Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляг Сяргей Нікалюк: У Беларусі падтрымліваецца падзел людзей на саслоўі


Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў прадстаўнікоў грамадзкасьці за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў».

Першым у сьпісе ўзнагароджаных — намесьнік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Караеў, які атрымаў ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Мэдалямі ўзнагароджаныя міліцыянты Мікалай Нагурны, Юры Навуменка, Аляксандар Басаў, Аляксандар Васілевіч, памежнік Аляксандар Дымчагла, пажарны Сяргей Раемскі. Мэдалём «За працоўныя заслугі» ўшанаваная праца мэбляра Міхаіла Шытава, а мэдалём Францыска Скарыны — загадчыка катэдры Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Івана Акуліча.

Сацыёляг Сяргей Нікалюк мяркуе, што тое, каго і ў якой чарзе ўзнагароджваюць у Беларусі, сьведчыць пра пэўную мадэль, якую будуе ўлада:

«Калі паглядзець уважліва, мы жывём у фактычна саслоўным грамадзтве. Хаця наша Канстытуцыя дэкляруе роўнасьць усіх перад законам, тым ня менш ёсьць шмат законаў, якія фіксуюць няроўнасьць беларусаў. Прыкладам, закон аб дзяржаўнай службе, які агаворвае іншыя прынцыпы пэнсійнага забесьпячэньня і ў цэлым сацыяльнага забесьпячэньня. Падобныя законы існуюць і адносна вайскоўцаў. Як гэта разумець? Адказ у тым, што мы жывём у краіне, дзе не грамадзтва выбудоўвае дзяржаву, а дзяржава фармуе грамадзтва па сваім жаданьні. Падзяляе грамадзтва на пэўныя саслоўі, якія выбудоўвае ў залежнасьці ад таго, які ўнёсак гэтае саслоўе найперш уносіць у бясьпеку дзяржавы. А ў гэтым шэрагу стаялі і стаяць, як пры савецкай уладзе і да яе, на першым месцы сілавікі, на другім дзяржаўныя службоўцы, і ўжо ў канцы ўсе астатнія — рабочыя, лекары ці настаўнікі. І ўзнагароджаньне ёсьць важным элемэнтам заахвочваньня таго слоя, той сацыяльнай групы, якую ўлада лічыць для сябе самай важнай. Што мы і бачым на гэтым сьпісе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG