адно нязьменнай застаецца рэакцыя на рэпрэсіі супраць старых, дзяцей і жанчын...

... Пазьняк Алена Антонаўна, 1908 году нараджэньня, калгасьніца калгасу “Орка” ў вёсцы Коласаўшчына Капыльскага раёну Менскай вобласьці. За садзеяньне шпіянажу ў 1938 годзе асуджаная да ВМП. Расстраляная ў Слуцкай турме 25 жніўня 1938 году.

Сустракаюцца сярод рэпрэсаваных Пазьнякоў і нацдэмы, нацыянальныя дэмакраты, у чым і заключаецца іх галоўная віна.

... Пазьняк Станіслаў Іпалітавіч, 1911 году зь вёскі Юрздрыка Чэрвеньскага раёну, беларус, начальнік няведамаснай аховы сьпіртзаводу “Раванічы”. У 1935 годзе як член контррэвалюцыйнай нац-дэмаўскай арганізацыі асуджаны на тры гады лягераў.

Рэпрэсаваныя Мілінкевічы ў картатэцы КГБ таксама прадстаўляюць розныя нацыянальнасьці, што характэрна для гістарычнай Віленшчыны. Да прыкладу, калгасьнік з калгасу “Маяк сацыялізму” Аляксандар Вікенцевіч Мілінкевіч быў літоўцам, а расстралялі яго ў 1937-м як польскага шпіёна. Нармавальнік фабрыкі “Чырвоная зорка” ў Чашніках віленчук Язэп Аляксандравіч Мілінкевіч быў палякам. Яго ў тым самым годзе расстралялі як члена шкодніцкай групы. Зьвяртае ўвагу, што і ўсіх астатніх Мілінкевічаў з майго сьпісу – расстралялі.

Адзінаму ў картатэцы Казуліну пашанцавала крыху болей.

... Казулін Іван Аляксандравіч, нарадзіўся ў вёсцы Залогі Невельскага раёну, беларус, зь сялян, меў аднаасобную гаспадарку ў вёсцы Бухава Расонскага раёну. У 1937 годзе за антысавецкую агітацыю арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў.

Шмат пра што распавядаюць прозьвішчы і лёсы рэпрэсаваных землякоў. Часам адукуюць, як, да прыкладу, мноства Шастаковічаў, якіх усіх “бралі” ў Лагойскім ды Плешчаніцкім раёнах, быццам намякае, што і славуты расейскі кампазытар – адсюль. Так і ёсьць. А часам зноў расказваюць пра кур’ёзы, ад якіх толькі ўсьміхнесься горкаю ўсьмешкай. Як, да прыкладу, гісторыя Гітлера, праўда, не тутэйшага, з паволжскіх немцаў. Але рэпрэсавалі яго тут.

... Гітлер Антон Якаўлевіч, нарадзіўся ў 1886 годзе ў вёсцы Сямёнаўка Канышаўскага павету Саратаўскай губэрні, немец, зь сялян, непісьменны, каналізатар 15 пагранатраду ў пасёлку Студзянец Заслаўскага раёну Менскай вобласьці. У 1938-м асуджаны “тройкай” за шпіёнскую дзейнасьць на 10 гадоў лягеру.

Гэта значыць, што ўсю вайну Антон Гітлер выжываў на катарзе ў Сібіры. Можна толькі ўявіць, як яму было з такім прозьвішчам. І ці выжыў – невядома.

Іншы раз нечаканыя падабенствы ставяць у тупік, бо цяжка зразумець, што гэта – кур’ёзнае супадзеньне ці заканамерная паўтаральнасьць гісторыі. Многія памятаюць нядаўні мэдыйны сюжэт, калі студэнтку Тацяну Хому выключылі з унівэрсытэту за тое, што яна паехала за мяжу на міжнародную канфэрэнцыю. Толькі ў выпадку Тацяны Хома – гэта прозьвішча, а ў кагэбэшнай картатэцы мне трапілася Хома – імя.

... Форштэр Хома Мэераўна, габрайка, студэнтка Менскага мэдінстытуту. У 1937 годзе асуджаная за нелегальны пераход мяжы да ВМП. Расстраляная ў Менскай турме 20 лютага 1938 году.

Распавядаючы пра такі лёс, я зусім не імкнуся напальваць жарсьці альбо, крый божа, сурочыць. Факты, супадзеньні, падабенствы быццам самі чапаюць цябе за крысо. Абярніся, падумай, якія сэнсы затоеныя ў гэтым жыцьці, што нібыта мірна плыве вакол цябе, і якім чынам гэта ўсё можа раптам выбухнуць. Як тады. Няўжо тая Хома Форштэр, што кіравалася, хутчэй за ўсё, да сваякоў у Беласток, адкуль была родам, магла дапусьціць, што толькі з-за гэтага яе...

А яшчэ згадваюцца сёньняшнія праграмы навучаньня апазыцыйнай беларускай моладзі за мяжой – у люстэркавым адбітку. Калісьці моладзь зь бесчалавечнай панскай Польшчы, наслухаўшыся пра шчасьлівую краіну Саветаў, імкнулася ў Менскія ўнівэрсытэты на вучобу, а стала гумусам для ўзгадаваньня чыёйсьці абстракцыі шчасьця. Хоць бы нейкі сэнс быў у гэтых ахвярах, хоць бы хто на іх нажыўся ці замкі будаваў з трупаў... А так... Бессэнсоўныя сьмерці безь ніякае сэнсоўнае мэты – нават самай злачыннай. Чысты абсурд.

Можа быць, таму так і не дайшло і не даходзіць да многіх нашых суайчыньнікаў тое, што адбылося. Бо нібыта і не злачынства гэта ўсё было. Ніякай карысьці нікому ад гэтага ня выпала. А значыць – як стыхійнае бедзтва, як цунамі, як тая цісканіна ў пераходзе мэтро Няміга. Ніхто не вінаваты, бо ніхто ад гэтага нічым не прыбыў.

Сталіншчына як іржавы дэтанатар абсурду ў зарадзе мінуўшчыны. Зарад мінулага можна толькі ўзарваць -- абясшкодзіць. Час ад часу сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра такія выпадкі. Іншая рэч, што ніхто ня ведае, дзе гэтыя снарады закапаныя і колькі іх ёсьць наогул. Магчыма, знаходзіць і абясшкоджваць іх мы будзем на працягу ўсёй агляднай пэрспэктывы нашага існаваньня. І з кожным абясшкожаным беларуская зямля будзе робіцца больш бясьпечнай для жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG